ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
14 урокаў у фармаце спікдэйтынгу: у бібліятэцы адзначылі Еўрапейскі дзень моў
Вітаўт Мартыненка як рок-літаратар: не адзіны, але адзін з першых

Супернавуковае выданне і задача на будучыню

Супернавуковае выданне і задача на будучыню
Іншыя навіны

Прэзентацыя двухтомнага навукова-папулярнага выдання “Академик Е.Ф. Карский. Биография” адбылася 25 верасня на прэзентацыйнай пляцоўцы кнігарні “Светач”.

Гэта была сустрэча без аўтара, жыхара Расіі Аляксандра Карскага, славіста, архівіста, пісьменніка, як яго прадстаўляў прэс-рэліз. Праўнук славутага акадэміка Карскага прымаў удзел у рабоце міжнароднага “круглага стала” літаратараў на Свяце беларускага пісьменства, да якога і прымеркаваны быў выхад кнігі. Гэтым разам адбылася сустрэча з кнігай усіх тых, каму прозвішча Карскі цікавае і з прафесійнага, даследчыцкага, і з патрыятычнага пункту гледжання: навукоўцы, літаратары, журналісты, выкладчыкі, выдаўцы, а таксама студэнты – будучыя настаўнікі-філолагі і даследчыкі-мовазнаўцы. Адсутнасць аўтара на прэзентацыі кампенсавалася шматлікімі каментарыямі ў адрас праробленай ім працы, якая заняла ні многа ні мала два дзясяткі гадоў пошукаў і даследаванняў і ўклалася ў больш чым тысячу старонак.

Карскі-1.jpg

Адкрыў прэзентацыю дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч. Адзначыўшы, якую жывую цікавасць выклікала выданне падчас прадстаўлення яго ў Маскве ўдзельнікам кніжнай выставы, дырэктар самай разгалінаванай нашай кніжнай сеткі ахарактарызаваў аўдыторыю мінскай прэзентацыі як спецыфічную: “Яна мае навуковы кшталт, пачынаючы ад паважаных акадэмікаў і завяршаючы студэнтамі”.

Спецыфіка аўдыторыі паспрыяла таму, каб назваць прэзентацыю незвычайнай. Гэтае слова прысутныя пачулі і ад Аляксандра Лукашанца, першага намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшыні Беларускага камітэта славістаў. “Кніжныя прэзентацыі ў нашым культурным жыцці становяцца паўсядзённай з’явай: у краіне ці не кожны тыдзень выходзіць цікавая кніга, і прэзентацыя – важны крок у справе данясення інфармацыі пра яе да шырокай грамадскасці. Такія прэзентацыі сведчаць пра інтэлектуальны ўзровень нашых людзей. Але сённяшняя прэзентацыя незвычайная тым, што мы паказваем гуманітарнай грамадскасці выданне, падрыхтаванае праўнукам знакамітага акадэміка, аб’ёмнае і змястоўнае: дастаткова нават толькі пагартаць гэтыя кнігі, праглядзець змест абодвух тамоў, каб заўважыць, наколькі яны інфармацыйныя, падрабязныя, дакладныя. Яшчэ адна асаблівасць: кніга напісана выдатнай літаратурнай мовай, чытаць яе – задавальненне. Але самае незвычайнае ў прэзентацыі – уласна асоба героя выдання: акадэмік з вёскі Лаша Яўхім Фёдаравіч Карскі. Так называлася калісьці папулярная брашура вядомага беларускага даследчыка Апанаса Цыхуна”.

Карскі-2.jpg

Па таленту і працаздольнасці Карскі быў калос. Скончыў Нежынскі настаўніцкі інстытут – вядомую вышэйшую навучальную ўстанову Расійскай імперыі. У саракагадовым узросце стаў членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук. Быў акадэмікам Акадэміі навук СССР, рэктарам Варшаўскага імператарскага ўніверсітэта. Усю сваю навуковую дзейнасць ён прысвяціў роднай зямлі – вывучэнню гісторыі народа і яго мовы. Важнасць і адметнасць яго асобы ў тым, што ім зроблена першае навуковае апісанне сістэмы беларускай мовы, прычым, на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад гукавога складу і лексікі і завяршаючы словаўтварэннем, марфалогіяй і сінтаксісам. Гэтым самым акадэмік Карскі зрабіў важную нацыянальную справу: яго работа садзейнічала ўнутранаму і знешняму прызнанню самастойнасці і арыгінальнасці беларускай мовы.

Аляксандр Лукашанец падкрэсліў, наколькі складанымі і адказнымі былі канец ХІХ і пачатак ХХ стагоддзя для беларускага нацыянальнага руху, развіцця і будучыні беларускай мовы і наколькі важнай была праца Карскага на фоне акалічнасцей часу. Адзін чалавек пры існаванні пераважна коннага транспарту здолеў аб’ехаць усю Беларусь і сабраць неверагодную колькасць запісаў як фальклорных, так і моўных і літаратурных і на падставе збораў і назіранняў напісаць свае працы. Самая вядомая з іх – трохтомнае ў сямі кнігах выданне “Беларусы”. Карскі паказаў межы пашырэння беларускай мовы і гістарычныя шляхі фарміравання беларускага народа як нацыі.

Карскі-3.jpg

Шматгадовы арганізатар Міжнародных чытанняў, прысвечаных акадэміку Карскаму, прафесар Марыя Канюшкевіч згадала свой першы візіт у вёску Лаша: як убачыла на адным з яе дамоў мемарыяльную дошку “Тут нарадзіўся акадэмік Карскі”, як гэтае прозвішча для яе, першакурсніцы, было знаёмым вельмі цьмяна і як пасля быццам нехта падштурхнуў для арганізацыі чытанняў. Пачатак – больш чым палова цэлага: з той пары некалькі дзесяцігоддзяў чытанні праводзяцца рэгулярна і паўнавартасна, мяняючы навуковыя парадыгмы, а іх роля… “Хто ведае, можа, і яны, гэтыя чытанні служылі падпіткай для праўнука Карскага, пакуль ён пісаў сваю працу”, – сказала Марыя Канюшкевіч.

Намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч сказала пра “доўгатэрміновае і вечнае, звязанае з Карскім”. Першае – бібліятэка, другое – бібліяграфія. “Частка бібліятэкі Карскага захоўваецца ў НББ, гэта дзве з паловай тысячы экзэмпляраў з тых чатырох тысяч, якія былі набытыя ў 1920-х гадах яшчэ для акадэмічнай бібліятэкі. Захоўвацца яны будуць столькі, колькі будуць існаваць фізічныя носьбіты. Што да бібліяграфіі, то роля Карскага ў яе стварэнні невычарпальная ў сваёй важнасці. У свеце гэты кірунак – стварэнне нацыянальнай бібліяграфіі – развіваецца інтэнсіўна яшчэ з ХVІ стагоддзя. Гэта імкненне ўлічыць усё, што датычыцца нацыі, краіны, мовы. У нас былі ў гэтай справе добрыя захады ў канцы ХVІІІ стагоддзя. Але ХІХ стагоддзе да Карскага было “правальным”. Можна згадаць памкненні іншых даследчыкаў, але гэта былі толькі памкненні. Карскі ўпершыню ўлічыў усю літаратуру па беларусазнаўстве, і гэта ўзор навуковага ўліку, а таксама тое, што датычылася беларускай мовы, тагачаснай і старажытнай”, – сказала Таццяна Кузьмініч.

Карскі-5.jpg

Прафесар Мікалай Прыгодзіч, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філфака БДУ засяродзіў увагу, як сам ён сказаў, “толькі на адным моманце”. Асоба акадэміка Яўхіма Карскага неардынарная і ў гісторыі пісьменства, і ў справе вывучэння беларускасці. “І біяграфія яго дастаткова часта рабілася аб’ектам аналізу. Першая яго біяграфія, пачатковая, была напісана яго зяцем, Віктарам Баркоўскім, таксама акадэмікам. Пасля Міхаіл Булахаў стварыў навуковую біяграфію. А цяпер мы атрымалі супернавуковае выданне. Чаго нам не хапае? Нацыянальнай энцыклапедыі. Час яе зрабіць. Але гэта ўжо будзе задача тых…”

Гэта будзе задача тых, хто сядзеў у той вечар у зале – цяперашніх студэнтаў, маладых і апантаных, неабыякавых і патрыятычных людзей будучыні. Не адзін, не два – ажно тры разы за час прэзентацыі прагучалі словы пра тое, што двухтомнік біяграфіі Яўхіма Карскага павінна мець кожная філалагічная кафедра. Хацелася пачуць больш: такая кніга павінна знаходзіцца не толькі на кожнай кафедры, але і ў дамашніх бібліятэках. Успомнім, якім прэстыжам лічылася некалі мець зборы твораў некаторых значных, як тады здавалася, грамадскіх дзеячаў. Дзе тыя дзеячы, дзе тыя зборы… А вось гэтае выданне культурнаму беларусу мець трэба, проста трэба. І няхай намі рухае ў яе набыцці не прэстыж.

І яшчэ адна акалічнасць характарызавала прэзентацыю кнігі пра Яўхіма Карскага: прысутныя маглі частавацца духмянымі яблыкамі.

Аўтар публікацыі: Святлана Воцінава.

Крыніца: “Маладосць”

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам