ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Rondo” для Танка
Фарбы гукаў

Невядомая спадчына Янкі Брыля

Невядомая спадчына Янкі Брыля
Іншыя навіны

Спадчына Янкі Брыля будзе адкрыта пасля згоды нашчадкаў народнага пісьменніка Беларусі.


Кожны пісьменнік і паэт па-свойму прарок. Вось і Янка Брыль пакінуў дзіўны запавет – рукапісы апошніх гадоў адкрыць толькі пасля пяці гадоў з дня смерці. Дзённікавыя запісы памерам звыш пяці тысяч старонак, узнагароды, фота асабіста перадаў у Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Нібыта прадбачыў, што яго літаратурная спадчына пачне адкрывацца грамадскасці менавіта ў Год кнігі і якраз да яго 95-гадовага юбілею.

Ведаючы гэту дэталь, карэспандэнт “Народнай газеты” Марына Кузьміч патэлефанавала ў бібліятэку і даведалася, што невядомая спадчына Янкі Брыля можа быць адкрытая пасля таго, як згоду на гэта дадуць самі нашчадкі народнага пісьменніка Беларусі. А пакуль што карэспандэнт вырашыла звярнуцца да вытокаў творчасці пісьменніка і адправілася на яго радзіму і, так склаўся лёс – на сваю – на Карэліччыну, у вёску Загор’е, што ля мястэчка Турэц. І вось яшчэ адна неспадзяванка: у дарогу напрасілася яе бабуля, што зараз жыве ў сталіцы. Па дарозе высветлілася, што яна асабіста ведала Івана Антонавіча.

Наднёманскія краявіды
Пад’язджаючы да вёскі Загор’е, крыху сцішваем “хаду” аўтамабіля. Некалькі кіламетраў – і перад намі адкрываецца жывапісная панарама вёскі Турэц. Штодзень па гэтай дарозе некалі хадзiў у школу Iван Антонавiч. А сёння мы прыехалі сюды, каб пачуць голас яго і нашай з бабуляй роднай старонкi, пакланiцца лясам i палеткам. Усе дзве гадзіны паездкі да Крынак бабуля расказвае пра жыццё знакамiтага земляка, нібы ўчора яна ехала разам з Іванам Антонавічам у трамваі, і памятае, як ад залiшняй сцiпласцi не адважылася тады да яго падысцi. Іван Антонавіч быў статным мужчынам і адразу вылучаўся сярод астатніх пасажыраў. “Гэта ж Брыль!” – здагадалася яна адразу.

Бабуля расказвае, што Іван Антонавіч прыязджаў на Карэліччыну са сваiм сябрам – пісьменнікам Уладзiмiрам Калеснiкам. У Крынках жыла цётка Верка, якая была Уладзiмiру Андрэевiчу другой мацi.

– Наднёманскія мясціны Брыль потым жывапісна адлюструе ў сваёй аповесці “На Быстранцы”, – аналізуе бабуля Іра. – Памятаеш, ён згадвае рэчку, што цячэ быццам з гор. Ну не з гор, а з таго месца, дзе раскінуліся пагоркі Навагрудскага ўзвышша. Успомніць і пра млын, у жорнах якога безупынку паўтаралася адно імя: “Люда, Люда, Люда”. На гэты млын у юнацтве хадзіла і я. Змалоць зерне менавіта ў мясцовага млынара прыязджалі жыхары суседніх вёсак. Іх яшчэ называлі “завознікамі”. Млынар, прыгожы, добры па натуры чалавек, быў сапраўдным майстрам сваёй справы. Гэта быў бацька Уладзіміра Калесніка. Рысы характару славутага на ўвесь гэты край млынара Янка Брыль перанёс у вобраз “партызанскага дзеда з наднёманскай вёскі Антося Нагорнага”, а аповесць прысвяціў свайму сябру Валодзю.

Мама, Маці, Матуля...
Бабуля адкрывае том твораў пісьменніка з закладкай менавіта на месцы, дзе Брыль успамінаў сваю матулю: “На долю яе прыйшлося чатыры вайны, тры рэвалюцыі, дзясятак перамен улады, семдзесят шэсць год прасніцы, сярпа і цэпа, трохі песень ды смеху, куды больш думак, чакання і слёз. Абедзве дачкі аўдавелі амаль услед за ёю. З пяці сыноў, што дажылі да сталага ўзросту, усе пяць былі, кожны ў свой час, салдатамі, чатыры ваявалі ў трох войнах, два былі ў варожым палоне, два – праз памылку – сядзелі ў роднай турме, трэці, за праўду, у панскай, аднаго, найстарэйшага, з’еў трыццаць сёмы год...” Прасочваецца ў творах Янкі Брыля і вобраз цёткі Веркі, што стала другой маці для Уладзіміра Калесніка. Уладзімір Андрэевіч рана страціў маму, а бацьку яго, таго самага славутага млынара, сасваталі з нашмат маладзейшай за яго жанчынай Верай Рыгораўнай.

Шчасце і сэнс – у апантанасці
Увечары таго дня, калі бабуля ехала ў адным трамваі з пісьменнікам, яна доўга яшчэ знаходзілася пад уражаннем незвычайнай сустрэчы. А потым даслала яму пісьмо, у якім і паведаміла аб сваім захапленні яго талентам. “Ёсць Талстой, Пушкін, Тургенеў, Чэхаў, а ёсць Брыль, наш, родны і блізкі, асабліва тым, хто нарадзіўся і вырас у заходнебеларускай вёсцы”, – пісала ў сваім лісце бабуля. І ён не застаўся без адказу. Іван Антонавіч патэлефанаваў сваёй зямлячцы. Доўга ўспаміналі Крынкі і ваколіцы. Разважаючы пра жыццё, узгадвалі цётку Верку.

“Пражыла ж яна 95 гадоў, – расказвае бабуля Іра. – Сакрэту даўгалецця ў яе не было. Незнарок выказала сваю думку Івану Антонавічу: быццам пражыла цётка доўга таму, што сям’і доўга не мела, клопату не ведала. На што Іван Антонавіч запярэчыў, маўляў, зусім не ў гэтым справа. “Колькі лёсам адмерана, столькі і жыць будзеш, – адказаў ён. – Па дваццаць гадоў людзі катаваліся ў лагерах, а потым, вызваліўшыся, жылі да ста гадоў. Як такое растлумачыць? Прагай жыцця, спасціжэннем сэнсу чалавечага існавання на зямлі?”

І пытанне гэта, як быццам, павісла ў паветры. Потым Янка Брыль напіша, што сэнс жыцця і шчасце – у апантанасці.

Галерэя вобразаў
...Пасля той сцiплай сустрэчы з Iванам Антонавiчам бабуля завяла слоўнiк жывой, сакавiтай брылёўскай мовы, бо сама, калі пры Польшчы хадзіла ў школу, беларускую мову не вывучала. І нават стала ствараць сваю галерэю цікавых лёсам вобразаў і рабіць жыццяпіс яркіх па характары людзей з яе родных Крынак.

Вярталіся са сваёй малой радзімы з пачуццём светлай радасці. Быццам спатоліўшы смагу крынічнай вадой у спякотны дзень. А ў душы пульсавала перакананасць: пісьменнік пайшоў ад нас, але пакiнуў нам у спадчыну раманы, аповесцi, апавяданнi, абразкi, святло якiх нiколi не згасне.

“НГ” абавязкова паведаміць аб таямніцах пакуль што невядомай літаратурнай спадчыны апошніх гадоў Янкі Брыля. Спадзяёмся, што нашчадкі народнага пісьменніка Беларусі дадуць дазвол на яе адкрыццё. Невядомыя творы Івана Антонавіча стануць добрым падарункам беларусам у Год кнігі. Кожны зможа яшчэ раз далучыцца да “крамяных” беларускіх слоў, да народнай, багатай на трапныя выказванні і параўнанні мовы, якімі так адметна яго творчасць.

Крыніца: “Народная газета”

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам