ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сёння спаўняецца 100 год з дня нараджэння Веры Сямёнаўны Палтаран
Семінар “Крыніцы па генеалогіі ў беларускіх архівах і бібліятэках”

Нячыстай сіле тут не месца

Нячыстай сіле тут не месца
Іншыя навіны

У марах пра ідэальную этна-лабараторыю Іван Кірчук найперш вядомы як музыкант. Без сумневу, група “Троіца” – самая публічная частка яго дзейнасці. Аднак у гэтай асобы ёсць і другая значная іпастась – педагога, фалькларыста, даследчыка. І яна ў яго біяграфіі адыгрывае прынамсі не меншую, а можа, нават і большую ролю. Балазе, многія з яго вучняў і самі ўжо сталі дактарамі і кандыдатамі навук, загадчыкамі кафедраў, кіраўнікамі народных калектываў.

Апошнія тры гады Іван Кірчук з’яўляецца выкладчыкам кафедры культуралогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яго памяшканне стала і даволі ўтульнай базай для калекцыі народных інструментаў ды прадметаў народнага побыту, якая збіралася на працягу 45 гадоў. Выкладчык падкрэслівае: калекцыя не музейная, бо яе экспанаты не толькі захоўваюцца, але і працуюць – і для стварэння музыкі, і для навучання. У адзін інстытуцкі кабінет – этна-лабараторыю – мы і зазірнем.

Каб не хаваць па куфрах

Перамясціўшыся са сваёй калекцыяй у будынак інстытута па вуліцы Каліноўскага ў Мінску, Іван Кірчук казаў, што праз 33 гады яго мара нарэшце здзейснілася. А мара была ў тым, каб не хаваць сабранае па куфрах і скрынях, не шукаць пастаянна месца, дзе гэта захоўваць, і мець магчымасць паказваць цікаўным свае набыткі не толькі выпадкам. Мара была – зрабіць калекцыю даступнай, стварыць на яе аснове рабочую прастору, якую можна выкарыстоўваць для навучання.

Доўгі час справа не рухалася, нягледзячы на звароты ў розныя інстанцыі. Але ўрэшце ў адной з інстытуцкіх аудыторый – няхай і невялікай, але са спецыяльна пабудаванымі шафамі-модулямі – была ўтворана сапраўдная этна-лабараторыя, дзе размясціліся сабраныя спадаром Кірчуком экспанаты.

Мінулай восенню нарэшце вярнулася на радзіму і тая частка калекцыі, якая многа гадоў знаходзілася за мяжой, разам з трох’яруснай – а гэта вялікая рэдкасць! – батлейкай, якая была выкуплена добрымі людзьмі ў брэсцкай краме канфіскату за 55 рублёў і вернутая гаспадару. “А маглі ж і проста спаліць, падумаўшы, што гэта звычайная старая шафка”, – сумна жартуе Кірчук. І дадае, што чалавек, які ведае ёй цану, аддаў бы, пэўна, за такі рарытэт пару тысяч долараў. Цяпер гэтая батлейка з купаламі займае свой кут у кабінеце інстытута – разам з дзвюма іншымі.

Флейта з ваўчынай косці

Сваю калекцыю Іван Кірчук пачаў збіраць амаль адразу пасля таго, як стаў педагогам. Яшчэ студэнтам ён пайшоў працаваць у мінскае культасветвучылішча, дзе вёў практыкум па фальклоры. Для рэканструкцыі абрада вяселля спатрэбіўся пэўны “рэквізіт”. Так і распачаліся яго пошукі.

Этна-лабараторыя.JPG– Мы з бацькам паехалі па родзічах, па Шчучынскім раёне, Гродзенскім, – згадвае Кірчук. – Набралі ўсяго – посцілак, ручнікоў, паясоў вясельных, адзення, саламяных упрыгожванняў. Я з захапленнем цэлымі машынамі вазіў гэта ў вучэльню. Адтуль і пайшло.

Прадметы народнага побыту, якія пачалі збірацца ў 1983 годзе, былі задзейнічаны ў вучэбных працэсах, рэканструкцыях святаў, канцэртах ансамбляў “Дзіва” і “Троіца”. Калекцыя ж народных інструментаў пайшла ад невялікай дудачкі копыльскага майстра, прыдбанай у 1994 годзе. Яна і цяпер на пачэсным месцы ў этна-лабараторыі, але на фоне іншых – вялікіх і дарагіх – інструментаў выглядае сціпла.

Цымбалы, гуслі, смыкі, скрыпкі, дуды, ліры, баян, акардэон, гармонікі, турэцкі сас, японская гітара, акарыны, флейты, дудкі, званы, варганы, гонгі, дзіджэрыду – толькі частка з вялізнага спісу. У этна-лабараторыі ёсць інструменты з Галандыі, Германіі, Італіі, Расіі, Індыі, Кітая, Непала, краін Афрыкі... Але самая галоўная частка – поўная калекцыя беларускіх народных інструментаў. Так, поўная, з адным толькі выключэннем. Пакуль не хапае сурмы – гэта такі вялікі драўляны рог. Не супраць калекцыянер абзавесціся і шарманкай.

– Самыя старадаўнія па ўзросце, пэўна, шархуны. Гэта званочкі, якія на святы – Масленіцу ці вяселле – вешаліся на коней, – распавядае Іван Кірчук. – Праўда, нядаўна археолагі падарылі два крыжыкі – кажуць, што XVI стагоддзя. Задачы збіраць антыкварыят я не меў, сэнс быў у іншым – сабраць усе беларускія інструменты, якія толькі ёсць. Многія я замаўляў майстрам – напрыклад, Усеваладу Жукоўскаму з Мар’інай Горкі. Гэта патомны ўмелец, род якога здавён робіць басэтлі, смыкі, віяланчэлі. Саша Блахін з Ліды рабіў духавыя інструменты, а калі рамантаваў маю балгарскую дуду, то замест меха, які лопнуў, паставіў дзіцячую непрамакальную куртку. Яго ж аўтарства ў мяне і металічны барабан. Ганна Мазоўка многа акарын зрабіла, ёсць пяць акарын майстра Дзяніса Грома. Вось новая акарына – падарунак з Яраслаўля, яна зроблена з бярозы, а не з гліны. Беларускія варганы, або дрымбы – справа рук Сяргея Хацкевіча.

Калекцыя спакваля папаўняецца: нешта спадар Кірчук прывозіць з замежных фестываляў, нешта замаўляе ўмельцам. Напрыклад, побач з шумавым інструментам з капытаў казы – на адной нізцы многа-многа капытцаў – новы экзэмпляр. Мінскі майстар Павел Корань са шкарлупіння грэцкіх арэхаў стварыў нешта нечаканае і з арыгінальным гучаннем. Здавалася б, матэрыял вельмі просты, але Кірчук бачыць за гэтым цэлую сімвалічную гісторыю, звязаную і з хрысціянствам, і з нашымі вясковымі традыцыямі.

Гук марскіх ракушак, як і гук тыбецкіх спеўных чашаў, што стаяць на шафах побач са звычайнымі чыгункамі з беларускіх сельскіх крамаў, як лічыцца, і лекуе, і адганяе нячыстую сілу. Падобных інструментаў тут нямала. Так што да гэтага кабінета нячысцік не можа нават наблізіцца – такая тут энергетыка!

Для Івана Кірчука разважанні пра падобныя матэрыі абсалютна натуральныя: ён упэўнены, што калі ты займаешся фальклорам, то маеш справу і з міфалогіяй, і з невядомымі сіламі, і з сапраўднымі цудамі. Таму з замілаваннем слухаеш яго аповед пра інструмент, на якім ніхто не іграе:

– Гэта рытуальная флейта з ваўчынай косці. Майстар не хоча называць сваё імя. Калі ён мне яе дарыў, то сказаў: калі зайграеш – прыдуць ваўкі. Таму я проста паказваю яго навучэнцам, распавядаючы пра Піліпаўскі пост – бо гэта самы ваўчыны час.

Праўда, пад націскам маёй цікаўнасці Іван Іванавіч усё ж прызнаецца, што граць на гэтай ваўчынай флейце ён спрабаваў – прычым у нейкім асаблівым месцы. І пацвярджае, што ваўкі сапраўды прыйшлі – але ж гэта неабавязкова звычайныя шэрыя жывёлы.

Са старажылаў калекцыі – падарункі адной галандскай сляпой пані, прызнанай калекцыянеркі. У свой час яна пачула выступленне “Троіцы” – і тут жа загадала сыну ў знак захаплення падарыць музыкам гармонік, зроблены ў 30-я гады мінулага стагоддзя, нямецкую цытру і вялікую акарыну.

Аднак на пытанне “Што тут самае каштоўнае?” Іван Іванавіч жартам адказвае: “Гэта я сам”. Цяжка не пагадзіцца, асабліва згадаўшы яго ўнікальны голас!

Запаўняць прагалы

Кірчук не раз паўтарае: самае галоўнае, што ўсе інструменты гучаць – у тым ліку, і на занятках з навучэнцамі. Сапраўды, кожны са слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі не толькі можа паразглядаць інструменты і паслухаць, як на іх грае выкладчык, але і паспрабаваць на гук самому.

У Інстытут павышэння кваліфікацыі прыязджаюць работнікі культуры з усёй Беларусі. Сярод іншага, вывучаюць яны і народныя традыцыі. Па словах спадара Кірчука, нярэдка здараецца, што для іх літаральна даводзіцца ладзіць “лікбез” – настолькі мала ведаў яны маюць у гэтай галіне. Асабліва калі працаваць на ніве культуры людзі прыходзяць з зусім іншых прафесій – а такое цяпер здараецца вельмі часта.

Таму Іван Іванавіч ужо прызвычаіўся, што многія слухачы курсаў усе заняткі праводзяць літаральна “адкрыўшы рот”. Прызвычаіўся чуць прызнанні кшталту “А мы ж не ведалі, а мы ж не так усё рабілі…” І чытаць у кнізе водгукаў не толькі захопленыя эмацыйныя запісы, але і шкадаванні, што так мала часу адведзена на вывучэнне традыцыйнай народнай культуры ў сістэме нашай адукацыі.

Пра гэта выкладчык з 36-гадовым стажам ведае не па чутках. Дагэтуль з болем згадвае пра тое, як у педагагічным універсітэце спачатку вучылі фальклору пяць гадоў, потым чатыры, а ўрэшце і ўвогуле ліквідавалі адпаведную кафедру. Таму прагалы ў ведах даводзіцца ліквідаваць ужо на курсах.

– Мы гаворым не толькі пра музыку, песню і абрады, але таксама і пра традыцыі: наколькі яны важныя ў нашым жыцці, як уплываюць на сям’ю, на грамадскасць, – распавядае спадар Кірчук. – Людзі выходзяць уражаныя і прызнаюцца, што я прымусіў іх моцна задумацца – і не толькі ў прафесійным плане, але і ў чалавечым, жыццёвым. А прыязджае ж многа настаўнікаў музыкі, якія з дзецьмі працуюць.

Па яго словах, не раз у сцэнарыях народных святаў “на месцах” выяўляюцца істотныя памылкі – не кажучы ўжо пра неразуменне глыбінных сэнсаў і значэнняў.

– Як ні дзіўна, дагэтуль актуальная праблема з матэрыялам – не ведаюць, дзе ўзяць, як увасобіць у жыццё, як праспяваць ці зрэжысіраваць. Усім гэтым мы займаемся разам, – дадае Іван Іванавіч.

Акрамя тэарэтычных заняткаў, ёсць і прыктычныя, і яны праходзяць у адпаведнасці з патрабаваннямі групы. Калі гэта рэжысёры народных святаў – адна праграма, калі загадчыкі клубаў – другая, калі настаўнікі музыкі – трэцяя, скіраваная больш на песні, іх апрацоўкі і аранжыроўкі. З кожнай групай рыхтуецца які-небудзь народны абрад.

У этна-лабараторыі вучаць рыхтаваць усе святы народнага календара. Вельмі часта просяць паставіць Купалле – бо шмат дзе цяпер яго адзначаюць. У апошнія гады карыстаюцца папулярнасцю жніўныя святы – Зажынкі і Дажынкі. Зразумела, сярод самых запатрабаваных – Каляды. А таксама – розныя Кірмашы з традыцыйным антуражам: скамарохі, мядзведзь, лялячны тэатр... Акурат зараз скончыла навучанне група дырэктараў музычных школ і клубных устаноў, яна працавала над абрадам Каравай.

У выглядзе свірана

На жаль, для размяшчэння поўнай калекцыі Кірчука месца ў кабінеце ўсё роўна не стае. З той самай прычыны навучэнцам і наведнікам даводзіцца слухаць лекцыі ці ўдзельнічаць у практычных занятках літаральна стоячы. Да таго ж, інстытуцкі кабінет – гэта не публічны музей, і туды не трапіш проста “з вуліцы”. А хочацца ж не проста экскурсій, хочацца і музыкі, і спектакляў. Так што хаця мара Івана Кірчука і здзейснілася, але ёсць да чаго далей імкнуцца.

Наастачу задала суразмоўцу пытанне: якой ён бачыць ідэальную этна-лабараторыю? Іван Кірчук, прызадумаўшыся, адказаў: у выглядзе вялікага свірана, дзе знайшлося б месца і для ўсіх інструментаў, і для ўсяго адзення, і для батлеек з куфрамі, і для саламяных зорак ды многіх іншых цікавостак. Каб кожнаму абраду ці святу быў адведзены свой куточак. А галоўнае – каб была невялічкая зала, хоць бы на 100 месцаў, дзе наведвальнікі маглі б стаць слухачамі і гледачамі пазнавальных музычных праграм. Каб туды прыязджалі іншыя калектывы – можа, і з розных краін. Каб прыходзілі дзеці, а не толькі дарослыя. Каб гэта быў сапраўдны цэнтр народнай культуры.

Пакуль жа памкненні Івана Іванавіча куды больш сціплыя: займець яшчэ адзін кабінет у Інстытуце, каб можна было раздзяліць замежныя і беларускія інструменты, а навучэнцы падчас заняткаў маглі прысесці.

Аўтар публікацыі: Надзея Кудрэйка

Крыніца: Культура

Чытайце таксама:

Каляды – час, калі беларус становіцца пасрэднікам паміж Богам і людзьмі

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам