ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Літаратурны аўторак
Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2012”

“Прыехаў Купала…”

“Прыехаў Купала…”
Іншыя навіны

100 гадоў таму два класікі беларускай літаратуры ўпершыню ўбачылі адзін аднаго.


Сімволіка датаў: пазнаёміліся, калі абодвум было роўна 30 – і столькі ж гадоў доўжылася іх сяброўства. Яны маглі б сустрэцца і раней, калі б Коласа не пасадзілі на тры гады (1908–1911) на Валадарку – за ўдзел у падпольным настаўніцкім з’ездзе 1906 года і далейшую дзейнасць у гэтым рэчышчы.

– Яны пазнаёміліся завочна – праз творы, якія друкаваліся ў газеце “Наша Ніва”, – распавядае праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч, галоўная захавальніца фондаў музея свайго прадзеда. – “Сярод розных карэспандэнцый і пісем, дасланых у рэдакцыю, – пісаў Якуб Колас, – мне трапіла пісьмо з вершам, падпісаным «Янук Купала» (так першым часам падпісваў свае творы Купала)”.

Колас пасля выхаду з турмы працягваў знаходзіцца пад наглядам паліцыі, таму не мог сам паехаць да Купалы. І вось 26 ліпеня 1912 года Купала напісаў у адным з лістоў: “У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа”. Пра тую сустрэчу ходзіць байка, што Купала, каб пафарсіць перад калегам, выкупіў сабе новыя чаравікі. Але пакуль ішоў няблізкі шлях са станцыі, сцёр ногі да крыві!

– Дзядуля расказваў, – гаворыць Васіліна, – як яго бацька ўспамінаў, што Купала, канешне, рыхтаваўся да сустрэчы. І ў яго быў новы касцюм, аднак чамусьці рукавы былі крышачку караткаватыя! Можа, і чаравікі былі новыя, таму ён і сцёр ногі.

Сам Колас пакінуў цікавы ўспамін пра тую першую сустрэчу, які мы папрасілі зачытаць праўнучку народнага паэта.

– “…Хтось з дому прыбег у сяло, знайшоў мяне і сказаў мне тры словы: «Прыехаў Янка Купала». Гэтыя словы мяне радасна ўсхвалявалі. Быў ужо даволі позні жнівеньскі вечар. Я жыва раздабыў кварту гарэлкі і борздзенька накіраваўся ў Смольню. Так звалася месца, дзе была сядзіба маіх родных. У хаце гарэла лямпа. На лаве каля стала сядзеў малады, статны, жыццярадасны хлопец з вясёлымі, крыху насмешлівымі жаўтавата-карычневымі вачыма. Мы павіталіся, зірнулі адзін аднаму ў вочы, пацалаваліся. І ён мне, і, напэўна, я яму паказаліся зусім не такімі, як гэта прадстаўлялі мы сабе адзін аднаму ў нашым уяўленні…”

Афіцыйная літаратурная крытыка ідэалізуе стасункі між паэтамі – аж не верыцца, што такое сяброўства бывае між жывымі людзьмі! 92-гадовы паэт Мікола Аўрамчык – апошні, хто памятае і Купалу, і Коласа. Мікола Якаўлевіч прыгадвае, што ў паэтаў былі вельмі розныя характары і тэмпераменты:

– Купалу я бачыў у Саюзе пісьменнікаў амаль што кожны тыдзень альбо раз на два тыдні. Коласа зроду не бачыў там! Гэта былі абмеркаванні новых твораў. Колас быў, відаць, вельмі заўзяты дамасед – я ніколі яго нідзе не бачыў. Аднак, – кажа Аўрамчык, – простыя людзі любілі абодвух класікаў аднолькава. І нават ведалі, дзе жывуць паэты. Купала чамусьці жыў у доме першага з’езда РСДРП некаторы час. А Колас жыў на Вайсковым завулку – гэта дзе цяпер планетарый у парку.

У літаратурных колах ходзіць байка, як аднойчы за гульнёй у шахматы Купала стаў прайграваць і вырашыў падбіць Коласа: “Ах ты мужык!” Колас парыраваў: “А ты – шляхцюк!” Развязалася сварка, нехта эмацыйна згроб усе фігуры з дошкі – і ў выніку Купала ўратаваўся ад пройгрышу.

Васіліна Міцкевіч ставіцца да гэтага выключна як да байкі, але пра шахматы пацвярджае:

– Я ведаю, што яны вельмі любілі гуляць у шахматы – і Колас заходзіў да Купалы, і Купала да Коласа. Як расказвае Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, малодшы сын Якуба Коласа, сам Колас разумеў, што Купала гуляе ў шахматы крыху лепш. Але яны заставаліся сябрамі, гулялі – ім падабалася разам бавіць час.

 

Яны вельмі сябравалі, хадзілі адзін да аднаго. Нават у 1931 годзе, калі хату Купалы затапіла, то ён разам з жонкаю жыў каля трох тыдняў у доме Якуба Коласа. Яшчэ яны любілі разам адпачываць, ездзілі ў Есентукі, бывалі ў Цхалтубе. Бываў Колас і на дачы ў Ляўках у Купалы на Аршаншчыне.

Пра тое, што сяброўства між паэтамі сапраўды было, сведчаць многія факты. Сведка гэтага сяброўства – Міхась Міцкевіч, малодшы сын Коласа, якому цяпер 86 гадоў. Васіліна – якраз яго ўнучка.

– Міхась Канстанцінавіч, – гаворыць Васіліна, – успамінаў нядаўна, як Купала прыходзіў да іх у госці. І што ў Купалы было вельмі цікавае захапленне – ён любіў збіраць розныя каменьчыкі, якія прывозіў з мора. Яны былі розныя, адшліфаваныя, нават з дзірачкамі некаторыя. І вось ён прыйшоў у госці і падарыў Міхасю такія каменьчыкі. Захоўваюцца сярэбраныя чарачкі, якія Купала падарыў Коласу ў 1938 годзе з нагоды 25-годдзя шлюбу з Марыяй Дзмітрыеўнай. Яны вельмі прыгожыя, з краявідамі Вільні. Там ёсць гравіроўка – “МДМ” (Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч) і “МКМ” (Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч).

Аднак, нягледзячы на моцнае сяброўства, захавалася прынамсі адно сведчанне пра сур’ёзную сварку між паэтамі – у пачатку вайны, незадоўга да гібелі Купалы.

– Аднойчы, – расказвае Васіліна, – калі Колас яшчэ быў у Ташкенце, ён вельмі пакрыўдзіўся на Купалу – гэта ёсць у некаторых лістах. За тое, што Купала нібыта ведаў, дзе знаходзіўся сярэдні сын Коласа Юры Міцкевіч, які, як пазней высветлілася, загінуў у часе Другой сусветнай вайны. Канешне, бацькі вельмі перажывалі за лёс сына. І, канешне, дазнацца, што Купала нешта ведае і не кажа – гэта крыўдзіла Якуба Коласа. Але ў хуткім часе высветлілася, што Купала нічога не ведаў, гэта байка, якую нехта пусціў.

Цяпер у Коласаўскім музеі адкрыта выстаўка “Мой дружа, Янка”, прысвечаная 130-годдзю Купалы, але можна лічыць, што і гісторыі сяброўства двух класікаў. Некаторыя экспанаты там сапраўды ўнікальныя – спяшайцеся пабачыць!

Чытайце таксама:

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам