ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
"У пачатку было Слова..."
Паважаныя карыстальнікі!

Славісты: што пра іх трэба ведаць

Іншыя навіны

Слова “славісты” днямі будзе гучаць часта: учора адбылося адкрыццё Міжнароднага з'езда ў канцэртнай зале “Мінск”.


У гісторыю правядзення з'ездаў навукоўцаў, якія вывучаюць адметную культуру славянскага свету ва ўсім яе багацці, упісаны назвы розных краін. Першай яго прымала ў 1929 годзе чэшская Прага. Цікава, што бывалі і адмены з'ездаў з-за выключнай сітуацыі ў адной са славянскіх краін: у 1939 годзе трэці з'езд не адбыўся з-за таго, што ў Польшчы ўжо кіпела Другая сусветная вайна. І толькі ў 1955 годзе справа трэцяга з'езда была завершана ў Бялградзе на міжнароднай славістычнай канферэнцыі. Прымалі з'езд славістаў нашы суседзі: у Маскве (1958 год), у Кіеве (1983), а Польшчы пашчасціла двойчы – у 1973-м і 1998 гадах. І Беларусь дачакалася – можа, менавіта ў той момант, калі яе культуры патрэбна асэнсаванне праблем на навуковым узроўні, каб выпрацаваць напрамкі яе далейшага развіцця. Калі патрэбна разуменне, што ў нашай культуры дапамагае краіне існаваць. І каб суаднесці погляд знутры з поглядамі звонку.

Для чаго патрэбны з'езд?
Вядома, бываюць канферэнцыі, сустрэчы, дзе можна абмеркаваць нейкія тэмы, падыскутаваць. Але з'езд – гэта найбольш шырокая форма міжнароднага навуковага супрацоўніцтва славістаў. Міжнародныя з'езды і канферэнцыі арганізоўвае Міжнародны камітэт славістаў з мэтай абмеркавання і вырашэння важных навуковых пытанняў славістыкі. Камітэт і кіруе з'ездам.

Што такое Міжнародны камітэт славістаў?
Ён быў створаны пасля Другой сусветнай вайны, у 1955 годзе ў Бялградзе для ўзнаўлення і пашырэння міжнародных сувязей у галіне славістыкі і традыцый міжнародных славістычных кангрэсаў. МКС з'яўляецца выканаўчым органам міжнароднага аб'яднання славістаў, якое складаецца з нацыянальных славістычных камітэтаў ці арганізацый. Яго мэта – арганізацыя міжнароднага супрацоўніцтва славістаў на шырокай аснове і садзейнічанне развіццю навук, якія даследуюць славянскія мовы і літаратуры, гісторыю культуры славянскіх народаў.

Як улічыць інтарэсы ўсіх славянскіх краін?
Кожная краіна прадстаўлена ў МКС адным нацыянальным славістычным камітэтам ці арганізацыяй і мае права на аднаго члена МКС, які прызначаецца на тэрмін не менш чым 5 гадоў. З прычыны выключнага становішча права на аднаго члена МКС маюць арганізацыі лужыцкіх сербаў. Старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта славістаў з'яўляецца Аляксандр Лукашанец, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, першы намеснік дырэктара дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Ён жа старшынствуе ў Міжнародным камітэце славістаў.

Колькі прадстаўнікоў ад краіны можа прысутнічаць на з'ездзе?
У Міжнародным камітэце славістаў на цяперашні момант прадстаўлены 42 краіны. Кожная краіна мае свае квоты, колькі ўдзельнікаў яна дэлегуе на з'езд. Найбольшае прадстаўніцтва ў Расійскай Федэрацыі – 70 чалавек. Польшчу прадстаўляюць 55 навукоўцаў. Украіну – 35. Але некаторыя краіны неславянскага свету тым не менш маюць вялікія супольнасці славян на сваёй тэрыторыі, а таксама цікавых даследчыкаў-славістаў. Напрыклад, вылучаецца Германія. Ад гэтай краіны на з'ездзе 45 дэлегатаў. Таксама немалое прадстаўніцтва славістаў з ЗША – 35. Беларусь можа прадставіць 25 удзельнікаў, і гэта даволі вялікая лічба сярод славянскіх краін.

Для чаго гэта нам патрэбна?
Бадай, самае галоўнае пытанне. Таму што шмат тэм, заяўленых для абмеркавання на з'ездзе, тычацца беларускай культуры. Адметна, што беларуская культурная сітуацыя (не толькі моўная!) цікавіць даследчыкаў з іншых краін. Напрыклад, Даніэль Бунчыч з Германіі падзеліцца развагамі пра “Пісьмовасць Беларусі на сутыкненні Усходу і Захаду (паміж двума алфавітамі, дзвюма арфаграфіямі, дзвюма мовамі”. У той жа час Курта Вулхісера з ЗША цікавіць сучасны момант, і ён прапануе на абмеркаванне тэму: “Новыя беларускамоўныя: металінгвістычны дыскурс, сацыяльная ідэнтычнасць і моўны узус”. Даследчыкам з Беларусі і Літвы цікавая тэма функцыянавання і ўзаемадзеяння розных славянскіх моў і літаратур у Вялікім Княстве Літоўскім. Але ў беларускай культуры столькі тэм для вывучэння, што яны шчыра захапляюць замежных навукоўцаў. Як, напрыклад, Марыю К'яру Фэро прыцягнула асоба Святой Ефрасінні Полацкай. Часам мы самі не ўсведамляем, якое багацце назапашана нашымі папярэднікамі, але калі пра гэта кажуць іншыя, то і сапраўды варта падумаць: што нас, беларусаў, робіць народам? Дарэчы, магчымасці будуць, вось хоць бы падчас пасяджэння “круглага стала” на тэму “Скарыніяна ў славянскім і еўрапейскім кантэксце”. Лепшы момант узгадаць аднаго чалавека, які нёс іншым веды і імкнуўся напоўніць душу чалавека святлом вечных ісцін. Вось яна, карысць ад вучонага чалавека – праз стагоддзі адзначана.

Аўтар публікацыі: Ларыса Цімошык.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам