ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Хто напіша наноў біяграфію Дуніна-Марцінкевіча
Майстар каменнага летапісу

“Падобны на вялікае дзіця...”

“Падобны на вялікае дзіця...”
Іншыя навіны

Яны сустрэліся ў студэнцтве і пасябравалі на ўсё жыццё. У 1949–1954 гадах Муза Сняжко, як і Уладзімір Караткевіч, вучылася на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.

“Пяць гадоў праляцелі незаўважна, – згадвае Муза Яўгенаўна. – Усе разляцеліся па свеце. Засталіся ўспаміны. Мне заўсёды выпадала збіраць усіх, арганізоўваць сустрэчы, дамаўляцца”. Валодзя займаў асаблівае месца ў яе жыцці. Пра гады вучобы, а таксама пра тое, чым уражваў Караткевіч, што прадказвала ў ім чалавека няпростага лёсу, распавяла Муза Сняжко падчас сустрэчы.

Пра характар

Валодзя, заўсёды салідны, мог і высмеяць, і падкалупнуць. А часам быў ядавітым вельмі, асабліва з выкладчыкамі, калі лічыў, што не тое гавораць. Любімым выкладчыкам быў Аляксандр Назарэўскі. Увогуле сябраваў з прафесурай, але ніколі не вытыркаўся як геній. А раз выпала, што Валодзя атрымаў “двойку” на экзамене. Дыялектычны матэрыялізм чытаў Ігар Карнавухаў, дацэнт. З Караткевічам яны бясконца спрачаліся. У межах свайго прадмета Карнавухаў чытаў курс вучэння аб мове Мара, якое тады было папулярным. Выкладчык патрабаваў пераказваць лекцыі так, як іх чытаў, з афіцыйнага пункту погляду на гэтае вучэнне. А Караткевіч сказаў: “На ражна мне гэты Мар? Пайду ў Акадэмічную бібліятэку, пачытаю пра Старажытную Русь”. На экзамене Ігар Міхайлавіч нешта ў Валодзі спытаў, той не ведаў – і атрымаў “нездавальняюча”. Увосень прыйшоў на пераздачу – а на той час тэорыю Мара ўжо раскрытыкавалі і не трэба было яе ні вывучаць, ні здаваць. Але ж стыпендыі ўжо быў пазбаўлены… Што рабіць? Разгружаў вагоны, жыў надгаладзь, бо не мог сабе дазволіць існаваць за кошт цёткі – адзінай сваячкі ў Кіеве...

Гадамі пазней, калі я ўжо стала бабуляй і жыла разам з сям’ёй сына (і ён, і яго жонка, маладая маці, былі студэнтамі, а частка клопатаў па доглядзе немаўляці была на мне), неяк прыехаў Валодзя. Прыйшлі яны разам з жонкай да мяне ў госці. Неўзабаве перад гэтым супрацоўніца мая з Ленінграда прывезла маёй унучцы падарунак – эмаліраваны кубачак з малюнкам: дрэўца і аленяня, якое брыкаецца. Калі Валодзя той кубак убачыў, адразу ж кажа: “Муза! Гэта ж Карнавух і я, адбрыкваюся ад яго! Падары мне гэты кубачак!” Я паспрабавала патлумачыць, а ён: “Нічога не хачу чуць!” Пайшла да нявесткі, дамовілася з ёй і перадарыла той кубачак Уладзіміру. Ён паставіў яго ў ванным пакойчыку, чысціў з ім зубы. Калі ж шмат пазней прыехала ўжо на Валодзіна пахаванне, то ўбачыла гэты кубачак на тым жа месцы. І папрасіла яго ў Валодзінай сястры. Яна гаворыць: “Ведаю гэтую гісторыю. Бяры…” Вярнула я яго ўжо сваёй праўнучцы, кажу, што гэта падарунак ад Уладзіміра Караткевіча. Прывітанне з “таго свету”...

“Гісторык да глыбіні душы...”

Усё жыццё Валодзі – гэта пошук. Чалавека, гісторыі – ён ацэньваў яе не так, як прапагандавалася ў падручніках. Меў сваю тэорыю, падмацаваную ведамі.

Кожны тыдзень у нас была палітінфармацыя. Ідэалогія ціснула страшна… Калі памёр Сталін, нас сабралі ва ўніверсітэцкім дворыку і сказалі: такое, маўляў, гора, усе павінны разысціся і пашыць сабе жалобныя павязкі. Сярод хлопцаў пачаліся размовы: паехаць бы, паглядзець на Сталіна (бо толькі па тэлевізары яго і бачылі). А Валодзя нікому нічога не сказаў. І паехаў! Нам, студэнтам, гэта забаранялася. Калі б выкрылі, былі б вялікія непрыемнасці. Дык Валодзя ехаў на даху вагона! А там адразу апынуўся ў самай гушчы – і гэта было вельмі небяспечна… Але ён хацеў паглядзець: не толькі на тое, якія эмоцыі перажываюць людзі, – хацеў ведаць усю абстаноўку. Дабрацца да ісціны. Хаця і вельмі рызыкаваў.

Як мы потым даведаліся, там загінула шмат людзей... Але я яго зразумела. Ён да ўсяго даходзіў сам, і гэтая цікаўнасць праяўлялася ва ўсім.

Тады ж час быў такі, што пад каўпаком жыла ўся краіна. На трэцім курсе ў нас з’явіўся студэнт (хаця студэнтам яго цяжка было назваць – значна старэйшы за нас). Ніхто яго не прадставіў. Ён нешта казаў, пра некага распытваў. Экзамены ніколі не здаваў. Аднойчы ўвязаўся за мной, калі ішла дадому, пачаў распытваць пра іншаземцаў з нашай групы, паціху спрабаваў нешта высветліць. Было тое ж і ў другі раз. А пасля знік – гэтак жа ціха, як і з’явіўся. Толькі потым я зразумела, што ён быў з адпаведных органаў.

...А палітінфармацыю Валодзя не любіў. Ён лічыў: няўжо чалавек такі дурань, што сам газету пачытаць не можа?

Пра жанчын

Магчыма, многія думаюць, што ўсе дзяўчаты былі закаханыя ў Валодзю: прыгожы, абаяльны, разумны… Але ж гэта не так, бо ён ніколі не хаваў таго, што думаў пра чалавека. Многім дзяўчатам прыдумваў адпаведныя імёны ці мянушкі (а мяне зваў Музіль). Была ў нас аднагрупніца, член партыі, і галоўным і адзіна правільным лічыла тое, што партыя сказала… Дык яны цапаліся ўсё жыццё!

Мы ж з ім проста сябравалі. Як барышня з ім не сустракалася, адносіны заўсёды былі роўныя, і – поўнае паразуменне. Часам сварылася на Валодзю, калі было за што. Але рабіць яму заўвагі не дазваляла сабе. Вельмі блізка да душы ён не падпускаў нікога, паразмаўляць з ім пра асабістае (маўляў, жыццё тваё, Валодзя, не ўладкаванае) было проста немагчыма. У аповесці “У снягах драмае вясна” апісаны як быццам наш дом. Караткевіч часта прыходзіў да мяне, бацька тады казаў: “Муза, накармі Валодзю!” Дарэчы, з маім бацькам яны любілі паразмаўляць. А вось ці быў прататып у галоўнай гераіні Алёнкі, не ведаю. Калі Валодзя пачаў друкаваць у перыёдыцы аповесць “Чазенія”, я ў яго запытала (хаця і ведала, што ён не любіць, калі лезуць у душу): “Што цябе натхніла? Там такія пачуцці…” Ён адказаў: “Я ўсё прыдумаў. Я так бачыў…” Больш да падобных пытанняў не вярталася.

Цяпер выдаюцца даследаванні па жыцці Уладзіміра Караткевіча, пра яго асабістае... Ды ён бы ўзарваўся, як парахавая бочка, калі б сёе-тое з апошняга пачытаў!.. Яму не спадабалася б, што так капаюцца ў яго жыцці, ён не хацеў бы таго… Нават калі Валодзя ажаніўся, не было шырокай агалоскі!

Па паводзінах Валодзя часта быў падобны на вялікае дзіця. Аднойчы даслаў мне часопіс – асабісты падарунак, дзе быў верш Рыгора Барадуліна, прысвечаны нам абаім. Там было напісана, што, маўляў, Караткевічу лёгка пішацца, бо ў яго пад рукой заўсёды знаходзіцца Муза...

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам