ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Каб творчыя парывы не згасалі: культурнае жыцце краіны
Статут ВКЛ 1566 года – новы этап у развіцці беларускага права

Пабачыў свет першы том Збору твораў Я. Янішчыц

Пабачыў свет першы том Збору твораў Я. Янішчыц
Іншыя навіны

Блакітны – як высокае неба роднага Палесся Яўгеніі Янішчыц, першы том Збору твораў ужо можна знайсці на паліцах кнігарняў.


Кніга пабачыла свет у Выдавецкім доме “Беларуская навука”, другі том, чакаецца ў самым пачатку 2017-га.

Праца па падрыхтоўцы гэтага грунтоўнага выдання магла пачацца яшчэ ў 1990-я гады, але ўсялякая ўкладальніцкая ініцыятыва так і не заканчвалася поспехам. Проста лёс не складваўся, а можа – час знаёмства чытача з творчасцю “Палескай ластаўкі” ў такім фармаце настаў толькі зараз. А яшчэ з’явілася ініцыятыва ўкладальнікаў – сяброўкі і аднакурсніцы Яўгеніі Янішчыц паэтэсы Тамары Аўсяннікавай і прафесіянала-тэкстолага, кандыдата філалагічных навук, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святланы Калядкі.

Падаецца, што на старонках гэтай кнігі спалучаецца неспалучальнае: акадэмічнае выданне мусіць быць строгім, а тут – лунаюць ластаўкі; поруч з паэткай выказваюцца літаратуразнаўцы і крытыкі, а фотаздымкі расказваюць пра дзяцінства, сталасць і сям’ю Яўгеніі Янішчыц. Чаму кніга атрымалася менавіта такой? Якія новыя рысы ў творчасці любімай паэткі адкрые чытач? І ці сталі вядомымі новыя факты з яе біяграфіі, што маглі паслужыць прычынай такога трагічнага лёсу творцы? На гэтыя і многія іншыя пытанні нашага карэспандэнта адказвае Святлана Калядка.

– З таго часу, як нарадзілася задумка і пачалася праца над Зборам твораў Яўгеніі Янішчыц, прайшло амаль 5 гадоў. Чаму чытачам давялося так доўга чакаць першы том?

– Хутчэй, справа зацягнулася па чыста тэхнічных прычынах. Трэба было праверыць процьму матэрыялаў, параўнаць набраныя тэксты з першакрыніцамі, супаставіць варыянты вершаў з тэкстамі, падабраць цытаты для літаратуразнаўчых каментарыяў... Былі і доўгія перамовы з выдавецтвам “Беларуская навука” наконт таго, з якой колькасці тамоў будзе складацца збор твораў. Спачатку планавалася 5, потым абмяркоўвалі 3, але сышліся на прамежкавым варыянце – праект будзе ўключаць 4 тамы аб’ёмам у 600–650 старонак пры фармаце кнігі, большым за стандартны.

– Думаецца, у чытача-кансерватара ўзнікнуць пытанні і пра фармат кнігі, падыход да прадстаўлення матэрыялу, не зусім стандартны для акадэмічных выданняў.

– Будучыня за выданнямі ўніверсальнага тыпу энцыклапедычнага характару, акадэмічныя варта рэфармаваць. Аднак, рабіць гэта трэба ашчадна, з індывідуальным падыходам да кожнага творцы. Напрыклад, калі шукаеш звесткі пра пісьменніка ў інтэрнэце, набіраеш яго імя, адразу ж хочаш атрымаць усю патрэбную інфармацыю. Каб уяўляць творцу ў цэласным вобразе, важна мець і біяграфію, і тэксты, і крытычныя артыкулы і іншае. Думаю, да гэтага і імкнецца сёння кніжная індустрыя, і выдавецкая справа апраўдае сябе, калі кнігі будуць адпавядаць запытам часу і сучаснага чытача, распешчанага мноствам варыянтаў выбару і доступам інфармацыі ў інтэрнэце.

– Па гэтай прычыне ў Зборы твораў літаратуразнаўчы каментарый да кожнага верша падаецца адразу ж побач з тэкстам?

– Так. І яшчэ таму, што кніга ў першую чаргу арыентаваная на пэўныя групы чытачоў. Гэта перш за ўсё вучні, студэнты, настаўнікі, выкладчыкі. Многім школьнікам, а часам і студэнтам складана зразумець, як праводзіць літаратурны аналіз твора. А ў літаратуразнаўчых каментарыях мы фактычна прадставілі ўзоры аналізу, праробленага многімі выдатнымі вучонымі, як Дзмітрый Бугаёў, Уладзімір Гніламёдаў, Уладзімір Калеснік, Варлен Бечык, Рыгор Бярозкін і іншымі. Але ў каментарах падаём не толькі аналіз, прыводзім агульныя выказванні, згадкі, звязаныя з вершам, гісторыю нараджэння твора. Такім чынам звяртаем увагу і на нашу літаратуразнаўчую спадчыну, якая часта не трапляе ў колы цікавасці сучаснага чытача і застаецца толькі ў пераліку выкарыстанай літаратуры. Рэдкі аўтар можа пахваліцца такой колькасцю даследаванняў, рэцэнзій, водгукаў на свае вершы, бо большасць твораў Янішчыц была заўважана. Да тых, якія абыдзены ўвагай, мы з Тамарай Аўсяннікавай пісалі свае каментарыі.

– А ці ёсць у першым томе новыя вершы Янішчыц? Ведаю, што ў архівах вы іх знайшлі нямала.

– Да новых твораў чарга яшчэ не дайшла, іх чытачу трэба дачакацца ў трэцім томе. У першым і часткова ў другім (зборнік “Каліна зімы”) – толькі паэтычныя зборнікі, што былі апублікаваныя пры жыцці паэткі. А вось у трэцім будуць змешчаныя вершы з перыёдыкі, якія так і засталіся здабыткамі часу і былі схаваны ў архівах друкаваных выданняў; вершы з калектыўных зборнікаў, творы, выяўленыя ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, а таксама тэксты з сямейнага архіва Яўгеніі Янішчыц. Сын паэтэсы Андрэй Янішчыц (вялікі дзякуй яму!) адкрыў доступ да ўсіх матэрыялаў архіва, дзякуючы якім была складзена падрабязная хроніка жыцця і творчасці, набылі іншую інтэрпрэтацыю многія факты біяграфіі паэтэсы, адлюстраваныя ва ўступным артыкуле. Кожны том парадуе чытача невядомымі ці добра забытымі творамі. У другім томе гэта апавяданні, якія друкаваліся ў перыёдыцы і проста захоўваліся ў сямейным архіве. У зборнікі паэтэсы не ўключалася і паэма “Завеі снежаньскай пялёсткі”. А незавершаная паэма “Галалёд” выйдзе ў першапачатковым аўтарскім варыянце. Справа ў тым, што раней яна публікавалася ў зборніку выбранага, укладзеным Валянцінай Коўтун у 2000 годзе, але тады чамусьці выйшла з перастаўленымі часткамі. Гэта значна змяніла кампазіцыю твора. Мы знайшлі ў архіве сына аўтограф і машынапіс твора і вярнулі паэме першачапатковы выгляд. Дарэчы, паэмы таксама будуць падавацца з літаратуразнаўчымі каментарыямі – на гэтыя творы крытыкі часта адгукаліся ў прэсе. Таксама ў дадатку чытач знойдзе вершы – прысвячэнні Яўгеніі Янішчыц.

– А хто з паэтаў прысвячаў ёй свае творы?

– Прасцей сказаць, хто гэтага не рабіў. Мала ў нас знойдзецца паэтаў, каму было прысвечана столькі твораў. Мы знайшлі больш за 120 вершаў 92 аўтараў – і гэта толькі тыя, што былі літаральна на паверхні. А колькі яшчэ прысвячэнняў Я. Янішчыц, нам невядомых, знойдзецца ў зборніках паэтаў! Дарэчы, варта згадаць і ўспаміны родных, настаўнікаў, аднакласнікаў, аднакурснікаў, калег паэткі, пісьменнікаў, над якімі ўжо каторы год шчыруе Тамара Аўсяннікава. Успаміны мы будзем змяшчаць у дадатку да кожнага тома, але ў другім іх будзе найбольш.

– Творы, прысвячэнні, успаміны, лісты... Падаецца, што гэты Збор твораў перакрэслівае саму ідэю выдання кнігі пра Яўгенію Янішчыц у межах серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” – праекта выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

– Гэта паралельныя праекты, якія могуць існаваць незалежна адзін ад аднаго. Пакуль яны патрэбны чытачу. Я прадугледжваю, што нашы наватарскія хады з увядзеннем біяграфічнага артыкула ў пачатку выдання (замест традыцыйнага ўхвальнага), з уключэннем побач з вершам літаратуразнаўчага каментарыя не ўсім спадабаюцца, бо цытаты навязваюць чытачу пэўную думку, тую ж плошчу запаўняюць, не пакідаючы чыстага прасцягу старонкі, прасторы для ўласных разваг. Аднак перад чытачом заўсёды ёсць магчымасць выбару – узяць нашу кнігу, дзе вершы прадстаўленыя ў такім фармаце, ці набыць томік выбранага, дзе творы падаюцца ў класічнай форме. На шчасце, кніга выбранай лірыкі выдаецца да кожнай юбілейнай даты паэтэсы.

– Грунтоўны збор твораў Яўгеніі Янішчыц – па сутнасці першае выданне падобнага кшталту ў беларускай літаратуры, прысвечанае жаночай творчасці. Чаму менавіта яна стала першай сярод нашых паэтак?

– Яшчэ ў 1990 годзе, пасля трагічнай смерці паэткі, выйшла пастанова Савета Міністраў аб увекавечанні памяці Яўгеніі Янішчыц. І адным з пунктаў пастановы значылася выданне Збору твораў. Гэта, відаць, першая і адзіная паэтэса ў Беларусі, у дачыненні да каго была прынятая такая пастанова. Дарэчы, у канцы 1980–1990 гадоў у многіх артыкулах яе называлі амаль народнай паэткай. Ёсць меркаванне, што калі б яна яшчэ некалькі гадоў папрацавала, то стала б першай жанчынай у нашай літаратуры з такім званнем. У гонар Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча адкрылі Літаратурны музей, на радзіме паэтэсы штогод ушаноўваюць яе памяць святочнымі мерапрыемствамі, і сёння яе творчасцю, як гаючай вадой, наталяюцца чытачы розных пакаленняў... Чаму тады не яна?

– Натуральна, для кожнага чытача паэт мае свой твар. Вы ж шмат гадоў даследуеце творчасць Яўгеніі Янішчыц, а цяпер працуеце з яе архівамі, фактычна бачыце творчую “кухню”. Якая яна для вас?

– Калі я пісала ўступны біяграфічны артыкул для нашага выдання, то злавіла сябе на думцы, што, нягледзячы на напісаную мною пра Яўгенію Янішчыц манаграфію і мноства артыкулаў, я так да канца і не змагла яе вывучыць і спасцігнуць усю глыбіню яе душы і таленту. Мы выявілі больш за 150 даследаванняў, артыкулаў, рэцэнзій, успамінаў і г.д. пра Яўгенію Янішчыц (спіс крыніц будзе падавацца ў дадатку ў другім томе), а яшчэ колькі будзе напісана! У жыцці паэтэса была закрытым чалавекам, мала каго пускала ў сваё, асабістае, але гэта цалкам кампенсавалася ў яе звышадкрытай, як рана, лірычнай споведзі. Якая Янішчыц? Беларуская, задуменная, тонкая, летуценная, дзівосная, непрыручаная, светлая, шчымлівая, пранізлівая, душэўная, зажураная, драматычная, безабаронная, параненая, высакародная... Пералік можна яшчэ доўга працягваць... Ва ўступным артыкуле я паспрабавала прадставіць розныя погляды людзей з яе акружэння на падзеі жыцця, драму Жэні Янішчыц.

– Калі ж казаць пра лёс паэткі, Збор твораў адкрывае раней не вядомыя факты яе біяграфіі?

– Пасля смерці паэтэсы прайшло ўжо амаль тры дзесяцігоддзі, цяпер мы можам больш аб’ектыўна разважаць пра многае з яе біяграфіі, хаця трагедыя Яўгеніі Янішчыц і па сённяшні дзень болем адгукаецца ў сэрцах тых, з кім яна сябравала, працавала, ішла побач у творчым працэсе. Гэтыя боль і віну не загойвае час. І калі пішаш пра няпросты трагічны лёс жанчыны, паэтэсы, якая рана пахавала бацьку, зведала кароткае сямейнае жыццё і сама гадавала сына, трапіла ў аўтамабільную катастрофу, пасля якой два месяцы знаходзілася ў рэанімацыі з мноствам пераломаў, прыехала з нервовым зрывам з сесіі ААН, а ў апошнія гады перажывала зацяжную дэпрэсію, якую можна і трэба было лячыць... то задумваешся, а ў якой меры і ступені асабістае жыццё пісьменніка павінна быць адкрыта чытачу, наколькі падрабязна апісана, дасканала разгледжана.

– Як даследчыку зразумець, дзе праходзіць тая мяжа асабістага і публічнага ў лёсе пісьменніка, за якую пераступаць нельга?

– Я, відаць, не прыхільнік таго, каб вывучаць кожную дробязь, нібы пад мікраскопам разглядаць жыццё пісьменніка, таму што небяспечна заблытацца ў дэталях, у розных інтэрпрэтацыях і ацэнках, а самае галоўнае, важнае, існае можа застацца па-за гульнёй у дэтэктыва. Таму добра разумела тых, хто адмовіўся пісаць успаміны ці прадаставіць для выдання перапіску. Не прыйшоў час для таго, каб многія факты з жыцця паэтэсы сталі агучанымі, сведкі многіх былых падзей і па сённяшні дзень захоўваюць маўчанне, аберагаючы светлае імя паэтэсы ад ажыятажу “жоўтай прэсы”. Феномен творцы не ў пакручастасцях асабістага лёсу (хаця веданне біяграфіі шмат што тлумачыць і ў тэкстах), а ў даўгалецці творчасці. Нам засталося Слова Яўгеніі Янішчыц, і ў нас ёсць магчымасць вывучаць яго Магію. Усё астатняе – біяграфія, перапіска, успаміны, прысвячэнні – усё тое, што мы сабралі ў адным выданні, – толькі падручны матэрыял у асэнсаванні непаўторнасці Паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.

Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам