ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Міжнародная фінансавая карпарацыя: гісторыя і сучаснасць
Светлая песня сэрца

Подых часу, альбо Покліч да пошуку

Подых часу, альбо Покліч да пошуку
Іншыя навіны

На пытанні, якія прагучалі падчас чарговай “прамой лініі”, арганізаванай газетай “Літаратура і мастацтва”, адказалі дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч і начальнік аддзела гандлю Святлана Гук.


Ці магчыма, каб кнігі, выдадзеныя ў рэгіёнах, распаўсюджваліся па ўсёй Беларусі? Што для гэтага трэба зрабіць выдаўцам? Ці ёсць на сёння дамовы з прыватнікамі на продаж кніг? Ці фінансуе “Белкніга” выданне кніг? І якіх?

Шчыры дыялог дырэктара ААТ “Белкніга” Аляксандра Вашкевіча і начальніка аддзела гандлю Святланы Гук з усімі зацікаўленымі паказаў: галоўная арганізацыя па распаўсюджванні кніг гатова да рашэння і разгляду любых праблем. Дзяжурыла на “прамой лініі” журналіст Ірына Тулупава.

«Ці пісьменніцкая гэта справа?»

– Добры дзень! Гэта Гродна турбуе. Старшыня Гродзенскга абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. Хацелася б запытацца наконт рэалізацыі кніг. На сённяшні дзень атрымліваецца так, што ў нашым аддзяленні мы самі дамовіліся з прыватным выдавецтвам, Гродзенскай друкарняй – выдаём кнігі за свой кошт. І рэалізоўваем іх таксама самі. Але на такую “не-пісьменніцкую” дзейнасць губляем шмат часу і свайго натхнення. Ці будзе “Белкніга” дапамагаць абласным аддзяленням рэалізоўваць кнігі? І яшчэ вось такая парада вам: каб быў чалавек у абласных аддзяленнях, які б трымаў з намі сталую сувязь.

А. Вашкевіч: – Сапраўды, кожны павінен займацца сваёй справай: пісьменнікі павінны пісаць, а мы – прадаваць кнігі. Рэформа, якая адбылася па аб’яднанні кнігагандлёвых прадпрыемстваў, закранула шмат праблем. На месцах застаюцца прадстаўнікі, з імі можна кантактаваць у рэгіянальных філіялах “Белкнігі”, можна звязвацца і з аддзелам гандлю самой “Белкнігі”, прадаставіць туды інфармацыю пра кнігі, а яшчэ лепш – кантрольныя экзэмпляры. Калі кніга насамрэч вартая, вы пасля можаце заключаць дамову з “Белкнігай”, і выданне будзе прадстаўлена ў кнігарнях не толькі ў Гродзенскім рэгіёне, а і па ўсёй краіне.

– Добры дзень, я чытачка з Мінска, Анжэла Праневіч. Скажыце калі ласка, у такім вялікім горадзе, як Мінск, з’явіцца калі-небудзь кніжны гіпермаркет, як ёсць ён, да прыкладу, у Кіеве? Я наведвала яго, там шмат паверхаў, кнігі рознай скіраванасці, можна пакінуць дзіця ў спецыяльным пакоі і правесці ў залах ці не паўдня, перагортваючы старонкі кніг, штосьці можна пачытаць. Зноў жа – папрысутнічаць на прэзентацыях.

А. Вашкевіч: – Дзякуй за цікавае пытанне. Над гэтым мы працуем, цяпер актыўна вывучаем досвед Санкт-Пецярбурга, дзе кніжны гандаль выводзіцца на іншы ўзровень, я сказаў бы, кшталту адмысловых кніжных клубаў. Там на базе адной з кнігарняў кампаніі “Буквоед” (плошча гэтай крамы – 3 000 кв. м) створаны сапраўдны парк культуры і чытання, пра які вы гаворыце. І досвед іх вельмі карысны. Запрашаюць да сябе на сустрэчы нават і не кніжнікаў. Адны з апошніх гасцей – гурт “Scorpions”. Была выдадзена кніга пра іх творчасць, і “Буквоед” змог запрасіць падчас гастроляў гэты гурт. Я магу гэтаму толькі пазайздросціць. У нас таксама плошчы ёсць, вось кнігарня “Светач” на праспекце Пераможцаў мае 2 000 кв. м. Мы таксама працуем з аўтарамі. З цікавых асоб, якія ўдзельнічалі ў нашых мерапрыемствах апошнім часам, можам назваць Януша Вішнеўскага, Дзмітрыя Глухоўскага. Але пашырыць дзейнасць да паняцця клубнага, сямейнага спосабу адпачынку пакуль немагчыма. Працуем на перспектыву, каб такое калі-небудзь атрымалася. Думаю, цягам апошняга года і ў нас нешта падобнае з’явіцца.

Дысконтныя карткі? Гэта рэальна

– Аляксандр Аляксандравіч, да вас звяртаецца Наталя Іванова з Мінска. Наведваю розныя крамы і вельмі часта карыстаюся ў іх дысконтнымі карткамі, якія даюць права на скідкі. Для мяне гэта хоць і невялікая, але падтрымка. Ці можна спадзявацца, што дысконтныя карткі з’явяцца і ў кнігагандлі?

А. Вашкевіч: – На сённяшні дзень дысконтных карт у кніжным гандлі няма. Аднак у нас дзейнічае Палажэнне пра скідкі пры продажы тавараў за наяўны разлік у філіялах ААТ “Белкніга”, кніжных крамах. Паводле яго, у залежнасці ад аб’ёму пакупкі даецца скідка ад 3 да 5 працэнтаў. Адначасова дзейнічае сістэма продажу тавару ў крэдыт. Мы азнаёміліся з досведам маскоўскіх калег, дзе дысконтныя карткі распаўсюджаны ў многіх буйных кнігарнях, і можна сказаць, што ААТ “Белкніга” ў перспектыве плануе ўкараненне такой сістэмы пры разліках.

– І яшчэ пытанне. Вельмі часта ў кнігарнях можна ўбачыць уцэненыя кнігі. Наколькі эфэктыўная сістэма скідак?

С. Гук: – Сістэма скідак дапамагае прадаць літаратуру, якая па першапачаткова устаноўленай цане не вельмі добра прадавалася. Гэта дае магчымасць прадаць кнігі, магчыма, са стратамі для сябе, але мы ў такім выпадку вяртаем грошы выдаўцам! І гэта вельмі важна. Акрамя таго, мы практыкуем сістэму скідак напярэдадні некаторых мерапрыемстваў – перад святамі, у час правядзення тэматычных тыдняў.

Экспарт-імпарт

– Вам тэлефануе Таццяна, студэнтка Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Вельмі часта даводзіцца чытаць англійскія творы ў арыгінале. Але ў беларускіх кнігарнях досыць сціплы выбар кніг, выдадзеных за мяжой. Ці плануецца пашырэнне такога асартыменту?

А. Вашкевіч: – Так, але мы маем невялікае кола чытачоў, якія цікавяцца такой літаратурай. Таму раіў бы вам працаваць з “Белкнігай” пад заказ. Мы даставім неабходнае выданне ў максімальна кароткія тэрміны. А пашыраць гэта да вялікіх маштабаў, напэўна, не варта. Тым больш, што ёсць базавая кнігарня “Эўрыка” на вул. Куйбышава, якая з усіх найбольш спецыялізуецца на замежнай літаратуры: там можна шукаць неабходныя вам кнігі, пытацца пра іх у гандляроў.

– І другое пытанне. Ці плануецца экспарт беларускай кнігі за мяжу?

А. Вашкевіч: – Першыя такія пастаўкі ў Расію будуць арганізаваны выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Кнігі будуць размешчаны ў Маскве на адной з вялікіх кнігагандлёвых пляцовак і ў сетцы інтэрнэт-кнігарняў Ozon.ru. Прычым пастаўляцца будуць нядаўна выдадзеныя кнігі, якія ў сціслыя тэрміны трапяць да расійскага пакупніка. Паглядзім, як прымуць такі праект. Калі эксперымент пройдзе паспяхова, то такім шляхам пойдуць і іншыя выдавецтвы.

– А ў іншыя краіны беларуская кніга зможа трапіць?

А. Вашкевіч: – Ведаеце, я бываю на міжнародных кніжных выстаўках, назіраю цікавасць насельніцтва ў розных дзяржавах да беларускай кнігі. У Літве, прыкладам, вялікая цікавасць да кніг, якія датычаць спадчыны Радзівілаў, пра Грунвальдскую бітву. Напэўна, гэта справа часу.

Дыялог з бібліятэкамі

– Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага турбуе. Пытанне пра тое, якую мэту ставіла “Белкніга”, арганізоўваючы аб’яднанне з абласнымі структурамі кнігагандлю. Ці не ўскладніцца працэс набыцця літаратуры?

А. Вашкевіч: – Мэт такога аб’яднання было некалькі. Першая – зрабіць прадпрыемства больш прывабным для патэнцыяльнага інвестара. Дзяржмаёмасць у 2012 годзе выставіла дастаткова вялікі пакет акцый “Белкнігі” на продаж. Для інвестара зручней мець справу з адной буйной арганізацыяй, чым з некалькімі маленькімі. Сёння прадпрыемства стала фактычна адной юрыдычнай асобай. Другая – у рамках аб’яднання ажыццявіць аптымізацыю структуры, каб паменшыць штаты галаўных рэгіянальных прадпрыемстваў, паколькі на абслугоўванне аднаго разліковага рахунку для аднаго таварнага патоку патрэбна менш людзей. Гэта таксама важна. Трэцяя мэта – зрабіць зручнай для ўсіх сістэму паставак. У тым ліку і ў бібліятэкі. Улічваючы, што аб’яднанню ўсяго два месяцы, магчыма, ёсць нейкія моманты, над якімі трэба працаваць. Падказвайце, давайце сумесна выбудоўваць дзейнасць, каб яна была камфортнай для ўсіх: пачынаючы ад чытача, выдаўца – да “Белкнігі”.

– Добры дзень! Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна. Як “Белкніга” плануе працу з бібліятэкамі? Нас цікавяць метады цэнавага прасоўвання тавараў, спосабы гандлю…

С. Гук: – На сённяшні дзень існуе пэўнае палажэнне пра скідкі, дзе прапісана сістэма іх прадастаўлення на пастаўку кніг у бібліятэкі. Калі раней вы працавалі са скідкамі толькі па сацыяльна значнай літаратуры, то цяпер скідкі распаўсюджваюцца на ўсю прадукцыю, незалежна ад таго, сацыяльна значная літаратура альбо яна ідзе без датацый.

– Аляксандр Аляксандравіч, тэлефануюць з Гомеля. Дырэктар гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Уласава. Не сакрэт, штона сённяшні дзень для бібліятэк дастаткова складана набываць расійскую літаратуру. Гэта звязана з многімі прычынамі, у тым ліку і з тым, што закупку мы павінны ажыццяўляць у пастаяннага гандлёвага прадстаўніка. У сувязі з гэтым у мяне пытанне: ці будзе выступаць “Белкніга” ў якасці такога гандлёвага прадстаўніка ў стасунках з расійскімі выдавецтвамі? І другое пытанне: ці будуць прэферэнцыі бібліятэкам для камплектавання і набыцця літаратуры ў дзяржаўных выдавецтвах? Бо некаторыя з іх не ажыццяўляюць дастаўку. Гэта для нас вялікая праблема.

А. Вашкевіч: – Найперш пра тое, што датычыць афіцыйнага прадстаўніцтва. У Мінску такія арганізацыі, як Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, набываючы ў нашых буйных кнігарнях літаратуру, бяруць пісьмо, што мы з’яўляемся афіцыйным прадстаўніком, і ніякіх праблем пры правядзенні дзяржзакупак у іх няма. І вы гэтаксама можаце да нас звяртацца.

С. Гук: – Я ўжо расказвала пра льготы па набыцці бібліятэкамі літаратуры для вашых калег з Віцебскай бібліятэкі. Паўтару: сёння ёсць такія скідкі, і не толькі на сацыяльна значную літаратуру. Будзем разам працаваць!

Кнігагандаль у гарадках

– Святлана з Карэліч Гродзенскай вобласці. У нас у Карэлічах няма кнігарні, толькі аддзел ва ўнівермагу, дзе асартымент аднаўляецца вельмі марудна. Ці можна заказаць пэўную кнігу па каталогу?

С. Гук: – Па Мінску мы можам прапанаваць вам наступны варыянт. Шэраг кнігарняў горада працуе па схеме “Кніга – поштай”. Напэўна, ведаеце яе з савецкіх часоў. Прыкладам, у “Светачы” гандаль па сістэме “Кніга – поштай” вельмі актыўны. Думаю, вы вырашыце ўсе свае праблемы.

– І яшчэ пытанне. У гарадскім пасёлку Мір праходзяць масавыя культурныя мерапрыемствы. Ці не плануеце вы падчас іх кірмашы ці выязны гандаль?

С. Гук: – Раней у нас такое практыкавалася, праўда, разава, калі кнігарня “Светач” падчас аднаго з канцэртаў аркестра Міхаіла Фінберга арганізоўвалагандаль. Спроба аказалася ўдалаю. Але на гэтым праца прыпынілася. Думаю, у бліжэйшы час зрухі да лепшага будуць.

А. Вашкевіч: – Дзякуй вам за падказку! Мы якраз думаем пра пашырэнне сеткі і абавязкова дойдзем да вашага рэгіёна. Але што да кнігарняў у раённых цэнтрах, то не ўсё так проста. Вось у Рэчыцы кнігарні няма. Выйшлі мы на райвыканкам з прапановай: можам адкрыць краму. Але атрымліваем адказ: у цяперашні час вольных памяшканняў у цэнтры горада няма. І такое бывае, хоць усе разумеюць значнасць кнігі.

Паміж «Светачам» і «Ведамі»

– Музыкант з Мінска Вікторыя Рыгораўна. Не зусім, можа, да вас пытанне… Але тым не менш. На працягу многіх гадоў у цэнтры Мінска была цудоўная крама “Ноты”. Яна знаходзілася непадалёк ад плошчы, якую нефармальна называлі Музычнай. На ёй – Беларускі саюз кампазітараў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 10-я дзіцячая музычная школа і Рэспубліканская гімназія-каледж пры Акадэміі музыкі. І навучэнцы, і педагогі карысталіся менавіта гэтай нотнай крамай па вуліцы Леніна. Цяпер гэты куток практычна пазбаўлены крыніцы спецыяльнай літаратуры па тэорыі і гісторыі музыкі, нотных выданняўЦі плануецца адкрыць у цэнтры горада такую спецыялізаваную краму? Каб была магчымасць набываць, можа нават і букіністычную нотную літаратуру, бо выданняў такога напрамку ў нас няшмат.

С. Гук: – Пра тое, што кнігарня “Ноты” знікла з карты Мінска, мы таксама шкадуем. Сапраўды, яна была адным з цэнтраў культурнага жыцця ў горадзе. Але час ідзе, і сёння даводзіцца адрасаваць вас у нашу кнігарню “Светач”, там дастаткова моцны аддзел музычнай літаратуры. Ва ўсякім разе, тое, што выдаецца з музычнай літаратуры ў нашай краіне, мы стараемся накіроўваць у гэтую кнігарню. Вы самі разумееце: выдаўцоў музычнай літаратуры няшмат, гэта карпатлівая праца, сабраць асартымент для прадстаўлення ў кнігарні – складана. Што да букіністыкі… Ёсць добры аддзел букіністычнай літаратуры ў Доме кнігі “Веды” на Карла Маркса. Там вы знойдзеце і музычную літаратуру ў тым ліку.

Пра сваё, надзённае

– Добры дзень, гэта Наваполацк, кнігарня № 24, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Алена Васільчанка. Цікавіць пытанне па заработнай плаце. Пры пераходзе ў падпарадкаванне да “Белкнігі” нам абяцалі, што ўсё будзе добра…

А. Вашкевіч: – Будучыня залежыць толькі ад вашай працы.

– Мы сумленна працуем і планы выконваем!

А. Вашкевіч: – Тое, што змяншэння зарплаты не будзе, паабяцаю вам дакладна. Яе трэба павялічваць, я разумею гэта. Таму ўсе грошы, якія будуць зарабляцца, будуць траціцца толькі на зарплату. Праграмы па рамонце і рэканструкцыі, якія існавалі, пакуль што звернутыя.

– Гэта Свіслач, Таццяна. Наколькі работнікі кнігагандлю ведаюць ідэйна-мастацкія вартасці кніг, якія яны прапаноўваюць?

А. Вашкевіч: – Зразумела, што ўзровень падрыхтоўкі людзей, якія ў нас працуюць, розны. Па стажы працы ў галіне, па адукацыі. Але не стану гаварыць, што няма спецыялістаў, якія глыбока валодаюць пытаннямі гандлю. Напэўна, тут будзе дарэчы згадаць пра конкурс, які праводзіцца ў “Белкнізе”, – конкурс прафесійнага майстэрства сярод прадаўцоў нашай кнігагандлёвай сеткі. Наш прадстаўнік – вядучы спецыяліст Таццяна Шлапак – удзельнічала і ў Трэцім усерасійскім конкурсе кнігагандлёвых работнікаў у 2010 годзе ў Маскве, дзе заняла ганаровае трэцяе месца.

Хто ходзіць з рыдарам?

– Прамая лінія? У мяне пытанне такога кшталту. Цяпер асабліва заўважны на побытавым узроўні тэхнічны прагрэс. Менш людзей чытаюць кнігу традыцыйную, усё больш карыстальнікаў Інтэрнэту альбо – на вуліцах – людзей з планшэтамі. Як вы ўспрымаеце такія формы чытання? Ці ёсць будучыня ў кнігі папяровай? Хацелася б пачуць пра вашы адносіны да ініцыятывы выпуску электронных падручнікаў для школьнікаў і чытання іх на планшэтах.

А. Вашкевіч: – Сапраўды, жыццё не стаіць на месцы, яно рухаецца. Мы ж прадаём кнігі традыцыйныя і з гэтага жывём. Таму будучыню кнігі друкаванай бачу, бліжэйшыя гадоў 20 істотнага змяншэння сегменту гэтага рынку не будзе. А электронная кніга ёсць, і планшэты, рыдары ёсць у продажы і ў сістэме “Белкнігі”.

С. Гук: – Летась у Маскве быў Усерасійскі конкурс работнікаў кнігагандлю, у ім удзельнічаў і наш спецыяліст, я пра гэта згадвала. Хатнім заданнем з’яўлялася конкурсная праца, якая так і называлася: “Ці ёсць будучыня ў друкаванай кнігі?”. Усе 20 удзельнікаў адказалі: ёсць. Прычым аргументы былі досыць розныя. Удзельнічалі таксама людзі з вялікім вопытам працы – і яны пагадзіліся з тым, што кніга традыцыйная саступіць месца электроннай не можа.

– Я, аднак, як студэнт бачу, што маладыя людзі ходзяць не ў бібліятэкі, а ў інтэрнэт-клубы. Як, на ваш погляд, можна павысіць цікавасць да кнігі і чытання?

С. Гук: – Так, моладзь больш цікавіцца тэхнічнымі навінкамі. Але ўсё жыццё вы не станеце чытаць электронныя кнігі. Пройдзе некалькі гадоў – вы вернецеся да звычайнай папяровай і пойдзеце ў бібліятэку. І сваіх дзяцей будзеце вучыць не па электроннай кнізе, а па звычайнай – па азбуцы, па казках з ілюстрацыямі, кніжках-размалёўках.

Крыніца: Газета “Літаратура і мастацтва”, № 26, 01.07.2011

Чытайце таксама:
Кніга – праз падпіску

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам