ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“На славу нашоï преславноï Украïни”
Дзіцячы пакой запрашае на мерапрыемства

Самая галоўная бітва адбываецца ўнутры чалавека

Самая галоўная бітва адбываецца ўнутры чалавека
Іншыя навіны

На ХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адбылася сустрэча са знакамітай беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч.


У невялічкім павільёне ААТ “Белкніга”, па запрашэнні яго дырэктара. Пасля размовы спадарыня Алексіевіч яшчэ больш за дзве гадзіны падпісвала чытачам кнігі.

Відаць было, як сама пісьменніца знудзілася па беларускіх чытачах. Яна дзякавала за тое, што прыйшлі, за кветкі… Як чытачу патрэбны кнігі, мудрае непрадузятае выказванне, так і пісьменніку патрэбен наш водгук, патрэбна бачыць жывыя твары, непадробныя эмоцыі.

На сустрэчы са Святланай Алексіевіч мяне не пакідала ўражанне, што яна – чалавек спагадлівы і добры, неабыякавы і сумленны. І яе адказы на пытанні чытачоў і журналістаў былі такімі ж. Пачну з адказу на пытанне пра змену пакаленняў, якое ўдалося задаць карэспандэнтцы “Звязды”.

Пра “эфект травы”
У 1990-я гады, памятаю, пісьменнік Алесь Адамовіч (і не толькі ён, але мы з ім гаварылі на гэтую тэму) лічыў, што вось прыйдзе праз 20 гадоў новае пакаленне – і будзе абсалютна іншая краіна. Ведаеце, я ездзіла і па Расіі, і па Украіне крыху, і па Беларусі. Не магу сказаць, што новае пакаленне – гэта абсалютна іншыя людзі. Яны дастаткова сервільныя, матэрыяльныя, прыстасоўваюцца да таго, што адбываецца. Ёсць толькі студэнты, людзі, якія жывуць у вялікіх гарадах. Яны – тыя людзі, пра якіх мы марылі… І тое, як вы ведаеце, яны раз’язджаюцца па ўсім свеце. І мы зноў застаёмся ні з чым. Таму я не перабольшвала б так моцна біялагічны фактар. Мы на яго спадзяваліся. Але час гэта, на жаль, не пацвердзіў… Нічога так моцна, як мы хацелі, не змянілася, і ў той жа час, я веру ў гэты “эфект травы”. Што ўсё роўна час рухаецца… Усё сканчаецца. Ужо вам прыйдзецца, хто маладзейшы, жыць у гэтым часе. Я ўжо не вельмі веру, што майму пакаленню дастанецца. Жыццё, на жаль, надта кароткае.

Пра “Время second-hand”
Недзе 35 гадоў я пісала вось гэтыя шэсць кніг (кнігі з нізкі “Голоса утопии”, “Чернобыльская молитва: хроника будущего”, “У войны не женское лицо”, “Цинковые мальчики”, “Зачарованные смертью”, “Последние свидетели: книга недетских рассказов”. – Аўт.). Можна сказаць, што гэта адна кніга, адна душа. Гэтая кніга больш за ўсё пра тое, як мы жылі, як гэтае жыццё скончылася і як мы апынуліся ў разгубленасці. У Беларусі час наогул спыніўся. У кнізе вельмі шмат рускага матэрыялу, таму што там крах ідэі, капіталізм – нечаканы для большасці людзей, больш відавочна прасочваецца на лёсах. У нас усё трошку схавана. Крыху сацыялізму, крыху капіталізму, крыху імператарства. Неяк усё ў кучы. Сёння людзі ратуюцца тым, што замкнуліся ў сваім доме, у коле блізкіх людзей. Маладыя людзі гэты вакуум запаўняюць тым, што спрабуюць ездзіць, бачыць свет. Кожны знаходзіць свой шлях выжывання.

Я хацела б сказаць, што не трэба быць у роспачы. Усё ж галоўнае мы зрабілі – камунізм пераможаны. Маладым людзям я параіла б: рыхтуйцеся да будучыні. Яна ўсё роўна будзе, будзе нармальная еўрапейская будучыня. Можа быць, маё пакаленне да гэтага не дажыве, а вы дажывяце. Але рыхтуйце сябе. Капіталізм вельмі жорсткі. Вось я 10 гадоў пражыла за мяжой і хачу сказаць, што нашае ўяўленне пра капіталізм вельмі рамантычнае. Гэта вельмі жорсткая сістэма, і я думаю, да яе прывучацца мы будзем вельмі доўга. Так што ў кнізе я спрабавала паказаць думкі вельмі розных людзей. У ёй гучыць хор розных галасоў. Таму што, як вы бачыце, на постсавецкай прасторы ёсць вельмі шмат варыянтаў… Але я хацела перадаць галоўныя нейкія лініі. Таму што, калі ў 1990-я гады нам здавалася, што мы развіталіся з камунізмам, то цяпер так не здаецца. Вось калі я шмат ездзіла па Расіі, то мяне здзівіла, наколькі, асабліва маладыя людзі, сумуюць па мінулым. Калі гэтага няма ў Маскве, Пецярбургу, то там, у глыбіні Расіі, гэтага шмат. Гэта нечакана. Так што яно будзе яшчэ не раз вяртацца.

Мне хацелася стварыць вобраз чалавека за гэтыя 30 гадоў – што з ім робіць эпоха, ідэя… Чаму ў 1990-я мы былі так рамантычна настроены і нам здавалася: вось яно, новае жыццё? А ўсё аказалася зусім не так. Так што, я думаю, гэтая дакументальна-мастацкая энцыклапедыя – яна і для гісторыі, і нам для разваг. І я цяжка ўяўляю, што я працягвала б яе. Таму што “чырвоны чалавек”, у тым варыянце, у якім ён быў, знік. Цяпер з’яўляецца іншы чалавек. І нават калі ў ім ёсць нейкая туга пра мінулае, я не думаю, што ўсе хацелі б жыць пры камунізме. Усе хацелі б нейкага справядлівага жыцця, справядлівага сацыялізму. Напэўна, у 1990-я гады мы так сабе гэта ўяўлялі. Але жыццё цяжка прагназаваць. Сёння кожны сам у адказнасці за свой лёс. Гэта, напэўна, і ёсць свабода. А не тое, што свабода ад таго, што ў нас будзе добры цар і ён усё вырашыць, зробіць справядлівае жыццё. Не, свабода – гэта калі кожны працуе на гэтае новае жыццё. Вось пра гэта мае кнігі.

Пра “Цинковых мальчиков”
Ведаеце, “Цинковые мальчики” зрабілі замах на галоўны міф, на якім стаяла савецкая дзяржава, – міф пра чалавека з ружжом. Мы заўжды былі ваенныя людзі. Мы або рыхтаваліся да вайны, або ваявалі. І гэтыя войны заўжды пазіцыянаваліся як войны справядлівыя. І гэта (вайна ў Афганістане. – Аўт.) трапіла якраз на злом эпох, калі савецкая ўлада сыходзіла, а новы час прыходзіў. І, вядома, ні генералы, ні савецкія функцыянеры не верылі, што надыходзяць новыя часы. І паўплываць на масавую свядомасць, на хлопцаў, якія там ваявалі, было вельмі лёгка. Некага куплялі – тады нічога не было – за тэлевізар, некаму працу давалі. Адна маці мне сказала: гэта я расказваю табе, каб ты зразумела, што я перажыла, страціўшы адзінага сына, а пісаць трэба іншае, мне патрэбен сын-герой.

І я памятаю, як адна жанчына (мы з ёй пазнаёміліся, калі яе сын – двухметровы хлопец – ляжаў у труне ў маленькім дзевяціметровым пакойчыку) казала: раскажы, раскажы, ён сталяр. Ён генералам дачы рамантаваў, яго нават не навучылі ні кідаць гранаты, ні страляць. А адправілі туды. І, зразумела, праз месяц яго забілі. І я напісала, што казала тая жанчына. А потым прыходжу ў суд, і яна ў судзе. І я пытаюся, а вы, Наташанька, што тут робіце? А яна мне сказала вось гэтую фразу: гэта трэба табе, а мне патрэбен сын-герой. Ведаеце, масавай свядомасці вельмі няпроста было вызваліцца ад магіі сацыялізму. Таму што сацыялізм – гэта ўсё-ткі не такая вонкава крыважэрная ідэя. Гэта як бы жаданне справядлівага сумленнага жыцця. А праўда пра ГУЛАГ была скрытая, і таму людзям было цяжка зразумець, што адбываецца. Нашае развітанне з камунізмам было вельмі складаным.

Пра барацьбу ўнутры
У адным з маіх любімых урыўкаў маёй кнігі ёсць расказ чалавека, які разважае пра тое, што няма хімічна “чыстага” зла – калі ты ідзеш туды і ведаеш, што гэта – зло, глядзіш на чалавека і разумееш, што гэта – зло. Ён кажа, што яго тату пасадзілі. І мама гаворыць, што данёс на яго сусед дзядзя Юра. Але я, кажа, памятаю, як у дзяцінстве гэты сусед рамантаваў нам плот, браў на рыбалку разам са сваімі дзецьмі. Гэта быў вельмі добры чалавек. У яго засталося такое ўражанне. І толькі калі ён пасталеў, мама сказала яму праўду. Або была ў іх цётка Юля, прыгожая, добра спявала. І раптам ён даведваецца, што яна данесла на свайго роднага брата і ён загінуў недзе ў лагерах. І калі яна была старая, мой герой спытаў у яе: цётка Юля, навошта ты гэта зрабіла? Яна сказала: не было сумленнага чалавека ў 1937-м годзе. Ён у яе пытаўся: а што ты памятаеш пра той час? Яна адказала: я была шчаслівая, мяне кахалі. Вы разумееце, як усё намешана ў гэтым жыцці. З аднаго боку, гэта добры чалавек. А з другога – кат. Павінны быць нейкія дакладныя крытэрыі ў цябе ўсярэдзіне. Самая галоўная бітва адбываецца ўнутры чалавека. Не на барыкадзе… Дабро і зло змагаюцца ўнутры чалавека. Там самая галоўная барацьба.

Пра выйсце і дабро
Выйсце адно: спакойна рабіць сваю справу. Па меры сваіх сіл. Памнажаць дабро, не зло. Нешта гаварыць вучням, людзям. Гаварыць пра дабро. Напрыклад, што я рабіла ў сваіх кнігах. Я ж не калекцыю жахаў збірала, а чалавечы дух. Як у гэтыя змрочныя страшныя часы чалавек заставаўся чалавекам. Як заўжды можна заставацца чалавекам. Часам коштам жыцця, гэта так. Але, спадзяюся, што гэтыя часы прайшлі. Таму адзінае выйсце – быць чалавекам самому і памнажаць гэты “круг чыстай вады” вакол сябе. Дабро і зло змагаюцца ў чалавечай душы. Або ты зламаешся, або ты пачнеш прыслужваць, або ты пачнеш баяцца, або ты будзеш рабіць сваю справу ў меру сваіх сіл. Я думаю, што настаўнік можа зрабіць шмат. Маленькая душа ў яго руках, юная душа. Вельмі шмат рэчаў можна ёй сказаць. І наогул, мы такая цывілізацыя пакут, што нам ёсць пра што расказаць, які прывесці прыклад. Адзінае, мне здаецца, трэба гаварыць і пра шчасце. І пра чалавечую годнасць. Што ўсе гэтыя пакуты павінны канвертавацца ў пачуццё годнасці, у пачуццё свабоды.

Пра савецкую спадчыннасць
Кажуць, што ў адмоўных рысах рускіх ці беларусаў вінаватая савецкая ўлада. Я не зусім з гэтым згодная. Думаю, гэта больш глыбокія рэчы. Хоць, канечне, асаблівы чалавек быў выведзены ў лабараторыі марксізму-ленінізму. Гэта таксама трэба браць у разлік. Я ж сумленна хацела выслухаць усіх удзельнікаў сацыялістычнай драмы – катаў і ахвяр, камуністаў і анархістаў, маладых і старых, – хацела ахапіць увесь гэты разрознены, узарваны космас...Можа, гэткая сялянская цвярозасць беражэ нас ад многіх рэчаў.

Беларуская мова
Калі мяне не зусім дакладна перадала нямецкая журналістка, пайшлі спрэчкі: маўляў, Алексіевіч супраць беларускай мовы. Не, я не супраць беларускай мовы. Я толькі сказала, што дзвесце гадоў ёй не давалі развівацца. І сёння гэта выяўляецца. Я не лічу, што беларусы – нацыя, якая вымірае. Ні ў якім разе. Мы маем шмат прыкладаў, калі, здавалася, няма ніякіх шанцаў, але застаецца некалькі соцень чалавек, якія адраджаюць мову. І зноў жа, усё залежыць ад кожнага з нас. Калі мы будзем абараняць мову, яна ніколі не загіне і мы ніколі не знікнем. Я бачыла шмат беларускіх сем’яў, якія, менавіта пераехаўшы за мяжу, усведамлялі, якой яны нацыі.

І гэтае вечнае пытанне: чаму я размаўляю па-руску, а не па-беларуску? Ведаеце, мая праца – гэта энцыклапедыя-ўтопія. А ўтопія гаварыла на рускай мове. Калі б я пісала адно пра беларусаў, гэта была б няпраўда. Усё ж нядаўна мы былі агульнай краінай, і гэта трэба ўлічваць.

Кніга пра каханне
Усё, што я хацела сказаць і здолела «злавіць», ёсць у маіх кнігах. А думаць пра працяг... Мне казалі, што кнігу «У вайны не жаночы твар» можна працягваць і працягваць. Але гэта не так. Ёсць яшчэ людзі, але ідэі заканчваюцца. Увесь мой светапогляд уклаўся ў напісанае, і я працягу не бачу. У мяне абсалютна іншыя планы. Я хачу напісаць кнігу пра каханне, кнігу пра старасць і смерць. Цяпер мяне хвалююць экзістэнцыйныя пытанні. Мы сталі жыць на 30-40 гадоў больш. З’явіўся цэлы кавалак жыцця, і як з ім быць? Сядзець з унукамі? Ці гэтае жыццё таксама можа быць паўнавартасным? Тое ж з каханнем. У нас заўжды быў чалавек-змагар, чалавек-герой, а ці шчаслівы ён, было не такважна. Сёння ж гэта становіцца адной з галоўных праблем чалавека: я прыйшоў у гэты свет, я хачу быць шчаслівым!

Пра літаратурныя прэміі
У мяне больш як дваццаць прэмій – і даволі вялікіх, і еўрапейскіх, і рускіх, і ўсякіх. Але я што хачу сказаць... Я ніколі пра іх не ведала. Даведвалася толькі ў той дзень, калі іх давалі. Гэта нейкае знешняе жыццё. Канечне, прыемна атрымаць прэмію, ты разумееш, што працуеш не дарма, што кнігі прабіваюцца да людзей, але я пра гэта не думаю. Я ўсё адно рабіла б сваю працу так, як раблю яе, нават калі б у мяне не было ніводнай прэміі.

Ці чытае Еўропа?
Пануе нейкае дзіўнае перакананне, што беларусы і рускія – нацыі чытачоў, а Еўропа не чытае. Былі б вы на іх міжнародных выстаўках... Неверагодная колькасць кніг!

Памятаю свае пачуцці пасля французскага кірмашу: проста жаданне перастаць пісаць! Так многа кніг, і здаецца, ну а што ты яшчэ дадасі да таго, што ўжо ёсць?.. Канечне, інтэрнэт прывучае да кароткай інфармацыі. І ўсё ж мы – цывілізацыя слова. Можа, раней казалі, што людзі чытаюць таму, што ў іх нічога няма, а кніга ўсё замяняе. Цяпер жа радасць можна атрымаць шмат ад чаго. І тым не менш часмінуў, людзі наеліся, апрануліся і цяпер хочуць зразумець, навошта яны жывуць і што вакол іх адбываецца.

Я вельмі, вельмі шмат чытаю. Любімым пісьменнікам заўжды заставаўся Герцэн, таксама – Пруст. А з беларускіх аўтараў люблю Марыю Вайцяшонак, маю сяброўку: надзвычай падабаецца яе мова.

Аўтары публікацыі: Вольга Чайкоўская і Анастасія Грышчук.

Крыніца: газеты “Звязда” і “Літаратура і мастацтва”, 14.02.2014

Чытайце таксама:

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам