ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Каштоўнасць, якая не ведае межаў
Прароцтва над калыскай

Сімвалы жыцця беларускага

Сімвалы жыцця беларускага
Іншыя навіны

Аб Трыглаве беларускай паэзіі ХХ ст. апавядае новая кніга Вячаслава Рагойшы.


Кастусь Ладуцька знаёміць з новымі даследаваннямі вядомага беларускага крытыка, літаратуразнаўца, перакладчыка, апублікаванымі ў яго новай кнізе (Рагойша, В. П. Мой Трыглаў: Кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча / Вячаслаў Пятровіч Рагойша. – Мінск: Кнігазбор, 2012. –340 с.).

Па-першае, чаму менавіта Трыглаў у назве?.. Вячаслаў Рагойша, з самага пачатку сваёй літаратуразнаўчай дарогі засведчыўшы цікавасць да ўкраіністыкі, і ў прадмове да новай кнігі “Мой Трыглаў” згадвае характарыстыку Янкі Купалы, выдадзеную Паўло Тычынам: “Першая вяршыня беларускага Эльбруса паэзіі”.

Эльбрус – з дзвюх вяршынь. Пад другой, падкрэслівае В. Рагойша, “Тычына ўяўляў творчасць Якуба Коласа”. І далей: “Аднак сёння мы ўсё часцей кажам не пра дзвюхвяршынную, а пра трохвяршынную найвышэйшую «гару» беларускай паэзіі ХХ ст., якую можна ўявіць у вобразе Трыглава (самая высокая гара ў Юлійскіх Альпах, Славенія). Да самых высокіх творчых вяршынь – Янкі Купалы і Якуба Коласа – арганічна далучаецца і вяршыня Максіма Багдановіча. Калі б ён пражыў столькі, колькі Янка Купала, то, як кажуць, невядома яшчэ, хто быў бы нашым Купалам.

Менавіта таму ў гэтай кнізе сышліся – на роўных – тры волаты нашай літаратуры, тры яе аднолькава вартыя вяршыні. Тым больш, што яны не замяняюць, не засланяюць, а толькі ўзаемадапаўняюць, узаемападтрымліваюць адна адну. Побач роўнавяліка ўзвышаюцца адухоўлена-нябесны лірык і драматург, гербоўны шляхціц Іван Луцэвіч, глыбока зямны ліра-эпік і эпік, сялянскі сын Канстанцін Міцкевіч і адмысловы паэт-неакласік, энцыклапедычна ўгрунтаваны літаратуразнавец, патомны інтэлігент Максім Багдановіч. Усе яны нам аднолькава дарагія. Як, зрэшты, і ўсе іншыя вяршыні і храбты горнага кража беларускай літаратуры шматпакутнага ХХ стагоддзя…”

Па-другое, у кнізе “Мой Трыглаў”, раздзеленай на тры асноўныя часткі – “Янка Купала”, “Якуб Колас” і “Максім Багдановіч”, сабраны новыя артыкулы і эсэ Вячаслава Пятровіча пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці трох класікаў, пра шляхі вывучэння, засваення іх творчай спадчыны. Даследчык звяртае ўвагу і на тыя яркія асобы, дзякуючы якім напісанае Купалам, Коласам, Багдановічам становіцца больш адкрытым і зразумелым новым пакаленням чытачоў у Беларусі і свеце.

Пра класікаў напісаны дзясяткі кніг, сотні артыкулаў, здавалася б, сабраны ўсе факты з іх біяграфіі, улічаны ўсемагчымыя акалічнасці іх стасункаў з навакольным светам. Але гэта толькі на першы погляд. І кніга В. Рагойшы пераканаўча даводзіць, што прастора для даследаванняў яшчэ дастаткова шырокая. І яшчэ. Купала, Колас, Багдановіч – тыя лёсавызначальныя для народа, нацыі постаці, з якімі Беларусь можа і павінна крочыць у свет, па ўсёй планеце. Тым больш што яны, нашы класікі, надзвычай сучасныя і блізкія сённяшнім чытачам.

З цікавасцю чытаюцца старонкі артыкулаў “Купалава сябрына”, “«А хто там ідзе?» і яго пераклады на мовы свету”. В. Рагойша расказвае пра тое, як рэалізоўвалася ідэя па выданні аднаго верша на самых розных мовах. Яшчэ на пачатку 1970-х гг. аўтар задумаў укласці кнігу аднаго верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?” у перакладах на розныя мовы. Вячаслаў Пятровіч ажыццявіў творчы праект, які запатрабаваў немалых высілкаў. Літаратуразнаўца з’яўляўся старшынёй секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў БССР і ўваходзіў у склад усесаюзнага Савета па мастацкім перакладзе пры Саюзе пісьменнікаў СССР. Бываючы на пасяджэннях Савета ў Маскве, Вячаслаў Пятровіч імкнуўся да знаёмства з паэтамі-перакладчыкамі з розных краёў і абласцей СССР. І калі даведваўся, што “А хто там ідзе?” яшчэ не перакладзены на іх мову, то ўручаў калегам пакет з арыгіналам верша, яго рускім падрадкоўнікам і перакладам на рускую мову Максіма Горкага.

А на міжнародных творчых сімпозіумах дадаваў яшчэ і наяўныя тагачасныя пераклады на найбольш вядомыя сусветныя і рэгіянальныя мовы. Гэта паспрыяла з’яўленню перакладаў на арабскую мову Абдурахмана аль-Хамісі, валійскую Гарэт Джонс, грэчаскую Яніса Рыцаса, іспанскую Хуана Рамона Масалівера, італьянскую Альда Севярыні, карэйскую Лі Гендзіна, каталонскую Перэ Гімферэра, малагасійскую Эстэр Рандрыамамоні, малаялам Гапалакрышнана Найяра, нарвежскую Марціна Нага, нямецкую Элізабет Котмаер, партугальскую Мануэля дэ Сеабры, румынскую Іона Драганою, сінгальскую Сірыла Перэры, тамілі Сома Сундарана, турэцкую Атаала Бехрамаглу, урду Хайдэра Такі, хіндзі Мадана Лала Мадху, японскую Дзіра Кітамікада.

Свае складанасці ўзнікалі і пры перакладах верша-гімна на мовы нешматлікіх народаў Расіі. А яшчэ ў першым выданні зборніка, які быў прымеркаваны да 100-годдзя Я. Купалы, галоўныя ідэолагі Беларусі ўгледзелі надзвычайную правіну: “пераклады пададзены ў алфавітным парадку назваў тых моў, на якіх верш «А хто там ідзе?» узноўлены”. Правілы тэксталогіі не парушаны. Затое былі парушаны правілы рабалепскай ідэалогіі. Рускі пераклад мусіў быць першым. Да чаго прывяла такая заўвага – пра гэта таксама расказваецца ў артыкуле.

Якуб Колас пайшоў з жыцця пазней за Купалу, ужо пасля вайны. І здавалася б, яго біяграфія ў большай ступені адкрыта, знаёма. Шмат намаганняў па публікацыі невядомых раней матэрыялаў прыклаў старэйшы сын народнага песняра – Даніла Міцкевіч. Працягвае цяпер гэту працу малодшы сын Коласа – Міхась Міцкевіч. І ўсё ж, і ўсё ж…

Адкрыццём літаратуразнаўца можна па праву лічыць артыкул “«Я не кахаю Вас. Я Вас люблю»: Святлана Сомава ў жыццёвым і творчым лёсе Якуба Коласа”. Са Святланай Аляксандраўнай пісьменнік пазнаёміўся ў Ташкенце, моцна пасябраваў, часта сустракаўся, прысвяціў жанчыне шмат вершаў. Здаецца, нешта пра яе ведаюць аўтары жыццяпісу Коласа, музейшчыкі ды і чытачы таксама. Але менавіта “нешта”…

Вячаслаў Рагойша настойліва шукаў сляды Сомавай. Спярша – у Ташкенце, затым – у Маскве. Пашчасціла, удалося “скантактавацца з ёй, а ў другой палове 1980-х гг. – і сустрэцца ў невялікай яе «хрушчоўцы» на адной ціхай, зялёнай маскоўскай вуліцы”. Высветлілася шмат цікавых момантаў. Стаў больш зразумелым характар адносін Коласа і Сомавай. Пра гэта В. Рагойша і расказвае ў артыкуле. Лісты Я. Коласа да ташкенцкай паэтэсы капіраваліся і раней. Але ў 13-м і 14-м тамах 14-томнага збору твораў народнага песняра яны друкаваліся з купюрамі, некаторыя зусім былі абыдзены ўвагай. В. Рагойша прывёз у Маскву тамы збору твораў і па іх звяраў публікацыі з арыгіналамі.

“Я зачытваў і перакладаў, – піша Вячаслаў Пятровіч. – На яе твары спачатку была цікаўнасць, потым адбілася незадаволенасць. «Интересно, кто взял на себя смелость выступить в качестве цензора? Я же позволила печатать все письма Якуба Коласа ко мне. А здесь они опубликованы избирательно, причём в публикациях – масса не отмеченных пропусков. Даже все обращения Константина Михайловича ко мне сняты… Как и посвящения на стихотворения». Незадаволенасць перайшла ў раздражненне, нават гнеў…”

А звароты шматслоўныя: “Милая, дорогая Светланочка, мой далёкий прекрасный друг!”, “Мой дорогой друг, радость и печаль моя!”, “Мой чудесный, неповторимый друг!”, “Далёкая, но дорогая и милая Светлана!”, “Милая, дорогая Светочка, Краса Узбекистана!”, “Дорогая Светланушка”, “Милая, дорогая Свет-Ла-ночка!”, “Светлая-Лана, далёкий мой и неповторимый друг Светлана!” і інш. Вячаслаў Рагойша аднаўляе справядлівасць, расказвае пра вершы, прысвечаныя Сомавай, друкуе поўны тэкст лістоў. Цытуе ў артыкуле і верш С. Сомавай, які яна адрасавала Я. Коласу:
А завтра снова день,
И встречу я его
На том тридцатилетнем
перевале
Дней человеческих.
Неужто это всё?
Как мало прожито,
как много пережито!
Ведь сердце ещё
не начинало жить,
Ведь всё оно готовилось
к полёту,
К расцвету.
А расцвет не наступил…
Любовь я отдаю
бегущим буквам,
И верю словам несказанным.
И дальше снова так —
Ещё не раз, не уставая
за ночь,
Сварю я в поэтическом
мартене
Сталь скоростную
звонкого стиха.
Ещё с ночными звёздами
поспорит
Якубом Коласом подаренная
лампа
На книгами заваленном столе.

Максім Багдановіч, яго неўміручая паэзія – асобная любоў, асобнае захапленне Вячаслава Рагойшы. Кожны з тэкстаў, які ўваходзіць у раздзел “Максім Багдановіч”, напісаны не толькі розумам, але душой і сэрцам. Нельга без хвалявання, перажывання чытаць эсэ “Васілёк на магілу Багдановіча: з успамінаў”. Важкім, надзвычай актуальным падаецца артыкул “Сустрэча ўкраінцаў з беларускім Ікарам: пра Рамана Лубкіўскага, які арганізаваў гэту сустрэчу”.

Актуальнасць яго і ў тым, што па сутнасці ў тэксце выкладзена сапраўдная праграма засваення спадчыны М. Багдановіча ў іншанацыянальным свеце. Ва Украіне гэтая задача ў многім вырашана дзякуючы творчай ініцыятыве Рамана Лубкіўскага. Відавочна, што і беларускі бок павінен у іншых краінах і культурах шукаць прыхільнікаў, мастакоў слова, якія б уважылі Багдановіча, Купалу, Коласа, іншых вартавых беларускага прыгожага пісьменства.

Завяршаюць кнігу “Мой Трыглаў” вершы В. Рагойшы, прысвечаныя класікам, і бібліяграфія “Даследаванні, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча”. Адно шкадаванне, якое, канечне ж, ніяк не адносіцца да аўтара, а хутчэй – да нашага часу. Тыраж у кнігі – усяго 200 экзэмпляраў. А мець “Мой Трыглаў” у сваіх фондах – гэта ж, паверце, гонар для любой бібліятэкі краіны. І не толькі нашай.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 06.07.2012

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам