ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дум і слова ўладар
Нізка пачуццяў

Плённы саюз мужчыны і жанчыны

Плённы саюз мужчыны і жанчыны
Іншыя навіны

Андрэя Жвалеўскага і Яўгенію Пастэрнак друкуюць немалымі тыражамі, па некалькі разоў перавыдаюць і экранізуюць. Здаецца, што яны маюць поўныя кішэні грошай і працуюць строга па сваім бізнес-плане.


Здаецца, што яны маюць поўныя кішэні грошай і працуюць строга па сваім бізнес-плане. Спачатку пісалі любоўныя раманы, потым пераключыліся на дзіцячую літаратуру, ды так удала, што можна пазайздросціць. А ўзнікла праблема спайсу – яны адразу адзначыліся кнігай “Охота на василиска”.

– Андрэй, Яўгенія, як гэта ўдала ў вас атрымалася. А мо, прабачце, вы кан’юнктуршчыкі, маркетолагі, так бы мовіць, ад літаратуры? – першае сваё пытанне задаю, што называецца, прама ў лоб.
Яўгенія
: – Усё ішло, як ішло. Адну кнігу выдалі, пра што далей пісаць, не ведалі, па-сапраўднаму нічога не чапляла. А тут у маёй старэйшай дачкі Сашкі ў гімназіі быў бацькоўскі сход, дзе паказалі фільм пра шкоду спайсаў. Гэты эпізод і ў кнізе нашай: на экране паказваюць страшныя кадры, а дзеці смяюцца.

Андрэй: – Наконт кан’юнктуры. Мы пачалі пісаць кнігу год таму, калі яшчэ не было сённяшняга жаху. Хоць некалькі трагедый ужо здарылася, але інфармацыі яшчэ было мала, мы з цяжкасцю здабывалі яе ў спецыялістаў, нарколагаў. Адкрыццяў было многа. Я, напрыклад, думаў, а большасць грамадства, напэўна, і зараз так думаюць, што ад наркотыкаў трэба адганяць палкай. І чым яна цяжэй, тым лепей. Псіхолагі, з якімі мы многа гутарылі, упэўнены: запалоханы чалавек – гэта лёгкая здабыча для наркагандляроў. У яго няма свайго меркавання, яму патрэбны аўтарытэт. І гэты самы аўтарытэт кажа: “На, паспрабуй, будзеш нармальным хлапчуком!” Дзіця спрабуе, пераадольвае агіду ад першай зацяжкі, і далей мы маем тое, што маем.

– Як тэст-аўдыторыя, а я ведаю, што тэкст кнігі вы размясцілі ў Інтэрнэце для абмеркавання, ацаніла вашы высілкі? Смешна не было?
Яўгенія
: – Рэакцыя была рознай. Напрыклад, піша мне дзяўчынка з Масквы: “Навошта паліць у школьным туалеце, як у вас гэта напісана? Навошта рызыкаваць? Можна ж выйсці за тэрыторыю школы, і ніхто мяне не кране”. Уяўляеце?
Андрэй: – Мяне вельмі засмучае, што сем’і, куды прыйшла спайсавая бяда, гатовы перакласці адказнасць за гэта на каго заўгодна, і ў першую чаргу на настаўнікаў. А калі сумленна разабрацца ў прычынах наркаманіі, то асноўная – адсутнасць кантакту бацькоў з дзяцьмі. Бацька і маці перастаюць быць аўтарытэтамі, іх месца займаюць іншыя людзі, не заўсёды годныя. Наша кніга – гэта максімальна сумленны аповед пра спайсы. Гэта проста інфармацыя для бацькоў, настаўнікаў, падлеткаў. Далей яны самі павінны вырашаць. І вось яшчэ што: кнігу пісалі не толькі пісьменнікі Пастэрнак і Жвалеўскі, а ў першую чаргу бацькі. І ў мяне, і ў Жэні – дзеці, і мы робім усё магчымае, каб бяда не стаяла каля нашых дзвярэй, каб тысячы бацькоў уздыхнулі з палёгкай. Толькі вось, што мы даведаліся ў час працы над кнігай. Перамагчы наркаманію як з’яву немагчыма. Гэта трэба прыняць і змагацца за канкрэтных людзей. Пераважна барацьба з наркаманіяй часцей за ўсё ператвараецца ў барацьбу з наркагандлем. І як нам сказаў адзін нарколаг, змагацца трэба не з наркотыкамі, а за здаровы лад жыцця, за добрыя адносіны ў сям’і. Пра гэта мы таксама пісалі.

– Пазнаёмілася з вашай творчасцю і біяграфіямі і прыйшла да такой высновы: каб стаць паспяховым пісьменнікам, трэба мець тату-выдаўца, мужа, у якога ёсць сябар з добрымі пісьменніцкімі здольнасцямі, і дзвюх дачок, з якіх можна спісваць сюжэты, – гэта з боку Яўгеніі. З боку Андрэя: добрага сябра з разумнай жонкай і далей па спісе... Ці згодны?
Яўгенія
: – Гэта факт. Сапраўды, мой бацька Барыс Натанавіч, журналіст, а зараз выдавец. У яго выдавецтве “Час” друкаваліся творы Салжаніцына, Платонава. Андрэй таксама з журналісцкай сям’і. А пазнаёміліся мы не дзякуючы майму мужу, а калі ўдзельнічалі ў студэнцкім тэатры фізфака БДУ.

Андрэй: – Калі мы прыйшлі да Жэнінага бацькі, ён быў супраць таго, каб мы выдаваліся ў яго. Але да таго часу я напісаў некалькі кніг з Ігарам Мыцько, таму мы былі знаёмы з Алай Міхайлаўнай Гладковай, дырэктарам “Часу”, і яна сказала: “Ад мяне аўтары жывымі не сыходзяць, і вы будзеце выдавацца тут!”

Яўгенія: – Але ў нашай справе наогул многае залежыць ад выпадку. У нас было вельмі шмат супадзенняў, выпадковасцей. Напрыклад, наша першая кніга “М + Ж” пра выдавецкі свет: мы пісалі пра тое, што добра ведаем знутры. У выніку атрымалася, што кніжнікі, якія яе чыталі, пазнавалі там сябе.

Андрэй: – І тое, што мы потым пераключыліся на падлеткавую літаратуру, таксама было вельмі своечасова, хаця многія, калі даведаліся аб гэтым, называлі нас вар’ятамі, бо, да прыкладу, любоўныя раманы – гэта тыражы, грошы, а дзіцячая літаратура нікому не патрэбна. Але мы стратэгіі ніякай не адбудоўвалі, не аналізавалі. Усё атрымалася выпадкова. І калі вы хочаце атрымаць ад нас рэцэпт поспеху, то ён такі: “Не трэба нічога спецыяльна прыдумваць. Трэба рабіць тое, што хочацца”. Тая ж Джаан Роўлінг напісала сваю кнігу насуперак усім тэндэнцыям. У выдавецтве, убачыўшы яе “Гары Потэра”, круцілі пальцам ля скроні. Аказалася ж, што яна праклала дарогу кнігам гэтай тэматыкі, з’явілася мноства паслядоўнікаў. Хоць вяршкі сабрала яна сама.

Яўгенія: – Што тычыцца іншых пісьменнікаў, то магчыма, іх час яшчэ не прыйшоў. Да таго ж невядома, хто з нас застанецца ў гісторыі і што пра нашы кнігі будуць казаць праз сто гадоў. Не выключана, што геніем прызнаюць таго, пра каго цяпер нічога не чуваць.

– Зараз многія пішуць любоўныя раманы і сцэнарыі, але не ўсім шчасціць, як вам. Экранізацыя вашай кнігі “М + Ж” – гэта таксама прадуманы маркетынгавы ход?
Яўгенія
: – Гэта якраз працяг той выпадковасці, пра якую я казала раней. На выставе прадаўцы параілі нашу кніжку прадзюсару, які праходзіў міма. Але фільму вельмі не пашанцавала. Яго досыць доўга рабілі, а потым ён трапіў у самы разгар крызісу 2008-2009 гадоў, таму былі праблемы з пракатам.

– Чаму не экранізуеце свае гісторыі пра падлеткаў? На гэтым грошай не заробіш?
Яўгенія
: – Наш час, думаю, пакуль не прыйшоў. Быў перыяд, калі нам раз у тыдзень тэлефанавалі прадзюсары з прапановай экранізаваць “Время всегда хорошее”. Мы былі “за”. Але прадзюсары ведаюць толькі “Адзін дома” і просяць нас напісаць нешта падобнае. Хоць фільму гэтаму ўжо дваццаць гадоў. Ён быў зняты ў іншай краіне, у іншую гістарычную эпоху, і калі б ён цяпер выйшаў, то праваліўся б. Але калі мы кажам, што самі напісалі сцэнарый і не будзем нічога перарабляць, з намі развітваюцца.

Андрэй: – Нядаўна нашым сцэнарыем зацікавіўся адзін беларускі прадзюсар. Працэс гэты не хуткі, таму мы чакаем.

– Скажыце, а на напісанні кніг можна разбагацець? Ці не ад таго ў нас з’яўляецца мала годных кніг, што гэта дрэнна аплачваецца?
Андрэй
: – Дастаеўскі заўсёды марыў перарабіць свайго “Ідыёта”: ён хутка яго пісаў, бо не было чаго есці. Нас кнігі не кормяць. Я зарабляю асноўныя грошы тым, што пішу сцэнарыі для тэлебачання. Самая паспяховая наша кніга “Время всегда хорошее” была напісана, калі я на паўгода ўсё закінуў і мы сядзелі толькі над ёй.

– Калі б да вас звярнуліся з прапановай уключыць якую-небудзь з вашых кніг у школьную праграму, што б выбралі?
Андрэй
: – Мы б са слязьмі на вачах прасілі не рабіць гэтага. Мая асабістая трагедыя звязана з “Майстрам і Маргарытай”. Я яе чытаў у часопісным варыянце, калі кнігу яшчэ не надрукавалі, люблю Булгакава, а калі яго ўключылі ў школьную праграму, што мы пачулі? Вобраз таго, характар другога – такая нуда. І, урэшце, ты губляеш чытачоў.

Цяпер дзеці пампуюць з інтэрнэту рэфераты і зусім не адчыняюць кнігу. Нават з нашымі здараюцца анекдатычныя выпадкі, калі хлопчык падыходзіць да прылаўка, прадавец звяртае яго ўвагу на новую кнігу, а ў адказ чуе: “Пастэрнак? Школьная праграма? Ні за што!” Прозвішча Жэні і без школьнай праграмы нам шкодзіць. Яна, дарэчы, нават хацела ўзяць псеўданім. Але мы толькі вітаем, калі настаўнікі ўключаюць нашы кнігі ў варыятыўную частку школьнай праграмы, калі дзеці самі выбіраюць, што ім чытаць з прапанаванага.

– Раскажыце, што лепш чытаць дзецям і як бацькам прывучыць іх да гэтага?
Андрэй: – Прымушаць – гэта лепшы спосаб адбіць ахвоту чытаць. Няхай чытаюць усё без разбору. Вядома, спачатку ў вас пачнуць варушыцца валасы ад таго, што яны выберуць – “Чарапашкі ніндзя”, “Вінкс” і г.д. Але дзеці разумныя. Яны вельмі хутка гэтым насычаюцца, я гэта бачу па сваёй дзевяцігадовай Крысціне, якая, дарэчы, чытае з чатырох гадоў. Яна гэта перарасла, цяпер цікавіцца сур’ёзнай літаратурай.

Яўгенія: – Цяжка адгадаць, каму што спадабаецца. Мая малодшая Наташа вельмі любіла аўдыякнігі. Я запампоўвала на флэшку ўсё запар, і аднойчы, калі ёй было гадоў шэсць, прыходзіць да мяне: “Мама, там та-акая казка!” Аказалася, праслухала “Хобіта”. Потым яна яго і перачытала. Гэта яе выбар, а не мой.

Андрэй: – Проста кніжкі павінны быць роўным пластом раскіданы па кватэры, пастаянна на вачах. Нешта зачапіла дзіця – бярэ, чытае. Нецікава – бярэ другую, шукаючы такім чынам сваю. Гэта, падкрэсліваю спецыяльна, наша суб’ектыўная думка, дакладнага рэцэпта ні мы, ды, падаецца, ніхто ў свеце не ведае.

Аўтар публікацыі: Наталля Сцяпура.

Крыніца: газета “СБ – Беларусь сегодня”

Читайте также:

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам