ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна: штрыхі да 121-годдзя (+ відэа)
Нястомная спадарожніца Янкі Купалы

Нацыянальны праект “Максім Багдановіч”

Іншыя навіны

У гісторыі (дакладней – гістарыяграфіі) беларускай літаратуры функцыянальны, прагматычны аспекты закранаюцца спарадычна, паколькі рызыкуюць уступіць у некамфортны дысананс з устаялай і зручнай міфалагізацыяй. Якая, у сваю чаргу, вельмі раўніва ставіцца да эстэтычна “непрывабнай” канкрэтыкі фактаў, лічбаў, сілагізмаў.

В. Альшэўскі. Партрэт М. Багдановіча.jpg
В. Альшэўскі. Партрэт М. Багдановіча, 1982 г.

Гэтым разам мы не ставім перад сабой задачу франтальнай пераацэнкі. Зрэшты, самі па сабе выяўленыя ці актуалізаваныя вядомыя факты могуць спарадзіць працэс міфатворчасці новага кшталту, умацаваць карані або памножыць галіны існуючага “міфалагічнага дрэва” жыццятворчасці паэта. Праз напластаванні культурна-гістарычных перыядаў, звязаных з пастаяннымі светапогляднымі карэкціроўкамі, існуе неспатольнае даследчыцкае жаданне наблізіцца да чысціні першавытокаў, праўдзівых сведчанняў. Сёння вельмі няпроста аддзяліць на памятках мінулага высакародную бронзавую паціну ад іржавых палітызаваных наростаў пазнейшых часоў.

Выхаваць генія

У жыцці і творчасці Максіма Багдановіча ад моманту першай публікацыі ў беларускім друку можна прасачыць пастаянную куратарскую ўвагу, не заўсёды зручную і прымальную для паэта. Гэта датычылася і навязвання псеўданімаў, і рэдактарскай праўкі. Віленскія рэдактары не вельмі цырымоніліся з вершамі маладога аўтара з далёкага Яраслаўля, для якога беларуская мова была вывучанай. Праўда, апекуны хутка ўсвядомілі таленавітасць юнака і шматлікія дывідэнды ад яго прысутнасці ў беларускай культуры. Максім Багдановіч не расчараваў.

Беспрэцэдэнтны факт: ідэолагі беларускага руху – браты Іван і Антон Луцкевічы – не толькі запрасілі ў 1911 годзе невядомага ім чалавека ў Вільню, пазнаёмілі з горадам, рэдакцыяй “Нашай Нівы”, калекцыяй артэфактаў, але і арганізавалі летняе гасцяванне хворага на сухоты ў фальварку сваіх родзічаў у Ракуцёўшчыне (цяпер Маладзечанскі раён). Праз шмат дзесяцігоддзяў краязнаўцу Генадзю Каханоўскаму давялося весці цалінныя росшукі гэтай невялікай Атлантыды ў цэтры Беларусі, даводзіць яе культурную значнасць і тым самым даць штуршок для ўшанавання памятных мясцін, звязаных з класікам літаратуры, на дзяржаўным узроўні.

З кастрычніка 1916-га да лютага 1917 года М. Багдановіч атрымаў спагадлівы прытулак у мінскім доме, які здымаў для сябе і сваіх дзвюх сясцёр Змітрок Бядуля. Сёння тут размяшчаецца “Беларуская хатка”, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча – “Вянок” (Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1913) – афармляўся як плён калектыўнай творчасці. Выдаўцы парушылі аўтарскае жаданне назваць выданне “Кніжкай выбраных вершаў”. Пры гэтым, дзякуючы прысвячэнню, узмацнілася мемарыяльнае гучанне зборніка, загалоўная прысутнасць яшчэ аднаго імя: “Вянок на магілу С. А. Палуяна”.

Па сведчанні Вацлава Ластоўскага, ідэя вокладкі належыць яму: “Рысунак на акладку даў я са свайго сабрання. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (не памятаю яго прозвішча) Штыгліцаўскай школы”. Мемуарыстам мелася на ўвазе знакамітае ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. дзецішча барона Аляксандра Штыгліца і адзін з яго невядомых выхаванцаў. (Сёння гэта Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Л. Штыгліца.)

На нашу думку, найбольш верагодны кандыдат на аўтарства вокладкі “Вянка” – мастак-кераміст Мікалай Міхалап (1886–1979), выпускнік Штыгліцаўскай школы; у 1939–1941 гг. дырэктар Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР (правобраз Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі).

Так ці інакш, апошнія вершаваныя радкі Максіма Багдановіча, напісаныя ў Ялце, – сведчанне згоды і ўдзячнасці аўтара за ўсё, зробленае для яго ў свой час у Вільні:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Выдавецкая прагматыка

Зборнік “Вянок” выйшаў накладам у 2 000. Тыраж, як вядома, закладваецца не адвольна, а з улікам фінансавых магчымасцей выдаўца, аўтара, пакупніцкага попыту, шэрагу іншых абставін.

Параўноўваць стан кнігавыдавецкай справы з розніцай больш чым у 100 гадоў некарэктна па шэрагу прычын. Але такое дыяхроннае супастаўленне здольна выклікаць першасную эмацыянальную рэакцыю, зацікавіць, паклікаць да жыцця асобны напрамак гістарычных даследаванняў.

Нечаканую фактаграфію дае фрагментарны сінхронны зрэз выдавецкай практыкі пачатку ХХ ст. Напрыклад, паэтычныя зборнікі Янкі Купалы – вехавыя выданні беларускай літаратурнай класікі – выходзілі наступнымі накладамі: “Жалейка” (1908) – 4 300; “Шляхам жыцця” (1913) – 3 000.

Для параўнання мы выбралі дэбютныя паэтычныя зборнікі рускай паэзіі Сярэбранага веку, выдадзеныя блізка па часе з “Вянком” М. Багдановіча:

  • Анна Ахматова. «Вечер» (1912) – 300;
  • Владимир Маяковский. «Я» (1913) – 300;
  • Борис Пастернак. «Близнец в тучах» (1913) – 200.

Варта не забываць, што кнігі выйшлі ў свет у адной дзяржаве, але моцна адрозных культурных кантэкстах.

З аднаго боку, праца нашаніўцаў, энтузіястаў-асветнікаў, адстутнасць нават пачатковай нацыянальнай адукацыі, дзяржаўнай падтрымкі. З другога – багемная раскоша літаратараў эпохі культу рускай паэзіі, разгалінаваная парадыгма дзяржаўных і прыватных адукацыйныхі асветніцкіх устаноў. Вядома, кожны канкрэтны выпадак з’яўлення кнігі суправаджаўся пэўнымі абставінамі, але калі гаворка ідзе пра цэласны часавы зрэз, то ўжо на першасным фармальным узроўні падставы для аналітычных падыходаў відавочныя.

У фондах БДАМЛМ захоўваюцца дакументы Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні за 1913–1926 гг.

Некаторыя з іх маюць прамое дачыненне да кнігі М. Багдановіча. Перад намі ў канкрэтных лічбах паўстае дынаміка камерцыйнай рэалізацыі “Вянка” за сем з паловай гадоў пасля выхаду ў свет: красавік 1917 г. – 1 355 непрададзеных асобнікаў; чэрвень 1921 г. – 190 экзэмпляраў на складзе і 26 на паліцах кнігарні. Такім чынам, у 1921-м заставаліся нерэалізаванымі 216 з 2 000 кніг, выдадзеных у 1913 годзе.

Кастынг “хросных бацькоў” паэта

У пачатку 1920-х гг. у новых гістарычных умовах фарміруецца своеасаблівы культ Максіма Багдановіча. Прэтэнзіі на “свайго” паэта апасродкавана заяўляюцца асобнымі грамадска-культурнымі дзеячамі ў БССР, Польшчы (Заходняя Беларусь), Латвіі.

На перадавіцы часопіса “Рунь” (1920, № 5–6), які выходзіў у Мінску пад рэдакцыяй Янкі Луцэвіча (паэта Янкі Купалы), надрукаваны не толькі праграмны твор “Апокрыф”. Упершыню тут была апублікавана партрэтная выява аўтара “Вянка”. У гэтым жа нумары пабачыў свет аб’ёмісты артыкул Змітрака Бядулі “Натхненне і гармонія. (К 3-яй гадаўшчыне смерці М. Багдановіча)”.

рунь.jpg
Старонка часопіса “Рунь” (1920, № 5–6) з першай апублікаванай партрэтнай выявай М. Багдановіча

Розныя аспекты творчасці паэта з берагоў Волгі сталі прадметам аналізу віленскіх (і не толькі) лекцый і публікацый Антона Луцкевіча, аўтара першай рэцэнзіі на зборнік “Вянок”.

Вацлаў Ластоўскі, былы сакратар рэдакцыі “Нашай Нівы”, зрабіў творы “паэта чыстай красы” загалоўнымі ў двух сваіх самастойных выдавецкіх праектах. У месячніку “Крывічанін” (Вільня) у № 1 за кастрычнік 1918 г. апублікаваны “Памятнік. (Пераклад з Гарацыя асклепіядаўскім вершам)”. У ковенскім/каўнаскім часопісе “Крывіч” (1923, № 1) пабачыў свет “Апокрыф” у папраўленым варыянце. “Мае ўспаміны аб М. Багдановічу” (“Крывіч”; 1926, № 11) з пачатку 1990-х, на эйфарыйнай хвалі вяртання імені мемуарыста ў беларускую культуру, сталі разглядацца ледзь не як асноўная крыніца пра “Нашу Ніву” і спецыфіку стаўлення архітэктараў нацыянальнага будаўніцтва да маладога паэта.

Інбелкультам у савецкім Мінску з 1923 года быў узяты курс на акадэмічнае выданне спадчыны аўтара “Вянка” – першае ў навуковай і выдавецкай практыцы БССР.

У архівах НАН Беларусі захоўваецца ўнікальны рукапісны дакумент 1923 года пад назвай (захоўваем правапіс арыгінала) “Падпіска на мармуровую дошку, дзеля азначаньня дому на Комунальнай вуліцы, дзе радзіўся Максім Багдановіч”. Тут пададзены аўтографы ўсіх асоб, якія прынялі ўдзел у першай сталічнай акцыі па мемарыяльным ушанаванні класіка беларускай літаратуры. У спісе зафіксавана звыш 30 прозвішчаў і аўтографаў. Побач – лічбы ўнесеных грошай. Скідваліся ў асноўным па 20–100 рублёў. Усяго было сабрана 467 руб. 50 кап.

Падпіска.jpg
Падпіска на памятную мармуровую дошку. Мінск, 1923 г.

Традыцыя падтрымкі культурных акцый рознага кшталту, што называецца “ў складчыну”, захоўваецца і цяпер. “Падпіска…”, пра якую ідзе гаворка, аддалена ад нас на 98 гадоў. Цягам часу гэты дакумент стаў унікальным сведчаннем гісторыі, набыў сваю прыцягальнасць і непаўторную жывінку адмысловай ролі ва ўзнаўленні падзей мінулага.

Пачынае спіс Аркадзь Смоліч, які М. Багдановіча ахарактарызаваў запамінальнымі ўзнёслымі словамі – “Госць з высокага неба”, у гонар паэта назваў свайго сына Максімам. Далей ідуць Адам Багдановіч, Язэп Лёсік, Язэп Дыла, замыкае першую пяцёрку падпісантаў з унесенымі ў скарбонку грамадскай ініцыятывы ста рублямі Якуб Колас.

Аўтар публікацыі: Мікола Трус, кандыдат філалагічных навук.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам