ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Прававая сістэма абароны пажылых людзей
Урачыстае адкрыццё мастацкай выстаўкі “Слова”

Рэлігійная тэрміналогія па-беларуску цяпер у асобным слоўніку

Рэлігійная тэрміналогія па-беларуску цяпер у асобным слоўніку
Іншыя навіны

Першыя экзэмпляры энцыклапедычнага слоўніка рэлігійнай лексікі беларускай мовы былі прадстаўлены ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным ўніверсітэце на кніжнай выстаўцы, што ладзіцца ў межах XV Міжнароднага з’езда славістаў.


“Слоўнік з’яўляецца ўніверсальным даведнікам па розных напрамках рэлігійнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь. У ім прадстаўлена актуальная міжканфесійная лексіка, якая датычыцца рэлігійных і рэлігійна-філасофскіх плыняў, назваў рэлігійных арганізацый, абшчын, прыводзяцца звесткі пра найбольш вядомых і шанаваных у народзе абразах, крыніцах, розных святынях. Кніга адрасуецца вернікам розных канфесій і рэлігійных плыняў, святарам, навукоўцам, настаўнікам і студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй рэлігіі і царквы ў Беларусі”, – гаворыцца ў анатацыі да выдання.

Аўтарамі энцыклапедычнага слоўніка сталі ксёндз-дэкан Мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар Мікалай Прыгодзіч і выкладчык-метадыст беларускай мовы і літаратуры, выдатнік народнай асветы Беларусі Валянціна Раманцэвіч.

Як сказала дырэктар выдавецтва Граўцова Анастасія Цітова, гэты энцыклапедычны слоўнік вельмі цікавы сваёй структурай, бо ў кожным артыкуле пададзена не толькі апісанне паняцця, але і яго гісторыя. Стаўленне аўтараў да таго ці іншага рэлігійнага паняцця адчуваецца, але гэта нармальна. У кожнага ёсць сваё меркаванне, што нават узбагачае гэты слоўнік.

На пытанні карэспандэнта адказаў і адзін з аўтараў выдання Мікалай Прыгодзіч.

– Пад час адкрыцця з’езду славістаў кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што ў нас недастаткова распрацавана рэлігійная тэрміналогія на беларускай мове. Ці вы згодны з гэтым?
– Я думаю, што арцыбіскуп меў на ўвазе пераклады евангельскіх тэкстаў на беларускую мову. Там узнікаюць пэўныя пытанні з канкрэтнымі тэрмінамі, што ўжываюцца ў Святым Пісанні. Што датычыцца ўвогуле рэлігійнай лексікі, то нельга лічыць, што яна нераспрацаваная, бо ёй карыстаюцца СМІ ў сваіх артыкулах.

– Раскажыце, калі ласка, пра энцыклапедычны слоўнік, які толькі-толькі пабачыў свет.
– Наш слоўнік змяшчае лексіку, што датычыцца розных канфесій і рэлігій, у тым ліку ўсіх галоўных сусветных. Думаю, для арцыбіскупа гэтае выданне важнае, бо яно пацвярджае думку пра тое, што беларускія лінгвісты разам са святарамі – праваслаўнымі і каталіцкімі – імкнуцца насыціць беларускую рэлігійную лексіку, прызвычаіць яе да чалавека, верніка.

– Як доўга вы працавалі над гэтым слоўнікам?
– Сказаць, што праца была доўгай, працяглай, не выпадае. Выданне гэтае было задумана ў 2008 годзе, перад тым, як пабачыў свет слоўнік сучаснай літаратурнай мовы. Гэта быў першы слоўнік літаратурнай мовы, у якім мы стараліся максімальна шырока выкарыстаць рэлігійную лексіку. Але адна справа паказаць, як ужываецца слова, і зусім іншая – даць вызначэнне слову, паказаць, што ім абазначаецца. У 2008 годзе мы пачалі рыхтавацца да гэтага выдання, стваралі картатэку тэкстаў.

– Якая галоўная адметнасць гэтага выдання?
– Галоўнай адметнасцю выдання з’яўляецца тое, што мы сабралі ўвесь магчымы беларускі матэрыял, усё, што тычыцца пытанняў рэлігіі на нашай тэрыторыі. Мы напісалі пра святых, пра абразы, пра самыя розныя аспекты рэлігійнага жыцця Беларусі. Я ўпэўнены, што кніга будзе дапрацоўвацца, будзе і другое, і трэцяе выданне. Першае выданне – заўсёды пробнае. Мы хочам паглядзець, як яно будзе ўспрымацца, якія парады мы атрымаем.

– Чаму вы выбралі для супрацоўніцтва менавіта выдавецтва Граўцова?
– Гэтае выдавецтва я ведаю даўно, супрацоўнікі маёй кафедры таксама карысталіся яго паслугамі. Я ведаю Граўцова як аўтарытэтнага выдаўца, якому можна даручыць любое выданне. Я вельмі ўдзячны, што кніга атрымалася такой шыкоўнай.

Наклад кнігі – 1 000 экзэмпляраў.

Аўтар публікацыі: Ася Паплаўская.

Крыніца: Naviny.by

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам