ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларуская батлейка ў музеі кнігі
100 гадоў гісторыі з БелТА

Радзімалюб і словалюб

Радзімалюб і словалюб
Іншыя навіны

Да 90-годдзя акадэміка Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася яго юбілейная вечарына.

Радзім Гаўрылавіч перадаў у дар бібліятэцы сваю новую кнігу “Апантаны Бацькаўшчынай”. Дарэчы, яго пяру належаць 515 навуковых прац і агулам каля 1 000 артыкулаў у перыядычным друку на тэмы культуры, літаратуры, беларускай мовы, кнігі ўспамінаў “Ахвярую сваім я”, ( 1998), “Браты Гарэцкія”( 2008), “Жыццёвы меланж” ( 2013), “Лісты жыцця і кахання”( 2013), зборнікі артыкулаў “Шляхам адраджэння” (1977), “Вечна жыве Беларусь!” (2003). “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы” (2002) і іншыя.

SAM_4724.JPG

Мы пагутарылі з шаноўным акадэмікам пра яго літаратурную спадчыну і род Гарэцкіх.

– Радзім Гаўрылавіч, вы шмат працуеце над захаваннем гісторыі вашай сям’і. Вашы бацькі надалі вам такі моцны імпульс узаемнай любові і паказалі прыклад годнага жыцця, што яго хапіла на 90 гадоў!

– Такога шчырага, вернага і высокага кахання, як у нашых бацькоў, якое ўключала любоў да жыцця, людзей, зямлі, мы з братам не сустракалі! Гэты быў прыклад узаемаразумення, аднадумства, шчырай любові адзін да аднаго, да блізкіх, Бацькаўшчыны, народа, беларускай мовы і роднай зямлі.

Гаўрыла Іванавіч – сапраўдны беларускі інтэлігент, носьбіт вызначальных рыс беларускага нацыянальнага характару, сярод якіх – высакародства, мудрасць, вера ў гуманістычныя ідэалы, арганічная зрошчанасць са сваім народам, самаахвярнасць, здзіўляючае працалюбства, сіла духу, унутраная непахіснасць, няскоранасць.

Вось чаму сёння неабходна гаварыць пра вялікую ролю Гаўрылы Гарэцкага ў нашым духоўным жыцці, маральным аздараўленні грамадства, як і даследаваць літаратурна-мастацкую спадчыну класіка айчыннай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Ларыса Восіпаўна Парфяновіч была родам з Беластоку з сям’і чыгуначніка Восіпа Іванавіча і хатняй гаспадыні Ефрасінні Міхайлаўны.

Я заўсёды здзіўляўся мужнасці гэтых людзей. Што ім дапамагло перанесці ўсе тыя жудасныя пакуты і застацца добразычлівымі людзьмі з чыстымі душамі?

Гэта – прага да жыцця, бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны, уменне знаходзіць задавальненне ў рознай, як у разумовай, так і фізічнай працы, а каму пашчасціла – вялікае каханне. 8 ліпеня 1939 года з турмы пасёлка Мядзвежая Гара Гаўрылу ўдалося перадаць ліст да жонкі, у якім ён выказаў сваё вялікае каханне да яе і які цудам захаваўся да нашага часу.

Да 90-годдзя пачатку жыцця бацькоў , складанага і нялёгкага, я вырашыў выканаць сваю задуму і выдаць кнігу “Лісты жыцця і кахання” . У пачатку 2013 года я аддаў рукапіс і фотаздымкі ў выдавецтва “Тэхналогія”.

– Жыццёвы досвед вашага бацькі надзвычай багаты.

– Мяне здзіўляе, што ён так шмат дасягнуў у геалогіі! Да гэтага дзейнасць Гарэцкага як эканаміста высока ацэньваў урад БССР і шэраг калег. У 1925 годзе ў Горках ён працаваў дацэнтам, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён выпусціў манаграфію пра народны прыбытак Беларусі і артыкулы пра сельскую гаспадарку. Гаўрыла Гарэцкі вельмі многа працаваў у розных напрамках – навукова-арганізацыйным, грамадскім.

У высылцы ў Мядзвежай Гары былы акадэмік-эканаміст ступіў на невядомую сцежку новай спецыяльнасці – геалогіі – і захапіўся ёй. Ён праводзіў інжынерна-геалагічныя вышуканні пад шэраг гідраэлектрастанцый. І ужо 16 лютага 1945 года ў Інстытуце геалагічных навук АН СССР адбылася абарона яго кандыдацкай дысертацыі па вывучэнні Кольскай і Туломскай далін на Кольскім паўвостраве. Яго праца была высока ацэнена, а 13 мая 1946 года Гаўрыла Гарэцкі абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені доктара геолага-мінералагічных навук.

Яго поўнасцю рэабілітавалі ў 1958 годзе і толькі праз 10 гадоў, у 1968-м, яму дазволілі вярнуцца на Радзіму.

На мой жыццёвы выбар паўплывала наша падарожжа з бацькам па рацэ Каме, тады я адчуў захапленне прыгажосцю прыроды і пазнаёміўся з геолагамі.

SAM_4772.JPG

– Адзін з сучасных пісьменнікаў адзначыў, што вы распрацоўваеце свой жанр у кірунку літаратуры нон-фікшн, які вы акрэслілі як “меланж”. Ён ахоплівае публіцыстыку, лірычныя мініяцюры, нататкі, згадкі пра сяброў, цікавыя факты з жыцця. Такі багаты матэрыял складае вашу апошнюю кнігу.

– “Апантаны Бацькаўшчынай” – гэта працяг маёй кнігі ўспамінаў “Жыццёвы меланж”, якая выйшла ў 2013 годзе. Падрыхтававаць і выпусціць кнігу мне дапамагло ГА ЗБС “ Бацькаўшчына”. “Меланж-2” аб’ядноўвае пяць раздзелаў, у якіх сабраны ўспаміны і нататкі пра падзеі грамадскага і культурнага жыцця 2013–2018 гадоў.

– У вашай новай кнізе вы ўзгадваеце пра сяброўства з Нілам Гілевічам, Янкам Брылём, успамінаеце сустрэчы з Міколам Аўрамчыкам.

– Мае блізкае знаёмстсва з Нілам Гілевічам пачалося ў дні, калі адзначаўся 100-гадовы юблей з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Выдатны паэт і дзяржаўны дзеяч высока цаніў асобу Максіма Гарэцкага. З вялікай радасцю мы сустракаліся на літаратурных вечарынах, нарадах, прымалі ўдзел у штогадовых Гарэцкіх чытаннях, тэлефанавалі адзін аднаму. З прыемнасцю успамінаю нашу вандроўку ў Крынічнае на Нёмане з жонкай Галінай, Нілам Гілевічам і яго Нінай Іванаўнай. Мяне здзіўляла ўніверсальнасць творчай палітры ўсіх літаратурных родаў і жанраў у творчасці Ніла Сымонавіча.

Тады ж я зблізіўся з Янкам Брылём. У Горках адбыліся другія Гарэцкія чытанні, рэспубліканскі ўрачысты вечар, адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку сельскагаспадарчай акадэміі і музея М. Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы. На зваротным шляху ў нашым аўто ўсю дарогу гучалі песні, галоўным салістам быў Янка Брыль, які меў прыгожы голас, а аматарскі хор складалі Тэрэза Голуб, Таццяна Дасаева, Міхась Мушынскі і я.

З Міколам Аўрамчыкам я пазнаёміўся яшчэ ў канцы 1970-х гадоў, калі ён працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “ Маладосць”. Я ведаў пра яго трагічны лёс, які двойчы прыводзіў яго на мяжу жыцця і смерці ў чэрвені 1942 года на Волхаўскім фронце і ў красавіку 1945-га на Рурскіх шахтах. Мікола Аўрамчык уражваў мяне сваёй высокай чалавечай годнасцю, надзвычайнай добразычлівасцю, жыццярадаснасцю, шчырасцю адносін.

Аўтар публікацыі: Эла Дзвінская, фота аўтара.

Навіны

Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні

17 Кас 2019

16 кастрычніка ў бібліятэцы ў рамках працы VI Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” адбылося штогадовае пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Знаёмства будучых бібліятэкараў са спадчынай Яўгена Хлябцэвіча

17 Кас 2019

У рамках супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў 15 і 16 кастрычніка адбылося сумеснае мерапрыемства.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Імпрэза “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры

16 Кас 2019

15 кастрычніка адбылося мерапрыемства “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў”, прымеркаванае да 120-годдзя з дня нараджэння Адама Бабарэкі (14.10.1899–10.10.1938).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ААН для міру і развіцця

17 Кас 2019

З 17 кастрычніка па 19 лістапада ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “ААН для міру і развіцця”, прысвечаная Дню Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Кніжныя выстаўкі

111