ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Лёгкасць гістарычнай зброі
Прэзентацыя кнігі Вячаслава Бандарэнкі

Перавыданні ды ілюстрацыі

Перавыданні ды ілюстрацыі
Іншыя навіны

З галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктарам Шніпам карэспандэнт "ЛіМа" размаўляла пра перавыданне класічных твораў беларускай дзіцячай літаратуры, іх ілюстраванне і, вядома, чытанне разам з дзецьмі! А нагодай стаў юбілей Міхася Лынькова.


– Віктар Анатольевіч, апошнім разам “Мастацкая літаратура” перавыдавала “Міколку-паравоза” ў 2009 годзе. Кніжка была без ілюстрацый, але сёння яе складана знайсці ў кніжнай краме. Ці не плануецца новае выданне твораў Міхася Лынькова?
–Міхась Лынькоў – класік, а класіка заўсёды мае чытача. Міколка-паравоз – гэта своеасаблівы брэнд, які ведаюць большасць беларусаў. Твор неаднойчы перавыдаваўся. Выданне 2009 года ўжо разышлося.

Некалькі месяцаў таму да нас, па заканчэнні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва, прыйшлі на працу маладыя мастакі – Міхась Дайлідаў і Анастасія Капульцэвіч. У іх ёсць імпэт, жаданне і, галоўнае, выдатныя здольнасці. Кніжкі, над якімі яны працавалі, выглядаюць сучасна і стыльна. Я думаю, з імі мы і паспрабуем па-новаму праілюстраваць творы Лынькова. Нядаўна Анастасія ілюстравала новую кнігу Анатоля Казлова – “Той, хто абганяе сны”.

За апошнія дваццаць-трыццаць гадоў так склалася, што кніга прозы – гэта толькі вокладка і тэкст. Чытаеш, і няма за што вокам зачапіцца. Зразумела, дзіцячыя кнігі патрабуюць цікавага афармлення, але дарослыя – гэта тыя ж дзеці, якія проста выраслі і таксама хочуць убачыць у кнізе нешта прыгожае. Таму выданні для дарослага чытача мы таксама пачынаем ілюстраваць.

– У большасці беларускіх пісьменнікаў абавязкова ёсць адна-дзве кнігі, напісаныя для дзяцей. Некаторыя маглі б быць цікавыя сучасным дзецям, але тыя, што пабачылі свет пяцьдзясят гадоў таму, амаль немагчыма адшукаць у кнігарні ці інтэрнэце. Як ідзе справа з перавыданнем дзіцячых кніг?
–Сапраўды, кнігі для дзяцей выходзілі ўвесь час. Ёсць добрыя творы, якія выхоўвалі, прыносілі карысць чытачам. Пятрусь Макаль, Анатоль Вялюгін, Юрась Свірка… Час ад часу трэба вяртаць тое, на чым выхоўвалася маё пакаленне. У мінулым годзе мы ўпершыню за трыццаць гадоў перавыдалі вершы для дзяцей Пятра Глебкі. Афармляла кнігу “Наша лета” мастачка Надзея Барай. Малюнкі дапаўняюць вершы, кніга атрымалася вельмі гарманічнай. Тыраж – дзве з паловай тысячы асобнікаў – ужо разышоўся.

На днях у кнігарнях з’явіцца перавыданне “Рабінзона Круза”, перакладзенага на беларускую мову Аленай Васілевіч. Кніга выходзіла ў “Мастацкай літаратуры” ў 1976 годзе. Афармляў яе мастак Валянцін Макаранка, які цяпер таксама працуе ў нас. Ён адшукаў у архіве выдавецтва старыя ілюстрацыі, апрацаваў іх з дапамогай камп’ютара, і, спадзяюся, перавыданне будзе добрым падарункам для дзяцей і іх бацькоў!

Анастасія ж цяпер працуе над ілюстрацыямі да “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра – таксама класікі нашай дзіцячай літаратуры. У планах “Мастацкай літаратуры” – перавыданне дзіцячых кніг Авер’яна Дзеружынскага і Нэлі Тулупавай.

– Як ілюстраванне кніг адбіваецца на іх кошце?
– Магчыма, кніга падаражэе на пяць, дзесяць тысяч рублёў, але сёння гэта не надта вялікія грошы. Напрыклад, без малюнкаў выданне каштавала б пяцьдзясят тысяч, а будзе – шэсцьдзясят ці шэсцьдзясят пяць. І гартаць кнігу з ілюстрацыямі больш прыемна. Я дагэтуль памятаю “Палескіх рабінзонаў” свайго юнацтва – па чорна-белых малюнках!

– Калі меркаваць па поспеху “Нашага лета”, на перавыданне класікі можа быць большы попыт, чым на кнігі сучасных дзіцячых пісьменнікаў?
Чалавек заходзіць у кніжную краму і звычайна шукае знаёмае імя. Першая кніга невядомага аўтара насцярожвае: чаго ад яго чакаць? А Пятро Глебку бабулі і дзядулі, натуральна, адразу ўспомняць, бо гэта пісьменнік, якога яны чыталі самі, – блізкі для іх. Таму перавыдаваць класіку варта: каб яна працягвала жыць у нашым культурным асяроддзі, захапляла дзяцей.

Побач з Пятром Глебкам можна згадаць і Алеся Якімовіча, яго пераклад “Казкі пра залатога пеўніка” Аляксандра Пушкіна быў перавыдадзены ў гэтым годзе. Ілюстрацыі да кнігі – дыпломная работа Вольгі Максімовіч – мастака, дызайнера, нашага новага супрацоўніка. На сайце выдавецтва ёсць магчымасць пазнаёміцца з гэтай кнігай праз буктрэйлер.

– Згадаем зноў Міхася Лынькова: сёння падчас чытання “Міколкі-паравоза” многія эпізоды хочацца апусціць альбо крыху перафармуляваць. Мы ведаем, напрыклад, казачную аповесць Сельмы Лагерлёф “Дзівоснае падарожжа Нільса з дзікімі гусямі”, якая з’яўляецца вольнай перапрацоўкай перакладчыкаў і мае нямала скарачэнняў. Ці плануецца нейкім чынам адаптаваць для сучасных дзяцей творы Лынькова?
– Памятаю, адзін пісьменнік прыносіў у выдавецтва твор, дзе галоўным героем быў Міколка-паравоз. Але, на мой погляд, выкарыстоўваць чужых персанажаў нельга. Міколка-паравоз належыць выключна Міхасю Лынькову! Народныя казкі можна асучасніваць, дадумваць ім працяг, але творы канкрэтных пісьменнікаў павінны захоўвацца ў тым стане, у якім былі напісаны. Не варта парушаць зробленае, нешта выкідаць. Раптам у выніку атрымаецца не твор, а кароткі пераказ? Белыя, чырвоныя, буржуі – гэта наша гісторыя, гэта тое, што было і чаго няма сёння, і таму чытаць цікава. Вядома, нейкія моманты ў кнізе давядзецца новым пакаленням патлумачыць…

– Якія кнігі з беларускай літаратуры вы чыталі ўласным дзецям? Ці здараліся запамінальныя эпізоды?
– Мне пашанцавала, бо мая жонка – Людміла Рублеўская, з якой дзеці заўсёды мелі што пачытаць. І нават удзельнічалі ў стварэнні “сямейнай” кнігі – “Прыгоды мышкі Пік-Пік”. Мы чыталі дзецям і беларускія народныя казкі, і новыя кнігі пісьменнікаў. Калі ў кнігах не было ілюстрацый, дзеці самі рабілі малюнкі – адразу ў тэксце. Маглі героям нешта дамаляваць – вусы, капялюш… Яшчэ чытаць не ўмелі, а слухалі і малявалі адпаведна сваім уяўленням. І на фотаздымках дамалёўвалі саміх сябе. Зрэшты, яны і выраслі мастакамі: Вераніка скончыла БДАМ, Максім вучыцца на чацвёртым курсе.

– Сёння ў інтэрнэце можна без праблем знайсці тэксты “Міколкі-паравоза”, аповесці “Пра смелага ваяку Мішку і яго смелых таварышаў”, але пошук ілюстрацый да гэтых твораў амаль безвыніковы. Як можна было б змяніць сітуацыю?
–Вядома, было б выдатна параўнаць ілюстрацыі рознага перыяду. Калі казаць пра дзіцячую кнігу, то праца і пісьменніка, і мастака тут аднолькава значная. Ёсць гісторыя літаратуры, але ёсць і гісторыя мастацтва, у прыватнасці кніжнай ілюстрацыі. Мы маем цэлыя дынастыі мастакоў, – напрыклад, дынастыю Волкавых – і аматарам кнігі было б цікава ведаць іх работы. Змясціць іх у інтэрнэце нескладана, але патрэбны чалавек, які б сам, па ўласнай ініцыятыве, гэтым заняўся.

Калі згадаць гісторыю выдавецтва, сёння ў нас адносна невялікі штат… Але энтузіясты заўсёды ёсць: Міхась Казлоўскі збірае кнігі і, напэўна, мае ўсе выданні “Міколкі-паравоза”: ад першага да апошняга. З яго дапамогай можна было б зладзіць самыя розныя праекты. Дарэчы, ён і прапанаваў нам зноў перавыдаць творы для дзяцей Міхася Лынькова.

Аўтар публікацыі: Алеся Лапіцкая.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 28.11.2014.

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам