ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Каралева жывога слова і пакутлівай праўды”
Рэзалюцыя VІ Форуму бібліятэкараў Беларусі

Паяднаныя ветрам

Іншыя навіны

Да друку рыхтуецца зборнік з васьмі навел Элізы Ажэшкі, прысвечаных паўстанню 1863 года. Тры з іх выходзяць па-беларуску ўпершыню. Творы пераклаў з польскай Анатоль Бутэвіч. Пра ўсе восем навел будучага выдання спецыяльна да 180-гадовага юбілею аўтаркі піша Святлана Воцінава.

Колькі б ні перачытвала навелы Элізы Ажэшкі пра паўстанне 1863 года, ніяк не магу пазбавіцца адчування, што вецер, які гудзе ў алеях старога парку ў “Смерці дома”, – гэта той самы вецер, што слухаў расповеды лесу ў “Gloria victis”.

Кранальная замалёўка “Смерць дома” не ўвайшла ў так званы паўстанцкі цыкл – не была ў яго ўключана самой аўтаркай, а “Gloria victis” – легенда-ўслаўленне – не толькі ўвайшла ў яго, але і дала яму назву. Такія розныя творы, такія розныя іх выдавецкія лёсы, а вецер, што блукае па іх старонках, выдзімае аб’ёмы шматсэнсавых выразаў і цярэбіць фасцыі міжрадкоўяў, – адзін…

Тры з навел, прадстаўленых у гэтым выданні, – “Смерць дома”, “Панна Ружа” і “Дзіўная гісторыя” – выходзяць па-беларуску ўпершыню і ўвогуле ўпершыню апынуліся побач. У змесце кнігі суседства іх загалоўкаў з загалоўкамі тых пяці навел, якія аўтарка ўключыла ў паўстанцкі цыкл, тых, якія выйшлі асобнай кнігай у 1910 годзе па-польску і ў перакладзе на беларускую мову папоўнілі скарбонку “Беларускага кнігазбору” ў 2020-м, азначае, што цяпер усе творы Элізы Ажэшкі, аднесеныя да “паўстанцкіх”, сабраныя разам. І хоць сама аўтарка не планавала іх аб’ядноўваць, больш за тое – дзве з трох “лішніх” навел пісаліся як частка іншага цыкла, разам яны ўтвараюць не проста збор, а нешта па-сапраўднаму цэльнае, нягледзячы на разнаякаснасць прадстаўніцтва: ад гумарэскі да драмы, ад дакумента да міфа, ад казкі да амаль рэпартажу з месца падзей. Цэльнасць забяспечваецца не адной тэмай – не толькі 1863 год аб’ядноўвае гэтыя творы. Вобразна кажучы, існуюць спецыфічныя сінапсы паміж асобнымі пазасюжэтнымі элементамі. Пачнём з таго, што “Смерць дома” з “Gloria victis” яднае не толькі вецер. Іх яднае яшчэ і той просты, але надзвычай эфектны і эфектыўны прыём, якім карысталіся, калі мастацтва было прымітыўным, якім карыстаюцца дзеці, да якога звяртаюцца фантасты і казачнікі, – прыём увасаблення, з дапамогай якога аўтар ажыўляе прадметы і з’явы, адухаўляе аб’екты расліннага і жывёльнага свету.

Смерць дома 1909.jpg

У навеле “Смерць дома” тужыць, аддаючыся ўспамінам, сабака, грукаюць па шыбах мокрымі пальцамі дрэвы, сварацца птушкі… Пукаты клавікорд з двума радамі жоўтых зубоў стаіць і шчарбатым ротам пытаецца: “Хто мяне возьме?” – а пры гэтым твор не з’яўляецца ні казачным, ні фантастычным. Наадварот, ён распавядае пра бязлітасную рэчаіснасць, назва якой – ліцытацыя, пра распродаж маёмасці дома, канфіскаванага за ўдзел у паўстанні. Арыгінальнасць ідэі аўтаркі ў тым, што галоўны герой – дом – памірае яшчэ да пачатку аповеду, і чытач апынаецца сведкай па сутнасці несумяшчальных, але разам з тым натуральных з’яў, якія надыходзяць пасля, – адначасовых жалобы, абыякавасці і хцівасці. Польскі даследчык Вяслаў Ратайчак назваў навелу “Смерць дома” самай дасканалай рэалізацыяй тэмы вынішчэння радавога гнязда ў пасляпаўстанцкай літаратуры, і можна не толькі пагадзіцца з ім, але і дадаць: тэма рэалізавана самымі што ні ёсць аўтарскімі сродкамі – праз уздзеянне на эмоцыі і з выкарыстаннем “фірмовых” сімвалаў. У многіх творах Ажэшкі гэта, як вядома, расліны, але птушкі “эксплуатуюцца” ёю не менш. Зрэшты, як і вобраз гнязда ў якасці сімвала ўтульнага дома і шчаслівай сям’і. Вяртаючыся да прыёма ўвасаблення, трэба сказаць, што спатрэбіўся ён тут аўтарцы для дэманстрацыі кантрастаў. У той час як стары снягір спачувальна курчыцца на плоце, малады чалавек з птушыным прозвішчам Кулік – Франусь Кулік, які сабраўся жаніцца і з гэтай прычыны мае жаданне набыць нешта з мэблі, – распіхвае натоўп, каб трымацца бліжэй да ганку. Пакуль смяецца, пералятаючы з дрэва на дрэва, сарока, млынар Заўрук (вельмы ж гэтае “Заўрук” на беларускае “жаўрук” падобнае) тараніць засцянкоўца грудзьмі і лакцямі, а вачыма паглынае канапу з чырвонага дрэва, якая стаіць тут жа, на ганку. Снягір чырванашчокай галоўкай цягнецца да сарокі, пытае ў яе: “Што такое?”, а Кулік, таксама чырвоны, глыбокім басам выкрыквае лічбы ў адказ на запытанне ўрадніка: “Хто дасць больш?”. Высакародны снягір – перажывае, шкадуе, трывожыцца, а людзі – як сцярвятнікі зляцеліся на чужое дабро.

Навела “Смерць дома” пісалася ў 1891-м. Наступнай у пераліку “паўстанцкіх” была “Панна Ружа”, хоць аддзяляе яе ад першай ажно шэсць гадоў. З аднаго боку, гэта вельмі прыгожая гісторыя пра каханне, якое апынаецца значна даўжэйшым, чым жыццё каханага чалавека. Гераіня, страціўшы нарачонага, не можа прыняць прапанову рукі і сэрца ад высакароднага чалавека і самага зайздроснага жаніха ў акрузе, хоць ён робіць гэтую прапанову праз сем гадоў пасля страты, а потым яшчэ і яшчэ, кожны раз праз гады. Тройчы панне Ружы прапануецца пакінуць схіму, у якую яна сама сябе затачыла, –  і тройчы яна адмаўляецца, не знаходзячы ў сабе сілы парушыць абет вернасці. “Яму смерць заўчасная і пакутніцкая, а мне жыццё шчаслівае? Што ж гэта за справядлівасць? Не магу! Гэта мой святы!” – так яна адказвае пану Севярыну, адмовіўшы яму апошні раз.

Панна Ружа 1909.jpg

З другога боку, “Панна Ружа” не пазбаўлена “фірмовага” ажэшкінскага гумару і ўяўляе сабой густа замешаную сатыру на тых, хто не здольны зразумець, як можна “рамансаваць з нябожчыкам”, хто кпіць з любові да паэзіі, з вачэй, якія так часта бываюць чырвонымі (“А ўсё з-за гэтай паэзіі!”), з валасоў, якія, калі выпусціць іх з-пад шпілек, нагадваюць чорны шаўковы плашч, аздоблены сярэбранай ніткай (“Навошта цёці такія валасы? Няхай цёця мне іх аддасць: хоць на нешта ды прыдадуцца!”). Сям’я, у якой жыве панна Ружа, – а гэта, што вельмі важна, сям’я брата яе жаніха, тая сям’я, у якую яна ўвайшла б, калі б ён не загінуў, і ў якой знайшлося ёй месца толькі ў якасці эканомкі, – у кожнай праяве яе душы знаходзіць зачэпку для здзеку. Ёсць толькі адзін шлях гэта спыніць. І вось высакародны заможны Севярын Дорша, мара ўсіх жанчын у акрузе, наведваецца да сваіх нікчэмных суседзяў, што пускаюць жыццё на пустыя размовы і картачную гульню, і, карыстаючыся адсутнасцю панны Ружы ў доме, распавядае ім гісторыі ўсіх трох сваіх няўдалых сватанняў да яе. Рэакцыя на яго аповед у кожнага спецыфічная: гаспадар  – чырванее тварам, потым усхліпвае плачам і абяцае ўчыніць панне Ружы вымову; гаспадыня – істэрычна смяецца і ўпершыню ў жыцці насамрэч адчувае той самы globus hystericus, ад якога ў яе асяродку прынята адчайна пакутаваць; госць, ад імя якога вядзецца аповед, – дранцвее і нямее; моладзь – кідаецца па вяртанні панны Ружы цалаваць яе рукі. Праз гэты кранальны меладраматычны сюжэт, аздоблены перлінамі сатыры, Эліза Ажэшка вызнае ідэю вечнасці кахання, а гэта значыць, “адзінасці” яго на ўсё жыццё.

Яшчэ адна гісторыя адзінага і вечнага кахання пераказана ў навеле “Дзіўная гісторыя”. Герой яе апынаецца здраднікам – выдае паўстанца. І не проста паўстанца, а роднага брата каханай, і выдае не з-за нейкага там маладушша ці баязлівасці, а наўмысна, знарок – каб адпомсціць за разладжаны шлюб. Усе пра гэтага няўдачлівага жаніха мелі адно меркаванне: ветранік, марнатравец, гультай. І толькі нявеста, хоць і ўсведамляла гэтую непрыемную праўду пра яго, заўважала ў ім яшчэ і нешта такое, чаго не бачыў ніхто. Нешта такое… Людзі могуць быць горшымі, чым іх учынкі, а могуць быць лепшымі, бо ўчынкі іх часам выкліканыя нечым такім, чаму чалавечая прырода супраціўляцца не можа, – рознымі падзеямі і ўплывамі. Нявеста бачыла ў гэтым марнатраўцы і гультаі нешта такое, што штурхала яго “наперад і ўвысь”, і прыкмячала дзіўную тугу ў яго душы. Для тлумачэння паходжання гэтай тугі аўтарка прыводзіць (і бярэ ў эпіграф, і ўкладае ў вусны апавядальніцы) “верш маладога паэта” – верш асабіста з Ажэшкай знаёмага Генрыка Скірмунта. У прыведзеных строфах гэтага верша заключана праўда чалавечай душы: туга па той лепшай долі, якой не здабыць, – гэта не што іншае як туга па святасці. Герой навелы даходзіць да святасці – крочыць да яе праз усё сваё далейшае жыццё. Крочыць, жорстка сябе пакараўшы. “Дзіўная гісторыя” – гэта пра сілу, якую можа развіць дух, і глыбіню, якую можа займець душа, прапушчаная праз пакуты. Навела абвяшчае перамогу міласэрнасці над любой чалавечай крыўдай і найвышэйшае заступніцтва – Божае прабачэнне – за любы чалавечы грэх. А яшчэ яна ў большай ступені, чым іншыя творы Элізы Ажэшкі, дэманструе яе заўсёдную, узмоцненую з гадамі прыхільнасць да грэшнікаў. Некалі, яшчэ маленькай дзяўчынкай, Эліза часта падоўгу гартала трактат Чэзарэ Бекарыя “Пра злачынствы і пакаранні”. Насычаны прагрэсіўнымі думкамі пра вытокі злачыннасці і гуманістычнымі заклікамі адмяніць катаванні, гэты фаліянт з бібліятэкі бацькі, выпушчаны ў 1764 годзе, яшчэ нават да яго нараджэння, не мог быць ёю прачытаны: яна толькі разглядала на палях бацькаў почырк – пазнакі, зробленыя ім па-італьянску. Але дух гэтай працы, узмоцнены энергіяй папярэдняга чытача, відаць, здолеў прабрацца ў яе светапогляд.

Эпіграф Генрыка Скірмунта.jpg
Эпіграф Генрыка Скірмунта рукой Элізы Ажэшкі на рукапісе "Дзіўнай гісторыі"

Яшчэ адзін твор пра душу чалавека, якая застаецца такой, якой яе стварыў Бог, – псіхалагічная драма “Афіцэр”. Герой яе пастаўлены ва ўмовы, пры якіх яму трэба зрабіць выбар паміж гонарам афіцэра і годнасцю чалавека. Гэты ўнутраны выбар ускладняецца непераадольнымі знешнімі акалічнасцямі асабістага кшталту. Афіцэр Апалінарый Карлавіцкі з місіяй падаўлення паўстання трапляе на тую зямлю, дзе ён некалі нарадзіўся і адкуль маленькім быў вывезены ў Расію. На адзінаццатым годзе жыцця ён быў аддадзены ў корпус і з усіх работ, якія існуюць на свеце, ведае толькі вайсковую службу. Прытым ведае выдатна, “як рэдка хто”, і любіць яе, і ёй ганарыцца. Накіраваны на падаўленне мецяжу сярод тых, з кім ён мае адно паходжанне (якое выдае яго прозвішча), Апалінарый Карлавіцкі імкнецца выконваць загады лепш, чым хто іншы, – каб не падазравалі ў здрадніцтве. У адной з сутычак з паўстанцамі ён аддае загад казацкаму сотніку страляць, а праз імгненне пазнае ў забітым стрыечнага брата, нашмат маладзейшага, зусім яшчэ юнака, з якім пазнаёміўся ў Маскве, калі той прыехаў вучыцца. Адзін прыехаў на радзіму на вакацыі і пайшоў у паўстанне, а другі прыбыў гэтае паўстанне душыць.

Пакуты афіцэра, у якіх чуваць не толькі боль па забітым браце, ніяк не сціхаюць, не прытупляюцца, а набываюць моц і маштаб, выходяць за межы асабістага і сямейнага, трапляюць у поле нацыянальнага і агульначалавечага.

Бадай што над кожнай з названых навел чытач будзе плакаць. Як і над тымі, пра якія аповед ніжэй. Але ёсць адзін твор, над старонкамі якога ён будзе смяяцца. І менавіта навелу “Бог ведае хто”, гэтую смешную і ружовенькую гісторыйку, аўтарка аддае на водкуп чытацкаму разуменню сэнсу паўстаня і яго лёсу: у ёй без ніякага пафасу, простымі словамі ствараецца прысвячэнне пасіянарнасці.

Вокладка выдання, у якім ўпершыню друкавалася навела Бог ведае хто. Тыднёвік моды і раманаў, № 1 за 1909 год.jpg

Вокладка выдання, у якім упершыню друкавалася навела "Бог ведае хто".
"Тыднёвік моды і раманаў", № 1 за 1909 год

Бог ведае хто ў Тыднёвіку моды і раманаў.jpg

"Бог ведае хто" ў "Тыднёвіку моды і раманаў",
№ 1 за 1909 год

“Бог ведае хто” – так называюць за вочы некага пана Буракевіча, які невядома адкуль узяўся і стаў суседам. Ні радні ў яго, ні знаёмых, нежанаты, немалады, нелюдзімы, не надта адукаваны, занадта просты, “падобна, што эканомскі сын” – Бог ведае хто. Дрэвы ў садзе – яго дзеці, думкі сумныя – яго госці, “д’ябал” і “шэльма” – яго любімыя словы. І гэты Бог ведае хто на не Бог ведае якое, але злачынства, здзейсненае ўпотайкі над яго футрам, не толькі расшаркваецца ў прабачэннях пасля паспешлівага абурэння, але і рассыпаецца ў падзяках: калі, маўляў, пані дабрадзейкі для такой мэты футра яго пакрамсалі – каб пусціць на шапкі для тых, хто ідзе змагацца за Айчыну, – дык што ж яму, маўляў, абурацца, дык няхай, маўляў, шэльмы бараны дасягнуць праз гэта шчасця і гонару – і ён разам з імі. І сам пачынае гэтых “баранаў” – другое, уцалелае крысо свайго футра – адчайна крамсаць тупымі нажніцамі, а пасля прыгаворвае: “Я хачу… я жадаю… хоць нечым паслужыць… нашай маці… бо і я таксама… сын яе…”.

Пан Буракевіч увабраў у свой вобраз – у гэтае “Бог ведае хто” – і тых “паняў дабрадзеек”, якія з’ехаліся з усіх навакольных сядзіб у адну і сабраліся ў ружовым салоніку шыць для паўстанцаў канфедэраткі. Чаму яны з’ехаліся, што імі рухае? Навошта гэты клопат маладзенькай сарамлівай Стэфуні, ужо некалькі гадоў гаспадыні багатага дома? Навошта гэта васямнаццацігадовай прыгажуні Інцы, якая ўмее толькі модна апранацца і какетнічаць? Вось зграбная Актуня ў амазонцы і капялюшыку з пёркам – як з англійскай гравюры знятая. Яна магла б сядзець дома і песціць маленькага Стасіка, па якім уздыхае пад чытанне Міцкевіча. І пані графіні было б чым заняцца – яна пакінула дома двух маленькіх сыноў. І Марыні, і Вінцусі, і Тосі, і Клямуні знайшліся б заняткі, якія, прынамсі, больш пасуюць іх выгляду і палажэнню. Іншымі словамі, сабраліся ў ружовым салоніку, каб здзейсніць патрыятычную справу, літаральна Бог ведае хто – нейкія дзевяць маладзенькіх жанчын, “цікавых і ладных”, ды яшчэ і гарэзніц. Бог ведае, хто толькі ні быў задзейнічаны ў гэтым змаганні за грамадскае шчасце – вось на што, можна думаць, звяртае аўтарка ўвагу чытача.

“Гекуба” – яшчэ адна псіхалагічная драма – самы вялікі твор цыкла. Знешняе, сюжэтнае іграе ў ім ролю другасную, на першым плане – унутранае, рухі душы. У Тарэзе-Гекубе пісьменніца выводзіць вобраз маці, якую сама рэальнасць нараджае на патрэбу гісторыі ў яе самыя цяжкія перыяды: калі не супадае парадак існуючы з тым, якога прагне лепшая частка грамадства. Калі ў легендах і прыказках гэтага грамадства – “каралі, рыцары, героі, паэты, моц, вядомасць, слава”, а ў бягучым сюжэце – “паразы, упадак, нядоля, таптанне людзей людзьмі, гвалтаванне правоў божых і людскіх”. Старэйшы сын пані Тарэзы, Юлік, прыехаў са сталічнага ўніверсітэту з намерам у яго не вяртацца – бо Айчына патрабуе іншых спраў. Адзін Бог ведаў, чаго каштавала маці выправіць сына вучыцца, але яго намер змагацца за Айчыну яна лічыць святым. Ці хацела б яна, каб ён паступіў іначай? “Не! Божа барані! Лічыла б яго трусам і нягоднікам, калі б сталася так. Лепей бачыць яго мёртвым”.

Вацлаў Макоўскі.jpg

Навелы паўстанцкага цыкла датуюцца рознымі гадамі, пачынаючы ад 1888-га, калі пісалася да 25-годдзя паўстання (канечне, тады яшчэ “ў стол”) уласна “Gloria victis”, якая пазней паслужыла тытулам. “Злучу іх у адну кнігу пад назвай “1863”, – так меркавала аўтарка напачатку, але гэтая назва, зразумела, была б “непраходнай”. У кастрычніку 1909 года яна пісала выдаўцу Вацлаву Макоўскаму ў Вільню пра парадак размяшчэння твораў у кнізе, калі была ўжо ёй дадзена канчатковая назва, і не магла рашыць, якая з навел павінна пачынаць яе, а якая завяршаць. Ваганні адбываліся паміж “Яны” і “Gloria victis”: завяршыць карцінай паражэння ці выразам, які абвяшчае пераможаным славу? Любы выбар быў бы правільным пры ўмове, што варыянт альтэрнатыўны кнігу пачне. Па волі ўжо самога Макоўскага пачаткам стала навела “Яны”.

Гэта хоць і па-мастацку аформлены, з безліччу вобразаў і процьмаю сімвалаў, але дакумент, у якім чытач знойдзе і лакацыі, і храналогію, і “пратакол” пасяджэння нарады, на якой Рамуальд Траўгут узяў на сябе кіраванне атрадам, і яго дакладныя фізічны і псіхалагічны партрэты, і імёны ўдзельнікаў гэтай нарады, і нават метэаралагічныя даныя той красавіцкай ночы, і адказы на пытанні, датычныя тактыкі і стратэгіі: чаму атрады паўстанцаў былі малалікімі, якім “транспартам” ездзілі сувязныя, як абыходзіліся з даносчыкамі, што рабілі са здраднікамі і г.д., але галоўнае – заключэнне аб прычынах паражэння. Хоць зноў праз вобразы, хоць эмацыйнае, але вельмі дакладнае, вычарпальнае і – правільнае: “… нашыя вазы і каляскі не затрымліваліся каля сялянскіх хат. Хаты тыя – на жаль –  былі перад намі замкнёныя! Замыкалі іх перад намі рознасць веры і мовы, памылкі нашых продкаў – на жаль, на жаль! І гэта была скала, аб якую разбіўся наш карабель, выпушчаны ў суровае мора, – на жаль! Скала, аб якую разарваўся наш пекны ветразь…”.

Калі навела “Яны” – гэта відавочны дакумент, то навелу “Gloria victis” называюць фантастычна-рэалістычнай гісторыяй, дзе рэальнае – падзеі паўстання, а фантастычнае – успаміны пра іх (і ўсё праз той самы, згаданы ўжо вецер: ён распытвае пра падзеі мінулага жыхароў лесу – елку, бярозу і дуб, званочкі і дзікую ружу). Найчасцей звяртаецца ўвага на тое, як шмат у ёй адсылак да грэчаскай міфалогіі і рымскай гісторыі, але менш гаворыцца пра евангелічнасць. “Малады Геркулес з выгляду, рымскі Сцыпіён рысамі твару” – так названы адзін з герояў, камандзір конніцы Фелікс Ягмін. Адразу два параўнанні даюць чытачу адпаведныя ўяўленні – пра нечалавечую сілу і незвычайную дысцыпліну. Але ў сцэне, дзе атрад паўстанцаў спрабуе бараніць абкружаны непрыяцелем будан з параненымі,  Ягмін з Геркулеса і Сцыпіёна пераўвасабляецца ў героя іншага вымярэння – у анёла, у архангела з вогненным мечам.

Gloria victis.jpg

Глыбокая хрысціянская думка гучыць у размове герояў-сяброў, Фелікса Ягміна і Марыся Тарлоўскага. “Хоць прадмет барацьбы бясконца дарагі і святы, – гаворыць адзін з іх, – ды пралітая ў бітве людская кроў труцізнай сплывае ў жылы, а нанесеныя раны цяжкімі ранамі кладуцца на сэрцы тых, хто іх наносіць”. Паказваючы паўстанцаў вясёлымі, маладымі, гарэзлівымі, летуценнымі, Эліза Ажэшка яшчэ і ўзмацняе гэтую заўвагу пра ненатуральнасць любой барацьбы людзей між сабой. Людзі створаны дзеля іншага. А ідучы на вайну – трэба яе браць з сабой. Яны ж вайны ў сваіх душах не мелі.

Асаблівая ахвярнаць дэманструецца вобразам Марыся Тарлоўскага. Самы нясмелы, далікатны, слабы здароўем – гэта ён, а не хто іншы, ратуе ад смерці Траўгута ў адной сур’ёзнай сутычцы. Супярэчлівасць вобразу гэтым не абмяжоўваецца: малы целам, нізкі ростам, ён у вялікім свеце атрымаў высокую адукацыю і пры гэтым не імкнуўся далей у вышыні навук, а падаўся ў малое мястэчка настаўнічаць. Эліза Ажэшка тым самым дае нам таемны пасыл, актуальны ва ўсе часы: сапраўдныя справы не там, дзе пасады і званні, а там, дзе чалавек сваімі ведамі і ўменнямі служыць людзям, і няма ў такім разе розніцы паміж прафесарскай кафедрай і настаўніцкім стулам.

Ажэшка.jpg
Хворая пісьменнніца ў апошнія месяцы жыцця ў чаканні выхаду зборніка "Gloria victis" у Вільні

І вось што яшчэ вельмі важнае прачытваецца між радкоў. Згадкай пра тое, што ёсць магілы ўшанаваныя і неўшанаваныя, а героі могуць быць вядомыя і невядомыя, Эліза Ажэшка закранае тэму незаўважанай святасці, якая заўсёды прысутнічае ў духоўнай гісторыі чалавецтва.

***

Калі б не той вецер, што абвясціў пераможаным славу і напрасіўся ў назву гэтага артыкула, яна была б іншай – утрымлівала б словы “вяртанне” і “помнік”. З выхадам гэтай кнігі (зборніка навел, прысвечаных паўстанню 1863 года) мы сапраўды маем вернуты помнік нашай польскамоўнай літаратуры ХІХ стагоддзя, чым абавязаны перастварэнню знакавых твораў пісьменніцы на беларускую мову, здзейсненаму Анатолем Бутэвічам. “Перастварэнню” – бо “пераклад” тут не самае трапнае слова: маючы справу з мастацкімі тэкстамі, перакладчык выступае не менш як стваральнікам, новым аўтарам. Да з’яўлення перакладаў Анатоля Бутэвіча навелы Элізы Ажэшкі пра 1863 год па-беларуску не “гучалі” ніколі.

Панна Ружа ў перакладзе на рускую мову.jpg
"Панна Ружа" ў перакладзе на рускую мову ў змесце часопіса "Русская мысль", № 1 за 1898 год

На рускую мову з усіх васьмі твораў перакладаліся пяць, але справядліва будзе сказаць, што апошні раз гэтыя пераклады выдаваліся сто год таму і якасць мелі адносную. Перакладчыкі, што называецца, гналі сюжэт. Перлінкі аўтарскіх выразаў, пацеркі складаназлучаных (складана, але прыгожа злучаных), “фірмовых” ажэшкінскіх сказаў сыходзілі ў тых перакладах на нітку, літаральна на нельга – Ажэшка так не пісала. Нават паважанаму ёю Вуколу Лаўрову, якому яна прызнавалася: “У вашых перакладах, дарагі друг, сэнс ніколі не патанае”, – нават яму не ўдалося напісанае ёю перастварыць.

І вось мы трымаем у руках беларускамоўную версію цыкла. Аўтарскія змест і стыль яна прэзентуе годна, належна: ні перлінкі не згубіла ад першага, ні блішчынкі не страціла пры перадачы другога. І слова ў слова: ручаі застаюцца такімі ж лянівымі, як ім прадпісвала аўтарка, світанак – такой жа ружовай стужкай, тупыя нажніцы – такімі самымі “шэльмамі”; і думка ў думку, са стылю на стыль: там, дзе ў аўтаркі асядаюць хмары на ілбы, у аўтара-перастваральніка ўзбіраецца на твары заклапочанасць; і, як у Квінціліяна, – лягчэй зрабіць больш, чым тое ж: калі ў арыгінале ў смеху героя чуюцца слёзы, то ў беларускай версіі гэтыя слёзы дрыжаць.

Аўтар публікацыі: Святлана Воцінава.
Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам