ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Глуша цяпер пачынаецца з Адамовіча
Лекцыя “Археалагічныя і рукапісныя сведчанні пра Біблію” Скота Кэрала

Nulla dies sine… Biblia, або Чаму ўсе асветніцкія шляхі вядуць у НББ

Nulla dies sine… Biblia, або Чаму ўсе асветніцкія шляхі вядуць у НББ
Іншыя навіны

Яе таямнічыя, нязведаныя глыбіні прыцягваюць спакон веку, яе аўтарытэт непарушны. Тут няма шуму слоў, а толькі паўната думкі, тут нічога не сказана без мэты, і чалавечая душа заўсёды знойдзе заспакаенне. Дастаткова ўзяць адсюль только адно выказванне, каб мець настаўленне на ўсё жыццё. Біблія – скарбонка духоўнай прыгажосці. Біблія ў бібліятэцы – як у сябе дома. Яны абедзве старыя як свет. Аднакаранёвыя сваячкі сёння ўрачыста павіталіся. Самая галоўная кніга паўстала праз хроніку часу: выстаўка “Беларусь і Біблія” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – падарожжа Святога Пісання са старажытнасці ў сучаснасць.

Дзякуючы Скарыну

Сярэднявечныя манускрыпты, каштоўныя папірусы, аўтэнтычныя скруткі, клінапісныя таблічкі, што адлюстроўваюць гістарычны кантэкст Святога Пісання, і непасрэдна першадрукаваныя біблейскія тэксты на розных мовах – ад разнастайнасці рарытэтаў з тысячагадовай гісторыяй займае дух. Усяго каля 200 экспанатаў на месяц пасялілася ў адным памяшканні – музеі кнігі НББ. Палова экспанатаў прыбыла з розных краін свету: Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, Карэі, Кітая, і гэта пераважна прыватныя калекцыі, якія ніколі раней не экспанаваліся, – унікальныя помнікі, што ў Беларусь трапілі ўпершыню ў межах праекта Групы даследавання рукапісаў (ЗША).

– Выстаўка не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе: прадстаўлены самыя рэдкія экспанаты, якія адлюстроўваюць галоўны помнік цывілізацыі – Біблію: ад перадгісторыі, зараджэння біблейскіх тэкстаў да самых розных экспанатаў, свяшчэнных тэкстаў на розных мовах, розных народаў, перыядаў, – адзначыў дырэктар НББ Раман Матульскі. – Арганізацыя падобных выставак – не месяц, не два, а гады… Калі пачынаць з ідэі, то першая наша сустрэча адбылася дзякуючы Скарыну. Больш як два гады таму мы прэзентавалі факсімільнае выданне Бібліі Скарыны ў Нью-Ёрку, у Нацыянальнай бібліятэцы Кангрэса ЗША. І там былі прадстаўнікі яшчэ неіснуючага тады Музея Бібліі. Ён цяпер створаны, нядаўна адкрыты. Пасля гэтага былі сустрэчы, перамовы. Мы ўдзячны спонсарам, якія падтрымалі нашу ідэю і праспансавалі арганізацыю гэтай выстаўкі.

На выстаўцы ёсць магчымасць убачыць унікальныя рэчы, зазірнуць глыбока ў старажытнасць. У прыватнасці, прадстаўлены рэдкі спіс Пяцікніжжа Майсеевага – самых ранніх, самых першых кніг Бібліі. Спіс быў створаны ў Індыі. У гэтым поліканфесійным рэгіёне мелася ўнікальная Тора, якая зберагалася ў спецыяльнай сярэбранай аправе – куфры, які называецца цік. Захавалася амаль у ідэальным стане. Ёй дагэтуль можна карыстацца. Асаблівасць аздаблення – карона.

Упершыню паказаны скрутак, які ніколі раней у свеце не экспанаваўся за яго шматстагоддзевую гісторыю, – Сувой Эстэр (XVIII ст.): зроблены ў Італіі, прывезены ў Кітай, выкарыстоўваўся мясцовымі вернікамі. У Кітаі набыты паслом Вялікабрытаніі. Такім чынам, першапачаткова з Захаду трапіў на Усход, а потым з Усходу – на Захад, цяпер гасцюе ў нас.

Не могуць не ўразіць рэдкія арыгіналы: шумерскія клінапісныя рукапісы на гліне, “Іліяда” Гамера і Байкі Эзопа... Асобныя ўнікаты паказаны копіямі: некаторыя экспанаты ў прынцыпе не вывозяцца і захоўваюцца ў герметычных колбах, некаторыя немагчыма паказваць на працягу месяца. Экспанаты ў НББ будуць клапатліва даглядаць – перагортваць старонкі: увесь час паказваць на адным развароце – значыць шкодзіць…

10v_38.jpg

Год таму ў межах вялікай выстаўкі, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, з Германіі, з Нацыянальнай бібліятэкі ў Лейпцыгу, у НББ быў прывезены фрагмент Бібліі Гутэнберга. Упершыню ў нашай гісторыі. А ў межах гэтай выстаўкі з’явілася новая магчымасць: з ЗША прывезлі фрагмент арыгінала Бібліі Гутэнберга і поўную копію, факсімільна ўзноўленую, з музея кнігі ў Лондане. Ёсць магчымасць пабачыць, як выглядаў арыгінал. (На жаль, у большасці яны захаваліся толькі фрагментарна.)

Беларускага паходжання

– Гэтая выстаўка – сумесны праект Групы даследавання рукапісаў (міжнародная навуковая арганізацыя, якая прадстаўляе даследчыкаў, спецыялістаў з усяго свету, а асноўны офіс мае ў Мічыгане) і НББ. Кожны з бакоў прадставіў свае экспанаты, і НББ ёсць што паказаць: і інкунабулы, і першадрукі часоў Гутэнберга, – расказаў галоўны каардынатар выстаўкі намеснік дырэктара НББ Алесь Суша. – Мы прадставілі і старажытныя каштоўныя рукапісы. Але самае галоўнае – на фондах НББ мы паказалі, што беларуская кніжная традыцыя таксама грунтуецца на Бібліі. У нас ёсць самыя старажытныя рукапісы беларускага паходжання, пачынаючы ад Тураўскага, Полацкага, Слуцкага, Наваградскага Евангелляў – яны ўсе прадэманстраваны на выстаўцы. Гэта і выданні Скарыны, ад якіх пачалася вялікая кніжная друкарская традыцыя. Кожны выдавец так ці іначай звяртаўся да біблейскіх тэкстаў: Берасцейская друкарня – Біблія, Сымон Будны – Біблія і яе пераклады, Васіль Цяпінскі – Евангелле, Мамонічы – таксама.

Старажытныя рукапісы Тураўскага Евангелля ХІ ст. (арыгінал захоўваецца ў Бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук), Полацкага Евангелля канца ХІІ – пачатку ХІІІ стст. (арыгінальная асноўная частка Евангелля захоўваецца ў зборы Расійскай нацыянальнай бібліятэкі) на выстаўцы прадстаўлены ў факсіміле, але вока радуе шмат іншых каштоўных арыгіналаў. Вельмі цікавыя рукапісы ХVI, XVII ст. у межах праваслаўнай традыцыі з прыгожымі ўнікальнымі застаўкамі: вязь, ініцыялы, шматлікія яркія подпісы. Арыгінал Слуцкага Евангелля захоўваецца ў Мінску ў Дамавым храме ў гонар Сабора Беларускіх Святых, але НББ рэалізавала ў свой час сумесны праект па спачатку электронным, а потым факсімільным узнаўленні выдання, і на выстаўцы прадстаўлена факсіміле. Кніга пісалася, як лічыцца, князем Юрыем Алелькавічам у Слуцку на тэрыторыі Слуцкага княства, і гэта было паслушэнствам князя.

З беларускіх збораў нельга абмінуць Скарыну – арыгіналы з фондаў НББ – пражскія выданні Бібліі. Цікава даведацца, што Скарына рабіў з Бібліяй тое, чаго да яго не рабіў ніхто. Сакральныя тэксты друкавалі інфоліа, Скарына ж рабіў ін-кварта, прытым што ін-кварта друкавалі толькі антычную літаратуру. Дарэчы, істотныя самыя тыпы шрыфтоў. Існавала готыка, якую вынайшаў Гутэнберг, яна заўсёды выкарыстоўвалася для сакральных тэкстаў, а потым у Італіі немцы вынайшлі стыль антыква, якім друкавалі антычную літаратуру і ў далейшым свецкія тэксты. Скарына робіць Біблію ў свецкім стылі. Гэтага не рабіў да яго ніхто і пасля – таксама. Скарына Біблію арыентаваў не на літургічны ўжытак, а на чытанне паспалітаму люду. У прадмовах ён робіць апалогію Бібліі, тлумачыць, чаму яна навучыць.

Беларуская традыцыя адлюстравана ў старадруках. Працяг справы Скарыны – Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія 1563 г. Кнігі Бібліі друкаваліся ў розных гарадах: у Вільні – друкарня Мамонічаў. Адметны Псалтыр з чырвонымі кропкамі 1576 г. Друкаванне было ў Еўі, у Куцеінскім манастыры. Далей – Спірыдон Собаль...

Непараўнальны карагод беларускіх Евангелляў на выстаўцы – каштоўнасць на ўсе часы: як мужныя рыцары на варце мудрасці і праўды – гордыя сваім узростам. Сярод пісьмовых адметнасцяў з усяго свету нашы Евангеллі глядзяцца паасабліваму самабытна і велічна. Сцішаныя, яны чакаюць ласкавых рук і чуйнага сэрца. Прыгожае аздабленне вабіць разгарнуць і ўглядацца ў сакральныя літары. Нездарма Іаан Златавуст чытанне Бібліі параўноўваў з набыццём скарбу.

10a_38.jpg

“Іліяда” Гамера. І ст. н.э.

– Пра тое, што нам усім трэба нагадваць пра Біблію і пра яе важнасць, царква памятае. Але каб шырэй у грамадства несці гэтую ідэю патрэбы Слова Божага, карысная такая выстаўка, – заўважыў першы прарэктар Інстытута тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія БДУ протаіерэй Сергій Гардун. – Прыемна бачыць перавыдадзеную спадчыну Скарыны, бо раней гэтыя кнігі былі рэдкія і маладаступныя. Цяпер жа, дзякуючы таму, што зроблена НББ, кожны чытач не толькі тут, але і ў многіх іншых кніжніцах Беларусі можа ўзяць у рукі кнігі Скарыны і пачытаць. Думаю, гэтая выстаўка паспрыяе, каб мы кожны дзень натхняліся Словам Божым. Нехта са старажытных аўтараў паставіў сабе дэвіз: nulla dies sine linea – ніводнага дня без радка: кожны дзень нешта напісаць. Думаю, натхніўшыся экспанатамі выстаўкі, можам для сябе ўзяць такі дэвіз: nulla dies sine Biblia – ніводнага дня без радка Свяшчэннага Пісання.

Скрутак → кніга

– У многіх можа ўзнікнуць пытанне: як можна арганізаваць цэлую выстаўку, прысвечаную адной кнізе? – разважае дырэктар Групы даследавання рукапісаў (ЗША), прафесар філасофіі Скот Кэрал. – Біблія ўтрымлівае ў сабе мноства кніг, якія былі напісаныя на працягу 1 500 гадоў больш за 40 аўтарамі. Першапачаткова арыгінальная мова Бібліі – старажытнаяўрэйская, старажытнагрэчаская, арамейская. І Біблію можна назваць бібліятэкай у выглядзе адной кнігі. На сёння вядома больш за 42 000 выданняў і рукапісных копій Бібліі. Але значна больш асобнікаў страчана… Біблія была ў цэнтры новаўвядзенняў, звязаных з вынаходніцтвам друкарскага станка, напрыклад, фармат кнігі. Першапачаткова біблейскія тэксты існавалі ў выглядзе скруткаў.

Скруткі рабіліся на папірусах. Але яны хутка сталі нязручныя: цяжка шукаць цытату, не возьмеш у падарожжа, ды і скрутак вельмі дарагі. І хрысціяне пачалі выкарыстоўваць форму кодэкса, з якога ўзнікла кніга. За кнігу ў цяперашнім выглядзе мы павінны быць удзячны менавіта ранняму хрысціянству. На выстаўцы – Сінайскі, Александрыйскі кодэксы. Александрыйскі – першы, які патрапіў у XVII ст. на Захад з Усходу і першы стаў для навукоўцаў крыніцай для даследавання арыгінальных тэкстаў. Бо на той час ужо была Біблія вульгата. І ўсе ведалі, што гэта сапраўдны тэкст. Але прыйшлі арыгінальныя тэксты… Сінайскі кодэкс быў знойдзены Канстанцінам фон Тышэндорфам у XVII ст. у Егіпце ў Сінайскім манастыры. Першую частку кодэкса ён пакінуў у Лейпцыгу, а другую – у Пецярбургу. Потым у 1933 годзе бальшавікі прадалі яго Вялікабрытаніі (грошы англічане збіралі ўсёй краінай, бо бальшавікі запатрабавалі вялікую суму). І калі гэты кодэкс туды патрапіў, у брытанскую бібліятэку чарга стаяла на 2 тыдні, каб паглядзець на прыдбаны рарытэт. Ён ні з чым не параўнальны: выглядае як скрутак у 4 слупкі і яго не зблытаеш (звычайна кодэксы – у 2 слупкі, як Александрыйскі).

Ланцугі і іншая экзотыка

Далей – папулярныя Бібліі XVI ст.: Біблія Мэцью, Жэнеўская Біблія. Бачым ланцуг, якім Біблія мацавалася да стала, каб не сцягнулі, бо ўсё бывала: кнігі каштавалі вялікіх грошай, і чытачы вандравалі паміж кнігамі, а не кнігі – паміж чытачамі, як сёння.

З экзатычных экспанатаў – паясны Псалтыр англійскі (1535–1540 гады), зроблены хутчэй за ўсё для нейкай багатай жанчыны, – гэта так званыя паясныя Бібліі: прывязваліся на пояс і так насіліся. Многа партрэтаў засталося з XVI–XVII ст. і нават з сярэднявечча з такімі кніжкамі. На жаль, прадстаўлены толькі адзін аркушык. Здзіўляе яго мініяцюрны памер – усяго палова далоні.

Упершыню ў гісторыі сабралі ў межах адной выстаўкі вядомыя Паліглоты: Лонданская, Парыжская, Антверпенская... Паліглота – гэта выданне Бібліі, дзе побач з асноўным тэкстам – пераклад на некалькі моў. Некаторыя паліглоты, як Антверпенская (Паліглота Плантэна), – цудоўны ўзор графічнага мастацтва. Яна ідэальна аформлена, ужо не кажучы пра паліграфічнае мастацтва, пра паперу. І мы можам прасачыць: іўрыт, пад ім радочкамі – лацінскі пераклад даслоўны. Потым вульгата лаціна – класічны пераклад Бібліі на лацінскую мову, зроблены блажэнным Іеранімам Стрыдонскім, потым грэчаская – септуагінта. Далей – даслоўны пераклад з грэчаскай на лацінскую, бо ён адрозніваўся ад перакладу Іераніма. Іншыя пераклады: сірыйскі тэкст Бібліі, і зноў пераклад на лаціну, aрабскі – і зноў на лаціну. Вось такі шматмоўны пераклад Бібліі, калі з’явілася магчымасць параўнаць арыгінальны старажытны тэкст на розных мовах, зрабіць супастаўленне і паспрабаваць знайсці, якія ж карані ў Бібліі, як фарміраваўся тэкст...

Адмысловым акампанементам для пашанотных экспанатаў стала шматколерная гамонка розных моў наведвальнікаў экспазіцыі.

Аўтар публікацыі: Наталля Святлова.

Фота Кастуся Дробава.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам