ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сцэна новага свету
Лекцыя кандыдата багаслоўя протаіерэя Сергія Гардуна

Скот Кэрал: Лічу сябе вечным студэнтам

Скот Кэрал: Лічу сябе вечным студэнтам
Іншыя навіны

Маштабны праект “Беларусь і Біблія” працягваецца. Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выдатную лекцыю прачытаў сам куратар праекта, даследчык старажытных манускрыптаў з ЗША Скот Кэрал. Яго выступленне стала сапраўднай вандроўкай у свет археалагічных адкрыццяў, паказала, што старажытнасць, як у люстэрку, можа адбівацца і ў сучаснасці. Больш за тое, на працягу некалькіх дзён шаноўны госць сам праводзіў экскурсіі па выстаўцы ў Музеі кнігі. Карэспандэнт пагутарыла з даследчыкам і даведалася, ці дапамагае інтуіцыя ў пошуках адкрыццяў, ці лёгка навукоўцу, які працуе з кнігамі, выходзіць на публіку і ці існуюць пракляцці старажытных рукапісаў.

– Праект “Беларусь і Біблія”, куратарам якога вы з’яўляецеся, выклікаў хвалю сапраўднай цікавасці ў наведвальнікаў. Толькі ў нядзелю, 30 верасня, у Музей кнігі завітала каля тысячы чалавек. Чакалі такога поспеху?

– Зваротная рэакцыя публікі – заўсёды нечаканасць. І ў гэтыя дні мы прыемна ўражаныя колькасцю наведвальнікаў выстаўкі. Рыхтуючы чарговы выставачны праект, публічную лекцыю, ніколі не ведаем дакладна, колькі гледачоў і слухачоў зацікавіцца. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца шмат унікальных прадметаў, звязаных з гісторыяй кнігі, тут выдатныя ўмовы і абсталяванне. Натуральна, гэта таксама дапамагае ў рабоце з публікай.

– Біблія – гэта толькі рэлігійны тэкст ці яе можна лічыць дасягненнем культуры, чалавецтва? Ды і ў цэлым, магчыма, чулі нараканні ў свой адрас, маўляў, як можна ледзь не пад мікраскопам вывучаць свяшчэнныя кнігі і тэксты?

– Я даследую біблейскія тэксты з пункту гледжання навуковай відавочнасці. Лічыцца, што кнігі, якія больш не выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні, ужо не з’яўляюцца свяшчэннымі, гэта больш не прадмет рэлігійнага культу. У той жа час я паважаю меркаванне вернікаў, бо я і сам хрысціянін. І зноў жа вярнуся да сваёй думкі: я вельмі шчаслівы, што маю задавальненне вывучаць тое, што люблю. Вялікае шчасце – знайсці прафесію, якую сапраўды любіш.

– Старажытныя манускрыпты часта асацыююцца з містычнымі гісторыямі, становяцца ўдзельнікамі загадкавых падзей. Вы з такімі выпадкамі сутыкаліся?

– У мяне ёсць магчымасць працаваць з мноствам адметных прадметаў. Кожны з іх мае сваю гісторыю, цікавую і містычную. Але, бадай, найбольш захапляльнай была работа з матэрыяламі, што пакрывалі муміі. Гэтае даследаванне мы праводзілі разам з калегам з Оксфарда. У Старажытным Егіпце, каб пакрываць муміі, выкарыстоўвалі папірус, што знаходзілі на сметніцах. На працягу многіх гадоў вучоныя стараліся вынайсці спосаб даследавання гэтых кавалкаў папірусу, не пашкоджваючы пры гэтым самі муміі. Нарэшце мы змаглі гэта зрабіць і пабачылі мноства цікавых рэчаў. Там сапраўдная сумесь розных дакументаў: спісы прадуктаў, квітанцыі гандляроў, любоўныя лісты, старажытныя тэксты – фрагменты з Бібліі ці з твораў Гамера. Гэта сапраўдная скарбонка сюрпрызаў.

– Праводзячы даследаванні, інтуітыўна адчуваеце: вось, шукаць патрэбна менавіта тут, тут я абавязкова павінен нешта знайсці?

– Ужо не, бо сам не праводжу раскопак. Але калі ўдзельнічаў у археалагічных даследаваннях, то мы з камандай былі шчаслівыя, што хаця б нешта адшукалі. Зараз працую не з рэчамі, што знаходзяць у зямлі, а з прадметамі, якія ўжо многа гадоў, аж з 1970-х, знаходзяцца ў прыватных калекцыях. Аб’ект майго даследавання – старажытныя кнігі і тэксты, і кожны з іх хавае загадку і можа сапраўды здзівіць. А паколькі важныя знаходкі раблю досыць часта, то магу сябе назваць вечным студэнтам: не стамляюся здзіўляцца ўсяму новаму.

– Якой бачыцца постаць Францыска Скарыны ў сусветным маштабе? Яго ведаюць спецыялісты ва ўсім свеце ці шануюць толькі ў нашых мясцінах?

– Добрае пытанне. Так, гэта вельмі значная асоба, ён пачаў друкаваць кнігі ва Усходняй Еўропе. На захадзе пра Скарыну не так шмат ведаюць, бо яго засланяе постаць Гутэнберга, што зрабіў такое ж дасягненне. Калі бываю ў розных краінах са сваімі выстаўкамі і лекцыямі, натуральна, імкнуся даведацца пра кніжную культуру кожнай мясцовасці, традыцыі кнігадрукавання. Таму для мяне Скарына – асоба значная, я вельмі яго паважаю. Натуральна, ён меў каманду паплечнікаў, але значнасць беларускага першадрукара ў тым, што ён не толькі друкаваў, але і перакладаў кнігі Бібліі, у той час як у Заходняй Еўропе гэтыя абавязкі раздзяляліся паміж рознымі групамі людзей. Шкада, што па-за акадэмічным колам не так многа людзей пра Скарыну хоць нешта чула. Але я дакладна ведаю, што за помнік стаіць перад Нацыянальнай бібліятэкай.

– Бачылі арыгінальныя кнігі Скарыны, што захоўваюцца ў фондах гэтай бібліятэкі?

– Так, летась я наведваў тэматычную выстаўку. З задавальненнем пабачыў старадрукі. Але ж гэта не той перыяд, што я актыўна вывучаю, таму, як і звычайны наведвальнік, захоплена разглядаў усе прадстаўленыя выданні.

– Дарэчы, падзяліцеся ўражаннямі ад наведвання нашай Нацыянальнай бібліятэкі, працы тут...

– Мне падаецца, што дызайн бібліятэкі мае свае карані ў Старажытнай Грэцыі. Бібліятэка выглядае вельмі сучасна, але дызайнерскае рашэнне старажытнае. Мне падабаецца такая сумесь. Уражвае багацце фондаў, абсталяванне, ну і, натуральна, супрацоўнікі. Таму працаваць і проста быць тут – вялікае задавальненне.

– Існуе такі стэрэатып, што людзі, якія даследуюць кнігі, не надта гаваркія і пачуваюцца лепш у асяроддзі выданняў, чым сярод людзей. Вы ж цалкам разбураеце вобраз самотнага кніжніка, расказваеце вельмі цікава, трымаеце паўзы, наладжваеце кантакт з публікай ды і выглядаеце цалкам арганічна ў ролі экскурсавода.

– Мне проста падабаецца тое, чым займаюся. Я люблю кнігі і шчаслівы, што маю магчымасць іх даследаваць. Таму мне вельмі лёгка размаўляць з публікай. Сапраўды, раблю гэта са страсцю і энтузіязмам. Ды і свае адкрыцці, знаходкі лічу ў некаторай ступені сваімі дзецьмі.

– Вы тата чатырох дзяцей і дзядуля чатырох унукаў. Можна здагадацца, што яны выраслі на гэтых захопленых расповедах і ведаюць на памяць усе вашы гісторыі пра адкрыцці. Так?

– Сапраўды (смяецца). Але ім гэта зусім не надакучыла за столькі гадоў. Яны з задавальненнем зноў і зноў перажываюць прыгоды і пошукі разам са мной.

– Нельга не заўважыць, што на вашу экскурсію сёння завіталі і дзеці.

– Нам падабаецца арганізоўваць работу з дзецьмі. Шчаслівыя, што на выстаўку прыходзяць цэлымі сем’ямі – бацькі разам з малымі. Для наведвальнікаў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў нават распрацавалі спецыяльную кнігу, якая стане падарункам і дапаўненнем уражанняў ад выстаўкі.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Навіны

50 гадоў Першамайскаму раёну!

26 Чэр 2019

Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 25 чэрвеня 1969 года і рашэннем № 141 Мінскага гарадскога савета дэпутатаў ад 10 ліпеня 1969 года “Аб межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных раёнаў горада Мінска” быў арганізаваны Першамайскі раён г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прароцтвы Вераніцына

26 Чэр 2019

Паэма “Тарас на Парнасе” ўнікальная тым, што не толькі ў гісторыі беларускай літаратуры ХІХ ст. паказала селяніна-беларуса цалкам станоўчым героем, але яшчэ і таму, што зрабіла больш важнае, асабліва для нашага таталітарнага мінулага стагоддзя, адкрыццё.

Навіны бібліятэк

Напярэдадні 50-годдзя Першамайскага раёна ўзнагароды за прафесіяналізм уручылі супрацоўнікам бібліятэкі

25 Чэр 2019

24 чэрвеня прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Першамайскага раёна г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пяць вершаў Адаму Міцкевічу

25 Чэр 2019

У Баранавічах у выдавецтве Алены Хахол выйшла з друку невялікая, але сімпатычная і арыгінальная кніжачка “Адам Міцкевіч”. Яна складаецца з пяці вершаў, прысвечаных Адаму Міцкевічу – класіку польскай і беларускай літаратуры. Аўтар вершаў – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і настаўніца Таццяна Яцук, якая жыве ў Баранавічах.

Навіны бібліятэк

Адкрыты бясплатны доступ да рэсурсу Cochrane Library

24 Чэр 2019

Віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі паведамляе, што на тэрыторыі Беларусі на працягу 2019 года для ўсіх арганізацый адкрыты бясплатны доступ да электроннага інфармацыйнага рэсурсу Cochrane Library.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Выйшла кніга, прысвечаная II Еўрапейскім гульням

23 Чэр 2019

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” падрыхтавала і выпусціла ў свет кнігу на беларускай і англійскай мовах “Спорт вышэйшых дасягненняў. ІІ Еўрапейскія гульні – свята міру, спорту, дружбы народаў Еўропы” ў серыі “Беларусь спартыўная”. Кніга атрымалася не проста цікавая, а ў многіх адносінах пазнавальная, з адмысловым высокамастацкім афармленнем.

Навіны бібліятэк

111