ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дапамога згарэлай бібліятэцы
Ведай нашых!

“Нашы дэманы нязлыя”: гамяльчук стварае ўнікальныя вобразы беларускіх нячысцікаў

“Нашы дэманы нязлыя”: гамяльчук стварае ўнікальныя вобразы беларускіх нячысцікаў
Іншыя навіны

Не так даўно ў сацыяльных сетках Укантакце і Фэйсбук запрацавала старонка “Беларускі бестыярый”. “Роспачная спроба па крупінках сабраць і намаляваць духаў, істот і прывідаў беларускай міфалогіі”, – адзначаецца ў апісанні.

Кожны панядзелак і чацвер у пабліках з’яўляюцца новыя персанажы. Чалавека, які ўзяўся за гэтую справу, завуць Яўген Кот. Ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

Яўген, хто вы такі і адкуль?

Ніколі не ведаў, як адказваць на такія пытанні (усміхаецца). Мабыць, просты беларус, нарадзіўся і жыву ў Гомелі, працую дызайнерам, люблю падарожнічаць, цікаўлюся культурай, архітэктурай, міфалогіяй.

Адкуль такое незвычайнае хобі, як беларускія нячысцікі, дэманы, прывіды?

Захапленне бестыярыем і міфалогіяй пачалося зусім спантанна ў сярэдзіне 90-х з куплі "Книги вымышленных существ” Борхеса. Пачаў прагна збіраць інфармацыю пра міфічных персанажаў. У пачатку 2000-х гэта вылілася ў стварэнне тэматычнага сайта.

Непасрэдна тэма беларускіх нячысцікаў з сусветнай (ці нават славянскай) міфалогіі вылучылася для мяне параўнальна нядаўна. Даступную літаратуру менавiта па беларускай міфалогіі знайсці было значна складаней, чым па папулярных грэчаскай, скандынаўскай і агульнаславянскай (хоць, як правіла, у рускамоўных выданнях славянская міфалогія ахоплівае амаль выключна рускую і трохі ўкраінскую).

Цяпер ужо пры развіцці iнтэрнэту ёсць магчымасць знайсці і акадэмічныя выданні, і дарэвалюцыйныя, і замежныя.

Агнявік.jpg

Агнявік – адзін са шматлікіх хатніх духаў, якога ўяўлялі ў выглядзе невялічкай касматай істоты, што жыла ў печы і з нуды скідвала ежу ў агонь ці падмешвала попел у стравы.

Чыталі ў дзяцінстве “Заклятыя скарбы”?

skarby.jpg

Не, гэтая кніга мне трапілася параўнальна нядаўна, ужо ў дарослым узросце.

Для мяне беларуская міфалогія пачыналася з “Міфаў бацькаўшчыны” Васілевіча, з яго ж “Зямной дарогі ў вырай”. Потым ужо па бібліяграфіі гэтых кніг – палез глыбей.

Як вы пачалі маляваць нячысцікаў?

Хацелася неяк у меру сіл паўдзельнічаць у папулярызацыі роднай міфалогіі. Вельмі крыўдна, што беларусы больш ведаюць аб рускай міфалогіі (дзякуючы тым жа народным казкам) або любой іншай замежнай, чым аб роднай. А за мяжой дык і наогул мала хто ўяўляе, што беларуская міфалогія існуе, калі і атрымаецца сустрэць беларускага нячысціка ў англамоўнай літаратуры, то ён хутчэй за ўсё будзе адзначаны як славянскі ці рускі.

Азярніцы.jpg

Азярніцы – паводле мясцовых легенд, адзін з відаў русалак, якія маюць доўгія валасы і ступні ў выглядзе плаўнікоў. I хоць знешне істоты нагадваюць людзей, замест крыві ў іх нібыта вада і на дотык яны вельмі халодныя. Калі раптам які чалавек убачыць азярніц, ён не павінен сябе выдаць, бо азярніцы зацягнуць яго да сябе, у самую багну, і ўжо не адпусцяць.

А яшчэ пры ўсім багацці беларускай народнай дэманалогіі ілюстрацыі нашых родных нячысцікаў, у адрозненне ад персанажаў іншых міфалогій, – сапраўдная рэдкасць. Фактычна малюнкі беларускага бестыярыя ёсць толькі ў Славука.

Ён выдатны мастак, яго стыль, напэўна, знаёмы кожнаму беларусу, напрыклад па кнігах серыі “Бібліятэка прыгод і фантастыкі” выдавецтва “Юнацтва”. Але ж беларускія мiфiчныя iстоты ў Славука дастаткова лубачныя і нейкія ўсё ж стэрэатыпныя. Можна разгарнуць кнігу “Чароўны свет” пра нячысцікаў з ілюстрацыямі Славука на выпадковай старонцы, і з вялікай верагоднасцю там будзе гэтакі лагодны сялянскі дзядок з сівой барадой, у саламяным капелюшы, у лапцях і з торбай цераз плячо – неяк так заўсёды паказвалi мужыка-беларуса.

Я не кажу, што гэта дрэнна, але гэта аднабакова. Міфалогія непазбежна развіваецца разам з грамадствам, і мне хацелася б паказаць, што міфічныя персанажы – гэта не абавязкова дамавічок Кузя або дзед-барадзед, якія візуальна захраслі ва ўзорна-паказальнай славянскай вёсцы канца 19 стагоддзя.

Аржавеннік.jpg

Аржавеннік – адзін з беларускіх балотных духаў, гаспадар аржавення. Брудна-руды, з надзвычай тоўстым жыватом і тонкімі, як сцябліна хвашчу, нагамі, з іржавымі прыліпамі да ўсяго яго покрыва; увесь час рыгае і не можа прыцягнуць да сябе ўвагу нават неразборлівых нячысцікаў, а ўсе жывыя істоты абыходзяць яго жытло.

Таксама, на маю суб’ектыўную думку, вобразы міфічных персанажаў не павінны фармавацца па адзінай ілюстрацыі, таму я імкнуўся абстрагавацца ад ілюстрацый Славука і задаўся мэтай прадставіць нячысцікаў у іншай канцэпцыі. Мне цікава шукаць вытокі фактараў і матываў, на падмурку якіх маглі сфармавацца тыя ці іншыя вобразы, і як маглі б выглядаць беларускія мiфiчныя істоты, жыві яны ў свеце, дарэчным не толькі ў дзіцячай казцы, але і, скажам, у сучасным дарослым фэнтэзі.

Апівень.jpg

Апівень – паводле беларускіх павер’яў, нячысцік, які чапляецца да людзей, схіляючы іх да п’янства. Апівень ніколі не прамінае ніводнага застолля. Ён сочыць за тым, хто і колькі выпівае. Не вельмі пітушчых апівень падбухторвае, а калі яму гэта не ўдаецца – падсыпае нейкага зелля, пасля чаго чалавек робіцца зусім п’яны.

Таму, напрыклад, апісаны ў крыніцах “крук у жалезнай бабы, якім яна чапляе непаслухмяных дзяцей”, я малюю не як серп у руках, а як вялікі кіпцюр; або заплечны мяшок хапуна ці бабая – як касцяны горб-нараст, які фарміруе характэрны сілуэт. Ці вось нядаўна ў мяне адбылася спрэчка з нагоды аблічча персанажа, вядомага, мабыць, толькі па дзіцячай калыханцы: “Ішоў Бай па сцяне ў чырвоным жупане”.

Бай.jpg

Бай – паводле беларускага фальклору, істота, якая начамі нябачна блукае па сценах сялянскай хаты і сваім ледзь чутным меладычным спевам усыпляе дзяцей, за што атрымлівае ад удзячных гаспадароў штодзённую міску малака і лыжку кашы.

У Славука гэта зноў жа дзядок (капялюш, лапці, сівыя вусы – усё пры ім), які гуляе па сцяне! І мне зноў жа казалі, што павінна быць менавіта так, бо канон. А ў мяне ў дадзеным выпадку ідэя была ў тым, што істота, якая ходзіць па сценах, выдае меладычныя гукі і мае чырванаватую скуру (як прататып для паэтычнага “чырвонага жупана”), відавочна падобна да яшчаркі ці нават да гекона.

Кастамахі.jpg

Кастамахі – згодна з павер’ямі ўсходняга Палесся, нябожчыкі, якія ўжо згнілі да касцей, уcтаюць з магіл і страшаць людзей, якія праязджаюць побач.

Не бывае страшна так глыбока пагружацца ў свет дэманаў?

А нашыя дэманы не злыя. Як ты да іх ставішся, так і яны да цябе, усё чэсна.

А самі ні з чым містычным у жыцці не сутыкаліся?

Можа, і сутыкаўся, але ж беларускія нячысцікі паспяхова гэта ад мяне хаваюць (усміхаецца).

Зазоўка.jpg

Зазоўка – паводле паданняў з Вілейшчыны, нейкая лясная дэманічная істота ў выглядзе прыгожай дзяўчыны з доўгімі валасамі, якая заварожвала юнакоў і заводзіла іх у гушчар.

Вы верыце ў Бога?

Скажам так, я веру ў Бога, але не веру ў царкву. А яшчэ веру ў людзей і ў нячысцікаў, так што хай і яны ў мяне вераць (усміхаецца).

Ці існуюць у вас любімыя нячысцікі? Калі так, то, можа, назавяце трох.

Напэўна, банальна, але першы – гэта беларускі Цмок. Вельмі цудоўны вобраз, які, знаходзячыся паміж аднолькава агрэсіўнымі заходнім Драконам і рускім Змеем Гарынычам, максімальна добразычлівы да людзей.

Лепельскія цмокі.jpg

Лепельскія цмокі

Другім хай будзе Дабрахожы – гэта з аднаго боку дух-захавальнік лесу, але як толькі дрэвы становяцца зрубам для хаты – дабрахожы зараз жа аказваецца хатнім духам. Да таго ж ён хутка адаптуецца пад сучасныя рэаліі, калі ў запісах XIX стагоддзя ён апісваўся як “хлопец на кані”, то ў канцы ХХ стагоддзя – гэта ўжо “начальнік у пінжаку з бліскучымі гузікамі”. Проста выдатны прыклад развіцця і асучасвання фальклору. Яшчэ, кажучы сучаснай жа мовай, Дабрахожага можна смела назваць эмігрантам ці нават гастарбайтарам – у польскамоўнай літаратуры за некалькі стагоддзяў з усходу Рэчы Паспалітай ён пераехаў на ўсход Польшчы і такім чынам фактычна перабраўся з Магілёўшчыны ў Падляшша.

Крыжацік.jpg

Крыжацік. Гэтага крумкача, ахоўніка могілак, прыдумаў сам Яўген.

Ну і трэцім назаву, мабыць, Крыжацiка – духа ў абліччы сівога крумкача з чалавечымі вачыма. На самай справе, гэта быў нейкі мой сацыяльны эксперымент, хацелася прасачыць, як распаўсюджваецца інфармацыя ў сучасным свеце i сецiве. Так, я проста прыдумаў гэтага персанажа, дадаў яго на свой сайт. Праз гады ён ужо без майго ўдзелу разляцеўся па сетцы, і нават адзначыўся ў некалькіх друкаваных кнігах – у польскім выданні па славянскай дэманалогіі і ў мастацкай кнізе, cлавянскім фэнтэзі.

Якую самую незвычайную гісторыю, якая здаралася на нашых абшарах, вы чулі ці чыталі?

Напэўна, самая незвычайная – гэта пра прывід панды ў Любчанскім замку:

“У нясвіжскіх Радзівілаў была ў Смаргоні мядзведжая акадэмія. А Багуслаў Радзівіл вырашыў іх пераплюнуць і прывёз сабе ў Любчу панду. Гэтая панда жыла ў вежы ля каміна, бо ёй было холадна. І ад каміна зрабілася шэрай. Пасля чаго звар’яцела. Яе забілі і закапалі ў парку. З таго часу яна і пужае ўсіх наведнікаў замка”.

Чорная свіння аршанскага млына.jpg

Чорная свіння аршанскага млына

Гісторыя, мабыць, нядаўна прыдуманая, але досыць пацешная. І што немалаважна, падобных гісторый пры жаданні можна адшукаць і ў больш ранніх крыніцах. Вось, напрыклад, у «Беларускім зборніку» Раманава, выдадзеным у 1912 годзе, ёсць вось такі тэкст:

“У 1890-х гадах у мястэчку Ветка чорт вылез з ракі Сож у выглядзе карліка з паўаршына ростам, у круглай шапачцы, і катаўся на палачцы, як гэта робяць дзеці. Пазней бачылі, як ён катаўся ў малюсенькай лодачцы. Пасля гэтага бачання ў Ветцы былі тапельцы.

Людзей, якія бачылі чорта, вельмі шмат. Асабліва часта бачаць яго жанчыны: адна выцягне яго вядром з калодзежа; у іншай ён вылез з-пад падлогі; трэція лавілі рыбу брадніком і выцягнулі чорта ў выглядзе вялікага сома. Усе гэтыя чэрці з рогатам сыходзілі ад жанчын. Мужчыны бачаць чорта звычайна паблізу шынкоў, у выглядзе высокага чорнага чалавека, зарослага валасамі і з хвастом”.

Прывід Чырвонага балота пад Мазыром.jpg

Прывід Чырвонага балота пад Мазыром, дзяўчынка з вачыма колеру бруднай вады, якая прапануе заблукаламу вандроўніку жменю воўчых ягад у далоні.

Ці адрозніваюцца беларускія дэманы нечым ад дэманаў суседніх краін? Ці яны паўсюль падобныя?

Вобразы міфічных персанажаў так ці інакш фармуюцца з улікам сацыяльных і прыродных фактараў. Таму ў нас проста ўнікальнае багацце азёрных і балотных нячысцікаў. Яшчэ беларуская дэманалогія цікавая “падзелам працы” сярод нячысцікаў, у нас кожная гаспадарчая пабудова, кожны род дзейнасці, кожны тып лесу, вадаёма, балота – мае свайго ўнікальнага духа, які не суецца ў справы сваіх суседзяў па цэху.

Хапун.jpg

Хапун – міфічная істота, якая скрадае непаслухмяных дзяцей.

Таксама ў нас мноства пудзілаў – нячысцікаў, прыдуманых для адваджвання дзяцей ад небяспечных спраў цi месцаў. І дэманаў-спакуснікаў, якія альбо зводзяць беларуса, альбо падштурхоўваюць яго да нейкіх асацыяльных дзеянняў.

І яшчэ варта ўлічваць, што Беларусь у перыяд зараджэння цікавасці да этнаграфіі і фальклору паспела пабываць у складзе адзінай дзяржавы і з Расіяй, і з Польшчай, што так ці інакш паўплывала на тое, як нейкія нашы нячысцікі аказаліся прылічанымі да рускіх, а нейкія да польскіх. Нават калі адкрыць “Народные русские сказки” Афанасьева, можна ўбачыць указанні, што тая ці іншая казка запісана ў Беларусі ці Украіне і не мае аналагаў у іншых рэгіёнах.

Якія ў вас планы развіцця ў будучыні?

У перспектыве планую выдаць кнігу з уласнымі малюнкамі. На гэтую ідэю падштурхнуў і той факт, што замежным сябрам, як аказалася, і падарыць няма чаго – аб нашай міфалогіі няма выданняў на замежных мовах. Таму хочацца зрабіць выданне на некалькіх мовах, у фэйсбуку якраз тэксты публікую на беларускай, рускай, англійскай і польскай. І паралельна з малюнкамі рыхтую макеты, па сутнасці, на сотню старонак кнігі матэрыялу ўжо набралася. Мабыць, у найбліжэйшы час пайду знаёміцца з нашымі выдавецтвамі.

Туросік.jpg

Туросік – небяспечны дэман з лясоў паўночнага захаду Беларусі-Літвы, які ў выглядзе тура альбо аленя з залатымі рагамі завабліваў падарожнікаў у гушчар ці багну.

Таксама, калі ў падпісчыкаў будзе цікавасць, надрукуем паштоўкі і календары – планаў безліч, хапіла б часу і сіл!

Аўтар публікацыі: Зміцер Панкавец.

Крыніца: Наша ніва

Чытайце таксама:

Навіны

Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні

17 Кас 2019

16 кастрычніка ў бібліятэцы ў рамках працы VI Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” адбылося штогадовае пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Знаёмства будучых бібліятэкараў са спадчынай Яўгена Хлябцэвіча

17 Кас 2019

У рамках супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў 15 і 16 кастрычніка адбылося сумеснае мерапрыемства.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Імпрэза “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры

16 Кас 2019

15 кастрычніка адбылося мерапрыемства “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў”, прымеркаванае да 120-годдзя з дня нараджэння Адама Бабарэкі (14.10.1899–10.10.1938).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ААН для міру і развіцця

17 Кас 2019

З 17 кастрычніка па 19 лістапада ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “ААН для міру і развіцця”, прысвечаная Дню Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Кніжныя выстаўкі

111