ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Вобразы беларускіх друкаваных выданняў ХІХ–ХХІ стст.
Шчырыя віншаванні ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Не помнікі, а жывыя людзі

Не помнікі, а жывыя людзі
Іншыя навіны

Якімі былі ў побыце, дзе любілі адпачываць і чым захапляліся беларускія класікі?


Сёлета мы адзначаем некалькі юбілеяў нашых класікаў. Падняць келіх ды з’есці кавалак святочнага пірага запрашаюць Янка Купала і Якуб Колас (сёлета адзначаецца 135-годдзе з дня іх нараджэння), Максім Танк (105 год), а таксама Янка Брыль і Пімен Панчанка, якія нарадзіліся 100 гадоў таму. Мы знаёмыя з імі са школьнай парты. Чыталі іх творы, вучылі на памяць, гарталі біяграфіі. Ды што там было: нарадзіўся тады, напісаў столькі, памёр там... Многае з жыцця вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў засталося схаваным ад нас. У свой час было не прынята паказваць класікаў як простых людзей, каб не прыніжаць іх статус. Але, як нам падаецца, знаёмства з асабістымі звычкамі знакамітых пісьменнікаў, іх характарам, любімымі месцамі только збліжае з імі. Паглядзім на нашых юбіляраў з нязвыклага боку.

Паэт на іншамарцы

Янка Купала адзіны ў краіне раз’язджаў на шыкоўным “Шэўрале”. Аўтамабіль Chevrolet GA Master DeLuxe з’явіўся ў першага народнага паэта Беларусі ў 1939 годзе. Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка замяніў ім раней падораную пісьменніку савецкую “эмку”. Цікава, што ўсяго такіх машын сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. Толькі адзін з іх трапіў у Беларусь і аказаўся ў Купалы. Менавіта на “Шэўрале” ён у чэрвені 1941 года пакінуў палаючы Мінск, пераехаў спачатку ў Ляўкі, потым у Маскву, а пазней рушыў у эвакуацыю ў кірунку Казані.

Пасля смерці паэта ў 1942 годзе машына перайшла ва ўласнасць яго жонкі Уладзіславы Луцэвіч. Праз восем гадоў яна перадала яе Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы. Зараз адрэстаўрыраваны аўтамабіль, які ацэньваюць у сто тысяч еўра, экспануецца ў філіяле музея ў Ляўках, дзе знаходзілася дача паэта. Пачынаючы з 1935 года Купала штогод прыязджаў туды і жыў там з красавіка да апошніх грыбоў, якія вельмі любіў збіраць.

Чай з гумна

Якуб Колас любіў простыя стравы са звычайных прадуктаў. І для дзіцяці Косціка, і для дарослага інтэлігента Канстанціна Міхайлавіча не было лепшай стравы за прыгатаваную па матчыных рэцэптах. Неяк нанялі пісьменніку кухарку, дык яна стала гатаваць яму ўсялякія заморскія прысмакі. А Колас кажа: “Ведаеш што, жанчынка, табе трэба ў рэстаране добрым працаваць, але не ў мяне”. І выпісаў з Мікалаеўшчыны сястру сваю Міхаліну. Яна гатавала тое, што і маці некалі: бліны, мачанку, каўбасу хатнюю... Кажуць, асабліва любіў Колас дранікі.

Пісьменнік і сам тое-сёе гатаваў. Напрыклад, выдатна саліў грыбы і гатаваў наліўкі. Што датычыцца страў і напояў, то класік быў яшчэ тым выдумшчыкам. Аднойчы, калі паэт ужо быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, заехаў з сябрамі-суправаджаючымі на малую радзіму ў Акінчыцы, дзе жыў яго старэйшы брат Уладзя. Павячэралі са скваркай-чаркай. А раніцай госці папрасілі чаю заварыць. Але які чай у вёсцы?! Не было сапраўднага чаю ва Уладавай жонкі Любы. Колас бачыць – разгубілася нявестка. Ён і шэпча: “Ідзі ў гумно – сена ж ёсць! – назбірай трухі сянной з-пад нізу, запар у чугуне добра, працадзі і падавай на стол”. І дзівіліся ж усе: што за смак! А там кветкі, зёлкі... “Гэта вам не абы што – спецыяльны акінчыцкі чай!” – пасмяяўся Колас.

Азартны ігрок

Максіма Танка вылучала цяга да азартных гульняў. Паэт вельмі любіў шахматы, більярд, прэферанс. Часцей за ўсё гуляў у карты са сваімі сябрамі Аркадзем Куляшовым, Кандратам Крапівой, Піменам Панчанкам, Максімам Лужаніным. Маглі гуляць па некалькі сутак запар! Нават абедаць не ўставалі. Жонка Танка Любоў Андрэеўна гатавала абед, прыносіла ім розныя стравы, і яны харчаваліся літаральна за гульнёй.

У прэферанс гулялі на грошы. У Танка заўсёды так удала ішла гульня, што яго жонка жартавала: “Кідай пісаць, займайся прэферансам!” А сын класіка Максім Яўгенавіч Скурко ў адным з інтэрв’ю ўспамінаў: “Бацька выдатна помніў карту. На Нарачы ён і Лынькоў з жонкай звычайна гулялі ў “дурня”. Калі Танк выйграваў, столькі радасці было, што яго смех чуваць было ў суседняй вёсцы. Зусім дзіцячыя эмоцыі! Можна было на слых лічыць, колькі разоў ён выйграваў – па смеху”. Паэт наогул быў вельмі вясёлым і жартаўлівым чалавекам. Прычым для весялосці яму не патрэбныя былі ніякія “аперытывы”. Максім Танк зусім не піў і не курыў. Затое вельмі любіў хатняе малако.

Самы народны

Пімен Панчанка быў вельмі сціплым чалавекам. У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў народны паэт Беларусі Пімен Панчанка жыў у вельмі цяжкіх матэрыяльных абставінах. У час, калі развальваўся Савецкі Саюз, многія пісьменнікі не шыкавалі, аднак неяк прыстасоўваліся ды зводзілі канцы з канцамі. Панчанка так не ўмеў. З-за поўнага бязграшоўя пра яго нават стала хадзіць прымаўка ў народзе: “З усіх народных паэтаў Пімен Панчанка – самы народны. Бо па сваім матэрыяльным становішчы знаходзіцца бліжэй за ўсіх да народа”. Ён памёр у 1995 годзе практычна ў галечы – была вельмі малая пенсія. Да таго ж хвароба зваліла яго з ног, і ён не мог устаць з ложка. Аднак пісьменнік нікому не скардзіўся і заўсёды заставаўся вясёлым і жыццярадасным.

Дзве палавінкі

У Янкі Брыля былі надзвычай цёплыя адносіны з жонкай Нінай Міхайлаўнай. Іх сяброўства доўжылася 66 гадоў. Яны пазнаёміліся яшчэ ў школе, жылі за паўтара кіламетры адзін ад аднаго, разам партызанілі, а ў апошні год Вялікай Айчыннай вайны ажаніліся. Вяселле, калі так можна назваць сціплы роспіс у загсаўскім пакойчыку будынка Мірскай райміліцыі, адбылося 23 студзеня 1945 года. Маці пісьменніка ў якасці вясельнага пачастунку прыгатавала міску вінегрэту і бутэльку самагонкі. А маці Ніны перадала дачцэ пасаг – коўдру і падушку.

Расказваючы пра тое вяселле, Брыль не раз успамінаў, як чыноўніца, якая аддавала пасведчанне аб шлюбе, папярэдзіла: калі захочаце развесціся, прыйдзецца заплаціць штраф – 3 тысячы рублёў. Але, напэўна, не гэта трымала іх адзін ля аднаго дзясяткі гадоў, а цёплыя і даверлівыя адносіны. Да таго ж Ніна Міхайлаўна, як і Іван Антонавіч, таксама была літаратарам, перакладала творы. Таму ў яе асобе Брыль меў і жонку, і аднадумца, і сябра.

Аўтар: Міла Кавалёва

Крыніца: sb.by

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам