ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні
Прэзентацыя факсіміле кніг Скарыны ў Гродне

Пачуць... скарбы

Пачуць... скарбы
Іншыя навіны

Белтэлерадыёкампанія выпусціла ўнікальны музычны зборнік. Калекцыя дыскаў пад агульнай назвай “Музычны скарб Беларусі” – гэта арыгінальная аўдыякніга, складзеная са 127 запісаў за 1940–2010 гг.


Сюды ўвайшлі самыя розныя пласты музычнай культуры краіны: арыгінальныя апрацоўкі беларускага фальклору ў розных стылях, рэдкія запісы знакамітых музыкантаў і калектываў, малавядомыя інтэрпрэтацыі беларускімі выканаўцамі сусветных хітоў… Гэта серыя, на думку яе стваральнікаў, матэрыяльны доказ уласна існавання, самабытнасці і высокага ўзроўню нацыянальнай беларускай музычнай культуры.

Усе выкарыстаныя запісы, дарэчы, узяты з уласных архіваў – вялізнага фонду Белтэлерадыёкампаніі, які змяшчае найбагацейшую калекцыю аўдыяматэрыялаў (больш за 126 тысяч фанаграм і 3,5 тысячы дыскаў агульнай працягласцю звыш 20 тысяч гадзін гучання) і відэаматэрыялаў (тут, напрыклад, захоўваюцца 68 мастацкіх фільмаў і 273 дакументальныя, знятыя на “Тэлефільме” і нацыянальнай кінастудыі або сумесна, а таксама выпускі тэлевізійных навін за некалькі дзясяткаў гадоў). “Толькі ў нас можна пачуць голас Машэрава і паведамленне Левітана аб вызваленні Мінска, паслухаць развагі Льва Талстога, запісаныя на грамафон”, – прыводзіць прыклады рэдкіх запісаў намеснік кіраўніка дырэкцыі фондавых матэрыялаў БТРК Ала Вярэніч.

Захоўваючы ў скарбніцы ўсё гэта эксклюзіўнае багацце, тэлевізіёншчыкі вырашылі не выступаць “сабакам на сене” і падзяліцца ім са слухачамі і гледачамі, прычым як айчыннымі, так і замежнымі. Дзеля гэтага і вырашылі скласці збор музычных сачыненняў – найлепшых з лепшых. Музычным рэдактарам давялося праслухаць літаральна кіламетры фонастужак, выціскаючы “самы сок”, які быў бы максімальна цікавым для шырокай публікі. Прызнаюцца: спачатку меркавалі зрабіць адзін двайны дыск, але ў выніку ўсё ледзь змясцілася на шасці.

На першы, пад назвай “Зара мая вячэрняя”, трапіў беларускі фальклор – знакамітыя песні і танцы ў розных апрацоўках. Другі, “Беларуская сюіта” – гэта музыка вядомых кампазітараў, пачынаючы з XVІІ стагоддзя да нашых дзён: урыўкі з “Полацкага сшытка”, оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”, паланез “Развітанне з Радзімай”, адажыа з балета “Маленькі прынц”… Вядомыя мелодыі, а таксама сусветныя хіты ў выкананні беларускіх спевакоў і інструменталістаў, увайшлі на трэці і чацвёрты дыскі – “Уздоўж па вуліцы” і “Рапсодыя”. Пяты ж, “Праз усю вайну”, сабраў песні, мелодыі і інфармацыйныя паведамленні, якія падтрымлівалі баявы дух на фронце і ў тыле ў гады фашысцкай навалы…

Нарэшце, шосты, заключны дыск “Неба і зямля”, прадстаўляе духоўную музыку Беларусі ў самых папулярных яе ўзорах. Дарэчы, неўзабаве плануецца яшчэ другое выданне серыі, дапоўненае архіўнымі відэазапісамі і рэдкімі кадрамі з канцэртаў. Аднак у продаж “Музычны скарб Беларусі” не паступіць – прынамсі, у бліжэйшы час.

Аўтар публікацыі: Вікторыя Целяшук.

Крыніца: газета “Звязда”, 04.11.2014.

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам