ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларускі бэстселер 1920-х: аповесць Міхася Зарэцкага “Голы звер”
Хто працуе над падсветкай бібліятэкі – глядзіце на “Беларусь 1”

Памяць пра лёсы, звязаныя з Жыровічамі і Слонімшчынай

Памяць пра лёсы, звязаныя з Жыровічамі і Слонімшчынай
Іншыя навіны

Сярод новых выданняў, прысвечаных 500-годдзю Жыровіцкага манастыра, свайго чытача хутка знойдзе кніга “Цяпло Жыровіцкай святыні” гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына.

У нарысах адлюстравана не толькі гісторыя старажытнага манастыра, цудатворнай іконы і святых крыніц, што выцякаюць з-пад алтара Успенскага сабора, але аповед ідзе і пра славутых жыхароў Слонімскага краю, духоўна звязаных з Жыровічамі.

Аўтар распавядае пра лёс беларускага святара Серафіма Жыровіцкага, удзяляе старонкі педагогу, бібліёграфу і бібліятэказнаўцу Яўгену Хлябцэвічу і яго брату Уладзіміру, расказвае пра славутых ураджэнцаў Слонімшчыны – Кандрата Лейку, Гальяша Леўчыка, Рыгора Акулевіча, Валянціна Таўлая і іншых, з павагай і любоўю ўзгадвае свайго настаўніка па БДУ, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойку, які нарадзіўся і жыў у Слоніме.

Прапануем аповеды пра некаторых з іх.

Падзвіжнік бібліятэчнай справы нарадзіўся ў Жыровічах

 Jauhien-Chliabcevich.jpg  Jauhien-Chliabcevich-1.jpg

Яўген Хлябцэвіч нарадзіўся 6 жніўня 1884 года ў вёсцы Жыровічы Слонімскага павета. Бацька яго Іван Андрэевіч быў адукаваным чалавекам, выкладаў грэчаскую мову і латынь, потым – арыфметыку і геаграфію ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Але яго галоўным клопатам была бібліятэка, дзе зберагаліся беларускія старажытныя кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі і летапісы ў скураных вокладках. Іван Андрэевіч Хлябцэвіч складаў падрабязны каталог і ашчадна захоўваў гэтыя скарбы. У бібліятэцы часта бываў яго сын Яўген. Ён усё гэта бачыў на свае вочы і вучыўся ў бацькі, як трэба ведаць і шанаваць кнігі, даследаваць гісторыю свайго краю.

У 1897 годзе сям’я Хлябцэвічаў пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павета, дзе Іван Хлябцэвіч стаў служыць святаром. Тут ён арганізаваў некалькі пачатковых школ, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі. А яго сын Яўген Хлябцэвіч у 1900 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а пасля – Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю. Жывучы ў Вільні Яўген Хлябцэвіч пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, падтрымліваў цесныя сувязі з рэдакцыямі беларускі газет “Наша доля” і “Наша Ніва”, дасылаў туды розныя допісы.

У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр’еўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Тут ён рэдагаваў “Кніжны і бібліятэчны лісток” пецярбургскай газеты “Новая Русь”, дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу. У 1919 годзе Яўген Хлябцэвіч узначаліў бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраўлення Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у народны камісарыят асветы. З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве ён пражыў свае апошнія гады. Яго не стала ў кастрычніку 1953 года. Ён пакінуў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў, з якімі сябраваў.

Беларускі пасол у польскім сейме вучыўся ў Жыровіцкай семінарыі

 Maksim-Bursievich.jpg  Maksim-Bursievich-1.jpg

Знакаміты беларускі дзеяч, педагог і публіцыст Максім Бурсевіч нарадзіўся ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета 9 жніўня 1890 года ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Яму і яго старэйшаму брату ўдалося атрымаць адукацыю ў духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Пасля заканчэння семінарыі Максім паехаў у Ваўкавыскі павет пераняць педагагічны вопыт і знайсці працу. Там ён ажаніўся з Апалінарыяй Мацвеевай, якая стала яго верным сябрам у нялёгкім жыцці. У 1925 годзе Максім Бурсевіч адкрыў у вёсцы прыватную школу. У пачатку 1920-х падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. Пісаў артыкулы, фельетоны, гумарэскі, байкі, друкаваўся ў “Беларускай долі”, “Змаганні”, “Сялянскай праўдзе”, “Савецкай Беларусі”.

А праз пэўны час Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт вылучыў яго кандыдатуру ў якасці пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у першы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і выбраны кіраўніком Цэнтральнага сакратарыята. Потым, як былы пасол, слонімец адбываў пакаранне ў турмах у Лукішках, Вронках, Каранова.

У 1931 годзе ў выніку абмену палітычнымі зняволенымі ён трапіў у БССР. Максім Бурсевіч жыў у Мінску і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Ён удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. У другой палове 1933 года быў беспадстаўна абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме, а 9 студзеня 1934-га яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 года тройкай НКУС па Ленінградскай вобласці Максім Бурсевіч быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання, яго расстралялі 3 лістапада 1937 года, і толькі ў 1956 ён быў пасмяротна рэабілітаваны па двух прысудах.

Арганізатар Жыровіцкага праваслаўнага брацтва ў Германіі

 Aliaksandr-Asipchyk.jpg  Aliaksandr-Asipchyk-1.jpg

Аляксандр Асіпчык нарадзіўся 1 красавіка 1909 года ў вёсцы Пляшкі Слонімскага павета ў сялянскай сям’і Восіпа і Паўліны Асіпчыкаў. У лістападзе 1915 года сям’я Асіпчыкаў была адпраўлена ў Астрахань. У бежанстве жылося няпроста. Аляксандр хадзіў у школу, скончыў там чатыры класы. Па сканчэнні Першай сусветнай вайны Асіпчыкі вярнуліся на радзіму.

У Слонім Аляксандр Асіпчык з сястрой вярнуліся ў сакавіку 1922 года. Іх забраў Чырвоны Крыж у прытулак Жыровіцкага манастыра. Адтуль дзяцей перавялі ў Варшаву, а потым – у Чанстахова. У вёсцы Дварэц Аляксандр навучыўся сталярству і пайшоў самастойна зарабляць на хлеб. Хутка яго паклікалі ў войска і накіравалі ў чацвёрты полк лётчыкаў у Торунь на вайсковую службу. Пасля праходжання службы жыў у Вільні, а потым – у Лідзе. У 1940 годзе Аляксандр вярнуўся на родную Слонімшчыну і працаваў настаўнікам у вёсцы Акунінава.

Застаўшыся пасля Другой сусветнай вайны ў эміграцыі, Аляксандр Асіпчык арганізаваў у Германіі Беларускае Жыровіцкае праваслаўнае брацтва, галоўнай задачай якога было захаванне праваслаўнай веры і традыцый хрысціянскай дабрадзейнасці. Суполка аказвала дапамогу сваім суродзічам на чужыне, апекавалася царкоўным жыццём, выдавала рэлігійную літаратуру на беларускай мове. У 1947 годзе ў Баварыі Аляксандр Асіпчык выдаў сваю кніжку “Цудатворны абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі манастыр” і сам яе аформіў.

У 1950 годзе спадар Асіпчык выехаў у ЗША, жыў у Нью-Ёрку, потым – у Таронта ў Канадзе, затым жыў і працаваў у Чыкага, Кліўлендзе, выдаваў на чужыне часопіс “Сіла веры” (1949–1965), друкаваўся пад псеўданімам Асіповіч-Асіпчык, Слонімскі А., пад крыптанімам А-віч у эміграцыйных газетах “Бацькаўшчына”, “Беларус” і іншых. Апошнія гады правёў у г. Джэксан у ЗША.

Падрыхтавала Эла Дзвінская.

Матэрыял пададзены аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Чытайце таксама:

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам