ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Выдадзены зборнік матэрыялаў кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”
Чаго вы не ведалі пра бібліятэку. Інтэрв'ю з Раманам Матульскім

Праект MOVABOX змяняе ўяўленне пра беларускую літаратуру

Праект MOVABOX змяняе ўяўленне пра беларускую літаратуру
Іншыя навіны

27 кастрычніка абвешчана пра старт новага cацыяльна-культурнага праекта MOVABOX.


Гэта маштабная ініцыятыва працягвае намаганні кампаніі velcom, накіраваныя на падтрымку беларускай культуры, мовы і літаратуры. MOVABOX з’яўляецца працягам яшчэ адной ініцыятывы кампаніі – “Чытаем па-беларуску з velcom”. У той жа час гэта асобны інтэрактыўны праект, які спалучае сучасныя магчымасці анлайн-камунікацыі і класічнае ўспрыманне друкаванай кнігі як каштоўнасці.

Мэта праекта MOVABOX – пазнаёміць шырокую аўдыторыю з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, прадэманстраваць, што беларускі літаратурны працэс разнастайны і цікавы ў міжнародным кантэксце. Праект будзе працягвацца каля 6 месяцаў. На гэты перыяд запланавана шмат разнастайных актыўнасцяў. MOVABOX аб’ядноўвае “дзіджытал”- і “афлайн”-часткі, – гэта значыць бок актыўнасць ў інтэрнэце і чытанне сапраўдных кніг, абмен імі, сустрэчы з пісьменнікамі. Гэта тлумачыцца тым, што, не гледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій, друкаваная кніга па-ранейшаму захоўвае статус безумоўнай каштоўнасці. У цэнтры ўвагі будуць знаходзіцца 4 творы нашых сучаснікаў, кожны з якіх ператворыцца ў асобны MOVABOX – унікальны набор, у які ўваходзяць кніга і звязаныя з ёй артэфакты.

Знаёмства з абранымі творамі сучасных беларускіх аўтараў адбудзецца ў незвычайным фармаце: іх сюжэтныя хады, тэмы і героі будуць зашыфраваныя ў тых ці іншых сімвалах-артэфактах, набор якіх у камплекце з самой кнігай таксама будзе называцца MOVABOX. Атрымаць яго змогуць 20 шчасліўчыкаў, якія пройдуць адпаведны тэст на сайце праекта www.movabox.by. Першы MOVABOX прысвечаны раману Людмілы Рублеўскай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” – адной з частак серыі твораў аб падарожжах і прыгодах Пранціша Вырвіча ў жанры гістарычнага фэнтэзі. У 2015 годзе раман атрымаў званне Кнігі года па версіі беларускага ПЭН-цэнтра.

“Мне прыемна выступаць у ролі ўдзельніка гэтага цікавага і патрэбнага праекта – тым больш, у якасці першага аўтара, – адзначыла пісьменніца Людміла Рублеўская. – Кнігі сучасных беларускіх літаратараў сапраўды вартыя таго, каб мець як мага больш новых чытачоў і прыхільнікаў. Паспрыяць гэтаму можа адноўленае ўспрыманне беларускай літаратуры, блізкае і зразумелае кожнаму. Я шчыра ўражаная тым новым візуальным увасабленнем маёй кнігі “Авантуры студыёзуса Вырвіча”, якое атрымалася падчас працы над праектам, яно выдатна адлюстроўвае асаблівасці твора і разам з тым інтрыгуе. А што яшчэ трэба, каб зацікавіцца добрай кнігай?”

Разам з кнігай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” ў склад першага MOVABOX увойдуць такія артэфакты, як набор для стварэння крышталю, мяшочак з манеткай, мапа падарожжа з налепкамі, нататнік з чорнымі старонкамі разам з ручкай, магніт з мястэчка Дракошчын, рэцэпт верашчакі. Кожны з гэтых прадметаў адсылае да той ці іншай старонкі кнігі, дзе быў выкарыстаны яе героямі.

Важным крокам на шляху да ажыццяўлення галоўнай мэты праекта MOVABOX – змянення ўспрымання сучаснай беларускай літаратуры – стала правядзенне даследавання яе вобраза сярод чытачоў. Каб выявіць тыповыя ўяўленні нашых сучаснікаў, кампанія velcom арганізавала спецыяльнае інтэрнэт-апытанне. Як паказалі вынікі даследавання, значная частка апытаных – 63,4% – ведаюць імёны і творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. 63% апытаных адказалі, што чыталі больш за 2-3 творы сучасных беларускіх аўтараў. 72,6 % удзельнікаў апытання чытаюць кнігі беларускіх пісьменнікаў перыядычна, 14,9 % і 11,9 % рабілі гэта ў межах школьнай і ўніверсітэцкай праграм адпаведна.

Атрыманыя даныя сталі асновай для стварэння графічнага ўвасаблення існуючага вобраза беларускай літаратуры. Праз 6 месяцаў кампанія velcom мае намер правесці яшчэ адно апытанне і высветліць, ці змяніліся за гэты час уяўленні чытачоў і як на гэта паўплываў праект MOVABOX.

“У гэтым вобразе беларускай літаратуры мы атрымалі “кропку адліку”, у параўнанні з якой можна будзе ацэньваць вынікі MOVABOX, – выказаў меркаванне на прэзентацыі праекта тэлевядучы, акцёр, куратар ініцыятывы “Чытаем па-беларуску з velcom” Юрый Жыгамонт. – Цікава даведацца, як змянілася беларуская літаратура за апошнія дзесяцігоддзі, што адышло ў мінулае, а што засталося нязменным, што хвалюе сучасных аўтараў у параўнанні з іх папярэднікамі, што пра гэта думае чытач. Калі мы праводзім нашы заняткі беларускай літаратуры ў школах, я бачу, як эмацыйна рэагуюць дзеці, як гараць іх вочкі. І я вельмі хачу, каб праект MOVABOX таксама «запаліў» вочы ў людзей больш сталых”.

MOVABOX – новы праект velcom, накіраваны на падтрымку беларускай культуры. Дзейнасць у гэтым напрамку з’яўляецца важнай часткай карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі. Сярод адметных праектаў – адукацыйная ініцыятыва “Чытаем па-беларуску з velcom”, праект “Музей – дзецям з velcom” сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем, цыкл “1000 музеяў Беларусі” і іншыя. Партнёры праекта – Budzma.org, Kniharnia.by і “Мова Нанова”.

Крыніца: Naviny.by

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам