ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Мультчытайка” паводле казкі “Конёк-Горбунок”
Як родны дом. Да 75-годдзя адкрыцця першай экспазіцыі музея Янкі Купалы

Па мячы і кудзелі. Знаходкі ў радаводзе Багдановіча

Іншыя навіны

У артыкуле «Хто мы такія? (Ліст да простых людзей)» Максім Багдановіч заклікаў беларусаў: «Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў – свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адракомся, не забудзем, не кінем на глум; будзема шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць». Веданне сваіх каранёў, продкаў з’яўляецца надзвычай істотным у справе захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Siamja-Miakotau.jpg

Сям’я Мякотаў: Таццяна Восіпаўна (бабуля паэта), Апанас Іванавіч (дзед паэта), Марыя Мякота (Багдановіч) (на каленях у маці Стэфа Мякота, цётка паэта), дакладнае імя хлопчыка невядома (Міша альбо Янка). Фотаздымак з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча адной з найважнейшых задач сёння лічаць складанне радаводу паэта «па мячы і кудзелі» – па лініі бацькі Адама Ягоравіча і маці Марыі Апанасаўны. Гэтую важкую справу распачаў яшчэ Адам Багдановіч, калі прымаў удзел у падрыхтоўцы першага Поўнага збору твораў Максіма (1927–1928 гг.) і зборы матэрыялаў да яго біяграфіі. У адпаведнасці з планам, прапанаваным супрацоўнікамі Інстытута беларускай культуры, пісаць біяграфію сына ён пачаў з паглыблення ў гісторыю роду і паведамленнем звестак аб продках Багдановічаў і Мякотаў.

Пазней Адам Багдановіч яшчэ раз вярнуўся да тэмы ўласнага радаводу, напісаў «Мае ўспаміны», мемуары пра жыццё ў мястэчку Халопенічы, дзе таксама прывёў звесткі пра сваякоў. Паколькі на той час Адам Ягоравіч жыў у Яраслаўлі, а ў Мінску бываў наездамі, то яму не ўдалося папрацаваць у мясцовых архівах, у адрозненне ад архіваў Ніжняга Ноўгарада і Яраслаўля. Да пэўнага часу пытанне складання радаводу Максіма Багдановіча заставалася па-за ўвагай беларускіх даследчыкаў. Калі яны і звярталіся да архіўных дакументаў, то росшукі ў першую чаргу былі звязаны непасрэдна з асобай пісьменніка, яго біяграфіяй, творчай і прафесійнай дзейнасцю, а не з яго продкамі.

Новы этап даследавання гісторыі сям’і класіка беларускай літаратуры пачаўся пасля адкрыцця Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, актыўна працэс стаў развівацца ў канцы 1990-х гг. Найбольшы ўнёсак у пабудову радаводнага дрэва паэта зрабіў Зміцер Яцкевіч, на той момант вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Ім былі выяўлены дакументы, звязаныя з гісторыяй беларускага роду Мякотаў, якія захоўваліся ў фондзе Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу, Мінскай казённай палаты, Беларускай уніяцкай кансісторыі і Беларускай праваслаўнай кансісторыі. Некаторыя дакументы сведчаць аб шляхецкім паходжанні продкаў Марыі Мякоты, дэманструюць радаводнае дрэва сям’і Мякотаў. Каштоўны дакумент – пералік дзяцей удавы Таццяны Восіпаўны Мякоты (бабулі Максіма) з указаннем, калі яны нарадзіліся. Нагадаем, што Адам Багдановіч ва ўспамінах пра жонку ўказаў толькі год: «Нарадзілася яна ў Ігумене, у 1869 годзе (дакладнай даты я зараз не помню, але яна маецца ў мяне ў паперах)». На жаль, метрыкі ці іншага дакумента аб нараджэнні Марыі Мякоты не аказалася сярод дакументаў архіва Адама Ягоравіча, перададзенага ў Беларусь.

Зміцер Яцкевіч і галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Рыгор Жаўняркевіч выявілі таксама комплекс спраў і дакументаў, якія тычацца радаводнага дрэва Максіма Багдановіча па лініі бацькі. Супрацоўнікі архіва знайшлі запісы, звязаныя з продкамі Адама Ягоравіча з в. Касарычы Бабруйскага павета, у рэвізскіх сказках за 1816 і 1850 гг., у спавядальных ведамасцях і іншых справах. Зміцерам Яцкевічам на падставе выяўленых дакументаў была падрыхтавана брашура «Радавод Максіма Багдановіча» (Мінск, «Беларускі кнігазбор», 1999 год). Ва ўступным слове тагачасны дырэктар музея Максіма Багдановіча Мікола Трус падкрэсліў, што «старонкі гэтай кнігі даюць сваю падсветку генію і грамадзянскаму подзвігу Максіма Багдановіча, які са шляхецкай годнасцю сваіх продкаў кінуўся абараняць свой абрабаваны народ, яго мову і культуру». Мікола Трус таксама адзначаў, што кніга не падводзіць рысу пад росшукамі, праз пэўны час гэтаму тэзісу знайшлося пацвярджэнне.

У 2016 годзе Наталля Казапалянская, рэдактар аддзела часопіса «Нёман», зрабіла сімвалічны падарунак да свята – 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў рэвізскай сказцы за 1795 год і метрычных запісах па Касарыцкай царкве Бабруйскага павета знайшла згадкі пра Якіма Скокліча, які быў ахрышчаны ва ўніяцкай царкве в. Касарычы. Па яе меркаванні, ён можа быць бацькам Сцяпана Скокліча, г. зн. прапрапрадзедам паэта. Як вядома, прапрадзед Сцяпан першым у родзе змяніў прозвішча на Багдановіч (па айчыму). Але гэтая версія патрабуе больш глыбокага даследавання і вывучэння архіўных дакументаў.

Зусім нядаўна новымі архіўнымі знаходкамі парадавала Алена Кароўчанка. Алена таксама даследавала матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, працавала ў першую чаргу з метрычнымі кнігамі розных беларускіх храмаў. Ёй удалося адшукаць згадкі пра продкаў Максіма Багдановіча і па мячы, і па кудзелі. Праўда, пошукавы шлях быў складаным і некаторыя пытанні пакуль засталіся без адказу.

Адам Багдановіч ва ўспамінах адзначаў, што сялянская дакументацыя вялася вельмі неахайна, і, калі яму асабіста прыйшлося звярнуцца за дакументамі для сябе і сясцёр, аказалася, што не было амаль ніводнага дакладнага запісу. Бацька паэта правільна ацаніў стан вядзення дарэвалюцыйнага справаводства ў беларускай глыбінцы, што відавочна даказваюць дакументы, адшуканыя Аленай Кароўчанкай. Напрыклад, адносна шлюбу сваіх бацькоў Адам Багдановіч указаў дату – 1 лістапада 1860 года. На самай справе, шлюб зарэгістраваны 6 лістапада таго ж года, але мужам Ганны (Анэлі) Фаміной (Тамашовай) Асьмак запісаны Харытон Пятроў Станкевіч, прычым ён фігуруе ў якасці жаніха ў гэты дзень яшчэ раз, але бярэ шлюб з іншай дзяўчынай. Імя «сапраўднага» мужа Анэлі і бацькі Адама – Ягора Лук’янавіча Багдановіча – не згадваецца.

Аналагічную блытаніну заўважыла даследчыца і пры высвятленні дат нараджэння Анэлі Асьмак, яе брата Ануфрыя і сястры Мар’яны, калі праглядала справы Мінскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі Сінода (г. Мінск Мінскага павета Мінскай губерні). Зноў звяртаемся да ўспамінаў Адама Багдановіча, які згадваў, што цётка Марыля была старэйшая за маці на 2 гады, а дзядзька Ануфрый – маладзейшы на 2 гады. У метрычнай кнізе за 1841 год Халопеніцкай царквы Аленай Кароўчанкай выяўлены запіс аб нараджэнні 29 сакавіка 1841 г. і хрышчэнні 31 сакавіка 1841 г. Мар’яны Асьмак, дачкі сялян з м. Халопенічы Тамаша і Разаліі Асьмакавых. У аналагічнай кнізе за 1845 год выяўлены запіс аб нараджэнні 10 студзеня 1845 г. і хрышчэнні 13 студзеня 1845 г. Ануфрыя Асьмака, бацькам якога памылкова паказаны Фама Шостак, замест Фамы Асьмака, маці – Разалія Казіміраўна. Верагодна, царкоўнымі служкамі дапушчана памылка і пры рэгістрацыі Анэлі Асьмак, бабулі паэта. У метрычнай кнізе за 1842 год ёсць запіс аб нараджэнні 4 снежня 1842 г., хрышчэнні 9 снежня 1842 г. Варвары, бацькі якой Фама Ермакоў Асьмак і Разалія Казіміраўна. Цікава, што на старонцы тройчы паўтараецца імя Варвара. У метрычных кнігах за 1842– 1844 гг. запісу аб нараджэнні Анэлі Фаміной Асьмак не выяўлена, а цётку Варвару Адам Багдановіч нідзе і ніколі не згадваў. Цікавы факт – вянчанне Фамы Асьмака і Разаліі Лісоўскай, а потым хрышчэнне іх дзяцей праводзіў адзін святар – Пётр Хруцкі.

Адносна свайго нараджэння А. Багдановіч пісаў, што «яго метрыка наогул не была ўнесена ў метрычную кнігу». Выпіска была патрэбна яму пры паступленні ў праваслаўную Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. З-за таго, што метрыкі адразу не знайшлі, ён вымушаны прапусціць год. Верагодна, бацькам давялося пайсці на падман. Запіс аб нараджэнні Адама Багдановіча з’явіўся ў метрычнай кнізе за 1862 год, у самым канцы, пры тым, што дата нараджэння – 20 сакавіка, дата хрышчэння – 25 сакавіка 1862 г. З-за гэтага Адам Багдановіч так і не вызначыўся з днём нараджэння, на працягу ўсяго жыцця ў аўтабіяграфіях падаваў розныя даты. Трэба дадаць сюды яшчэ блытаніну з яго імем – пры нараджэнні Адольф становіцца Адамам.

Падаецца, больш акуратна вялося справаводства ў Ігуменскім павеце, адкуль родам маці паэта – Марыя Апанасаўна Багдановіч (Мякота). Пра гэта сведчаць дакументы, якія таксама адшукала Алена Кароўчанка ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і якія праліваюць святло на жыццё бабулі Таццяны Восіпаўны Мякота (у дзявоцтве – Малевіч) і дзядулі Апанаса Іванавіча Мякоты. Дарэчы, першыя знойдзеныя Аленай дакументы сведчаць пра кола сяброў Апанаса Мякоты. 31 ліпеня 1865 года ён разам з малодшым настаўнікам Ігуменскага прыходскага вучылішча Антонам Чарняўскім выступае сведкам пры прыняцці праваслаўя ігуменскай дваранкай рымска-каталіцкага веравызнання Марыяй Кулакоўскай. Праз 2 тыдні, 15 жніўня 1865 г., Апанас Іванавіч зноў выступае сведкам, на гэты раз пры вянчанні асоб, ужо нам знаёмых, – Антона Чарняўскага і Марыі Кулакоўскай.

Цікава, што з боку нявесты сведка – Апанас Мякота, з боку жаніха – старшы настаўнік мясцовага вучылішча Мікалай Аляксеевіч Рубяроўскі. Па ўспамінах унучкі Апанаса Іванавіча, нейкі семінарыст Рубяроўскі (сын?) быў закаханы ў Таццяну Малевіч, але маладыя пасварыліся, і яна насуперак волі бацькоў пайшла замуж за ўдаўца Апанаса Мякоту, нашмат старэйшага за яе. Сведчанне таму таксама знойдзена Аленай Кароўчанкай: у метрычнай кнізе Ачыжскай царквы ад 17 кастрычніка 1865 года ёсць запіс аб вянчанні сакратара Думы, губернскага сакратара Апанаса Іванавіча Мякоты, удаўца па першым шлюбе, праваслаўнага веравызнання, 41 год, і Таццяны, дачкі святара Ачыжскай царквы Іосіфа Малевіча, першым шлюбам, праваслаўнага веравызнання, 20 гадоў. Сведкам з боку жаніха з’яўляўся Антон Грыгор’еў Чарняўскі, абрад вянчання правёў святар Іосіф Малевіч. Па-першае, становіцца вядомай дата шлюбу Апанаса і Таццяны Мякотаў, па-другое, узнікае пытанне аб узросце Апанаса Іванавіча. Паводле рэвізскіх сказак, выяўленых Зміцерам Яцкевічам, дзед Максіма Багдановіча нарадзіўся ў 1814 годзе. Гэтая метрычная кніга сведчыць, што ён можа быць маладзейшы на 10 гадоў, чым мы меркавалі, – 1824 года нараджэння.

Алена Кароўчанка высветліла і дату смерці маці Апанаса Мякоты – Пракседы з Багданаўскіх, жонкі ксяндза Сямёнавіцкай плябані Яна Мякоты, – 15 верасня 1827 года (паводле метрычнай кнігі Сямёнавіцкай царквы). Як бачым, пацвярджаюцца словы Адама Багдановіча, што продкі Максіма Багдановіча «па кудзелі» былі святарамі: «Здаецца, абодва роды папоўскія, прынамсі Таццяна Восіпаўна была пападзянкай». Праца з метрычнымі кнігамі Ачыжскай царквы, якія захоўваюцца ў НГАБ, пашырыла нашы веды аб складзе сям’і Малевічаў. Усяго ў сям’і Іосіфа Стэфанавіча і Еўдакіі Кірылаўны Малевічаў было восем дзяцей: Іван (каля 1825 – ?), Аляксандра (каля 1827 – ?), Антаніна (каля 1830 – ?), Таццяна (1840 – 20.09.1921), Надзея (17.10.1844 – ?), Іосіф (28.10.1847 – 13.02.1849), Канстанцін (06.03.1850 – ?), Фёдар (19.09.1852 – ?).

Архіўныя крыніцы паступова раскрываюць свае сакрэты, пашыраецца інфармацыя аб жыцці продкаў Максіма Багдановіча. Метрычныя кнігі дазваляюць не толькі знайсці дакладныя даты самых важных момантаў жыцця – нараджэння, смерці, вянчання, але і высветліць геаграфічныя каардынаты існавання продкаў, выявіць кола іх акружэння, знайсці роднасныя і сяброўскія сувязі. Сімвалічнай у гэтым кантэксце падаецца ініцыятыва Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі аб падрыхтоўцы сумеснага з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча выдання, прысвечанага радаводу беларускага генія. Спадзяёмся, што ў 2021 годзе нашы планы ажыццявяцца, а выданне стане каштоўным падарункам да юбілею Максіма Багдановіча.

Аўтар публікацыі: Ірына Мышкавец, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам