ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Максім Багдановіч і яго перакладчыцкая спадчына
Падоўжаны тэставы доступ да рэсурсу Elgaronline

Падарожжа па знакавых мясцінах Элізы Ажэшкі

Падарожжа па знакавых мясцінах Элізы Ажэшкі
Іншыя навіны

Элізу Ажэшку многія лічаць польскай пісьменніцай. І гэта пры тым, што нарадзілася яна на Гарадзеншчыне, большую частку жыцця правяла ў Гродне, памерла і пахавана таксама там. Але з 50 польскамоўных тамоў яе твораў на беларускай мове выдадзены ўсяго... 1.


Атрымліваецца, 49 тамоў твораў, напісаных славутай гарадзенкай, большасці беларусаў пакуль так і не ўдалося прачытаць. Карэспандэнт “Звязды” вырашыла паспрабаваць разабрацца з прычынамі такога забыцця, а таксама праехала па мясцінах жыцця і творчасці вядомай пісьменніцы.

Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч і Аляксей Загідулін могуць шмат расказаць пра жыццё гарадзенскай пісьменніцы.

Выпраўляючыся ў чарговую літаратурную вандроўку, я пагутарыла з гарадзенскім літаратуразнаўцам Аляксеем Пяткевічам, аўтарам кніг “Літаратурная Гродзеншчына”, “Слова і кніга гэтай зямлі”. Яму ўдалося зафіксаваць усіх літаратурных асоб, якія нарадзіліся на гэтай зямлі або мелі да яе дачыненне. Атрымалася сабраць разам сотні аўтараў. Натуральна, асаблівае месца ў яго даследаваннях адведзена Элізе Ажэшцы.

Пра стаўленне да розных моў, захапленне зёлкамі і народную культуру.

– Аляксей Міхайлавіч, большасці з нас вядомы толькі адзін твор Ажэшкі – аповесць “Хам”. Аўтарку прынята лічыць польскай пісьменніцай. Аднак насамрэч яна ўсё жыццё правяла ў Гродне...

– Эліза напісала некалькі дзясяткаў твораў, прычым добрых. Назваць яе геніяльнай, як, напрыклад, Міцкевіча, складана. Яна крыху публіцыстычная, дзесьці ў тэкстах прабіваецца кніжнасць. Рэзананс ад яе твораў не быў такім, як ад вядомых гістарычных раманаў Генрыка Сянкевіча. Але тым не менш яна вельмі добры творца. І аб’ём напісанага ёю велізарны. У Польшчы выйшла каля 50 тамоў яе твораў.

– Чаму, на вашу думку, гэтая пісьменніца ў нас недаацэненая?

– Я бачу толькі адну прычыну – наменклатурную. З Польшчай у савецкі час у нас былі вельмі стрыманыя адносіны. Эліза Ажэшка працягвала тое, што рабілі Адам Міцкевіч, Юзаф Крашэўскі, Уладзіслаў Сыракомля. Усе яны не столькі польскія, колькі краёвыя пісьменнікі. У Ажэшкі нават быў псеўданім “Літвінка” (і гэта зафіксавана ў “Польскім біяграфічным слоўніку”). Яна балансавала паміж польскім і мясцовым, краёвым (па сутнасці, беларускім), патрыятызмам. Паміж мужыцкімі, сялянскімі і шляхецкімі каштоўнасцямі. Яна імкнулася зблізіць, а то і паяднаць іх. У яе самым вядомым рамане “Над Нёманам” апісваецца няроўны шлюб шляхцянкі і селяніна.

– Ажэшка вельмі добра разбіралася ў характарах людзей, выдатна прапісвала мясцовы побыт. Гэта можна лічыць моцным бокам яе творчасці?

– Безумоўна. Яна не сядзела ўвесь час у горадзе. Лета пісьменніца праводзіла ў вёсках, маёнтках. Там запісвала фальклор, шукала цікавых людзей-самародкаў, якія шмат ведаюць. Занатоўвала розныя гісторыі. Не выпадковыя мінакі, а адметныя асобы былі крыніцай яе ведаў пра народ. Эліза Ажэшка мела адмысловае хобі – збіраць назвы зёлак, і займалася гэтым усё жыццё. Калі яна памерла, у яе дом пачалі пускаць наведвальнікаў. І яны бачылі, што сцены скрозь пазатыканыя сухімі кветкамі, лісцем, рознымі пучкамі. Яны былі часткай інтэр’еру, пісьменніца рабіла гэта наўмысна.

– Кажуць, што ў свой час Ажэшка была феміністкай. Наколькі вы падзяляеце такую думку?

– У гэтым сэнсе яна не была заўзятай і тым больш – фанатычнай. Але правы жанчын, натуральна, бараніла. Рабіла гэта і публіцыстычна, і ў літаратурных творах, напрыклад у “Марце”. Але гэта было толькі часткай яе барацьбы. У той жа час яна бараніла правы беларусаў на сваю школу, самарэалізацыю. Чаму яна так цёпла прыняла Францішка Багушэвіча?.. Бо ён увасабляў тое найлепшае з народа, што яна акурат бачыла вакол сябе. У некралогу на смерць Багушэвіча Эліза Ажэшка напісала: “Ён быў адным з самых высакародных людзей, якія служылі нашай зямлі, і адным з нешматлікіх маіх найлепшых сяброў”. Яго беларускія вершы яна лічыла выдатнымі, а польскія – дрэннымі. Беларускую мову Эліза Ажэшка добра ведала. Пра адну з раслін яна неяк пісала: “Цікава, у якой мове найперш з’явілася яе назва – у польскай ці беларускай? Трэба пашукаць...” Дарэчы, рускай мовай яна не карысталася. А калі трэба было кантактаваць з мясцовымі рускімі афіцэрамі, наўмысна гаварыла па-французску.

– Сама Ажэшка пісала па-польску, але ўсё-такі выступала за беларускую мову. Ці няма ў гэтым, на вашу думку, пэўнага дысанансу?

– Не, беларускага ў яе вельмі многа. Напрыклад, формы імёнаў – Пятрусь, Антось, Аўдоцця. Шмат беларускай лексікі, асабліва побытавай, для абазначэння рэчаў. Нават у аўтарскай мове, не толькі ў дыялогах, сустракаецца шмат беларусізмаў. Зрэшты, як і ў іншых творцаў, якіх я ўжо згадваў: Міцкевіча, Крашэўскага – яны ўсё жыццё пражылі ў гэтай моўнай стыхіі. Напрыклад, варшаўская крытыка не прымала Міцкевіча, бо яго мова не была ўзорна-польскай, літаратурнай. У ёй прысутнічаў моцны беларускі элемент – не толькі ў лексіцы, але і ў інтанацыі, будове фраз. А ў раманах Крашэўскага вельмі шмат беларускіх дыялектных прыказак, выслоўяў, фразеалагізмаў. Унізе старонак даваўся іх польскі аўтэнтычны варыянт, зразумелы тамтэйшаму чытачу.

– Ці можна сказаць, што Эліза Ажэшка паўплывала на сённяшнюю гродзенскую культуру?

– Думаю, што пэўны след яна не магла не пакінуць па той прычыне, што вельмі добра ведала мясцовую народную культуру і паказала яе ў сваіх творах. Напрыклад, ніхто так не апісаў беларускія вячоркі, як Эліза Ажэшка ў апавяданні “Зімовым вечарам”. Яна расказала пра тое, як збіраліся разам у вялікай хаце дзяўчаты з прасніцамі, хлопцы. Як яны смяяліся, жартавалі, успаміналі нейкія страшныя гісторыі. Больш ніхто не занатаваў гэта, можа, хіба што Адамчык, Кудравец, ды і тое мімаходзь. А вячоркі – гэта клуб XІX стагоддзя, і праходзілі яны кожны вечар, не толькі па святах. Адно хаты мянялі, бо, куды прыходзілі, пракурвалі, – даводзілася ісці ў іншае месца. Таму яна вельмі паўплывала на гарадзенцаў праз народную культуру. Тое, што мы маем ад продкаў, яна зафіксавала і нібы прапанавала: “Вось, бярыце...”

– Як думаеце, ці ганарацца гарадзенцы тым, што ў іх была такая пісьменніца?

– Безумоўна. Без вуліцы Элізы Ажэшкі і яе дома-музея Гродна не ўяўляецца. Гэта яго пярлінкі.

– На польскай мове мы маем 50 тамоў яе твораў. А колькі выдадзена па-беларуску?

– На жаль, толькі адзін. У серыі “Кнігазбор” выйшаў самы поўны том яе твораў па-беларуску.

– Атрымліваецца, 49 тамоў не перакладзена?

– Не, іх перакладалі і выдавалі ў перыёдыцы. Яшчэ пры яе жыцці “Наша Ніва” змяшчала пераклады. Былі і іншыя асобныя пераклады. Але яно не сабрана разам. Гэта вялікі прабел у айчыннай культуры...

Асабісты лёс

Яна была, па сутнасці, няшчаснай усё жыццё. Нарадзілася каля Гродна ў маёнтку Мількаўшчына ў сям’і Паўлоўскіх. Бацька і старэйшая сястра памерлі досыць рана, калі яна была яшчэ зусім малой. Маці хутка выйшла замуж, а малую Элізу адправіла ў Варшаву ў пансіён пры манастыры. Пяць гадоў дзяўчына правяла там, і маці ніколі нават не прыязджала ў госці і не забірала дадому.

Калі Эліза вярнулася ў Гродна, таксама хутка выйшла замуж, бо, пэўна, разумела, што ёй няма куды падзецца. Тады ёй было шаснаццаць гадоў. Мужа выбрала, як пасля ўспамінала, бо кавалер быў высокі і прыгожа танцаваў. Аднак высветлілася, што яны абсалютна розныя людзі. Элізе падабалася цішыня, спакой, адзінота (магчыма, гэтаму спрыяла манастырскае выхаванне). Яна рабіла школу для сялянскіх дзяцей, займалася дабрачыннасцю. А яму былі даспадобы балі, паляванні, прыёмы, раз’езды – ён меў разгульную душу. Іх адносіны адразу разладзіліся. Затым разгарэлася паўстанне 1863 года. Эліза дапамагала паўстанцам, нават ратавала аднаго з кіраўнікоў – Рамуальда Траўгута. Мужа за ўдзел у паўстанні саслалі ў Сібір. Аднак яна не паехала за ім, як многія іншыя жонкі, а наадварот, распачала развод, чым выклікала абурэнне польскай інтэлігенцыі. Аднак яе, пэўна, можна было зразумець.

Маёнтак у Мількаўшчыне вырашыла прадаць. Ёй дапамог у гэтым адвакат Станіслаў Нагорскі. Пазней ён стаў апекавацца і іншымі маёмаснымі справамі. У выніку пачаўся раман, хоць у яго ў той час была сям’я. Пара хавалася, сустракалася таемна, аднак дома ў Станіслава ўсё адно здараліся скандалы. Гэта цягнулася амаль... трыццаць гадоў.

Біёграфы, каб неяк апраўдаць Нагорскага, пішуць, што жонка ў яго была не надта добрая, гадавала трыццаць катоў... Як толькі яна памерла, Станіслаў і Эліза адразу павянчаліся. Ёй было 53 гады, а яму 68. Аднак шлюбу не накавана было быць доўгім – праз два гады Станіслаў памёр. А Эліза пачала жыць у тым самым доме яе мужа, які сёння ў Гродне ведаюць як дом Ажэшкі.

Мясціны пісьменніцы
Дом-музей у Гродне

Гэты прыгожы двухпавярховы будынак размяшчаецца ў самым цэнтры горада, амаль насупраць Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ажэшка пражыла тут досыць доўга – з 1894 года да самай смерці ў 1910 годзе.

Толькі два пакоі ў доме аддадзены пад музей. У астатняй частцы размяшчаецца бібліятэка.

Калісьці дом стаяў на самым ускрайку тратуара і меў дзве драўляныя прыступкі ля ўвахода. 30 гадоў таму гэты стары дом разабралі і амаль на яго месцы, крыху воддаль, пабудавалі з блокаў новы дом, падобны на стары. Ён выглядае такім жа: і размяшчэннем пакояў, і ўсім астатнім цалкам адпавядае колішняму дому.

Тут можна ўбачыць кнігі, фотаздымкі, такія ж карціны, што віселі ў Элізы Ажэшкі, такую ж мэблю. Асабліва прыцягвае ўвагу аўтэнтычны прыгожы камін, перанесены са старога дома.

Могілкі

На старых гарадзенскіх могілках можна адшукаць магілу, дзе пахавана Эліза Ажэшка.

Старажылы прыгадваюць, што, калі пісьменніца хварэла, гараджане засцілалі брук ля яе дома саломай, яловымі і сасновымі лапкамі, каб транспарт не трывожыў яе спакой.

Зоська Верас узгадвала, што пасля смерці пісьменніцы гарадзенцы ў знак смутку абвязвалі чорнымі стужкамі ліхтары. Паліцыя зрывала іх, а яны зноў прымацоўвалі, – так рэагавалі на смерць знакамітай зямлячкі.

Сямейны некропаль

Сямейны некропаль сваякоў Элізы Ажэшкі можна ўбачыць у вёсцы Мількаўшчына Гродзенскага раёна. Гэта фамільнае пахаванне сям’і Паўлоўскіх – бацькоў і родных пісьменніцы.

Знаходзіцца ён адразу каля дарогі, бліз лесу. Месца гэтае, калісьці зарослае, сёння акуратна добраўпарадкавана мясцовымі ўладамі. І сюды варта зазірнуць, каб убачыць салідныя мудрагелістыя надмагільныя помнікі Паўлоўскіх.

Алея

Ажэшка нарадзілася ў 1841 годзе ў Мількаўшчыне. Яна паходзіла са шляхецкай сям’і, у якой быў досыць вялікі маёнтак.

Сёння тут можна прайсціся па кляновай алеі, што расце яшчэ з часоў жыцця Ажэшкі. Калісьці яна вяла да сядзібы, але ў 1972 годзе дом пачаў развальвацца, і яго знеслі. Яшчэ жыве чалавек (цяпер яму 84 гады), які памятае, дзе стаяў дом і як яго руйнавалі... Дарэчы, пасля вайны ў гэтай панскай сядзібе зрабілі жылы васьмікватэрны дом для бежанцаў, што прыязджалі сюды з Расіі і Украіны.

Цяпер на месцы дома стаіць студня. Побач насыпаны памятны курганок, пастаўлены валун. Тут жа размяшчаецца драўляная хата. Аднак да самой пісьменніцы яна не мае ніякага дачынення. У гэтай хаце думалі зрабіць музей і асобны пакойчык, дзе ў непагадзь можна было б частаваць турыстаў. Але грошай на гэтую справу так і не знайшлося.

Школа-музей

Яшчэ адно без перабольшвання ўнікальнае месца ў Мількаўшчыне – гэта колішняя школа імя Элізы Ажэшкі. Шэсць гадоў таму яе закрылі. Аднак мясцовая энтузіястка, былая настаўніца гісторыі Таццяна Савянкова з такім лёсам любімай установы аказалася не згодная. Яе намаганнямі ў школе адкрыты літаратурна-краязнаўчы музей. Тут можна ўбачыць не толькі пакоі, прысвечаныя Ажэшцы, але і трапіць у асаблівы, ужо далёкі для многіх свет сапраўднай вясковай школы.

Аўтар публікацыі: Ніна Шчарбачэвіч.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам