ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Вандроўка па любімым горадзе
У ведах – сіла!

Раскоша быць актуальным

Раскоша быць актуальным
Іншыя навіны

Розныя літаратурныя жанры адлюстроўваюць розныя праявы жыцця. Гэта школьная ісціна. Але ў любыя часы на прозу – асаблівыя спадзяванні: нішто так маштабна і дэталёва не характарызуе эпоху і сучаснікаў, як раман ці аповесць.

Сённяшні дзень, калі імкліва і незваротна мяняецца не толькі наваколле (у сэнсе экалагічным, грамадска-палітычным і сацыяльным), але і лад мыслення людзей, светаўспрыманне і формы камунікацыі, дае безліч тэм, сюжэтаў і магчымасцей філасофскага абагульнення. Сучасны пісьменнік не можа дазволіць сабе раскошы быць неабазнаным і абыякавым: выхад у свет чарговай неактуальнай кнігі нагадвае класічную показку пра хлопчыка і ваўка. Такім чынам, што мы маем сёлета ў намінацыі «Лепшы твор прозы»?

Уладзімір Гаўрыловіч пайшоў слядамі Івана Мележа і прапанаваў суайчыннікам раман-трылогію «Палешукі» (КПУП «Калор», Мазыр, 2017). Гісторыя палескай вёскі, паказаная праз падрабязнае апісанне лёсу некалькіх сем’яў ад 1930-х гадоў да сучаснасці, – па сутнасці, гісторыя роднай краіны ў самыя неспрыяльныя часы. Калектывізацыя, раскулачванне, рэпрэсіі, вайна, пасляваенная бязладзіца... І праз усё гэта – вера ў адвечныя каштоўнасці, упартая праца, сям’я, якія ратуюць душу ад скрушлівай безнадзейнасці. Пісьменніку ўдалося аднавіць мясцовы каларыт і на побытава-апісальным, і на моўна-стылёвым узроўнях. Чытач цалкам паглыбляецца ў атмасферу палескай вёсачкі з яе прымхлівым кансерватызмам. Выводзячы сваіх герояў у сучаснасць, У. Гаўрыловіч прапаноўвае нам кантрасты нораваў розных сацыяльна-грамадскіх перыядаў. І калі змест паняццяў «сумленне» і «гонар» не мяняецца, то, на вялікі жаль, мяняецца іх успрыманне ў сэрцах і галовах людзей.

Палескую тэму працягвае Аляксандр Валковіч. Кніга прозы «І тады запытайся ў сваёй самоты» («И тогда спроси свою печаль»; Брэст, «Альтернатива», 2017) уяўляе сабой, па сутнасці, калекцыю трапных аўтарскіх назіранняў. Крыху фальклору, крыху гісторыі, крыху сямейных легенд. Гумар, які заўсёды дае надзею, і самота, якая нязменна спадарожнічае любові, – тое, што вылучае аўтарскі стыль Аляксандра Валковіча. І там, дзе звычайны чалавек пачуе толькі ўрыўкі дыялогу, пісьменнік знойдзе сюжэт для новага твора.

Васіль Шырко ў зборніку аповесцей «Нязваны госць» («Мастацкая літаратура», 2017) закранае розныя тэмы і кантыненты (у аповесці «Lepra» героі выпраўляюцца ў Рэспубліку Гвінею), але чытач зноў атрымае гістарычна-мастацкі экскурс у беларускае мінулае часоў Вялікай Айчыннай вайны. І тут гаворка вядзецца не пра батальныя сцэны ці геройскія ўчынкі, не знойдзе чытач і падрабязных апісанняў партызанскіх аперацый. Падзеі мінулага ўплецены ў жыццё герояў, якія жывуць сёння, як успаміны, сямейная спадчына, падмурак сучаснасці не толькі ў шырокім нацыянальным сэнсе. В. Шырко, прасочваючы водгалас далёкіх дзён у лёсе герояў, нібы нагадвае: кожны твой учынак, кожнае прынятае табой рашэнне мае наступствы – працяг у будучыні, ужо нават і не тваёй, а тваіх нашчадкаў. Мабыць, нікому з нас не хацелася б аказацца нязваным госцем у прышласці ўнукаў і праўнукаў.

Гістарычны раман Славаміра Антановіча «Дыверсант Сталіна» («Диверсант Сталина»; Мінск, «Смэлток», 2017) раскрывае не новыя, але недастаткова вывучаныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны: сакрэтныя аперацыі дыверсантаў НКУС у тыле ворага, трагічныя лёсы легендарных разведчыкаў Аляксея Бацяна, Яўгена Беразняка і Мікалая Кузняцова. Падзеі таго часу і сёння атрымліваюць супярэчлівыя, неадназначныя ацэнкі спецыялістаў-навукоўцаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і звычайных людзей, неабыякавых да пытанняў асэнсавання роднай гісторыі. Мастацкае асэнсаванне не такога ўжо далёкага мінулага, створанае С. Антановічам, дае магчымасць абстрагавацца ад заангажаванасці і паспрабаваць зрабіць свае ўласныя высновы.

Раман прафесара доктара гістарычных навук Мікалая Ільінскага «Шлях у часе» («Путь во времени»; Мінск, «Беларусь», 2017) – плён мастацкага падагульнення прафесійных ведаў аўтара. Гістарычныя факты ў сюжэтнай аздобе прыгод, кахання, здрады, сяброўства, роспачы і змоўніцкіх памкненняў, як вядома, найлепшая аснова гістарычнай прозы. Шлях галоўнага героя Алексы з Грэцыі да роднага Ноўгарада Северскага ўвасоблены М. Ільінскім з такой колькасцю дэталяў і падрабязнасцей, што нават самы недасведчаны чытач атрымае якасную лекцыю па славянскай гісторыі пэўнага перыяду.

Крыху бліжэй да асвятлення беларускай гісторыі зборнік апавяданняў Валерыя Чудава «Наша славутая мінуўшчына» («Наше славное былое»; Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2017). Асноўную ўвагу аўтар звяртае не на падзеі, а на асоб – некалі знакамітых і значных, але з цягам часу забытых на скразняках грамадска-палітычных перамен. Сапраўды, многія імёны будуць адкрыццямі нават для абазнанага чытача. Хто з нас, напрыклад, ведае, што Пётр І і Напалеон вучыліся майстэрству артылерыі па кнізе беларуса Казіміра Семяновіча? І ці многім вядома імя Барона Брамбеуса, якім падпісваў свае фантастычныя творы Восіп Сянкоўскі з-пад Вільні? Даўно вядома, што беларуская зямля надзвычай шчодрая на таленавітых людзей, якія працавалі на карысць самых розных краін. Валерый Чудаў пашырае геаграфічныя і тапанімічныя абсягі ў гэтай галіне гістарычнага краязнаўства.

З далёкай гісторыі ў сучаснасць вяртае нас раман Валерыя Казакова «Цень Гобліна» («Тень гоблина»; «Мастацкая літаратура», 2017). Пісьменнік – тонкі знаўца самых складаных момантаў пэўнага перыяду сучаснай расійскай палітыкі, які да таго ж змог увасобіць свой досвед у мастацкім пераасэнсаванні (калі ўсе імёны несапраўдныя і супадзенні выпадковыя, але прататыпы пазнавальныя). Непрывабная праўда ўнутранага жыцця таго свету, якая для шараговага чалавека трансфармуецца ў лаканічныя паведамленні ў стужцы навін, раскрываецца на старонках насычанага падзеямі і апісаннем інтрыг рамана.

Кніга прозы Ганада Чарказяна «Барвовы захад» («Багровый закат»; «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2017), у якую ўвайшлі тры раманы – «Не памірай раней за смерць», «Барвовы захад», «Горкі пах палыну», – найперш для ўдумлівага чытача, які шукае ў чытанні не адпачынку ад штодзённага клопату, а напружанай разумовай працы. Факталагічнае напаўненне сюжэтаў, грамадска-палітычны і сацыяльны кантэкст будуць зразумелы не ўсім пакаленням чытачоў, маладзейшым спатрэбіцца дадатковая гістарычная даведка. Народная мудрасць і яе трансфармацыя ў мысленні сучаснікаў аўтара – у цэнтры пісьменніцкай увагі.

Антон Параскевіч прапаноўвае даследаваць гісторыю і культуру Беларусі па знакамітых валунах («Валуны родной сторонки»; Мінск, «Колорград», 2017). Аляксандр Атрушкевіч даследуе лабірынты чалавечай псіхікі («Петля Мёбиуса»; Гомель, «Барк», 2017): прадказальнасць учынкаў, адвечнае спадзяванне на ўдачу і абсалютная бездапаможнасць перад ліслівай усмешкай спакусы. А чытанне аповесці ў навелах «Аднакласнікі» Аляксандра Джада («Одноклассники»; Гомель, ОАО «Полеспечать», 2017) з поспехам заменіць прагляд вечаровага тэлесерыяла. Калі ж мець на ўвазе, што творы, намініраваныя на Нацыянальную літаратурную прэмію, павінны адлюстроўваць усе бакі жыцця, то вясёлыя гісторыі Яўгена Калашнікава, сабраныя ў кніжцы «Шчупак таксама хоча жыць» («Щука тоже хочет жить»; Гомель, 2017), акурат прызначаны для своеасаблівай кантраснай разрадкі на фоне глабальных філасофска-гістарычных катэгорый, на якія абапіраюцца ўсе астатнія творы.

Немагчыма не звярнуць увагу на тое, што з 12 прапанаваных празаічных кніг толькі дзве – на беларускай мове. Думаецца, што для Нацыянальнай літаратурнай прэміі такі падыход не павінен быць характэрным. Паколькі асноўны інструмент мастацкай літаратуры – слова, то лагічна меркаваць, што прэмія такога высокага ўзроўню павінна быць прадстаўлена найперш родным словам.

Аўтар публікацыі: Наталля Нарутовіч.

Крыніца: Звязда

Прадстаўленыя ў артыкуле кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам