ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Чарнобыль у інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
25 красавіка 1945 года. 14 дзён да Перамогі

Пісьменнік Андрэй Федарэнка: Тэрмін «поспех» можна зразумець і растлумачыць толькі духоўна

Пісьменнік Андрэй Федарэнка: Тэрмін «поспех» можна зразумець і растлумачыць толькі духоўна
Іншыя навіны

Што цяпер трэба зрабіць, дык гэта «праглынуць» новую кнігу аднаго з найлепшых беларускіх пісьменнікаў Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро». Прынамсі тым, хто яшчэ не праглынуў: кніга выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў сакавіку і сёння даступная ў крамах. Гэта вытанчаная дэтэктыўная гісторыя, галоўным героем якой становіцца паэт і літаратурны супрацоўнік рэдакцыі Віктар Рак. Калі вы знаёмыя з творчасцю спадара Андрэя – а ён з'яўляецца аўтарам кніг «Нічые», «Мяжа», «Сечка», «Вёска», «Сузіральнік», альбо можна згадаць «Шчарбаты талер» і «Афганскую шкатулку» для дзіцячай аўдыторыі, – вы адразу пазнаеце яго ў нашым інтэрв'ю – у яго стрыманых, але змястоўных адказах. Лаканічнымі выразамі гаворка пайшла пра COVІD-19, беларускую мову, кніжныя наклады, Нобелеўскую прэмію і поспех беларускай нацыі.

– Спадар Андрэй, увесь свет зараз мусіць прымаць новую рэальнасць пры пандэміі каранавіруса. Як праз распаўсюджанне COVІD-19 змянілася ваша ўласнае жыццё і як, на ваш погляд, яно паўплывае на сферу літаратуры?

– Маё жыццё змянілася толькі тым, што ў людных месцах я пачаў насіць маску. А агульнае жыццё ідзе, як ішло адвеку. На прыгрэве каля дома бела-ружовымі кветкамі расцвіў вялікі абрыкос; у лесапарку тонка – аддалёк чуваць – пахнуць фіялкі; прыляцеў знаёмы шпак, які, каб прывабіць самку, стараецца шчоўкаць пад салаўя. А як каранавірус паўплывае на літаратуру ў цэлым? Хутчэй за ўсё, адбудзецца тое, што і пасля Чарнобыля: напачатку выплюхнецца неверагодная колькасць кан'юнктуры з адпаведнымі назвамі, а потым прыесца, састарэе і стане нямодным.

– Тэма COVІD-19 вам здаецца вартай мастацкай літаратуры? Вы б уплялі каранавірус у свой новы твор, няхай тэарэтычна?

– Нават не тэарэтычна. Прыкладна паўгода назад я пісаў фінал, дзе герой пасля замежнай паездкі пачаў кашляць, чэзнуць і вельмі хутка памёр, але гэта падалося мне такім штучным, ненатуральным, што давялося адкінуць экзатычную хваробу і шукаць іншыя, больш «рэальныя» прычыны прыбраць беднага персанажа.

– Многія, хто застаў Чарнобыль, распад СССР, галечу 90-х, пустыя паліцы ў крамах, талоны і гэтак далей, тым не менш кажуць, што за ўсё жыццё не бачылі нічога падобнага да таго, што адбываецца сёння. Якімі вам бачацца маштаб і сутнасць сённяшніх падзей?

– Чалавецтва ў такіх выпадках дзеліцца на дзве часткі: адна перабольшвае значэнне падзеі, другая пераменшвае, а праўда, як заўсёды, пасярэдзіне. Я адношу сябе да ўмераных аптымістаў. Мы жывём ва ўмовах «кароны» ўжо амаль чатыры месяцы – і жывём. У Кітаі гэтая пошасць зарадзілася, у Кітаі з ёю справіліся – не бачу прычын, чаму па такім самым сцэнарыі не можа адбыцца ва ўсім іншым свеце.

– У сакавіку выйшла ваша новая кніга «Жэтон на метро». У выніку дэтэктыўнай гісторыі паэт Віктар Рак, а паралельных персанажаў тут даволі шмат, аказваецца, скажам так, пераможцам. Ці можна лічыць гэта такім свядомым ці падсвядомым жаданнем «узнесці» творчага чалавека над іншымі?

– Нехта з вялікіх сказаў, што толькі паэта можна назваць чалавекам у сапраўдным сэнсе слова. Анатоль Сыс любіў паўтараць: беларусы – нацыя паэтаў. Ён, канешне, не меў на ўвазе, што кожны піша ў рыфму, а казаў пра тое, што нам надзвычай уласціва адчуванне гармоніі і прыгажосці. Я ў жыцці і ў творах часта чапляюся да выразу «дабіцца поспеху». Што гэта такое? Стаць багатым? Не. Усе ведаюць, але ніхто не можа адказаць. Мне ж здаецца, што тэрмін «поспех» можна зразумець і растлумачыць толькі духоўна, ён якраз са сферы паэзіі, а не з нашага наскрозь матэрыялізаванага рэалістычнага быцця. У інтэрнэце была гісторыя пра нейкага мільярдэра, які пацярпеў фінансавы крах, перасяліўся з сям'ёю ў глушэчу, без капейкі грошай, і нечакана адчуў незямное шчасце, заявіўшы: вось цяпер да мяне дайшло, што такое сапраўдны поспех.

– Такім чынам, беларусы – нацыя паспяховых людзей?

– Абсалютна. Нам апрыёры гарантаваны поспех, хоць бы таму, што мы нарадзіліся ў самым лепшым кутку зямлі.

– Традыцыйныя персанажы, як дэтэктыў, «журналіст», «ракавая жанчына», у вашай кнізе праламляюцца праз беларускае асяроддзе і паўстаюць у новай, нешаблоннай, якасці. Як беларускі кантэкст уплывае на тое, якімі вы выпісваеце сваіх герояў?

– У нас – я і сам не ведаю чаму – практычна ўся літаратура лепіцца і хапаецца за нешта часовае: заняпад роднай мовы, матэрыяльныя цяжкасці, кепскае начальства і іншае. Я ж ствараю ці, прынамсі, стараюся ствараць сітуацыі, дзе гэтае часовае нібыта ўжо вырашана. Давайце ўявім – у нас ідэальная краіна, бездакорнае кіраўніцтва, усе на сто працэнтаў гавораць па-беларуску. І мы ўбачым, што пры такім раскладзе на свет белы вылезуць іншыя праблемы, і вось з імі куды цікавей разбірацца, чым з часовымі, якія рана ці позна, канешне, будуць вырашаны якімсьці чарговым дэкрэтам.

– Думаеце, заняпад беларускай мовы можна выправіць так лёгка?

– Уладзімір Дамашэвіч некалі казаў, што гэты заняпад (заняпад, падкрэслім, штучны) можна выправіць нават не за тыдзень, а ўсяго за адну ноч – як толькі па-беларуску загаворыць начальства, ад ніжэйшага да вышэйшага. Праўда, казалася тое ў застойны перыяд, калі вяршыня мары для многіх была, каб іх дзеці сталі начальнікамі.

– Галоўны герой працуе ў выданні з прозай і паэзіяй аўтараў – вы самі маеце такі досвед у беларускіх часопісах і газеце. Раскажыце пра тую работу: ці шмат было талковых аўтараў і як будавалася асабістая камунікацыя з імі? Можа, былі нейкія цікавыя здарэнні?

– Разумных, пісьменных, таленавітых аўтараў – пераважная большасць. Такіх не столькі правіш, колькі сам вучышся ў іх. Што да цікавых здарэнняў – тут уступае ў сілу рэдактарская і звычайная чалавечая этыка... Хоць – самы распаўсюджаны выпадак, калі, напрыклад, тры чалавекі ў рэдакцыі па чарзе перапісваюць якога-небудзь глухога да слова графамана, так, што ад яго «тэксту» практычна нічога не застаецца, ён бачыць твор надрукаваным і ганарліва надзімаецца: «І што вы тут правілі? Цудоўна напісана».

– Выдадзена ўжо больш за дзесяць вашых кніг, вашыя творы ўключаны ў праграму школ і ВНУ, вас называюць «жывым класікам беларускай літаратуры», пры гэтым наклад «Жэтона» складае тысячу асобнікаў. Ці здаецца вам такая лічба дастатковай?

– На цяперашні час і ў нашых варунках гэта самы аптымальны наклад. Акрамя таго, не трэба забываць, што ў нас ніхто пальцам не варушыць наконт абароны аўтарскіх правоў. Не паспееш напісаць, як усё ўжо вісіць на бог ведама якіх сайтах.

– Але як вы думаеце, чаму беларуская літаратура мае нізкую запатрабаванасць?

– У нас з дзвюх дзяржаўных моў адна знаходзіцца ў непараўнальна горшых, чым другая, штучна створаных умовах. Трэба стварыць роўныя ўмовы, нават не роўныя, а для беларускай у разы лепшыя, ільготныя. Так будзе па-дзяржаўнаму мудра і па–чалавечы справядліва.

– Але паглядзіце: кнігі ў нас пішуцца і на рускай мове, даступнай абсалютнай большасці насельніцтва, але сітуацыю гэта не мяняе. Нават наадварот, беларускамоўныя пісьменнікі каціруюцца больш.

– Тут крыху іншая опера. Беларуская руская мова – гэта не зусім мова Талстога і Чэхава. І мне чамусьці здаецца, што чытачу з «большасці насельніцтва» прасцей выбраць кнігу карэннага рускага пісьменніка ў параўнанні з рускамоўным аўтарам-беларусам. Тым больш такі аграмадны выбар – цэлая Расія пад бокам.

– Калі інструменты кшталту накладу выдадзеных кніг і згадак у медыя не працуюць, чым у нашай літаратуры, на ваш погляд, можна вымераць поспех?

– Адзіны вядомы мне спосаб – дабіцца прызнання дзе-небудзь за мяжой, а потым вярнуца на радзіму. Бо, як пісаў паэт, «сказана было не мной – няма ў зямлі сваёй прарока».

– Вы неяк казалі, што Нобелеўская прэмія не з'яўляецца паказчыкам вартасці твора. Ці змянілася ваша стаўленне да прэміі, калі яе атрымала Святлана Алексіевіч?

– Калі ў пачатку ХХ стагоддзя прыдумалася прэмія Нобеля, літаратура была альфай і амегай грамадскага жыцця. Можна было не ведаць фізікі, матэматыкі і медыцыны, але літаратуру ў той ці іншай ступені ведалі ўсе (а ўжо «разбіраліся» ў ёй дык дакладна). Цяпер яе функцыі настолькі звужаныя, крытэрыі разумення яе настолькі размытыя, настолькі суб'ектыўныя, што ўсё часцей чуюцца аўтарытэтныя галасы, каб у галіне літаратуры гэтую прэмію ўвогуле адмяніць.

– Якраз галоўны герой «Жэтона на метро» ў станаўленні і развіцці нацыі прызнае толькі ролю літаратуры. Гэта і ваша меркаванне таксама?

– У мяне розныя героі гавораць самыя розныя рэчы, адпаведна сваім характарам. Гэта зусім не значыць, што і я так лічу. Віктар Рак – фанатык літаратуры, акрамя яе нічога для яго больш не існуе. Зразумела, што кожны шавец сваё шыла хваліць і вышэй за ўсё ставіць.

– Па вашай кнізе «Шчарбаты талер» на «Беларусьфільме» быў зняты серыял «Тры талеры». Ці спадабалася вам увасабленне вашага ўласнага твора на экране?

– Не спадабалася. Да такой ступені, што нават хочацца калі-небудзь напісаць саркастычны раман пра кінастудыйныя справы. У якім, праўда, кінастудыя будзе не рэальная, а выдуманая, напрыклад, як МАССАЛІТ у Булгакава.

– Якіх беларускіх і замежных аўтараў, у тым ліку сучасных, вы чытаеце?

– Хоць Сенека і вучыў: «Чытай толькі кнігі, правераныя часам» – я чытаю ўсё, што трапляе пад руку і на вочы – сваіх і замежных, класіку і сучаснікаў, старэйшых за сябе і маладзейшых, чытаю да таго, што не заўсёды хапае часу пісаць сваё. Знарок не называю прозвішчаў, каб не навязваць нікому свой густ, бо нічым добрым такое навязванне звычайна не канчаецца.

Аўтар публікацыі: Ірэна Кацяловіч.

Крыніца: газета «Звязда»


covid-19.jpg
   Чытайце таксама свежыя рэцэнзіі на творы беларускай літаратуры ў новай рубрыцы "Блог прафесійнага чытача" Маргарыты Латышкевіч.


Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам