ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Чытанне і чытач: новы фармат бібліятэчнай прасторы
Размова пра маму

Не Алексіевіч адзінай

Не Алексіевіч адзінай
Іншыя навіны

10 лепшых беларускіх нон-фікшн кніг, якія варта прачытаць.


Большасць твораў, якія эксперты ўзгадалі як найважнейшыя беларускія кнігі за апошныя 500 гадоў, падпадаюць пад шырокую і не вельмі пэўную характарыстыку “мастацкая проза”. Але ж менавіта дакументальная проза Святланы Алексіевіч прынесла беларусам першага Нобеля, нагадаўшы, наколькі дэмакратычным з’яўляецца сучасны погляд на літаратуру.

Эксперты падзяляюць такі падыход. Яны ўключаюць у свае спісы не толькі белетрыстыку, паэзію і драматургію, але і гістарычныя даследаванні, мемуары, зборнікі лістоў, энцыклапедыі, слоўнікі і нават зборы вакальных твораў.

Агулам адмыслоўцы назвалі175 твораў. Распавядаем пра дзесяць самых цікавых нон-фікшн кніг са спісу, сярод якіх шмат гістарычных кніг, мемуараў – і нават фотаальбом.

Аркадзь Смоліч “Географія Беларусі”

Менавіта так, “географія” праз “о”, бо ўпершыню выдадзена кніга была ў 1919 годзе, і чытаць яе – вялікая асалода менавіта на той мове, мове натхнёнага сваёй асветніцкай справай географа і этнографа пачатку ХХ стагоддзя: “Вось-жа, калi-б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнiгу, зацiкавiлiся сваей Бацькаўшчынаю, каб узялiся самi за глыбейшае навуковае пазнаньне яе, цi асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоцiлiся шукаць i бачыць яё арыгiнальнае хараство, дык-бы аўтар лiчыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калi-б у iх хоць крыху пабольшала замiлаваньня да свае роднае многапакутнае стараны, такой простай i разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай вялiчу i схаваных сiлаў, каб яны паверылi ў яе вялiкую будучыну i дзеля будучыны гэтай шчыра працаваць i змагацца пачалi, тады-б аўтар быў папраўдзе шчасьлiвы”.

Чытанее кнігі Смоліча – прыемная і карысная справа адразу з некалькіх пунктаў гледжання: па-першае – вабіць багатая факталогія. Па-другое – цікавасць выклікае сама оптыка і светапогляд аўтара, надзвычай захапляльна заглыбляцца ў гісторыка-антрапалагічныя глыбіні з дапамогай такога апантанага спадарожніка.

Ларыса Геніюш “Споведзь”

Драматычна і паказальна, што ў спіс найлепшых твораў Ларыса Геніюш увайшла не з вершамі, а з мемуарамі пра сталінскія рэпрэссіі. “Сучасная беларуская літаратура небагатая асабліва ні мемуарыстыкай, ні эпісталярным жанрам. Бо калі што і напісана, то з абачлівасцю на цэнзара, следчага або стукача. Успаміны выдатнай нашай паэткі Ларысы Геніюш – мужнае выключэнне. У іх споведзь душы перад Богам, сучаснікамі і нашчадкамі, слова пра час і пра сябе, пра блізкіх людзей, сяброў і ворагаў. У іх шлях самаадданага служэння Беларусі паэтычным словам, дзеяннем, непахіснасцю грамадзянскай пазіцыі і шлях па ўсіх пакутах сталінскай «Гэгэнны» – праз засценкі МДБ Менска, этапы, перасылкі, лагеры смерці на далекай Поўначы”, – піша рэдактар выдання “Споведзі” Міхась Чарняўскі.

Эксперт Аляксей Братачкін падкрэслівае: важна не толькі тое, што дзякуючы Геніюш мы маем дакументальную лагерную прозу, але і тое, што ў ёй вельмі яскрава паўстае менавіта жаночы вопыт выжывання ў бесчалавечных абставінах.

Францішак Аляхновіч “У капцюрох ГПУ”

І зноўку ўспаміны вязня ГУЛАГу. Але ў адрозненне ад мемуараў Геніюш, твор беларускага літаратара Францішка Аляхновіча выйшаў ужо ў 1930-х, спачатку ў Польшчы, потым – ва Францыі. То бок, Аляхновічу належыць храналагічнае першынства ў апісаннях сталінскіх лагероў. Менавіта праз яго досвед пра ГУЛАГ (а не з кніг Салжаніцына) на Захадзе ўпершыню даведаліся пра жахлівае ўнутранае жыццё сталінскай карнай сістэмы. Безліч яскравых деталяў, атмасферныя апісанні шалёных паслярэвалюцыйных дзесяцігоддзяў, аўтапартрэт аўтара на тле ліхаманкавых зменаў ідэалагічных курсаў... Без кнігі Аляхновіча разуменне жыцця ў новастворанай БССР застанецца, мякка кажучы, аднабаковым.

Пісьменнік Аляксей Талстоў лічыць, што гэты твор даўно трэба было ўключыць у школьную праграму “для паўнаты карціны”. Сапраўды, сёння нашых суайчыннікаў “аберагаюць” ад праўды, якая была апублікаваная амаль стагоддзе таму.

Уладзімір Арлоў (ілюстрацыі Паўла Татарнікава) “Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касцюшкі”

Гэтае выданне мела добрыя шансы стаць кнігай года–2016, і дакладна стане настольнай кнігай для дзетак і дарослых, якія пачынаюць сваё знаёмства з гісторыяй Беларусі, ці хочуць яшчэ раз выправіцца ў захапляльнае падарожжа ў мінуўшчыну. Уладзімір Арлоў – непераўзыйдзены майстар папулярнага выкладання гісторыі, а разам з раскошнымі ілюстрацымі Паўла Татарнікава кніга і ўвогуле набывае не толькі статус must read але і must have.

Эксперт Вольга Гапеева кажа пра выданне: “Кніга неабходная для суаднесенасці тэрыторый сучасных і гістарычных падзей, бо часта на замежных літаратурных фестывалях сумна чуць пра вялікую Літву і Польшчу – і адсутнасць беларускага дыскурсу ў гэтым”.

Уладзімір Арлоў (ілюстрацыі Змітра Герасімовіча) “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае” (2012)

Не менш карыснае папулярнае выкладанне гісторыі Беларусі з фокусам на гісторыі ВКЛ ад Уладзіміра Арлова.

Алесь Яўдаха кажа пра кнігу: “Гэта грунтоўнае, папулярна выкладзенае і выдатна выдадзенае апісаньне нашай гісторыі. Ці не найлепшае на сёньня, на маю думку”.

Дзяніс Раманюк “Чарнобыль”, фотаальбом (2006)

Гэтая кніга – хіба што адзіны фотоальбом, які эксперт Сяргей Дубавец раіць уключыць у спіс найважнейшых кніг з пачатку беларускага кнігавыдання. Дзяніс Раманюк з суаўтарамі Ігарам Бышнёвым і Анатолем Кляшчуком выкрастоўваюць максімум рэсурсаў гэтага фармату, ствараючы сапраўдны шэдэўр. Эмацыйна-эстэтычнае ўдзеянне фатаграфіі падмацавана тут грунтоўна падабранымі фактамі і даследчай працай аўтараў.

Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік “Я з вогненай вёскі”

Кніга пра адну з самых балючых траўм беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, дзеянні нямецкіх карнікаў на акупаваных землях. Чытаць яе балюча, але неабходна.

Па-першае, скрайні экзістанцыйны досвед пададзены тут з мінімальнай мастацкай апрацоўцы, чытач сутыкаецца з жудаснымі экстрэмумамі чалавечай нізкасці і чалавечай годнасці як яны ёсць. Па-другое, дакументальны метад Алеся Адамовіча і яго паплечнікаў стаў асновай падыходу да дакументальнай прозы набеліяткі Святланы Алексіевіч. Можа быць, траўматычны вопыт беларусаў найлепшым вобразам адлюстроўваецца менавіта праз такую оптыку?

Валянцін Акудовіч кажа пра кнігу “Я з вогненай вёскі” наступным чынам: “Гэта вялікая кніга, якую палітычныя ідэолагі па сутнасці выкрэслілі з калектыўнай памяці як беларусаў, так і астатняга свету. Святлана Алексіевіч пісала: “Аднойчы патрапіла ў рукі кніга “Я з вогненнай вёскі” А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка. Такое ўзрушэнне спазнала толькі аднойчы, калі чытала Дастаеўскага””.

Мікола Ермаловіч “Старажытная Беларусь”

Магчыма, пабачыўшы ў спісе нон-фікшна кнігу Міколы Ермаловіча, прафесійныя гісторыкі скептычна ўсміхнуцца. Памятаю, што падчас навучання ў гістарычным класе ліцэя БДУ мы страшэнна захапляліся Ермаловічам, але ж як крыніца ягоная кніга была “афіцыйна” адасобленая ад іншых гістарычных кніг і падручнікаў. Шэраг цікавых гіпотэз, натхняльнае чытанне – так! Але крыху на маргіналіях.

Эксперты лічаць, што такі статус Ермаловіча як гісторыка ніяк не замінае залічыць яго кнігу ў найкаштоўнейшыя творы нашай спадчыны. Уладзімір Мацкевіч так тлумачыць сваю пазіцыю: “Кніга аматарская, з шматлікімя недакладнасцямі, паспешлівымі высновамі. Але яна зрабіла тое, што не здолелі зрабіць прафесіяналы – ані гісторыкі, ані філосафы, ані пісьменнікі. Яна абудзіла беларусаў ад няпомнасці”.

Леанід Маракоў “Галоўная вуліца Мінску” (у 2-х тамах)

Гісторыя Беларусі праз гісторю яе сталіцы, гісторыя сталіцы праз гісторыю адной, галоўнае яе вуліцы. Ці, наадварот, ад дэталі да цэлага: гісторыя кожнага дома разам з яго насельнікамі як адлюстраванне, нібыта ў кропле вады, гісторыі тай плыні гісторыі, якая гэту кроплю падхоплівае і нясе.

“У гэтай кнізе спалучыліся фантастычная праца даследчыка, скрупулёзная праца рэдактара, натхненне тых, хто гэтыя двухтомнікі вярстаў і афармляў і відавочна скарыстаныя сучасныя выдавецкія магчымасці”, – піша пра кнігу Ганна Севярынец. Калі вы цікавіцеся гісторыяй Мінска, кніга Маракова, безумоўна, павінна з’явіцца ў вашай хатняй бібліятэцы.

Адам Мальдзіс “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя”

“Славянская мемуарыстыка дае нам багаты матэрыял дла характарыстыкі быту і нораваў тагачаснай Беларусі – якраз тую “плоць”, якую не ў стане даць іншыя крыніцы. Дзякуючы “дакументальнай прозе” мы можам прасачыць жыццёвы шлях нашых продакаў – ад калыскі да магілы. Можам рэальна гаварыць пра іх матэрыяльную культуру. Вызначыць, які быў вонкавы і ўнутраны выгляд жылля, як адзяваўся і абуваўся колішні чалавек, што ён еў і піў, як бавіў вольны час, як перамяшчаўся... Без такіх звестак раманіст не можа напісаць гістарычны раман, мастак – стварыць гістарычнае палатно, рэжысёр тэатра ці кіно – паставіць гістарычны спектакль ці кінафільм”, – тлумачыць сам аўтар у прадмове да кнігі.

Сапраўды, грунтоўнае даследаванне, якое дае магчымасць уявіць сабе тыповага шляхціца, селяніна, магната ці жыхара мястэчка, яго звычкі, побыт, светапогляд. З 1982 года, калі выйшла даследаванне Мальдзіса, навукова-папулярных кніг такога кшталту з’явілася не шмат. Але тут немагчыма не згадаць бліскучую навукова-папулярную кнігу “...І цуды, і страхі. Эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага XVI–XVII стагоддзяў” Вольгі Бабковай, заснаваную на архіўных дакументах.

Аўтар: Лідзія Міхеева

Крыніца: “Журнал”

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам