ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Кнігі ў дар гімназіі № 29 г. Мінска
Удзел у фестывалі “Горад і кнігі”

Наталля Навоенка: “Мы ператвараем хрэстаматыйнага Купалу ў жывога чалавека”

Наталля Навоенка: “Мы ператвараем хрэстаматыйнага Купалу ў жывога чалавека”
Іншыя навіны

У фае з вялізнымі люстэркамі шпацыруюць паны і паненкі ў строях пачатку ХХ стагоддзя. Дамы папраўляюць капелюшы, кавалеры спраўджваюць, ці бездакорна сядзіць “матылёк”. Усе чакаюць прэм’еру – спектакль па п’есе аднаго маладога аўтара пад назвай “Паўлінка”. Кажуць, што будзе і сам пісьменнік. Прыедзе ў Санкт-Пецярбург аднекуль з-пад Мінску.

Я знаходжуся на здымках нацыянальнага праекта “Пакуль будзе неба” Уладзіміра Янкоўскага пра народнага паэта Янку Купалу. Мінская кансерваторыя на маіх вачах ператвараецца ў Санкт-Пецярбургскі клуб “Пальма”, дзе ў 1913 годзе адбылася прэм’ера легендарнага спектакля. У фае чакаюць свайго часу кілішкі для шампанскага – адзначыць новую пастаноўку, а ў зале поўным ходам ідзе рэпетыцыя. Акцёр, які выконвае ролю рэжысёра “Паўлінкі”, раз за разам разыгрывае сцэну незадаволенага харызматычнага творцы.

Мастак-пастаноўчшык стужкі Наталля Навоенка паказвае мне плакаты “Паўлінкі” і дбайна падабраны антураж. “Я лічу, што мая задача – стварыць пэўную атмасферу, пакінуць у гледача шлейф адчуванняў і эмоцый, – кажа яна пра сваю працу. – Перш за ўсё павінен запамінацца акцёр і гісторыя, а не дэкарацыі”.

Маім правадніком у свет нашумелага праекта “Пакуль будзе неба” стала адзін з самых запатрабаваных спецыялістаў на постсавецкай прасторы. Ці здольны сучасны Мінск пераўтварыцца ў Вільню, Санкт-Пецярбург і Маскву 1920 – 1940 гадоў? Што падчас нацыянальнага праекту робіцца ўпершыню? І з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца стваральнікам карціны? Пра ўсё гэта распавядае Наталля Навоенка.

У цэнтры баёпіка – творчы свет Паэта

Кабінет.JPG– Наталля, нацыянальны праект ужо на гэты час прыцягнуў да сябе шмат увагі. Адразу хочацца ўдакладніць галоўную сцэнарную лінію стужкі, каб ўсё ж такі больш падрабязна ведаць, пра што будзе баёпік. Ці праўда, што ў цэнтры кінааповеду – адлюстраванне ўнутранага свету Купалы?

– Праўда. Але адразу хачу падкрэсліць, што я не адна вырашаю гэтае пытанне: ёсць пэўнае сцэнарнае бачанне карціны. Аднак разам з рэжысёрам і аператарам мы дамовіліся на такой трактоўцы вобразу Купалы. Яго свет у нас – гэта свет чалавека з тонкай душой мастака, які не мог не рэагаваць на тое, што адбываецца навокал. Лінія яго жыцця, перамяжоўваецца ў фільме з “відзежамі” (так мы іх называем) паэта. Гэта значыць, што ў нас ёсць рэальны свет і вобразная прастора, напоўненая рознымі візуальнымі асацыяцымі. Па-сутнасці, мы спрабуем паказаць творчы свет Купалы.

– Цікава, якім чынам, на аснове якіх вобразаў ствараецца гэты свет? Ці выкарыстоўваецца камп’ютарная графіка?

– У гэтых сцэнах камп’ютарная графіка прысутнічае мінімальна. Пераважна – жывыя, бытавыя здымкі. Сапраўды, трэба было моцна парупіцца, каб знайсці адпаведныя вобразы. У прыватнасці, вельмі складана было адшукаць пад Мінскам краявід з чыстым гарызонтам. Без забудоў, без телеграфных слупоў, іншых прыкмет цывілізацыі. У тых “відзежах” шмат вобразаў, таму хацелася б, каб гэта выглядала як мага болей атмасферна. Гэтаксама ў тых снах мы імкнуліся перадаць і прадчуванні паэта: надыход Грамадзянскай вайны, “холад” 1930-х…

– Ці былі пэўныя колеравыя рашэнні гэтых прадчуванняў?

– У мяне, так бы мовіць, “узмацняюцца” тэкстуры: паветра нібыта напаўняецца пылам, цяжкасцю. Гэта хутчэй тычыцца архітэктонікі фільма, але на першым плане, вядома, акцёр. У цэлым, стужка будзе ў колеры, і толькі ў адным месцы яна згубіць свае фарбы. У чорна-белай стылістыцы вырашана зрабіць інтэр’еры гасцініцы “Масква”.

Гатэль “Масква” і…

– Дарэчы, дзе будзе здымацца сцэна смерці паэта?

– У мінскай сельгасакадэміі. Раскрыю “кухню”: у пошуках натуры я ездзіла ў суседнюю сталіцу. Але ўсё ж найбольш адпаведны па сваім выглядзе лесвічны пралёт мы знайшлі менавіта ў Мінску. На сёння я ўжо настолькі занурылася ў праект, што нават не магу ўявіць свае адчуванні, калі ўбачу акцёра, які грае Купалу, распластаным на падлозе.

– У фільме будзе свая трактоўка гэтай трагічнай падзеі?

– Адлюстраванне самога факту. Але дакладнага адказу на пытанне, забойства гэта, або выпадковасць, у нас не будзе – з-за адсутнасці дакладных біяграфічных звестак. Тым не менш, прадугледжваецца пэўны мантажны ход, які прапануе варыянты інтэрпрэтацый.

– Ці можна сёння казаць пра тое, што фільм адкрые асобу паэта з новага боку?

– Пытанне не з простых. Але спадзяюся, што мы здолеем здзівіць публіку. Для большасці маіх сучаснікаў Янка Купала асацыюецца з хрэстаматыйным вобразам: пясняр, паэт. І ўсё. Але за гэтым абліччам ёсць жывы чалавек са сваім унутраным творчым агнём, пакутамі ды хістаннямі. Мы намагаліся ўдыхнуць у гэты “нерухомы”, “забранзавелы” для кагосьці вобраз жыццё.

Нагадаю, што Купалу ў нас граюць некалькі акцёраў: мы прасочваем біяграфію паэта ад самага ранняга да сталага ўзросту. У фільме будуць адлюстраваны часы яго творчай працы ў “Нашай Ніве”, гісторыя кахання да Паўліны Мядзёлкі, сустрэча з Уладзіславай Станкевіч. Будуць цяжкія часы эвакуацыі падчас Першай сусветнай вайны, калі ён аказаўся разлучаны з каханай жанчынай. Жудасныя 1930-я. У прыватнасці, у карціне будуць сцэны допыту пісьменніка і Паўліны Мядзёлкі, якія маюць дакументальную аснову. Мяркую, гледачы адкрыюць для сябе жывога Купалу з усімі яго творчымі пошукамі, стратамі і барацьбой. Дарэчы, фільм будзе на трох мовах: рускай, польскай і беларускай.

– Чула, што ў стужцы выкарыстоўваецца ўнікальны грым…

– Так. У Акадэміі мастацтваў сёння ўжо нават пішуць навуковую працу па пластычным грыме, які ў нас задзейнічаны. Многіх вядомых акцёраў вы не адразу пазнаеце.

Мінск – няпростая натура

– Вільня, Санкт-Пецярбург, Масква – усё гэтыя гарады ў стужцы здымаюцца ў Мінску. Эпоха мадэрну, 1930-я… Для мастака-пастаноўшчыка такі фільм – гэта, з аднаго боку, плённы матэрыял, а з другога – сапраўдны выклік!

– Гэта праўда. Ды нагадаю, што ў стужцы дзеянне адбываецца не толькі ў 1920 – 1930-х, але і 1940-х. А таксама мы закранаем і час нараджэння паэта. Тут спалучаюцца некалькі эпох і стыляў, а гэта значыць – змена лакацый, транспарту, інтэр’ераў, мэблі, шыльдаў, шрыфтоў… Усяго на свеце! Часам галава ідзе кругам. Фізічна вельмі цяжка. Прызнацца, Мінск у параўнанні з тым жа Піцерам – вельмі скупая натура. І ўлічым тое, што старыя куткі горада адноўленыя як “мядовы пернік” – таму “складаць” неабходную даўніну вельмі няпроста. Ужо выбачайце за шчырасць.

– Дзе вы здымаеце?

– У Верхнім горадзе: вуліцы Герцэна, Ревалюцыйная… Кафедральная плошча. Ля кансерваторыі на Інтэрнацыянальнай. У Траецкім прадмесці. У старых дварах завода імя Кірава. Завод будаваўся на працягу і ХІХ, і ХХ стагоддзяў, і там ёсць як цагляныя забудовы, так і бетонныя. Даводзіцца вышукваць патрэбныя куточкі. Дый нават чысціня Мінска нам часам не зусім “на руку”.

– Як вы выходзіце з сітуацыі?

– Прыдумваем, ствараем: прывозім на вуліцы снег, калі патрэбна. Ставім афішы, разнастайную тэхніку – старыя машыны, абозы. Напаўняем плошчы людзьмі. І атрымліваецца няблага – прастора пераўвасабляецца. Аднак працаваць з падобнай натурай вельмі складана: трэба шмат часу і высілкаў. А ў сутках, на жаль, толькі 24 гадзіны.

– Наколькі кінастудыя багатая на рэквізіт патрэбнага часу? Касцюмы?

Касцюмы.JPG– Як ні горка прызнаваць, патрэбныя нам рэквізіт і мэбля апынуліся ў крытычным стане. Яны патрабуюць пільнай рэстаўрацыі. Сёння студыя ажывае пасля доўгага перыяду рамонту, і я спадзяюся, што на гэтыя праблемныя моманты будзе звернутая ўвага.

– Калі мы зайшлі ў праблемнае рэчышча, хачу спытаць цябе як мастака-пастаноўшчыка з вялікім досведам. Як ты ўвогуле, ставішся да кінастудыі? Ці гатовы “Беларусьфільм” да запуску новых маштабных праектаў, здатных прэтэндаваць на званне нацыяльных?

– Гэта не зусім мая прэрагатыва – абмяркоўваць стратэгію студыі. Але магу сказаць адно: на мой погляд, стыль працы прадпрыемства патрабуе значных рэформаў. Калі рэй у кінавытворчасці вядзе бухгалтэрыя – што тут сказаш! І пры гэтым у мяне ёсць вялікі піетэт і павага да брэнду “Беларусьфільм”. Я вучаніца такіх вядомых мастакоў, як Дзяменцьеў, Назараў, Альбіцкі, таму магу з вялікай пашанай згадваць тыя цудоўныя фільмы, што нараджаліся тут. Словам, мой адказ на тваё пытанне будзе такім. Я падтрымліваю курс “Беларусьфільма” на нацыянальныя фільмы, але калі наступным разам студыя прапануе мне далучыцца да пэўнага праекта, тройчы падумаю, на якіх умовах пагаджацца на працу. Гэта сапраўды трапнае пытанне: як рабіць нацыянальны праект? І тут трэба ўважліва ацэньваць жаданне і рэальныя магчымасці.

– Ды, тым не менш, сёння ты тут.

– Таму што на карціне працуе выдатная, самаадданая каманда і рэжысёр, якому я давяраю. Жыццярыс Купалы – цудоўны матэрыял, аб’ёмны, фактурны і вельмі цікавы для мастака. І як бы ні было цяжка, тут адбываецца магія кіно. А яна заўжды з’яўляецца там, дзе людзі працуюць з усёй аддачай.

Аўтар: Дар’я Амяльковіч.
Фота: Ганна Шарко.

Крыніца: Культура

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

15 Кра 2024

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам