ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Выйдзе 2-гі том гістарычнага атласа Беларусі
"Слова..." у камені

"Пявучая мова мая"

"Пявучая мова мая"
Іншыя навіны

21 лютага ў бібліятэках краіны адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы.


Гэта свята заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА (1999 г.) з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці і падтрымкі шырокага выкарыстання родных моў.

У абласным грамадска-культурным цэнтры г. Брэста прайшло свята роднай мовы “Жывыя вытокi”, прымеркаванае да Мiжнароднага дня роднай мовы i адкрыцця Года кнігі на Брэстчыне.

У рамках свята і ў сувязі з юбілеямі беларускіх класікаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прэзентавала чатыры разгорнутыя выстаўкі літаратуры:

  • “Літаратурная вяршыня”, дзе прадстаўлены кнігі, адзначаныя Дзяржаўнымі прэміямі і прэміяй Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, а таксама кнігі – пераможцы літаратурных конкурсаў Беларусі;
  • “Прарок нацыянальнага адраджэння” (да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы). На выстаўцы экспануюцца чатыры прыжыццёвыя выданні, шматтомнікі і асобныя працы класіка; літаратура, якая раскрывае актуальнасць і маштабнасць яго творчасці для сучаснай Беларусі; альбомы майстроў выяўленчага мастацтва, якія стваралі вобраз паэта, iлюстравалi яго паэтычныя творы;
  • “Свайму часу і вечнасці” (да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа). Да ўвагі чытачоў прапануюцца дванаццаць прыжыццёвых выданняў класіка; шмат матэрыялаў пра яго жыццё і творчасць; значнае месца займаюць працы, якія раскрываюць сувязь Я. Коласа з Берасцейшчынай;
  • “Летапісец эпохі” (да 100-годдзя з дня нараджэння М. Танка). На выстаўцы змешчаны факсімільнае выданне пісьменніка “На этапах” (1936 г.); зборнікі пасляваеннага перыяду, у тым ліку зборнік “У дарозе” з аўтографам М. Танка; літаратура, якая адлюстроўвае жыццёвы і творчы шлях класіка. Асобны раздзел выстаўкі – гэта вершы – прысвячэнні пісьменнікаў і паэтаў М. Танку.

З мэтай пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства, папулярызацыі беларускай літаратуры ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна разгорнуты кніжныя выстаўкі “Узрост мудрасці і сталасці” і “Мова – крыніца ўсёй прыгажосці”.

Кніжная экспазіцыя “Узрост мудрасці і сталасці” прысвечана 80-годдзю заснавання газеты “ЛіМ”.

З першых нумароў газеты адчувалася парадаксальнасць глыбінных плыняў перыяду першай пяцігодкі і 15-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі на яе старонках разам з афіцыйнымі матэрыяламі сустракаліся творы беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, М. Зарэцкага “Вязьмо”, К. Чорнага “Бацькаўшчына” і інш.

У нашы дні газета “ЛіМ” захоплена культурным шматколерным жыццём краіны. ЛіМаўцы ўдала зберагаюць беларускае мастацкае слова, адлюстроўваюць на сваіх старонках навінкі кніжнага свету, даюць слова і маладым талентам. Акрамя матэрыялаў, прысвечаных гісторыі газеты, на выстаўцы прадстаўлена серыя “Лімаўскі фальварак” выдавецтва “ЛіМ” – мастацкія творы Я. Сіпакова, А. Жука, А. Казакова, В. Ткачова, М. Кунцэвіча, І. Карэнды, А. Паплаўскага і іншых аўтараў, а таксама артыкулы пра дзейнасць УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна”.

Прадаўжае дзейнічаць кніжная экспазіцыя “Мова – крыніца ўсёй прыгажосці”, якая складаецца з раздзелаў “Карані нашай мовы”, “Вытокі кніжнага слова”, “Жывая мова Магілёўшчыны”, “Мова нашай дзяржавы”. Выстаўка асвятляе шматлікія аспекты роднай мовы. Прапанаваныя ўвазе дакументы суправаджаюцца кароткімі гістарычнымі даведкамі, выказваннямі і вершамі беларускіх пісьменнікаў пра беларускую мову, народнымі мудраслоўямі – прыказкамі.

Школьнікі малодшых класаў узялі ўдзел у акцыі “Гавары са мной па-беларуску”, у рамках якой праз літаратурную гульню “Старонкі з моўнай скарбонкі” адбылося знаёмства наведвальнікаў з беларускімі прыказкамі і прымаўкамі, загадкамі і прыкметамі, жартамі і лічылкамі.

А напярэдадні гэтай падзеі ў бібліятэцы прайшла прэзентацыя кніжнай выстаўкі “Мелодыя роднага слова”.

У раздзеле “Бяздоннае багацце” дэманстраваліся кнігі пра гісторыю культуры Беларусі, святы і абрады беларусаў, замкі і музеі. У раздзеле “Кнігі – юбіляры 2012” экспанаваліся вершы і апавяданні Я. Коласа, Я. Купалы, А. Куляшова, М. Танка, М. Чарота, М. Лынькова, Я. Маўра, В. Быкава, У. Караткевіча, У. Дубоўкі. У раздзеле “Шчодрае сэрца пісьменніка – дзецям” сучасныя беларускія пісьменнікі прадстаўлены ў серыі “Казкі ХХI стагоддзя”, прыгодніцкай літаратурай аўтараў: Н. Ігнаценка, Р. Баравіковай, А. Масла, У. Ліпскага, А. Карлюкевіча і інш.

Школьнікі малодшых класаў сталі ўдзельнікамі паэтычна-біяграфічнага падарожжа па творчасці беларускага паэта Ніла Гілевіча “Шчаслівыя хвіліны”.

Кніжная выстаўка “Мова народа – душа народа” для школьнікаў старшых класаў пазнаёміла з кнігамі па гісторыі беларускай мовы і культуры слова. Для падлеткаў бібліятэкары зрабілі падборку твораў класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, таксама прапанавалі зборнікі вершаў, прыказак, прымавак, баек і інш.

Магілёўская Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса запрасіла ў гэты дзень усіх жадаючых на свята мовы. У фае гучалі вершы беларускіх паэтаў, дэманстраваліся цікавыя кніжныя выстаўкі, у лекцыйнай зале адбыўся паказ электроннай прэзентацыі новага выдання аповесці У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Затым свае дзверы адчыніла літаратурная гасцёўня “Пясняр чалавечай душы”, прысвечаная творчасці Янкі Купалы.

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам