ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Нашы чацвераногія сябры
Бібліятэку наведала дэлегацыя з Турцыі

Станіслава Умец: “Героі самі вядуць мяне”

Станіслава Умец: “Героі самі вядуць мяне”
Іншыя навіны

Ці магла адзінаццацікласніца з Брэста, якая проста пісала пра свае мары і імкнулася падзяліцца імі з чытачамі, дайсці ў сваіх спадзяваннях да Нацыянальнай літаратурнай прэміі?

Станіслава Умец – пераможца ў сёлетняй намінацыі “Дэбют”. Яе кніга фэнтэзі “Сэрца Сакры” выйшла ў 2018 годзе. Сёння яна – рэдактар у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, у вольны час працуе над сваёй новай кнігай. Тым, што змянілася ў творчасці з часоў стварэння першай кнігі, чаго чакаць ад другой, што перашкаджае і што дапамагае ў працы, распавядае аўтарка.

– Вы напісалі “Сэрца Сакры”, калі вам было сямнаццаць. Цяпер вы атрымалі за гэтую кнігу Нацыянальную літаратурную прэмію. Як адрозніваюцца творчыя мэты сёння ад тых, што былі ў час напісання аповесці?

– З дзяцінства я захаплялася фэнтэзі, і асабіста мне не хапала кніг у гэтым жанры. Таму для сябе пастанавіла: некалі сама напішу раман-фэнтэзі і паспрабую яго выдаць. У 17, вядома ж, я не думала пра ўзнагароды, проста хацелася, каб кніга з’явілася на свет і знайшла свайго чытача, каб спадабалася. Найвышэйшая ўзнагарода для мяне – усмешкі чытачоў. Але не адмаўляюся: атрымаць Нацыянальную прэмію вельмі прыемна. Не чакала гэткай высокай ацэнкі!

– Ці часта сустракаецеся з чытачамі?

– Часта, калі кніга толькі-толькі выйшла. Прынамсі, неаднаразова ездзіла ў родны Брэст, таксама ўдзельнічала ў дзвюх міжнародных кніжных выстаўках – у мінулым годзе і ў гэтым. Адбылася і аўтограф-сесія на сёлетнім Дні пісьменства ў Слоніме.

– Наколькі рэальнымі былі для вас нефэнтэзійныя моманты, апісаныя ў кнізе: сябры, школьнае жыццё, падлеткавыя праблемы?

– У школьныя гады занатоўвала шматлікія моманты з жыцця, калі яны падаваліся мне цікавымі ці смешнымі. Таму ёсць пэўная доля рэалістычнасці ў тым, што датычыць аднакласнікаў, сяброў. Але вобразы маіх герояў даволі агульныя, збіральныя, канкрэтных прататыпаў няма.

– “Меч князя Вячкі” сапраўды быў тады любімай кнігай?

– Так, толькі не маёй, а хлопца, аднаго з аднакласнікаў. Я падумала, што калі хлопцу падабаецца, то чаму б не надаць захапленне кнігай свайму персанажу.

– А што вам падабаецца чытаць найбольш? Ці ёсць любімы пісьменнік або твор? Можа, нават, творчы настаўнік?

Прызнаюся, мая любоў да фэнтэзі прыйшла з “Гары Потэра”, і па-ранейшаму лічу гэтыя кнігі цудоўнымі. Не баюся падацца банальнай, але я захапляюся Караткевічам. Ім проста немагчыма не захапляцца! Увогуле, канкрэтных любімых пісьменнікаў у мяне няма, а ёсць любімыя творы. Больш за ўсё падабаюцца добрыя кнігі са шчаслівым фіналам. У жыцці хапае драмы, хочацца, каб хоць кнігі прыносілі радасць. Таму і “Сэрца Сакры” атрымалася светлай летуценнай казкай.

– Як ваша прафесійная праца з кнігамі паўплывала на ўспрыманне ўласнай творчасці? Ці не хацелася яшчэ і яшчэ перапісваць ужо гатовую кнігу?

– Не раз адзначала, што перапісвала “Сэрца Сакры” тройчы. Праца ў выдавецтве дапамагла мне прафесійна пасталець. І я ўпэўненая, што кожнаму пісьменніку варта быць хоць трохі рэдактарам, бо, працуючы з чужымі творамі, увесь час звяртаючыся да правілаў, да прыкладаў класічнай літаратуры, удасканальваеш мову і адшліфоўваеш уласны стыль. Да сваёй кнігі стаўлюся даволі крытычна, сёе-тое можна было б змяніць, але на гэтыя моманты звярну ўвагу ўжо ў наступным творы.

– Што змянілася падчас рэдакцый?

– Змянілася амаль усё, у тым ліку і назва. Засталіся сюжэтная лінія і героі ды некаторыя выпадкі са школьнага жыцця.

– Як вы ставіцеся да меркавання пра тое, што малады чалавек, напрыклад, да трыццаці, не можа стаць добрым празаікам, бо не хапае жыццёвага досведу?

– Праблема не ў тым, што моладзі не стае жыццёвага досведу, а ў тым, што стыль і мова яшчэ недасканалыя. Мне і самой ёсць чаму вучыцца. Падчас працы ўвесь час адкрываю для сябе нешта новае, знаходжу раней не вядомыя мне сакавітыя беларускія словы, якія хочацца надалей выкарыстаць ва ўласнай творчасці.

– Над чым працуеце цяпер?

– Працягваю працу ў жанры фэнтэзі. Аднак гэта будзе ўжо зусім іншая рэч. Па-першае, ідэя “Сэрца Сакры” з’явілася яшчэ ў школе, з таго часу я пасталела, у мяне ўзнікла шмат новых ідэй. Па-другое, калі “Сэрца Сакры” – цалкам мая фантазія, то цяпер звяртаюся да гісторыі, міфалогіі, таму не хацелася б сурочыць, але гэта павінна быць больш глыбокая і сур’ёзная кніга.

– Для вас прынцыпова пісаць па-беларуску?

– Не магу ўявіць, каб “Сэрца Сакры” гучала на іншай мове. Кніга адмысловая менавіта дзякуючы беларускай мове. Калі перакласці, яна згубіць нешта сваё, нешта асаблівае. І хочацца, вядома ж, зацікавіць чытачоў менавіта беларускімі кнігамі. Замежных твораў у жанры фэнтэзі сёння процьма. А вось беларускіх кніг-фэнтэзі для падлеткаў, на жаль, не стае. Праўда, ёсць цудоўныя прыклады містычных твораў. Маю на ўвазе кнігі Людмілы Рублеўскай, Пятра Васючэнкі, Маргарыты Латышкевіч.

– Якім вы бачыце свайго чытача? Ці арыентуецеся на яго, калі пішаце цяпер?

– Кожны пісьменнік спадзяецца, што яго творы спадабаюцца. Хочацца, каб у чытача пасля прачытання кнігі засталася асалода. Вельмі прыемна чытаць станоўчыя водгукі ў сеціве, атрымліваць асабістыя паведамленні ў сацсетках, бачыць захопленыя вочы чытачоў, калі падпісваеш ім уласныя кнігі. “Сэрца Сакры” арыентаванае на падлеткаў, і ў першую чаргу на дзяўчат. Я апісвала тое, што ў школьныя гады хвалявала мяне саму: першае каханне, выбар найпрыгажэйшай сукенкі на баль, здача іспытаў. Твор, над якім працую цяпер, на мой погляд, павінен ахапіць больш шырокую аўдыторыю.

– Што, акрамя тэмы, зменіцца ў новым творы?

– Узяла пад увагу парады і заўвагі крытыкаў. Надаю асаблівую ўвагу псіхалагізму, канфліктнасці сюжэта. Намагаюся праз апісанні, учынкі, узняцце пэўных праблем дапамагчы чытачу больш глыбока зразумець герояў.

– А калі чакаць новую кнігу?

– На жаль, пішу вельмі павольна. Мне важна, каб кожны сказ гучаў, каб кожнае слова было трапным. Раней магла напісаць абзац, скрэсліць і ўціснуць сэнс у адзіны сказ. Цяпер спрабую адразу пісаць так, каб потым не даводзілася перапісваць.

– Значыць, не імкняцеся ставіць сабе канкрэтныя рамкі па часе ці аб’ёме напісанага за адзін раз? Як арганізуеце творчы працэс: што замінае, а што дапамагае?

– Дазволю сабе правесці паралель з класікамі. Ці ведалі вы, што Андрэй Макаёнак лічыў сябе лайдаком: мог год не пісаць, а потым за два тыдні стварыць п’есу? А Міхась Стральцоў прызнаваўся, што не любіў працаваць і дакараў сябе за гэта, бо “не садзіўся ў час за стол – і перагараў”. Вось і я, як чалавек творчы, змагаюся з лянотай, чакаю натхнення, а часам нават прымушаю сябе сесці за рукапіс. Акрамя таго, істотна не хапае часу.

– Ці ствараеце вы сюжэтны план? Ведаеце загадзя, што будзе ў канцы?

– Калі пісала “Сэрца Сакры”, мела ў галаве схематычны сюжэт, нават ведала, чым павінна ўсё скончыцца. Праўда, падчас рэдакцыі твора фінал трохі змяніўся. З кнігай, над якой працую цяпер, усё іначай. Героі самі вядуць мяне. Не ведаю, што будзе адбывацца далей і чым усё скончыцца, але так нават цікавей!

– Як у вас змянілася матывацыя да творчасці з часоў “Сэрца Сакры”?

– Мяне матывуе ўнутранае памкненне, я проста не магу не пісаць. Пачала ў 6 гадоў і не магу спыніцца. Калі садзілася за “Сэрца Сакры”, проста хацелася падзяліцца з чытачом цікавай казачнай гісторыяй. Памятаю, калі дапісала раман, мама раздрукавала і сшыла яго ў сапраўдную кніжку. Вось гэта быў цуд! Дала пачытаць сябрам і знаёмым – усе былі ўражаныя.

– Што вас натхняе?

– Людзі, пачуцці, музыка, пахі, колеры, смакі… Навокал столькі ўсяго цікавага і прыгожага, варта толькі азірнуцца. Проста ідзеш вуліцай, заўважаеш нейкую дэталь – і адразу хочацца запісаць. З аднаго жэсту, з адной усмешкі можа нарадзіцца цэлае апавяданне.

– Каму першаму пакажаце новую кнігу?

– Вядома ж, маме, найлепшай сяброўцы, а таксама дачцэ-падлетку рэдактаркі маёй кнігі – Настассі. Менавіта яна першая ацаніла апошні варыянт “Сэрца Сакры”. Варта, каб будучая кніга спадабалася менавіта падлеткам. Для мяне вельмі каштоўнае меркаванне маёй мэтавай аўдыторыі.

Аўтар публікацыі: Дар’я Смірнова.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам