ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Міжнародная выстаўка “Беларусь і Біблія”
Падзяка за працу – Нацыянальную бібліятэку ўзнагародзілі дыпломам ЮНЕСКА

Не прыручай сваю тугу!..

Не прыручай сваю тугу!..
Іншыя навіны

Апошні год быў надзвычай плённым для айчынных творцаў: калі летась на атрыманне Нацыянальнай прэміі ў галіне паэзіі прэтэндавалі ўсяго 4 зборнікі вершаў, то сёлета ўжо 10. Прычым 7 з іх на беларускай мове і 3 – на рускай.

Выданні адрозніваюцца па шырыні тэматыкі і ахопе праблем (напрыклад, калі творы Уладзіміра Рунцэвіча “Пасля сябе пакіну дабрыню”: Мінск, Кнігазбор, 2017 – амаль усе пра каханне, у Надзеі Парчук “Святло няскоранай душы”: Брэст, Альтэрнатыва, 2017 – выключна хрысціянскія матывы, то для Міколы Мятліцкага “Прысутнасць”: Мінск, Мастацкая літаратура, 2017 – няма тэмы, якая б засталася неасветленай, некранутай яго паэтычным пэндзлем). Аб’ём кніг таксама розны: некаторыя з іх уключаюць каля 100 ці крыху больш старонак (Святлана Быкава “Обретение свободы”: Мінск, Колорград, 2017), іншыя ж – каля паўтысячы (Міхась Башлакоў “Далеч вячэрняя”: Мінск, Народная асвета, 2017). Геаграфія прадстаўленых выданняў самая разнастайная: кнігі пабачылі свет і ў Мінску, і ў абласных цэнтрах. Адна з іх і ў раённым (Аляксандр Атрушкевіч “Перо кукушки”: Мазыр, КПУП Колар, 2017).

Зазначым, што 4 паэтычныя зборнікі ўжо былі аб’ектамі крытычных артыкулаў і водгукаў, змешчаных у штотыднёвіку на працягу 2017–2018 гадоў. У нататцы “500 старонак выбранага” (“ЛіМ”, № 12 за 24 сакавіка 2017) Наста Грышчук прааналізавала творы Міхася Башлакова, дзе характарызуе паэта як выдатнага пейзажыста, песняра прыроды. Небанальнымі яго вершы робіць недамоўленасць, стан героя, які не выказваецца наўпрост, а рэтранслюецца праз інтанацыю верша. Што тычыцца кнігі, то чытаць яе няпроста – аб’ём вялікі. У кнігу таксама ўвайшлі 4 паэмы і араторыя “Шлях”. У анатацыі пазначана: “Ва ўсіх творах, у якіх аўтар узнімае вострыя і балючыя праблемы нашай рэчаіснасці: лёс Айчыны, народа, роднай мовы... жыве душа народа. Менавіта пранікнёным лірызмам, эмацыянальнасцю, шчырасцю, задушэўнасцю якраз і вылучаецца паэзія Міхася Башлакова”. Застаецца толькі пажадаць чытачу набрацца цярпення і дачытаць важкі том да канца, каб атрымаць ад вершаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2008) сапраўднае эстэтычнае задавальненне.

Арыгінальная вобразнасць характэрная для зборніка паэзіі Казіміра Камейшы “Высокі бераг” (Мінск, Каўчэг, 2017). Боль за вёску, філасофскі роздум, пераасэнсаванне пройдзенага шляху – асноўныя матывы творчасці паэта апошніх гадоў. Мікола Маляўка ў водгуку “На баку любові і памяці” (“ЛіМ”, № 21 за 2 чэрвеня 2018) адзначае, што аўтар “не рэтушуе жыццё, а паказвае, як змянілася яно ў новым веку, асабліва ў глыбінцы... І не паказвае абстрактна, а на лёсе роднай вёскі Малыя Навікі... На лёсе землякоў. І на сваім лёсе таксама. Кніжка яшчэ і тым цікавая, што ў ёй яскрава прасочваецца лёс аднаго чалавека, паэта – у лёсе малой радзімы, у лёсе цэлай краіны...”

Галоўная праблема, якую вырашае ў творчасці Святлана Быкава, – унутранае разняволенне, дасягненне свабоды і смеласці быць сабой, ісці ўнутр сябе і рабіць адкрыцці ў спазнанні сябе, раскрывацца і рэалізоўваць сваю глыбінную сутнасць у складаным і поўным супярэчнасцей жыцці. З юнацкай дапытлівасцю паэтэса даследуе свой унутраны свет і робіць нечаканыя высновы, заўважае ў навакольным свеце новае і яркае ў даўно знаёмым, звыклым. Яе свядомасць нібы абнаўляецца і набывае пры гэтым большую адчувальнасць, вастрэйшы зрок і слых. У рэцэнзіі Таццяны Мацюхінай (“Крыніцамі любові і хараства”, “ЛіМ”, № 20 за 25 мая) адзначаецца: “Пейзажным і філасофскім вершам С. Быкавай уласцівыя лаканізм, дэталёвасць і канкрэтнасць пры абмалёўцы мастацкіх вобразаў. Творчасць яе набывае прыкметы духоўнай лірыкі (традыцыйнасць, сакральнасць). Паэтэса звяртаецца да тэмы Майстра і яго дасканалага тварэння... Найвышэйшую форму дасканаласці з’яў прыроды бачыць у гарманічнай суладнасці простай і геніяльнай светабудовы, дзе няма зла, недахопаў і негатыву”.

Назва кнігі Міколы Шабовіча “Маладыя мроі маладога лета” (Мінск, Мінкапрынт, 2017) адразу настройвае чытача на жартоўны, несур’ёзны лад. Спрыяе гэтаму і звыклае амплуа паэта як дасціпнага парадыста і апявальніка жаночай прыгажосці. Тым не менш большасць вершаў у зборніку – глыбока філасофскія. Лірычны герой падсумоўвае свае набыткі, са смуткам і настальгіяй азіраючыся на пройдзены шлях, пераасэнсоўвае зробленае і перажытае, шкадуючы аб сваёй непаўторнай вясне. Але, раіць ён, “не прыручай сваю тугу, лепш усміхніся!” За гэта мы і любім творцу. Нішто нікуды не знікае, а ператвараецца ў нешта новае: страты і памылкі – у досвед і мудрасць, юнацкае палкае каханне – у сталыя адносіны, захапленне прыгажосцю – у разуменне каштоўнасці і бясцэннага дару жыцця, існавання ў кожным імгненні тут і цяпер... Водгук на зборнік быў надрукаваны ў сёлетнім “ЛіМе” (Аляксандр Жукоўскі “Дзіўнаспевы пачуццяў у новай кнізе Міколы Шабовіча”, “ЛіМ”, № 7 за 16 лютага).

Як прызнаецца ў прадмове да ўласнага зборніка Надзея Парчук, рашыцца на стварэнне паэмы пра жыццё святога Георгія Перамаганосца, якая дала назву і выданню, дапамагло боганатхнёнае чытанне старажытных кніг з бібліятэкі Жыровіцкага манастыра, а таксама вера людзей у яе талент. “Нам без Цябе дарогі не асіліць / Той, што вядзе да Вечнасці святой, / А Ты любога можаш з нас акрыліць / Свяшчэнным словам, вераю жывой...” – звяртаецца аўтар да Бога. Акрамя паэмы, зборнік уключае і вершы духоўнай тэматыкі. Ёсць прысвячэнні беларускім святым Ефрасінні Полацкай, Афанасію Брэсцкаму, Сафіі Слуцкай.

Зборнік Ніны Загурскай “У месяцовым перламутры” (Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2017) з’яўляецца прызнаннем у любові да роднага краю. Прысвячаючы вершы такім слынным асобам, як Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Сяргей Палуян, Яўгенія Янішчыц, паэтэса нібы адкрывае чытачу ўласныя духоўныя і мастацкія арыенціры. Яна па-філасофску пераасэнсоўвае жыццё, замілоўваецца прыгажосцю прыроды. Наколькі па-мастацку гэта зроблена? Вось дзве страфы з верша (аднаго з лепшых), які даў назву зборніку: “На срэбнай нітцы веташок / Гайдаецца ў начной прасторы, / З ім перамігваюцца зоры — / Натхнення нашага выток. / І на хвілінку нат здалося, / Што шэпча мне начная ціш: / “Расправіш крылы – паляціш”... / Ды не – з палётам не збылося”.

Як удалы мастак-пейзажыст выступіў у зборніку Аляксандр Атрушкевіч, асноўны матыў лірыкі якога, акрамя прыродных замалёвак, – філасофскае асэнсаванне быцця. Прыгажосць наваколля часта падаецца ў плыні роздуму. Адзін з найбольш уражлівых вершаў – “Мир неделим”, некалькі радкоў з яго хочацца прывесці: “...Багрово-красный солнца круг / Щекой припал к земле... / И ветер волны упросил / И те, насколько было сил, / Качали облака. / И рвал их ветер на пути, / Он резал их, как плуг, / Чтоб месяц мог тропу найти, / Когда захочет он идти / Пастись на звёздный луг”.

Зязюля ў назве кнігі – вобраз часовасці, кароткасці чалавечага жыцця ў параўнанні з вечнасцю.

Уражвае зборнік Алы Чорнай “Фонарь” (Мінск, Выдавецтва “Чатыры чвэрці”, 2017). Біблейскія і духоўныя матывы, пераасэнсаванне жыцця Ісуса Хрыста, філасофскія роздумы пераважаюць у творчасці аўтара. Паэзія – стыхія, дзе яна жыве. Пранікнёны тонкі лірызм, свежыя метафары, арыгінальнасць вобразаў зробяць чытанне святам. Упэўнена, гэта тая кніга, да якой захочацца вярнуцца не раз пасля прачытання. Зоркі, неба, бездань, крыштальная чысціня, дождж, туман – вобразы, якія насяляюць паэтычны свет А. Чорнай. А ліхтар – як сімвал святла добрых спраў, што мусіць пакінуць для іншых кожны з нас...

Найбольш маштабным па шырыні ўзнятых праблем выглядае зборнік Міколы Мятліцкага. У ім раскрываецца “сутнасць самога чалавечага жыцця, поўнага і значных гістарычных падзей, і трывожных, ахвярных выпрабаванняў падчас прамінулых ліхалеццяў, і стваральнай радасці мірнага нашага зямнога бытавання, калі фізічнымі і духоўнымі намаганнямі ўсяго народа будуецца маладая краіна ў цэнтры Еўропы”, – пазначана ў анатацыі да кнігі. Акрамя вершаў, у кнігу ўвайшла паэма “Няходжанае поле” і вершаваная аповесць “Замкнёны дом” пра жыццё вёскі, пра чарнобыльскую трагедыю. М. Мятліцкі распавядае тое, праз што прайшоў сам разам з тысячамі суайчыннікаў: яго малая радзіма, вёска Бабчын, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджання, а жыхароў перасялілі ў іншыя мясціны. Паэт паглыблены ў філасофскія роздумы, асэнсаванне імгненнасці чалавечага існавання. Адразу згадваецца біблейскае: спачатку было Слова... Слова і застанецца энергіяй духу...

Мы на зямлі – часова
Пад вечных нябёс званамі.
Што застанецца? – слова,
Прамоўленае намі...

Аўтар рублікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Літаратура і мастацтва


Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам