ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Як навучаць педагогаў?
Выхад з ценю: невядомы арыгінал Берасцейскай Бібліі

Пяць кніжак на выходныя

Пяць кніжак на выходныя
Іншыя навіны

Час летніх вандровак скончыўся, але адпраўляцца ў падарожжа можна не толькі наяве, але і па кніжках. Так, Марыя Мартысевіч сваю гераіню адправіла ў міфічную краіну Сарматыю, адкуль тая піша да сястры лісты і расказвае пра норавы гэтага дзікага краю. А Міхал Андрасюк выправіўся ў падарожжа па родных для сваіх продкаў мясцінах на беларуска-польскім памежжы – выправіўся ва ўспамінах і снах. Маленькая Бэрта з кнігі Сары Лундберг марыць паляцець птушкай з вёскі ў горад...

Міхал Андрасюк “Поўня”
(Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”)

Поўня.jpeg

Пісьменнік Міхал Андрасюк нарадзіўся і жыве ў Польшчы на Падляшшы, скончыў Беларускі ліцэй у Гайнаўцы. Дэбютаваў як паэт, але пасля напісаў некалькі кніг прозы, галоўныя героі якіх – жыхары польска-беларускага памежжа. Асноўная мова яго твораў – беларуская.

Можна сказаць, што ў кнізе “Поўня” адсутнічае агульны сюжэт, але разам з тым кніга поўніцца мікрасюжэтамі і гісторыямі, якія звязваюць жывое і нежывое, мінулае з будучыняй. Падзеі адбываюцца ў трохкутніку Белавежская пушча – Беласток – Мінск, і тэкст таксама ўяўна складаецца з трох частак, трох ліній, якія пераплятаюцца паміж сабой.

Першы сюжэт, якім адкрываецца кніга, – любоўная лінія. Галоўны герой, ужо немалады, з Беластоку прыязджае ў Мінск, дзе на вакзале знаёміцца з дзяўчына Юліяй, і ў іх закручваецца раман.

Другі сюжэт – гэта родныя мясціны аўтара, якія ён апісвае з неверагоднай пяшчотай і любоўю. Родныя вёскі, іх жыхары, успаміны з дзяцінства – усё гэта аўтар выносіць са сваёй памяці, каб падзяліцца з чытачом. Аповеды бабулі, у якіх ластаўкі ўюць гнёзды “з памяці пра ластавак, што адляцелі ў векавечныя выраі”, гісторыі пра тое, як правільна ссячы дрэва, каб не забраць у яго жыццё. Герояў гэтай часткі пераважна няма ў жывых, але гэта не перашкаджае аўтару кантактаваць з імі ў сваіх мроях.

І трэці сюжэт, які не выдзяляецца ў асобную частку кнігі, а праходзіць скрозь яе ўсю, – гэта своеасаблівы аўтафікшн, спроба аўтара занатаваць працэс працы над кнігай.

Козыр прозы Андрасюка ў тым, што ён дадае нашай літаратуры спецыфічнага каларыту, якога не могуць даць, напрыклад, літаратары з беларускай сталіцы.

Між іншым, сёлета “Поўня” заняла 2-е месца ў літаратурнай Прэміі Гедройца – галоўнай беларускай прэміі для празаікаў.

Сяргей Пясецкі “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі”
(Выдавецтва “Медысонт”)

Запіскі афіцэра.jpeg

Гэты год у беларускім кнігавыданні можна смела назваць годам Сяргея Пясецкага. Сёлета па-беларуску выйшлі яго “Менская трылогія” (пра злодзеяў і блатны свет сто гадоў таму), “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” (пра кантрабандыстаў у ваколіцах Ракава). Чарговая кніга – гісторыя прыходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь. Пясецкі апісаў гэтую падзею вачыма савецкага афіцэра Міхаіла Зубава. Ураджэнец расейскай глыбінкі, вайсковец, цалкам празамбіраваны палітрукамі. Ён верыць, што паўсюль жывуць горш, чым у Савецкім Саюзе. І паход у Заходнюю Беларусь успрымае выключна як вызваленне сялян ад “польскіх буржуяў”. На справе ж выяўляецца, што ў Вільні, Лідзе, дзе ён знаходзіцца, нават рабочыя і сяляне бы тыя “буржуі” – добра апрануты, маюць дастатак на стале. Праз сваю заідэалагізаванасць з Зубавым здараюцца розныя кур’ёзы: то два гадзіннікі начэпіць на руку дзеля саліднасці, то тэрмас для чаю прыме за бомбу…

Пясецкі высмейвае савецкі лад, разам з тым і чалавечую прыроду падладжвацца: спачатку Зубаў славіць Сталіна, калі Гітлер нападае на Савецкі Саюз – нямецкага дыктатара, калі выяўляецца, што Вялікабрытанія стала саюзніцай СССР – Чэрчыля. Вобраз савецкага афіцэра зборны і ўласцівы для любой краіны. Чалавек, які не мысліць крытычна, можа лёгка стаць ахвярай якой заўгодна прапаганды.

Дарэчы, “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” напісаны ў 1948 годзе. Прыход жа Саветаў у Заходнюю Беларусь Пясецкі бачыў сам, таму рэаліі ў творы аўтэнтычныя.

На беларускую мову з польскай кнігу пераклаў Алесь Астраўцоў.

Аліна Длатоўская “Арнаменты”
(Выдавецтва “Янушкевіч”)

Арнаменты.jpeg

Маладая пісьменніца Аліна Длатоўская дэбютавала ў 2018 годзе кнігай “Ген зямлі”. Тая аповесць – супергеройскае фэнтэзі з беларускім каларытам, у якім аўтарка разважае на тэму будучыні беларускай культуры і мовы.

Сёлета пабачыла свет другая кніга Аліны – “Арнаменты”. У ёй яна таксама паслядоўна прытрымліваецца жанру фэнтэзі. Гэта гарадское фэнтэзі, у якім большасць падзей адбываецца ў Мінску: героі апынаюцца на Камсамольскім возеры, у Купалаўскім скверы, у Серабранцы.

Паводле сюжэту, вёскі выміраюць, следам за людзьмі ў гарады перабіраюцца і нячысцікі. У розных месцах сталіцы адбываюцца трагічныя здарэнні, якія на першы погляд падобныя да абсалютна верагодных. Напрыклад, часам людзі тонуць у гарадскіх вадаёмах. Але ж у дадзеным выпадку чалавек быў зацягнуты на глыбіню Вадзяніком, бо наважыўся купацца пасля Перунова дня, чаго рабіць нельга.

Длатоўская добра папрацавала з беларускай міфалогіяй, стварыўшы каларытныя вобразы нячысцікаў: кашэчага караля Варгіна, Апіўня, які цісне на чалавечыя залежнасці, Лесуна, які прымушае блукаць тых, хто непаважліва ставіцца да прыроды.

Змагацца з пачварамі выходзяць Ваяры Навальніцы, галоўны закон якіх – падтрымліваць баланс паміж нячысцікамі і людзьмі. Навальнічнікаў чакае сур’ёзная бітва.

Кніга аздобленая ілюстрацыямі ў стылі японскай мангі, якія стварыў мастак Васіль Шарапаў.

Сара Лундберг “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”
(Выдавецтва “Коска”)

Птушка.jpeg

Гэта кніга, якую можна з лёгкасцю параіць для чытання як падлеткам, так і дарослым. Дзеці ўбачаць у ёй гісторыю дзяўчынкі Бэрты, якая мае хобі, але яе тата не бачыць у тым практычнай карысці. Дарослыя ж будуць прымерваць на сабе ролю таго таты, як бы павялі сябе ў падобнай сітуацыі.

Вясковая дзяўчынка Бэрта жыве ў шматдзетнай сям’і. Яна мае любімы занятак – маляванне. Толькі вось рэальнасць не пакідае ёй магчымасці для самарэалізацыі – трэба дапамагаць па гаспадарцы, гатаваць.

“Думаю, калі б я была птушкай, то змагла б паляцець з нашай вёскі. Да іншага жыцця. Туды, дзе я была б той, кім я ёсць. Дзе ніхто не крычыць на мяне і не лічыць нязграбнай дзівачкай”, – думае Бэрта.

У школе настаўнік не дазваляе маляваць так, як яна бачыць, – дзяўчынка павінна рабіць толькі як ёй кажуць. Тата не разумее яе занятку, лічыць, што мастак – не прафесія для дзяўчынкі. Толькі хворая мама ўспрымае занятак дачкі як нешта вартае.

Гэта кніга пра адвечную праблему дзяцей і бацькоў – адны хочуць самастойнасці ў самарэалізацыі, а другія не дазваляюць ім прымаць рашэнні.

Між іншым, у кнізе пісьменніца апісала рэальную гісторыю шведскай мастачкі Бэрты Хансан. Яна прайшла ў жыцці ад неразумення блізкіх да прызнання яе працы ў свеце. Сара Лундберг сама зрабіла і малюнкі да кнігі.

Са шведскай мовы кнігу пераклала Надзя Кандрусевіч. У Швецыі “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча” прызнана найлепшым творам для дзяцей у 2017 годзе. А ў Мінску да 10 лістапада праходзіць выстава ілюстрацый да яе (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3).

Марыя Мартысевіч “Сарматыя”
(Выдавецтва “Янушкевіч”)

Сарматыя.jpeg

У верасні была ўручана прэмія імя Наталлі Арсенневай – за найлепшую кнігу паэзіі. Журы палічыла кнігу найлепшым, што выйшла ў мінулым годзе ў паэзіі. Варта ўвагі.

“Сарматыя” – гэта паэма, напісаная ў выглядзе лістоў маладой замежніцы сваёй сястры. Жанчына трапіла ў дзікую Сарматыю, куды яе прывяло каханне. І яна расказвае, што гэта за краіна і якія норавы ў яе жыхароў. Сарматы – гэта напаўміфічныя качэўнікі, апісаныя яшчэ Герадотам. Менавіта гэтае племя ў Вялікім Княстве Літоўскім лічылі за продкаў шляхты. Краіны ж з такой назвай не існавала. А рэаліі ў кнізе Мартысевіч нагадваюць ХІХ стагоддзе на нашых землях.

Між іншым, “Сарматыя” сёлета ўжо адзначана прэміяй “Кніга года”.

Крыніца: Саюз беларускіх пісьменнікаў

Навіны

Знаёмыя і малавядомыя старонкі творчасці Агінскага

15 Ліс 2019

Дзяржаўны дзеяч, палітык, дыпламат і кампазітар. Міхал Клеафас Агінскі – імя, якое ведае кожны, а яго паланэз “Развітанне з Радзімай” з’яўляецца найбольш вядомым музычным творам. Аднак не многія ведаюць, што кампазітарам было напісана больш за 70 твораў, сярод якіх оперы, вальсы і мазуркі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі на адной з галоўных у свеце дыскусійных пляцовак

15 Ліс 2019

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прыняў удзел у рабоце VIII Санкт-Пецярбургскага міжнароднага культурнага форуму, які праходзіць з 14 па 16 лістапада 2019 г. i прысвечаны тэме культурных кодаў ва ўмовах глабалізацыі. Штогод Форум прыцягвае тысячы экспертаў і гасцей з усяго свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Супрацоўнікі бібліятэкі сустрэліся з кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна

14 Ліс 2019

14 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла сустрэча працоўнага калектыву з кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Ігарам Кудрэвічам.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

XVIII Міжнародная канферэнцыя “Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі”

14 Ліс 2019

У Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі 21 лістапада 2019 года пройдзе XVIII Міжнародная канферэнцыя “Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі (РІНТІ–2019)”.

Навіны бібліятэк

Валерый Славук прапануе чытаць Макса Фрая

14 Ліс 2019

У лістападзе прыхільнікаў графікі і ў прыватнасці творчасці Валерыя Славука парадавала з’яўленне новай серыі кніг – “Палац мастацтва” (і гэта невыпадкова, бо ўсе мастакі, творчасць якіх будзе адлюстравана на яе старонках, неаднаразова выстаўляліся ў галоўным храме мастацтва Беларусі).

Аўтарскі погляд

111