ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Міжнародная бібліятэчная філасофская школа
Артэфакт – сімвал велічы Берасця, Беларусі і беларускай культуры

Праца – не воўк, або Як вядомыя пісьменнікі стваралі літаратурныя шэдэўры

Праца – не воўк, або Як вядомыя пісьменнікі стваралі літаратурныя шэдэўры
Іншыя навіны

Самэрсэт Моэм параўноўваў сваю звычку пісаць са звычкай піць. Жорж Санд сядала за пісьмовы стол пасярод ночы. А Жорж Сіменон напісаў 425 кніг і ніколі не правіў напісанае.

Джэйн Осцін (1775–1817) – аўтарка раманаў “Гордость и предубеждение”, “Чувство и чувствительность”, “Эмма”, “Доводы рассудка”.

Джэйн Осцін.jpg

Джэйн Осцін жыла з маці, сястрой, сяброўкай і трыма слугамі. У яе ніколі не было магчымасці адасобіцца. Джэйн даводзілася працаваць у сямейнай гасцінай, дзе ёй у любы момант маглі перашкодзіць. Пісала яна на маленькіх кавалках паперы, і як толькі чулася рыпенне дзвярэй (папярэджванне аб наведвальніку), яна паспявала схаваць нататкі. Пазней сястра Джэйн Касандра ўзяла на сябе клопат пра вядзенне гаспадаркі. Удзячная Джэйн пісала: “Не ўяўляю, як можна пісаць, калі ў галаве круцяцца катлеты з бараніны…”

Жорж Санд (1804–1876) звычайна пісала па 20 старонак за ноч.

Жорж Санд.jpg

Праца па начах стала звычкай з дзяцінства, калі яна даглядала хворую бабулю і толькі ноччу магла займацца любімай справай. Пазней яна пакідала заснулага палюбоўніка ў ложку і пасярод ночы сядала за пісьмовы стол. А назаўтра не заўсёды памятала, што пісала ў сонным стане. Хоць Жорж Санд была незвычайным чалавекам (насіла мужчынскую вопратку, заводзіла раманы і з жанчынамі, і з мужчынамі), яна асуджала злоўжыванне кавай, алкаголем або опіумам. Каб не заснуць, ела шакалад, піла малако або курыла. “Калі надыходзіць момант надаць сваім думкам форму, – казала яна, – трэба цалкам валодаць сабой, што на падмостках сцэны, што ў сваім кабінеце”.

Гюстаў Флабэр (1821–1880) пісаў “Мадам Бовари” пяць гадоў.

Гюстаў Флабэр.jpg

Праца ішла занадта павольна і пакутліва: “«Бавары» не ідзе. За тыдзень – дзве старонкі! Ёсць з чаго набіць сабе пысу ад роспачы”. Прачынаўся Флабэр у дзесяць раніцы, не ўстаючы з ложка, чытаў лісты, газеты, паліў трубку, гутарыў з маці. Затым прымаў ванну, снедаў і абедаў адначасова і адпраўляўся на шпацыр. Адну гадзіну ён выкладаў пляменніцы гісторыю і геаграфію, потым сядаў у крэсла і чытаў да сямі вечара. Пасля багатай вячэры некалькі гадзін гутарыў з маці і, нарэшце, з надыходам ночы пачынаў пісаць. “У рэшце рэшт, – прызнаваўся ён, – праца – найлепшы спосаб выслізнуць ад жыцця”.

Леў Талстой (1828–1910) уставаў позна, ні з кім не размаўляў, пакуль не памыецца, не пераапранецца і не прычэша бараду.

Леў Талстой.jpg

Снедаў (кава і пара яек) і зачыняўся да абеда ў кабінеце. Зрэдку там сядзела яго жонка Соф’я – на выпадак, калі прыйдзецца перапісаць ад рукі пару раздзелаў “Войны и мира” або выслухаць чарговую частку сачынення. Перад абедам Л. Талстой выпраўляўся на шпацыр. Калі вяртаўся ў добрым настроі, мог дзяліцца ўражаннямі або займацца з дзецьмі. Калі не – чытаў кнігі, раскладваў пасьянс і гутарыў з гасцямі.

Марк Твэн (1835–1910) пісаў “Прыгоды Тома Соера” на ферме, дзе яму пабудавалі асобную альтанку-кабінет.

Марк Твэн.jpg

Працаваў пры адчыненых вокнах, прыціснуўшы лісты паперы цаглінамі. Нікому не дазвалялася набліжацца да кабінета, а калі М. Твэн быў вельмі патрэбны, хатнія трубілі ў горан. Па вечарах М. Твэн чытаў сям’і напісанае. Ён бесперапынна курыў цыгары, і дзе б ні з’явіўся, пасля яго даводзілася праветрываць памяшканне. Падчас працы яго мучыла бессань, і, па ўспамінах сяброў, ён пачаў лячыць яе шампанскім на ноч. Шампанскае не дапамагло – і М. Твэн папрасіў сяброў назапасіцца півам. Потым М. Твэн заявіў, што яму дапамагае толькі шатландскае віскі. Пасля серыі эксперыментаў Марк Твэн лёг на сваю пасцель у дзесяць вечара і нечакана заснуў. Усё гэта вельмі забаўляла яго. Зрэшты, яго забаўлялі любыя жыццёвыя падзеі.

Марсэль Пруст (1871–1922) пісаў раман “В поисках утраченного времени” амаль 14 гадоў.

Марсэль Пруст.jpg

За гэты час ён напісаў паўтара мільёна слоў. Каб цалкам засяродзіцца на працы, М. Пруст схаваўся ад грамадства і амаль не выходзіў са сваёй знакамітай абітай дубам спальні. Працаваў М. Пруст па начах, днём спаў да трох ці чатырох гадзін. Адразу пасля абуджэння запальваў парашок, які змяшчаў опіум, – так ён лячыў астму. Амаль нічога не еў, толькі снедаў (кава з малаком і круасанам). Пісаў М. Пруст у ложку, уладкаваўшы сшытак на каленях і падклаўшы падушкі пад галаву. Каб не заснуць, прымаў кафеін у таблетках, а калі прыходзіў час спаць, заядаў кафеін вераналам. Мучыў ён сябе наўмысна, лічачы, што фізічны боль дазваляе дасягнуць вышынь у мастацтве.

Самэрсэт Моэм (1874–1965) за 92 гады жыцця апублікаваў 78 кніг.

Самэрсэт Моэм.jpg

Біёграф С. Моэма называў яго працу не пакліканнем, а залежнасцю. С. Моэм і сам параўноўваў звычку пісаць са звычкай піць. Абедзве лёгка набыць і ад абедзвюх складана пазбавіцца. Першыя дзве фразы С. Моэм прыдумляў, лежачы ў ванне. Пасля пісаў дзённую норму ў паўтары тысячы слоў. “Калі пішаш, калі ствараеш персанаж, то ён увесь час з табой, ты заняты ім, ён жыве”. Спыняючыся пісаць, С. Моэм адчуваў сябе бясконца адзінокім.

Джэймс Джойс (1882–1941) пра сябе пісаў: “Чалавек нядобры, схільны да экстравагантнасці і алкагалізму”.

Джэймс Джойс.jpg

Ні рэжыму, ні арганізацыі не меў. Спаў да дзесяці, снедаў у ложку (кава і булачкі), зарабляў урокамі англійскай ды ігрой на піяніна, пастаянна займаў грошы і “адцягваў” крэдытораў размовамі пра палітыку. Каб напісаць “Уліса”, яму спатрэбілася сем гадоў з перапынкамі на восем хвароб і васямнаццаць пераездаў у Швейцарыю, Італію, Францыю. За гэтыя гады ён правёў за працай прыкладна 20 тысяч гадзін.

Агата Крысці (1890–1976), ужо выдаўшы дзясятак кніг, у анкетным радку “род заняткаў” пазначала: “хатняя гаспадыня”.

Агата Крысці.jpg

Яна працавала ўрыўкамі, не маючы ні асобнага кабінета, ні нават пісьмовага стала. Пісала ў спальні за ўмывальным столікам або магла “прымасціцца” за абедзенным сталом у перапынках паміж прыёмамі ежы. “Мне бывала трохі няёмка «ісці пісаць», – казала яна. – Але калі ўдавалася адасобіцца, зачыніць за сабой дзверы і зрабіць так, каб ніхто не перашкаджаў, то я забывала пра ўсё на свеце”.

Фрэнсіс Скот Фіцджэральд (1896–1940) свой першы раман “По ту сторону рая” пісаў у трэніровачным лагеры на кавалках паперы ў вольны ад службы час.

Скот Фіцджэральд.jpg

Адслужыўшы, забыўся пра дысцыпліну і стаў ужываць алкаголь як крыніцу натхнення. Да абеду спаў, часам працаваў, ноччу гуляў у барах. Калі здараліся прыступы актыўнасці, мог за адзін падыход напісаць 8 000 слоў. Гэтага хапала для вялікага аповеду, але было недастаткова для аповесці. Калі Фіцджэральд пісаў “Ночь нежна”, яму з вялікай цяжкасцю ўдавалася быць цвярозым тры-чатыры гадзіны. “Тонкае ўспрыманне і меркаванне падчас рэдагавання несумяшчальныя з выпіўкай”, – пісаў Фіцджэральд, прызнаючыся выдаўцу, што алкаголь перашкаджае творчасці.

Эрнэст Хэмінгуэй (1899–1961) усё жыццё прачынаўся на світанні.

Эрнэст Хэмінгуэй.jpg

Нават калі напярэдадні ён дапазна піў, паднімаўся не пазней шасці раніцы, адчуваў сябе бадзёра. Працаваў Хэмінгуэй да апоўдня, стоячы каля паліцы. На паліцы стаяла друкарская машынка, на машынцы ляжала драўляная дошка, засланая аркушамі для друку. Калі спісваў алоўкам усе старонкі, ён здымаў дошку і перадрукоўваў тэкст. Кожны дзень ён падлічваў колькасць напісаных слоў і рабіў графік. “Калі заканчваеш, – прызнаваўся пісьменнік, – адчуваеш сябе спустошаным, але не пустым, а зноў запаўняешся, нібы займаўся каханнем з каханым чалавекам”.

Уладзімір Набокаў (1899–1977) “накідваў” тэксты раманаў на невялікіх картках, якія складваў у доўгую скрынку для каталогаў.

Уладзімір Набокаў.jpg

Ён запісваў кавалкі тэксту на картках, а потым складваў з фрагментаў старонкі і часткі кнігі. Такім чынам рукапіс і працоўны стол змяшчаліся ў скрынцы. “Лолиту” У. Набокаў пісаў па начах на заднім сядзенні аўтамабіля, мяркуючы, што там няма шуму. Пастарэўшы, У. Набокаў ніколі не працаваў пасля абеду, глядзеў футбольныя матчы, дазваляў сабе келіх віна і паляваў на матылькоў, здаралася, прабягаючы за рэдкім экзэмплярам да 25 кіламетраў.

Жорж Сіменон (1903–1989) лічыцца самым пладавітым пісьменнікам ХХ-га стагоддзя.

Жорж Сіменон.jpg

На яго рахунку 425 кніг: 200 бульварных раманаў пад псеўданімамі і 220 пад сваім імем. Прычым рэжым Ж. Сіменон не выконваў, працаваў прыступамі па дзва-тры тыдні, з шасці да дзевяці раніцы, выдаючы па 80 друкаваных старонак. Затым гуляў, піў каву, спаў і глядзеў тэлевізар. Пішучы раман, ён да заканчэння працы насіў адну і тую ж вопратку, падтрымліваў сябе транквілізатарамі і ніколі не правіў напісанае.

Жан-Поль Сартр (1905–1980) працаваў тры гадзіны раніцай і тры гадзіны ўвечары.

Жан-Поль Сартр.jpg

Астатні час займала свецкае жыццё, абеды і вячэры, выпіўка з сябрамі і сяброўкамі, тытунь і наркотыкі. Гэты рэжым давёў філосафа да нервовага знясілення. Замест таго, каб адпачыць, Сартр “падсеў” на карыдран, сумесь амфетаміну і аспірыну, легальны да 1971 года. Замест звычайнай дазоўкі па таблетцы двойчы ў дзень Сартр прымаў дваццаць штук. Першую запіваў моцнай кавай, астатнія павольна жаваў падчас працы. Адна таблетка – адна старонка “Критики диалектического разума”. Паводле сведчанняў біёграфа, у штодзённае меню Сартра ўваходзілі два пачкі цыгарэт, некалькі трубак чорнага тытуню, больш літра алкаголю, уключаючы гарэлку і віскі, 200 міліграмаў амфетаміну, барбітураты, чай, кава і тлустая ежа.

Харукі Муракамі (1949 г. н.) устае ў чатыры раніцы і піша шэсць гадзін запар.

Харукі Муракамі.jpg

Пасля працы бегае, плавае, чытае, слухае музыку. У дзевяць вечара – “адбой”. Х. Муракамі мяркуе, што паўтаральны рэжым дапамагае яму пагрузіцца ў транс, карысны для творчасці. Калісьці ён вёў сядзячы лад жыцця, набіраў вагу і курыў па тры пачкі цыгарэт у дзень. Потым пераехаў у вёску, стаў харчавацца рыбай і гароднінай, паліць кінуў і больш за 25 гадоў займаецца бегам. Адзіны недахоп – адсутнасць зносін. Каб выконваць рэжым, Х. Муракамі адмаўляецца ад усіх запрашэнняў, і сябры крыўдзяцца. “Чытачам усё роўна, які ў мяне рэжым дня, – адзначыў ён, – абы чарговая кніга стала лепш папярэдняй”.

Крыніца: Новы час

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам