ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Да 105-годдзя з дня нараджэння М.П. Сергеенкі, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны
Кніжны гасцінец. Аўтар аповесці пра Адама Станкевіча высветліў сапраўдны адрас яго віленскай кватэры

Нацыянальны архіў прадставіў раней не апублікаваныя дакументы аб партызанскім руху

Іншыя навіны

Электроннае дакументальнае выданне "Зводкі і спецпаведамленні кіруючых органаў партызанскага руху ў Беларусі: 1942 год" з серыі "Партызанскі архіў" прэзентавалі сёння ў Нацыянальным архіве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Большасць сабраных дакументаў публікуецца ўпершыню. Выданне падрыхтавана ў час сумеснага праекта з Нацыянальнай бібліятэкай і прымеркавана да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Матэрыялы адлюстроўваюць асноўныя напрамкі (баявы, дыверсійны і разведвальны) партызанскай барацьбы на тэрыторыі акупіраванай Беларусі ў 1942 годзе.

"Над праектам працаваў практычна ўвесь аддзел публікацый Нацыянальнага архіва. Спецыялісты пачалі працаваць у снежні 2019 года. У зборніку публікуецца звыш 60 дакументаў, большасць з іх упершыню. У электроннае выданне ўвайшлі лічбавыя копіі аператыўных зводак Паўночна-Заходняй групы пры ЦК КП(б)Б і СНК БССР, інфармацыйных зводак ЦК КП(б)Б, аператыўных і разведвальных зводак Беларускага штаба партызанскага руху. Акрамя таго, чытач зможа даведацца аб спецпаведамленнях і разведданых аператыўна-чэкісцкай групы наркамата ўнутраных спраў БССР за чэрвень – снежань 1942 года", – расказаў загадчык аддзела публікацый архіва кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок.

Паводле яго слоў, кожны з дакументаў па-свойму ўнікальны, таму што фарміраваўся ў складаных умовах ваеннага часу. "У іх адлюстроўваюцца пытанні баявой, дыверсійнай і разведвальнай дзейнасці партызан у Беларусі. Раскрываецца тэма стварэння партызанскіх атрадаў, іх рэйдавання з аднаго раёна ў іншы, нападзенне на гарнізоны і процідзеянне карным аперацыям. У паведамленнях можна таксама прачытаць даныя аб палітыцы немцаў на акупіраваных тэрыторыях, адносінах да мясцовага насельніцтва, падатках. Шмат звестак па рэгіянальнай гісторыі і асобных населеных пунктах", растлумачыў ён.

"Да верасня 1942 года сам партызанскі рух не быў строга цэнтралізаваны. Яго накіроўвалі тры арганізацыйныя цэнтры: па лініі Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Цэнтральны штаб партызанскага руху праз рэгіянальныя прадстаўніцтвы, а таксама Народны камісарыят унутраных спраў і Народны камісарыят дзяржаўнай бяспекі СССР. У гэтым зборніку і прадстаўлены іх дакументы. Можна прасачыць, як кожны з іх уплываў на развіццё партызанскага руху, якія адтуль паступалі інфармацыйныя паведамленні. Звесткі маюць высокую ступень дакладнасці і вельмі інфарматыўныя, паколькі ў справаздачы траплялі самыя каштоўныя і важныя факты", – адзначыў Святаслаў Кулінок.

Прадстаўленыя дакументы маюць вялікае значэнне з пункту гледжання ўводу іх у навуковы абарот. У зборніку ёсць звесткі, якія расказваюць аб дзейнасці іспанцаў на тэрыторыі Беларусі, іх удзеле ў партызанскім руху. "Пасля Грамадзянскай вайны ў Іспаніі тыя, хто ваяваў на баку Другой Іспанскай рэспублікі, выехалі ў СССР. Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны яны добраахвотнікамі запісаліся ў рады Чырвонай Арміі. Пры Паўночна-Заходняй групе Савета народных камісараў быў створаны спецыяльны навучальны дыверсійны цэнтр, дзе вучылі падрыўнікоў, прапагандыстаў і друкароў. Большасць іспанцаў мелі баявы і партызанскі вопыт, таму яны выступалі як інструктары. Потым іх закінулі на тэрыторыю Віцебскай вобласці, дзе яны правялі значную работу па падрыванні нямецкіх эшалонаў, мініраванні дарог, арганізавалі падпольны друк. Некаторыя іспанцы пакінулі пасля сябе каля 150 спецыялістаў. Гэта адна з малавядомых старонак у гісторыі", паведаміў загадчык аддзела.

Выданне прызначана гісторыкам, навуковым і музейным работнікам, даследчыкам, выкладчыкам вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, але таксама будзе карысна ўсім, хто цікавіцца гістарычнай спадчынай Беларусі. "Сама форма падачы зборніка для архівістаў дастаткова новая. Ідучы ў нагу з часам, мы перайшлі на формат электроннага выдання. Ва ўмовах лічбавізацыі гэта зручна. Акрамя таго, электронная версія дасць магчымасць амаль ідэнтычна падаць дакументы з усімі паметкамі і рэзалюцыямі", – дадаў Святаслаў Кулінок.

Крыніца: БЕЛТА

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам