ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Грамадства без наркотыкаў – наш выбар!
На Пісьмянковым лузе…

Прэмія беларускаму Перакладчыку

Прэмія беларускаму Перакладчыку
Іншыя навіны

Падзея – з беспрэцэдэнтных. Наш суайчыннік – першы замежны грамадзянін, які ўганараваны літаратурнай прэміяй імя Радэ Драінца.


Акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктар філалагічных навук Іван Аляксеевіч Чарота адзначаны літаратурнай прэміяй імя Радэ Драінца.

Радэ Драінац – адзін з найцікавейшых пісьменнікаў Сербіі дваццатага стагоддзя, талент маштабу нашых народных паэтаў Аркадзя Куляшова і Пімена Панчанкі.

Радэ Драінац нарадзіўся ў 1899 годзе, памёр у 1943-м. Прайшоў аднымі дарогамі са сваім народам у самыя няпростыя часіны. Першая паэтычная кніга Драінца – "Сіні смех" (1920). У 1922 годзе літаратар заснаваў часопіс "Хіпнос", у якім і аб’явіў праграму новага паэтычнага кірунку – "хіпнізм". Затым пабачылі свет кнігі Драінца "Поезд адыходзіць", "Бандыт ці паэт", "Банкет", "Уліс", "Чалавек спявае", "Дыханне зямлі", "Сад Афрадыты", "Эратыкон", "Лірычныя мініяцюры", "Дзве авантурыстычныя паэмы". Пасмяротнай сталася кніга "Чорныя дні". У 1998–1999 гг. пабачыў свет Збор твораў у 10 тамах.

Іван Чарота пераклаў зборнік выбраных вершаў Р. Драінца "Праклён неспакою" на беларускую мову. Кніга выйшла ў Бялградзе ў выдавецтве "Рывел Ко". Між іншым, выданне ажыццёўлена сумесна з Выдавецкім домам "Звязда", што і пазначана ў выхадных дадзеных.

Прыклад такога супольнага ўзнаўлення нацыянальнай класікі – сведчанне дружбы і паміж славянскімі літаратурамі, і паміж выдавецтвамі Сербіі і Беларусі. Варта нагадаць, што падобныя праекты ажыццяўляюцца дзякуючы энтузіястам, дзякуючы творчай і жыццёвай самаахвярнасці такіх рупліўцаў, як Іван Чарота. Плён зробленага ім для прадстаўлення сербскай культуры і літаратуры ў Беларусі, Расіі, увогуле ў славянскім свеце ўражвае. Іванам Аляксеевічам здзейснены пераклады больш як 1 000 твораў.

Асобнымі кнігамі плёнам працы беларускага сербіста пабачылі свет на беларускай і рускай мовах паэзія, проза, публіцыстыка Патрыярха Сербскага Паўла, свяціцеля Нікалая Веліміравіча, прападобнага Юсціна Попавіча, Марка Ямаркавіча, Іва Андрыча, Браніслава Нушыча, Добрыцы Чосіча, Нэвены Вітошавіч, Зорана Гаўрылавіча, Грозданы Олуіч, Джорджа Нікаліча, Моміра Лазіча, Ліляны Хаб’янавіч-Джуравіч, Бена Зупанчыча і інш. Наш суайчыннік заснаваў серыю "Сербскае багаслоўе XX стагоддзя", у якой пабачыла свет каля чатырох дзясяткаў кніг.

Сярод сербскіх узнагарод лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" Івана Чароты – ордэн Святога Савы III ступені, Залаты знак Культурна-асветнага таварыства Сербіі, медаль "За заслугі".

Аўтар публікацыі: Мікола Берлеж.

Крыніца: газета "Літаратура і мастацтва", 10.06.2014.

Чытайце таксама:

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам