ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
V Мінская міжнародная выстаўка графікі “Арт-лінія”
Следам за Властам

Персанальнай энцыклапедыі “Максім Танк” – быць!

Персанальнай энцыклапедыі “Максім Танк” – быць!
Іншыя навіны

Беларусь у некаторай ступені з’яўляецца лідарам у стварэнні і выданні персанальных энцыклапедычных слоўнікаў.


Фаліянты пра Я. Купалу, Ф. Скарыну, М. Багдановіча (пералічана па часе выдання) сталі падзеяй увогуле для славянскага свету, для міждзяржаўнай энцыклапедычнай прасторы. Шкада, што, акрамя інфармацыйнай засяроджанасці, не вельмі ўважліва адносіцца да іх з’яўлення і прысутнасці ў нацыянальнай культуры перыядычны друк. Асабліва відаць гэта па энцыклапедыі “Максім Багдановіч”. А між тым падрабязны іх разгляд, дэталёвае рэцэнзаванне дапамаглі б абазначыць перспектывы, выявіць магчымыя хібы, пралікі. Няўжо мінуў час уважлівых чытачоў?..

Сваімі развагамі на гэту тэму дзеліцца журналіст газеты «Літаратура і мастацтва» Васіль Снусцік.

– Тым не менш Беларусь – лідар... Так, не існуе трывалага вызначэння “персанальнай энцыклапедыі”. Давайце тады, маючы перад вачыма хаця б згаданыя беларускія прыклады, паспрабуем сфармуляваць найбольш дакладнае вызначэнне. Такім чынам, персанальная энцыклапедыя – слоўнік ці даведнік, у якім сабрана максімальная колькасць звестак пра вартую шырокай грамадскай увагі асобу. Магчыма, нехта прапануе іншае азначэнне. Калі ласка, давайце разам абгрунтоўваць існуючую ўжо з’яву. Дык хіба не з’яўляюцца “вартымі шырокай грамадскай увагі” такія постаці беларускай нацыянальнай культуры, як Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч?! Як кажуць, спіс прапаноў можна доўжыць. А можна і сканцэнтраваць увагу на 3-4 дзеячах культуры, асветы і агульнымі намаганнямі рэалізаваць творчыя праекты. Альбо – хаця б пачаць іх рэалізацыю з разлікам на тое, што пачатае ўсё ж будзе завершана. Няхай сабе і наступнікамі. Дарэчы, адзін з праектаў мог бы быць супольным. Чаму б за рэалізацыю падрыхтоўкі энцыклапедыі “Адам Міцкевіч” не ўзяцца навукоўцам і энцыклапедыстам Беларусі, Польшчы, а мо нават Літвы, Расіі, Францыі і Украіны?..

А гэты год, які з’яўляецца юбілейным для Максіма Танка (першае стагоддзе яго прысутнасці ў вечнасці!), можа стаць падставай для пачатку работы над персанальнай энцыклапедыяй, прысвечанай волату беларускай паэзіі. Патрэба ў такім выданні мне бачыцца па розных прычынах. Па-першае, не выклікае ніякіх сумненняў, як мне падаецца, сама асоба. Пачаў друкавацца ў 1932 годзе. Адпрацаваў у літаратуры больш як паўвека. Народны паэт Беларусі. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат Ленінскай прэміі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Амаль 20 гадоў быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. Больш як 20 гадоў – старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Па-другое, Максім Танк праявіў сябе сапраўдным абаронцам паэзіі як віду мастацкай дзейнасці перад рознымі павевамі часу. У творчасці нашага легендарнага суайчынніка выявілася шмат лёсавызначальных для беларускай паэзіі адметнасцей.

Максім Танк, здаецца, бачыў увесь мастацкі свет. І яго голас, голас святой Нарачы, роднай Пількаўшчыны, голас Беларусі, праз слова Танка пачулі многія народы. Толькі асобнымі кнігамі вершы беларускага паэта выходзілі на рускай, англійскай, арабскай, балгарскай, іспанскай, казахскай, кітайскай, каракалпакскай, літоўскай, латышскай, малдаўскай, польскай, сербалужыцкай, славацкай, таджыкскай, туркменскай, узбекскай, украінскай, чэшскай, эстонскай мовах. Звярнуўшыся да асобы Максіма Танка ў фармаце энцыклапедыі, можна было б надаць новую вагу аўтарытэту нацыянальнай паэзіі. Ды і паэзіі ўвогуле. Па-трэцяе, для таго, каб заняцца танкаўскай персанальнай энцыклапедыяй, ёсць і шырокія крыніцазнаўчыя магчымасці. Пра класіка напісаны шэраг кніг. Завяршаецца выданне новага шматтомнага Збору твораў. Відавочна, у юбілейны год рыхтуюцца новыя манаграфічныя даследаванні.

Нядаўняя работа выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” над энцыклапедыяй “Максім Багдановіч” сведчыць, што ў краіне ёсць магутны творчы і выдавецкі цэнтр для рэалізацыі падобнай задачы. Работа над энцыклапедыяй “Максім Танк”, несумненна, прыцягнула б увагу літаратуразнаўцаў, культуролагаў з іншых асяродкаў. Найперш – з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пасля – музейшчыкаў, краязнаўцаў. Ёсць спадзяванні, што такога кшталту энцыклапедычны праект ускалыхнуў бы і правінцыйныя навуковыя асяродкі. А газета “Літаратура і мастацтва” альбо часопісы “Полымя” ці “Роднае слова” маглі б першыя артыкулы друкаваць у якасці абмеркавання.

Канечне ж, сённяшні час патрабуе і ўкаранення новых тэхналогій. Энцыклапедыя “Максім Танк” у папяровым выглядзе магла б суправаджацца і электронным дадаткам. Галоўнае – напоўніцу сабраць даследчыцкі танказнаўчы матэрыял і выкарыстаць яго. А чытач, паверце, знойдзецца!

Крыніца: газета «Літаратура і мастацтва» № 12, 23 сакавіка 2012 г.

Чытайце таксама:

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам