ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Апублікаваны праект праграмы кангрэса
Дар бібліятэцы

Паэт Віталь Рыжкоў: “Літаратура – гэта шлях памылак”

Паэт Віталь Рыжкоў: “Літаратура – гэта шлях памылак”
Іншыя навіны

Гутарка с сучасным аўтара пра крытэрыі поспеху па-беларуску, парады паэтам-пачаткоўцам і стаўленне да маладога пакалення творцаў.


"Думаю, класна, калі ты займаешся нейкай дзейнасцю больш як траціну жыцця, а цябе па-ранейшаму называюць маладым. Гэта як закансерваваная маладосць. І я не іранізую", – так распачаў нашу гутарку паэт Віталь Рыжков. І хоць ён сам не прызнае сябе вядомым паэтам, дазволю сабе з гэтым не пагадзіцца. Яго дэбютная кніга "Дзверы, замкнёныя на ключы" разышлася двума тыражамі. Ён лаўрэат прэстыжнай прэміі "Дэбют", выдатны перакладчык прозы і паэзіі. Але пра любоў і прызнанне публікі лепш сведчаць поўныя залы на прэзентацыях і чытаннях, а таксама цытаты з яго вершаў, якія можна пабачыць на сценах у якасці графіці.

– У нашай краіне словы пра поспех выклікаюць хутчэй іронію. Мы вельмі рэдка ставімся да творцаў з захапленнем – бо яны свае. Ды ён у суседнім двары жыве – які ён Боб Дылан? Нашых класікаў, якія не так даўно памерлі, – Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча – ведаем па двух-трох радках са школьнай праграмы. Дзейнічае адвечная формула: наш поспех тут – гэта наш поспех за межамі краіны. Калі па табе фанацеюць у Расіі, Польшчы, Украіне, тады праз гэты фільтр прыглядаюцца і ў нас. Вельмі часта поспех аказваецца мыльнай бурбалкай, якая нясе толькі праблемы. Таму я рады пазнаёміцца – непаспяховы, дагэтуль малады, можна лічыць пачатковец, Віталь Рыжкоў. І гэта вельмі здорава. Я хацеў бы, каб так было як мага даўжэй, каб можна было спакойна рабіць сваю справу і не марнаваць энергію на тое, каб адбівацца ад зайздроснікаў.

– Паэт сёння – гэта...
– Каб быць ім, мала проста займацца вершатворчасцю, у якой патэнцыйны чытач пазнае сябе, пляскае ў ладкі, чытаючы цытату ў сацыяльных сетках. Трэба здзіўляць. Калі і ёсць пазнаванне – дык пра нечаканае, пра што чалавек, можа быць, ніколі і не думаў. Да таго ж сённяшняму паэту варта няслаба разбірацца ў філасофіі і тэорыі літаратуры, каб здзіўляць не толькі чытача, але і калег.

– Твае вершы часта становяцца песнямі. Іх спяваюць гурт Zatochka, Віталь Варанко і многія іншыя. Ці заўсёды правільна прачытваецца аўтарскі пасыл?
– Я вельмі даўно вырашыў не хвалявацца наконт песень на свае тэксты. Яшчэ не чуў ідэальнай кампазіцыі на свой верш, кожны раз гэта іншае прачытанне, эмоцыі, узнаўленне, сінтэз маёй задумы з аранжыроўкай. І гэта цалкам лагічна. Ёсць і ёсць. Пярэчыць і забараняць я нікому не збіраюся. Гэта і пэўнага кшталту сімвал павагі, прыхільнасці да маёй творчасці.

– Неяк вядомы кітайскі паэт і перакладчык Сі Чуань падчас інтэрв’ю сказаў мне, што паэты пішуць толькі для сваіх калег – бо толькі яны могуць цалкам зразумець іншага паэта. А ты для каго пішаш?
– Раней, гадоў пяць ці болей таму, я, напэўна, з гарачым сэрцам сказаў бы: паэзія мусіць быць для ўсіх. Яна павінна, як раней, збіраць стадыёны, працінаць трапнымі выразамі і вобразамі сэрцы тысяч, мільёнаў чытачоў. Але з часам мне зрабілася нецікава выступаць, бачыць свае вершы надрукаванымі. Больш за тое, думаю, што іншы паэт мог бы быць больш патрэбным гэтай паперы. І паступова адзінай радасцю, якую я пачаў адчуваць, стала радасць ад самой творчасці. Калі ты пішаш і сам разумееш: вось тут я зрабіў адкрыццё, а гэтым здзіўлю некалькі сваіх калег. Але і ўвага да думкі апошніх амаль нівелявалася. Пахваляць – добра, не пахваляць – што зробіш. Праз гэта пакутаваць не стану. Я раіў бы імкнуцца да такога стаўлення ўсім маладым аўтарам. Не перамаглі ў нейкім конкурсе – не трэба пісаць пагроз сябрам журы. Не перамог ваш сябар – пажадайце яму цярплівасці і ўдачы наступны раз. Усе гэтыя пакуты праз неперамогі і расчараванні адбіраюць у нас шмат творчай энергіі, і ў выніку некаторыя маладыя творцы запамінаюцца як скандалісты, плеткары. Сапраўдны пісьменнік – гэта яшчэ і прыклад годных паводзінаў.

– Сам сочыш за творчасцю калег, чытаеш іх новыя кнігі?
– З задавальненнем раблю гэта ў дачыненні прыкладна да двух дзясяткаў маладых беларускіх аўтараў. Мне здаецца, што пакрысе можна пачынаць ужываць паняцце "наша пакаленне" – пра тых, хто пісаў з пачатку 2000-х і прыблізна да 2015-га. У гэтыя паўтара дзесяцігоддзя вельмі актыўна з’яўляліся імёны, чыя паэзія насамрэч цікавая.

Я працягваю шукаць новых творцаў і ўжо адчуваю разрыў пакаленняў: не ўсё разумею, не ўсё прымаю. Не ўсе спосабы гульні са словам здаюцца мне цікавымі.

Я не кажу, што сярод іх няма добрых паэтаў, але вось ужо два ці тры гады сярод аўтараў да 25 гадоў няма такіх, хто б мяне здзівіў...

– Што не так з маладымі?
– Усё паўторы, усё гэта я чытаў у аўтараў свайго пакалення. Магчыма, і наша было паўторам кагосьці.

Але тыя, хто цяпер прыходзіць у літаратуру, ужо атрымліваюцца паўторамі паўтораў.

Можна сказаць, што гэта пераемнасць, але часцей я бачу прагу займець тую самую папулярнасць, з якой мы пачыналі размову, а не імкненне знайсці нешта новае, здзівіць калег і слухачоў. Гэта мяне насцярожвае.

– Ты ж не маеш дыплома філолага. Што параіш тым, хто хоча пісаць, але не ведае, як?
– Мне здаецца, што філалагічная адукацыя паэту вельмі замінае. У мяне быў такі комплекс: калі я толькі рабіў першыя крокі ў літаратуры, здавалася, што мне бракуе начытанасці. Я нават скардзіўся старэйшым сябрам-літаратарам на гэты свой недахоп і падумваў пайсці вучыцца на філфак проста дзеля спіса літаратуры. Мне сказалі, што гэтага ні ў якім разе не трэба рабіць. Прабелы ў самаадукацыі, наадварот, ствараюць магчымасці. Хай буду вынаходзіць ровар, прыдумваць прыёмы, якія да мяне ўжо тысячу разоў прыдуманыя і забытыя, але пры пэўнай упартасці прайду гэты шлях натуральна.

– Дык што рабіць чалавеку, які вельмі хоча быць паэтам?
– Патрэбны дзве рэчы, якія мусіць рабіць і першакласнік, – шмат чытаць і шмат пісаць. Толькі на самым вышэйшым узроўні. Чытаць запоямі сур’ёзную літаратуру. Шмат пісаць, бо літаратура – гэта не шлях спроб, а шлях памылак. Трэба ўсе памылкі самому зрабіць, усвядоміць, што гэта менавіта памылкі. Знаходзіць прыёмы, якія працуюць і з’яўляюцца ўласна вашымі, развіваць, памнажаць іх, імкнуцца, каб тэксты ўражвалі як мага даўжэй не толькі вашых сяброў, але і вас саміх.

– Ці чакаць прыхільнікам новую кнігу паэзіі Віталя Рыжкова?
– Найбліжэйшым часам не. Выпусціўшы першую пяць-шэсць гадоў таму, я зразумеў, што наступныя 5 гадоў пра другую нават думаць не буду. Не бывае дзесяцітомніка добрых вершаў. Сваю першую кнігу я пісаў 8 гадоў, з гэтага перыяду свайго жыцця выбраў толькі 35 вершаў. Працягваю пісаць, але нават яшчэ не спрабаваў складаць творы ў адну папку. Я ведаю гісторыю, якую хачу расказаць прынамсі трыма сваімі кнігамі, але збіраюся іх пісаць ледзь не да канца жыцця.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета "Звязда"

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам