ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Электронныя навучальныя дапаможнікі і даведнікі для ўсіх чытачоў бібліятэкі
30 красавіка 1945 года. 9 дзён да Перамогі

Праз церні да Буніна

Іншыя навіны

Калі імя Адама Бабарэкі вярнулася з небыцця яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя (па першай справе яго рэабілітавалі ў 1957 годзе, па другой — 1959-м), то пра яго траюраднага брата Аляксандра Бабарэку даведаліся параўнальна нядаўна. Гэта пры тым, што ён заслугоўвае не меншай увагі. Аляксандр Кузьміч  — самы дасведчаны даследчык творчасці знакамітага рускага пісьменніка з сусветнай вядомасцю Івана Буніна. Адна з прычын, што пра гэтага Бабарэку ў Беларусі, тым больш на Капыльшчыне, доўгі час амаль не чулі — звычайны нацыянальны нігілізм. А другая — тое, што яго біяграфія таксама не «чыстая». Ёсць старонкі, якія не асабліва хацелі афішыраваць. Сам па сабе яго жыццяпіс варты цікавай кнігі, прычым з прыгодніцкімі матывамі.

11_14_0.jpg
Іван Бунін.1891 г.

Аляксандр Бабарэка таксама родам са Слабада-Кучынкі. Толькі маладзейшы за свайго траюраднага брата на 14 гадоў (нарадзіўся 17 верасня 1913 года). Пражыў куды больш. Але не жывучы, а  выжываючы, бо трапляў у перыпетыі, адкуль вырвацца здольны толькі моцны духам. Асобныя моманты сваёй біяграфіі падрабязна раскрыў у кнізе «Дарогі і зоркі» («Дороги и звёзды»), якая выйшла ў 1993 годзе ў Маскве. З Масквой Аляксандр Кузьміч і звязаў свой лёс. Перад гэтым зведаў шмат пакут і пошукаў.

Пачалася гэтая «адысея» з юных гадоў. Тады, калі, здавалася б, усё мусіць складвацца як мага лепш. І таму, што быў не такі, як усе. Таму, што давялося сталець у дні, якія Іван Бунін назыве «акаяннымі».

Маленства А. Бабарэкі прайшло ў рэлігійнай сям’і, у якой нявер’е ў Бога лічылася самым страшным грахом. Такая атмасфера змалку паўплывала на яго светаўспрыманне. Будучы ад нараджэння хлапчуком дапытлівым, рана праявіў цікавасць да ведаў, авалодаў граматай. Самастойна навучыўся чытаць. Не па-беларуску ці па-руску, а па-стараславянску па кнігах, што меліся. З цікавасцю «чытаў і перачытваў усе гэтыя акафісты, каноны і нейкую кнігу, без пачатку і канца, у якой тлумачыліся невядомыя даўнія словы і расказвалася аб святах».

Гэта быў час, калі ваяўнічыя атэісты дзейнічалі рашуча, рабілі ўсё для таго, каб знішчыць веру ў Бога. Гэтаксама дейнічалі і ў дачыненні да школьнікаў. Калі Саша Бабарэка вучыўся ў Пясоцкай сямігодцы, запатрабавалі ад яго, як і ад іншых вучняў, падпісацца нібыта пад патрабаваннем народа зачыніць мясцовую царкву. Але ён катэгарычна адмовіўся паставіць подпіс. Трапіў у няміласць. Інакш зрабіць не мог — гэта было насуперак перакананням.

Характар праявіла і маці. Калі пачалася калектывізацыя, разам з сяброўкамі Праз церні да Буніна выступіла супраць ліквідацыі хутароў. Улады ўспрынялі гэта як бабскі бунт. Добра, што пакаралі не вельмі строга. Незадаволеных жанчын накіравалі на будаўніцтва школ. Ды і бунт маці, і  ўласнае нежаданне падпісацца пад зваротам аб закрыцці царквы пазней адгукнуліся ў лёсе юнака. Але непрыемнасці меў не ад мясцовай улады, а ад таго, хто быў надта заўзятым «будаўніком новага жыцця», а можа, проста зайздросціў?

У 1930 годзе А. Бабарэка сабраўся паступаць у педтэхнікум. Неабходныя дакументы ў Мінск не павёз — вырашыў паслаць поштай. Прайшоў пэўны час, а адказу не было. Як высветлілася, нашкодзіў яму вясковы камсамолецпаштальён, якога ў Слабада-Кучынцы празвалі Троцкім. Сашыны дакументы проста парваў. Пасля ва ўсім прызнаўся.

Давялося збіраць наноў. Мара спраўдзілася: хоць і праз паўтара месяца, але Бабарэка стаў студэнтам тэхнікума. Заставалася, як казаў Ленін, вучыцца, вучыцца і вучыцца. Але тое, што было звязана з правадыром рэвалюцыі, А. Бабарэку асабліва не цікавіла. Характар меў яшчэ той! Відаць, таму і правучыўся ўсяго адзін курс...

І паехаў у Маскву. Тым больш што калісьці марыў паступіць на філалагічны факультэт. Абавязкова — Маскоўскага педагагічнага інстытута імя У. І. Леніна.

У Маскве, вядома, ніхто з абдымкамі не сустракаў. Аднак на гэта і не разлічваў — спадзяваўся толькі на сябе. І на тую сваю рашучасць, з якой заўсёды прывык дзейнічаць. Аднак... Узнікла перашкода, пра якую не здагадваўся. «Конкурсу ведаў у 1931 годзе не было, быў конкурс анкет, дзецям сялян, асноўнага саслоўя Расіі, хады ў вну не было...» — пісаў сам А. Бабарэка.

Каб знайсці хоць нейкі прытулак і  выжыць, стаў чорнарабочым. Балазе чарнарабочым жыллё давалі. Пасяліўся ў бараку, у якім адна каля адной стаяла ажно трыццаць коек. Але гэта лепш, чым нічога. Таму духам не падаў. Як бы цяжка ні даводзілася, крыху адпачыўшы пасля работы, хадзіў на падрыхтоўчыя курсы. З марай аб педінстытуце не развітваўся. Аднак у наступным годзе таксама не прынялі. Ад несправядлівасці стала настолькі крыўдна, што спыніўся на Смаленскай плошчы і, не звяртаючы ўвагі на прахожых, горка плакаў.

Няўдача, аднак, не зламала. Супакоіўшыся, думаў-разважаў пра выйсце. Без філалагічнага факультэта ўжо не ўяўляў сабе далейшага жыцця. Узрадаваўся, калі даведаўся, што ў педінстытуце толькі што адкрыўся фізкультурны факультэт і што жадаючых не шмат. Праблем з паступленнем, меркаваў, не ўзнікне. Паступіўшы ж, можна будзе перавесціся на філалагічны факультэт.

Адбылося так, што лепш не прыдумаеш. Інстытуцкаму ўрачу паскардзіўся на здароўе. Урач аказалася чулым чалавекам. Не вагаючыся, выдала даведку, што спартсмена з яго не атрымаецца. Заставалася дамагчыся пераводу на філфак, што і атрымалася. Аднак з’явіліся новыя праблемы...

Захварэў на запаленне лёгкіх, з цяжкасцю выжыў. Але на вучобе гэта не сказалася. Акрыяў і навярстаў прапушчанае. Інстытут скончыў не проста паспяхова, а  з рэкамендацыяй для паступлення ў аспірантуру. Але аспірантам не стаў. Зноў падвялі анкетныя даныя.

Настаўнічаў у Маскве. З пачаткам вайны мабілізавалі, накіравалі на завод тэлефонных правадоў. Пасля перавялі пад горад Уладзімір. Потым — Далёкі Усход. Будучы мінамётчыкам, службу закончыў пад Благавешчанскам. Вучыў рускай мове афіцэраў, якія слаба валодалі граматай. У ваенны час здаралася так, што званні прысуджалі не за веды — тым, хто ў нечым добра сябе праявіў. Тым больш — за заслугі на фронце.

11_a_14.jpg 

Дом у Варонежы, дзе нарадзіўся Іван Бунін.

Па вяртанні ў 1946 годзе ў Маскву паступіў у аспірантуру. Трэба было вызначыцца з тэмай будучай дысертацыі. На той час захапляўся творчасцю Івана Тургенева. Вабіла і напісанае пад псеўданімам Казьма Пруткоў. Ды начальства лепш ведала, чыю творчасць неабходна даследаваць. Падказала «брацца» за Максіма Горкага. Згадзіўся. Дысертацыю абараніў паспяхова.

Працаваць пачаў у Дзяржаўным выдавецтве мастацкай літаратуры, пераемнікам якога стала «Художественная литература». У гэты час Аляксандр Бабарэка па-сапраўднаму зацікавіўся творчасцю Івана Буніна. Пакуль і не здагадваўся, што даследаванне яе стане справай усяго яго жыцця. А вось што ўзнікнуць цяжкасці, безумоўна, ведаў: Бунін усё яшчэ заставаўся пісьменнікам, якога называлі «не нашым». Не маглі дараваць эміграцыі. А хто цікавіўся пісьменнікам, былі знаёмы і з той часткай напісанага, дзе прысутнічала выразнае непрызнанне савецкай улады. Але што з’явіцца шмат перашкод, навуковец не здагадваўся. Усё ж І. Бунін быў адным з самых выбітных рускіх пісьменнікаў, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.

А. Бабарэка працаваў з поўнай аддачай. У архівах знайшоў невядомыя матэрыялы, якія дазвалялі атрымаць куды больш поўнае ўяўленне аб юнацкіх гадах І. Буніна. Гэта дало магчымасць па-новаму прачытаць «Жыццё Арсеньева» («Жизнь Арсеньева»). Артыкул з разглядам рамана занёс у «Известия Отделения языка и литературы Академии наук СССР». Матэрыял у рэдакцыі сустрэлі без асаблівага энтузіязму. Публікацыі даследчык так і не дачакаўся. У газеце «Орловская правда» змясцілі скарочаны варыянт.

І ўсё ж няўдача не расчаравала. Даследаванне творчасці І. Буніна стала мэтай жыцця. Як і збор матэрыялаў пра пісьменніка. Наладзіў сувязі з удавой Івана Аляксеевіча Верай Мурамцавай. Дамаўляўся аб перавозе на Радзіму парыжскага архіва І. Буніна. Для краіны ганарова мець у сябе ўсё тое, што тычыцца творцы з сусветным імем. Але і тут з’явіліся бар’еры. Не зважаючы ні на што, вучоны працягваў настойліва даследаваць творчасць І. Буніна.

Вынікам стала кніга «І. А. Бунін. Матэрыялы для манаграфіі (з 1870 па 1917)» («И. А. Бунин. Материалы для монографии (с 1870 по 1917)»). Выдадзеная ў 1967 годзе, яна была ўспрынята «энцыклапедыяй па Буніну». У захапленні ад яе былі Леанід Лявонаў, Канстанцін Сіманаў, Карней Чукоўскі і іншыя выдатныя пісьменнікі. Пасля гэтага А. Бабарэка трывала ўвайшоў у гісторыю савецкага літаратуразнаўства. Атрымаў рэкамендацыі для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Рыхтуючы манаграфію, Аляксандр Бабарэка адначасова працаваў і над мастацкай біяграфіяй Івана Аляксеевіча. Пад назвай «І. А. Бунін» («И. А. Бунин») яна таксама выйшла ў 1967 годзе. Была напісана так, што не заставалася сумнення: акурат такой кнігі не стае ў  знакамітай серыі «Жизнь замечательных людей». Але ў кіраўніцтва выдавецтва «Молодая гвардия», якое выпускае яе, не ўзнікла і думкі ўзяць у А. Бабарэкі рукапіс. Ён заставаўся «не тым» пісьменнікам, які неабходны «маладагвардзейцам». Таму і другое выданне гэтай кнігі ў 1983 годзе таксама ў «ЖЗЛ» не трапіла.

«Чарга» Аляксандра Кузьміча прыйшла толькі ў 2004-м. Аднак парадавацца гэтаму ўжо не мог: 30 мая 1999 года яго не стала. Праз пяць гадоў у серыі «ЖЗЛ» з’явілася другое выданне кнігі «Бунін. Жыццеапісанне» («Бунин. Жизнеописание»). Несумненна: напісанае пра Буніна А. Бабарэкам — найлепшае, што сёння ёсць пра яго. Праз церні ішоў Аляксандр Бабарэка да Буніна, а прыйшоў да заслужанай, хай і пасмяротнай, славы.

Аўтар публікацыі: Алесь Марціновіч.

Крыніца: газета "Літаратура і мастацтва"

Чытайце таксама: Творчасць Адама Бабарэкі і Кузьмы Чорнага – прадмет даследаванняў Віктара Жыбуля

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам