ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Замак у падарунак
«Деревня просит: Дайте книгу!»

Пяць рэформ, якіх патрабуе школьны курс літаратуры

Пяць рэформ, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Іншыя навіны

Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно.

Палова беларусаў зусім не чытае мастацкую літаратуру. Сярод моладзі такіх людзей яшчэ больш, і бацькі схільныя вінаваціць у гэтым відэагульні ды агульнае падзенне нораваў. Аднак, бадай, асноўны забойца цікаўнасці да літаратуры – гэта сучасная школьная праграма. Вось што ў ёй трэба змяніць, каб стала лепей.

Вывучаць сусветную літаратуру, а не толькі рускую

У беларускіх школах дагэтуль вывучаюць дзве літаратуры – беларускую і рускую. Гучыць неверагодна, але адукацыя фактычна ігнаруе ўвесь корпус сусветнай літаратуры. Так, у навучальнай праграме для X–XI класаў можна знайсці толькі пяць тэкстаў пяці аўтараў, якія адносяцца да сусветнай літаратуры: Шэкспір, Драйзер, Гашак, Лорка, Экзюперы. І ўсе яны – толькі для дадатковага чытання.

“Русское купечество”, “русский национальный театр”, “нравственная сила русского национального характера” – гэта ўсё тэмы для навучання, якія ўздымаюцца ў праграме літаратуры. Беларускім дзецям невядома дзеля чаго прапануюць рускацэнтрычны погляд на свет.

Руская літаратурная традыцыя – сапраўды велічэзны складнік сусветнай літаратурнай культуры. Аднак доля рускай літаратуры ў беларускай школьнай праграме мусіць адпавядаць адсотку, які складаюць творы рускіх пісьменнікаў у сусветнай літаратурнай спадчыне. На сёння ў метадычнай частцы праграмы няма тлумачэння, чаму творы рускіх пісьменнікаў маюць такую перавагу.

Думаць над творам, а не зубрыць “правільную” крытыку

Школьны курс дагэтуль грунтуецца на кансерватыўным падыходзе да разгляду твораў. Каб рэфлексаваць над прозай ды лірыкай, дзецям прапануецца засвоіць “асновы светаўспрымання аўтара”, вывучыць яго біяграфію, а потым зразумець, што аўтар хацеў сказаць. Дзіўна засяроджвацца на гэтым у век постмадэрну, калі Ралан Барт ужо 50 гадоў таму напісаў “Смерць аўтара”.

Французскі філосаф і літаратурны крытык пераканаўча даводзіць, што бессэнсоўна шукаць тлумачэнне твора ў біяграфіі аўтара – “цяпер тэкст ствараецца і чытаецца такім чынам, што аўтар на ўсіх яго ўзроўнях ліквідуецца”. Адпаведна, не існуе “правільнага” разумення таго ці іншага твора, бо тэкст пераасэнсоўваецца наноў з кожным чытаннем.

Адпаведна, на ўроках літаратуры трэба вучыцца глыбока разважаць, фармуляваць свае думкі і аргументавана іх выказваць у эсэ ды вусных абмеркаваннях. Немагчыма развіць мысленне, калі проста завучваць тлумачэнні са старой крытыкі.

Адлюстраваць у праграме існаванне пісьменніц

Пра гендарную роўнасць у курсе літаратуры не чуваць. У праграме дамінуюць творы, якія пісалі мужчыны, і там збольшага прадстаўлены патрыярхальны погляд на свет. Так, ва ўжо ўзгаданай праграме для X–XI класаў асобныя гадзіны вылучаны на вывучэнне толькі творчасці Цвятаевай. Творы Ахматавай ёсць у дадатковых спісах для чытання. Таксама некалькі аўтарак згадваюцца ў агульных аглядах. Усе астатнія творы – мужчынскія.

Калумністка budzma.by Ганна Янкута прыводзіць яскравы прыклад патрыярхальнага падыходу пры вывучэнні “Героя нашего времени” Лермантава ў IX класе. Праграма прапануе вывучаць “трагічны лёс Пячорына”, аднак ніяк не разглядае гісторыю з пункту гледжання Бэлы, выкраданне якой Пячорын замовіў, а пасля трымаў яе ў няволі і спрабаваў маніпуляцыямі дабіцца яе кахання. У выніку загінула і Бэла, і яе бацька, але іх трагічны лёс складальніка праграмы хвалюе меней.

Не варта ствараць штучныя квоты, каб палову аўтараў складалі жанчыны. Арыентавацца ў першую чаргу трэба на якасць, інакш гэта толькі зашкодзіць іміджу жаночай творчасці. Аднак у сусветнай літаратуры хапае добрых пісьменніц, якія адлюстроўваюць жаночы погляд на свет. Не варта абмяжоўвацца патрыярхальнымі рускімі норавамі.

Разбавіць неўміручую класіку сучаснымі творамі

За стагоддзі ў чалавецтва назапасілася шмат выдатных узораў мастацкай літаратуры. Аднак са школьнага курса ў дзяцей можа скласціся ўражанне, што літаратура – гэта толькі нейкая забава продкаў, якая даўно аджыла сваё і не мае працягу ў наш час. Відавочна, гэта супярэчыць рэчаіснасці. Да таго ж такі падыход зніжае цікаўнасць да літаратуры ў моладзі, якая натуральна цягнецца да ўсяго сучаснага.

Зразумела, што прасцей складаць праграму з класічных твораў, якія ўжо правераныя часам. Не трэба вялікай кваліфікацыі, каб ведаць, што Шэкспір і Дастаеўскі – гэта “топчык” свайго часу. Куды складаней адабраць нешта з сучаснасці, бо трэба будзе адрозніць часова моднае ад сапраўды магутных твораў, якія маюць глыбокі патэнцыял. Кансерватыўная беларуская сістэма адукацыі абірае тут просты шлях. Аднак з яго трэба смела ступіць на глебу пошукаў новага, каб прыцягнуць увагу моладзі.

Да таго ж сучасная літаратура патрэбная, каб размаўляць пра актуальныя праблемы, сучаснай мовай і ў актуальным тэмпарытме. Дзецям цяжка адчуць адзінства з героем, знайсці агульныя з ім пачуцці, калі яны жывуць фактычна ў іншым свеце. Безумоўна, існуюць вечныя тэмы, а дасведчаны чытач знойдзе паралелі з блізкай яму рэчаіснасцю ў розных культурных кантэкстах, але школьнік, хутчэй, кіне нудную кніжку ды пойдзе глядзець відэаблог.

Стварыць умовы для новай генерацыі настаўнікаў

Нават самыя перадавыя рэформы на базавым узроўні будуць ажыццяўляць не прасунутыя маладыя рэфарматары, але простыя настаўнікі мовы і літаратуры. Без глыбокіх змен у гэтым асяродку ніякія новыя ідэі і прагрэсіўныя методыкі проста не дойдуць да вучняў.

Гаротны лёс беларускіх настаўнікаў вядомы: вельмі шмат працы з паперкамі, дзіўныя абавязкі, кшталту хадзіць па кватэрах вучняў альбо збіраць іх на добраахвотна-прымусовы хакей. Заробкі ж пры гэтым такія мізэрныя, што нават добрых новых кніжак набыць не атрымаецца.

Сацыяльны статус настаўнікаў мусіць адпавядаць той высокай ролі, якую яны выконваюць у грамадстве. Заробкі неабходна павысіць, а не звязаныя з навучаннем абавязкі – скасаваць. Гэта гучыць як кніжная ісціна, якую шмат разоў паўтаралі нават на самым высокім узроўні, але заганная сістэма працягвае існаваць. А яскравыя і ініцыятыўныя настаўнікі, якія могуць зацікавіць вучняў літаратурай (як герой Робіна Уільямса ў “Таварыстве мёртвых паэтаў”), застаюцца адзінкавымі выключэннямі ў беларускай школьнай багне.

Крыніца: Новы час

Чытайце таксама:

Классы и классики: история непонимания

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам