ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Навукова-практычны семінар “Электронная культура”
Культурна-асветніцкая акцыя “Крок у будучыню”

Самы віртуальны Багдановіч

Самы віртуальны Багдановіч
Іншыя навіны

"Маленькі Парыж", "каралеўскі горад" – як толькі не называюць чароўную Гародню!


Багатая гісторыя, замкі і храмы нязменна прыцягваюць турыстаў – улетку горад становіцца асабліва інтэрнацыянальным.

А пазнаёміцца з ім дапамагаюць шматлікія міжнародныя праекты, у тым ліку і ў галіне культуры (згадаць хаця б Фестываль нацыянальных культур, пленэры рэзчыкаў па дрэве ў Каробчыцах ці абменныя гастролі з польскімі калектывамі).

Падключаюцца і музеі. Сёння – пра праект гродзенскага Музея Максіма Багдановіча.

– Я даўно зразумела, што надышоў час разбураць стэрэатыпы, – расказвае дырэктар музея Святлана Рапецкая, – пазбаўляцца ярлыкоў кшталту таго, што музей – гэта статычная ўстанова, дзе проста захоўваюцца экспанаты, нейкія рэчы, куды прыйдзеш, паслухаеш, атрымаеш нейкую інфармацыю і пойдзеш.І вось больш як два гады таму пачалі распрацоўваць праект.

Ідэя Святланы заключалася ў тым, каб зрабіць віртуальны музей, які дазволіць наведаць Гродна жыхарам іншых краін. А беларусам – завітаць у замежныя. Праект ствараўся, распрацоўваўся, хаця на той час канкрэтнай замежнай пляцоўкі для яго рэалізацыі фактычна не было. Партнёры знайшліся пазней, пад час форуму ў латвійскім Даўгаўпілсе, які і ставіў на мэце “пазнаёміць” розныя ўстановы і арганізацыі, знайсці шляхі супрацоўніцтва. Зразумела, на той форум Святлана паехала з распрацаванай ідэяй, якою адразу зацікавілася некалькі музеяў. Так знайшліся партнёры, і са снежня мінулага года ідзе праца над праектам “Віртуальнае мінулае – гарант поспеху будучыні музеяў”, які мае быць завершаным цягам двух гадоў.

Галоўны заяўнік, партнёр – Рэзэкненская вышэйшая школа (Латвія). А ўдзельнічаюць у праекце з латвійскага боку – Латгальскі культурна-гістарычны музей (носіць этнаграфічны характар), з літоўскага боку – Кедайняйскі краязнаўчы музей і з беларускага – гродзенскі Музей Максіма Багдановіча, які мае літаратурны напрамак. Праект распрацоўваецца ў рамках праграмы памежнага супрацоўніцтва і добрасуседства, разлічанай на 2007–2013 гады, і фінансуецца Еўрасаюзам. Агульная сума – амаль 375 тысяч еўра (на чатырох партнёраў), грант гродзенскага музея – крыху больш як 90 тысяч еўра, з якіх 10 працэнтаў – асабістыя сродкі, што будуць выдаткаваны з гарадскога бюджэту. Дарэчы, у межах праекта ў Музеі Максіма Багдановіча плануецца прывесці ў належны выгляд экспазіцыю “Гродзеншчына літаратурная”, дзе расказваецца пра творцаў, чый лёс быў звязаны з гэтым краем.Праект прадугледжвае даследаванне па кожным музеі, у выніку чаго павінен атрымацца шматслойны праграмны прадукт – віртуальны музей. Па завяршэнні ў кожнага з удзельнікаў будзе спасылка на агульны сайт, дзе людзі змогуць знайсці гэтую інфармацыю. Канечне, выкладваць усю інфармацыю не плануецца: навошта тады ісці ў музей? Таму ў Сеціве будзе ў пэўным сэнсе рэклама. У саміх музеях з’явяцца інфакіёскі – кожны наведвальнік зможа паглядзець, што цікавага ў іншых. Для зручнасці карыстальнікаў уся інфармацыя будзе прадстаўлена на некалькіх мовах: на нацыянальных мовах кожнай краіны плюс на рускай і англійскай. Каб патэнцыяльныя наведвальнікі не «забыліся» пра музеі, прадугледжана рэкламная прадукцыя, кружэлкі і г. д. У ідэале, пазнаёміўшыся, напрыклад, з багдановічаўскім музеем у Гародні, тыя ж латышы ці літоўцы, плануючы свой адпачынак, падумаюць: а чаму б не з’ездзіць у Беларусь…

Адно з ключавых слоў у характарыстыцы праекта і яго выніку – шматслойны. Што гэта значыць, тлумачыць С. Рапецкая:
– Падрыхтаваную для карыстальнікаў інфармацыю можна падзяліць на некалькі “слаёў”. Першы слой – агульная інфармацыя пра музеі, крышачку пра краіну, рэгіён, горад, дзе яны знаходзяцца. Наступны – пра музей і калекцыі. Трэці слой прадугледжвае магчымасць даведацца пра самыя рарытэтныя, каштоўныя экспанаты: фота, апісанне кожнага прадмета – з адметнай гісторыяй, а не сухія факты. Гэта павінна быць цікава з даследчага боку (у тым ліку і для навукоўцаў) і ў той жа час напісана мовай, зразумелай для звычайных наведвальнікаў. І апошні слой – гульня па кожным з музеяў, якая будзе насіць адукацыйна-пазнавальны характар.

Выгляд і фармат гульні канчаткова пакуль не вызначаны. Магчыма, у ёй будуць прадстаўлены мемарыяльныя пакоі Музея Багдановіча: карыстальнік нешта пра іх даведваецца і паралельна выконвае заданні – напрыклад, знайсці пэўную рэч па апісанні. Яшчэ адзін варыянт звязаны з літаратурнай творчасцю: дапісаць верш М. Багдановіча, падабраць рыфму. Кажуць, Гародні спрыяе геаграфічнае становішча: побач – мяжа з Польшчай, Літвой, не так далёка – з Латвіяй. Гэта праўда. Але не ўся: нельга выкрэсліваць прыватную ініцыятыву. Наперадзе ў праекта і яго ўдзельнікаў яшчэ шмат працы. Аднак супрацоўнікі музея ўжо сёння ўпэўнены, што ў выніку атрымаецца вельмі цікавы прадукт.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 19.04.2013.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам