ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Міжканфесійная талерантнасць і згода – фактар стабільнасці сучаснага грамадства
Беларуская пісьменніца ўдастоена амерыканскай прэміі

Нарматыў ніхто не адмяняў…

Нарматыў ніхто не адмяняў…
Іншыя навіны

На пытанні чытачоў і газеты “Культура” адказвае галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская.


Пасля Года кнігі і напярэдадні пасяджэння выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “К” вырашыла прысвяціць сваю чарговую “гарачую лінію” праблематыцы далейшага развіцця бібліятэчнай справы. А ў тым, што гэтае развіццё палягае менавіта ў праблемнай прасторы, пераконвацца даводзіцца пад час штотыднёвых журналісцкіх камандзіровак. Можна бясконца разважаць пра ўпэўненую камп’ютарызацыю бібліятэк, іх неблагую матэрыяльную базу, але калі зранку, у абед ці ўвечары амаль заўжды бачыш пустыя залы сельскіх устаноў, пачынаеш сумнявацца ў няўхільным росце чытацкай актыўнасці. Так, у буйных бібліятэках яна прысутнічае. Але ж Беларусь – гэта не толькі абласныя ды раённыя цэнтры.
Ці заўсёды нізкі заробак з’яўляецца прычынай няякаснай працы бібліятэкара? Як паўплываў Год кнігі на павелічэнне чытацкага інтарэсу ў маштабе краіны? І ці сапраўды той, хто валодае інфармацыяй, валодае светам? Адказы на гэтыя надзённыя, як падаецца, пытанні мы і паспрабавалі атрымаць пад час чарговай “гарачай лініі”.

Людміла Кароль, загадчыца аддзела бібліятэказнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі: Добры дзень, Наталля Іванаўна! Скажыце, калі ласка, калі будуць зацверджаны новыя тыпавыя штаты для абласных і публічных бібліятэк? Сённяшнія, пагадзіцеся, патрабуюць сур’ёзнай карэкціроўкі…

Наталля Задзяркоўская: Вітаю вас! У бягучым годзе актуалізацыя дадзенага дакумента, на вялікі жаль, не прадугледжваецца. Вы разумееце, што разглядаць яго трэба ў комплексе з агульнымі штатамі ўстаноў культуры. Прапановы, якія мы летась уносілі ў Міністэрства працы і сацыяльнай аховы, пакуль не прыняты... Але ў рэдакцыі дакумента, што сёння дзейнічае, ёсць пункт, у адпаведнасці з якім мясцовае кіраўніцтва можа пашыраць і дапаўняць штаты. Да прыкладу, у Мінскай вобласці гэтую магчымасць выкарыстоўваюць максімальна. Пры бібліятэках дзейнічаюць аддзелы аўтаматызацыі, працуюць праграмісты...

Людміла Кароль: І яшчэ адно пытанне. Ці будуць наладжвацца навучальныя семінары па арганізацыі і правядзенні дзяржаўных закупак у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)”, што ўступіў у сілу з 1 студзеня бягучага года?

Наталля Задзяркоўская: Добрае пытанне і вельмі актуальнае. У снежні мы праводзілі нараду з работнікамі бібліятэк па камплектаванні і вырашылі, што курсы такія – вельмі дарэчныя. Цяпер уносім змяненні ў навучальную праграму Інстытута культуры Беларусі. У якасці лектараў хочам запрасіць на гэтыя курсы прадстаўнікоў Міністэрства эканомікі... Закон мы толькі засвойваем, і па яго рэалізацыі ўзнікае сапраўды шмат пытанняў.

Яўген Рагін: Будзем спадзявацца, што новы Закон паспрыяе папаўненню бібліятэчных фондаў. Наколькі я ведаю, у адпаведнасці з ім нашы бібліятэкі могуць наўпрост супрацоўнічаць і з расійскімі выдавецтвамі. Я, да прыкладу, ледзь не штотыднёва наведваю ў сталічным мікрараёне “Паўднёвы Захад” адзін з бібліятэчных філіялаў. Наведваю, натуральна, як чытач. Дык вось, новых паступленняў, у тым ліку і расійскай літаратуры, за апошнія гады тут не было!

Наталля Задзяркоўская: Закон гэты прадугледжвае для бібліятэк выбар выданняў на конкурснай аснове. Значыць, ёсць усе падставы для таго, каб на беларускі кніжны рынак прыйшлі і расіяне. Але тут нельга забывацца на тое, што ў нас на дзяржаўным узроўні падтрымліваюцца айчынныя выдавецтвы, якія выпускаюць сацыяльна значную літаратуру. Тым не менш, толькі ёю кніжныя фонды нашых бібліятэк паўнавартасна не папоўніць. Значыць, і бібліятэкі, і выдавецтвы павінны стаць больш мабільнымі і гнуткімі ў плане ўзаемаадносін ды выпрацоўкі пэўнай “кніжнай” стратэгіі. Інакш кажучы, на бібліятэчнай паліцы павінен прысутнічаць увесь разнажанравы спектр літаратуры.

Яўген Рагін: І яшчэ адна праблема: вельмі дарагая падпіска на перыёдыку...

Наталля Задзяркоўская: У асобных раёнах да 50–70 працэнтаў сродкаў, выдаткаваных на камплектаванне, выкарыстоўваецца менавіта на падпіску перыядычных выданняў.

Яўген Рагін: Калі ў сельскай бібліятэцы няма канкрэтнай кнігі для канкрэтнага чытача, яе замаўляюць у міжбібліятэчным фондзе ўстановы раённай ці абласной. Але ўвесь працэс дастаўкі патрэбнай кнігі, як мне распавядалі на раёнах, расцягваецца іншым разам на тыдні. Такая “аператыўнасць” – таксама, відаць, прычына адтоку чытачоў…

Наталля Задзяркоўская: Не думаю. Канешне ж, перспектыва гэтай паслугі – электронная дастаўка. Гэтым займаюцца ў нас Нацыянальная бібліятэка Беларусі, іншыя буйныя ведамасныя ўстановы.

Юрый Максіменка, вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна: Добры дзень!

Наталля Задзяркоўская: Вітаю вас! Гомельская бібліятэка сёлета – юбіляр...

Юрый Максіменка: Так. Нам – 85 гадоў! А пытанне ў мяне наступнае. Тры з шасці абласных бібліятэк рэспублікі носяць імя Леніна. І савецкі час даўно мінуў, і кожная з устаноў мае свой стыль, сваю нішу ў інфармацыйнай прасторы, але яны па-ранейшаму нагадваюць пра тыя дні, калі былі філіяламі Ленінкі. Гэта няправільна. Няўжо для кожнай з бібліятэк не знойдзецца іншага імя са славутага шэрагу землякоў-творцаў? Самім абласным установам гэта цяжка зрабіць…

Наталля Задзяркоўская: А ў чым цяжкасці? Вырашэнне дадзенага пытання – у кампетэнцыі мясцовага кіраўніцтва. Калі ў вас ёсць канкрэтная прапанова па перайменаванні, Міністэрства культуры вас падтрымае.

Юрый Максіменка: Адна з прапаноў – надаць нашай бібліятэцы імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Але мы абвясцілі конкурс сярод чытачоў і калег па вобласці. Іх думкі і будзем прытрымлівацца.

Наталля Задзяркоўская: Урэшце, я ўдакладню працэс перайменавання ў юрыдычнай службе Міністэрства, і мы з вамі абмяркуем пытанне ў рабочым парадку.

Васіль Каткавец, начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама: Як на сёння правільна называць нашу бібліятэчную сістэму? Раённай сеткай публічных бібліятэк ці цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай? Тут, падаецца, упарадкаванасці няма…

Наталля Задзяркоўская: У адпаведнасці з Законам аб бібліятэчнай справе, назва наступная: “бібліятэчная сетка”. Гэты Закон, які не прадугледжвае наяўнасці ЦБС, не першы год працуе... Але я не спяшалася б з вызначэннем тэрміналогіі. Сёлета мы мяркуем унесці змяненні і дапаўненні ў названы закон, і я не выключаю, што для захавання цэнтралізацыі пытанне будзе прапрацоўвацца больш дэталёва.

Васіль Каткавец: Я, напэўна, не першы, хто задае сёння пытанне пра штатны расклад?

Наталля Задзяркоўская: Так. На жаль, сёлета не плануецца яго змяненне, бо, як я ўжо казала, распрацоўка дакумента патрабуе комплекснага падыходу па ўсіх установах культуры.

Васіль Каткавец: У нас ідзе працэс аптымізацыі, зліваюцца сельскія публічныя і школьныя бібліятэкі. Усё, безумоўна, робіцца паступова, узважана, з улікам мясцовай дэмаграфічнай сітуацыі... Але я, да прыкладу, за тое, каб не страціць ні клуб, ні бібліятэку нават у невялічкіх паселішчах. Якімі б добрымі ні былі мабільныя ўстановы, але стацыянарныя (са статусам вясковага Цэнтра культуры) яны ніколі не заменяць... З гэтай нагоды, ці будуць змяняцца нарматывы па чытачах у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй у сельскай мясцовасці?

Наталля Задзяркоўская: Аптымізацыя інфраструктуры сацыяльнай сферы ў сённяшніх эканамічных умовах – працэс непазбежны. Эксперымент па аб’яднанні публічных і школьных бібліятэк на сяле быў праведзены ў 109 населеных пунктах (гэта толькі 3 працэнты ад усіх бібліятэк). Спачатку не ўсё ішло гладка. Але на сёння магу сцвярджаць, што вынікі інтэграцыі – больш чым пераканаўчыя. Па звестках аблвыканкамаў, паказчыкі бібліятэчнага абслугоўвання не знізіліся. Эканомія грошай перавысіла мільярдны рубеж – гэтыя сродкі выкарыстаны для павелічэння падпіскі на перыёдыку, набыцця камп’ютарнай тэхнікі. Нават калі публічная бібліятэка перабіраецца пад дах школьнай, установа застаецца ў сістэме Міністэрства культуры. А школьныя бібліятэчныя кадры задзейнічаны цяпер у школьных кабінетах метадычнай літаратуры... Словам, планавая і сістэмная інтэграцыя сельскіх бібліятэк будзе прадоўжана цягам бягучага і 2014-га гадоў... Змяненне бібліятэчных нарматываў з прычыны дэмаграфічнай сітуацыі пакуль не плануецца. Адпаведныя дакументы пакуль не прапускае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пагаджаюся, патрэбны комплексны перагляд нагрузкі: колькасці чытачоў і кнігавыдачы.

Васіль Каткавец: Адна з задач аддзела на 2013 год – узняць мінімальную зарплату да 3 мільёнаў 400 тысяч рублёў. А павялічыць заробак на мільён, у тым ліку і за кошт пазабюджэтных сродкаў, аддзел не зможа. Як быць?

Наталля Задзяркоўская: Пытанне, натуральна, – адно з балючых. Нарматыў ніхто не адменіць. Вы самі разумееце, што ўнутраны бібліятэчны рэзерв – у платных паслугах, у аптымізацыі бібліятэк.

Яўген Рагін: – Колькасць чытачоў і кнігавыдачы – асноўны крытэрый ацэнкі дзейнасці сельскага бібліятэкара?

Наталля Задзяркоўская: Гэта крытэрый для аплаты ягонай працы. А якасць абслугоўвання вызначаецца проста: наведваеш абанемент ці чытальную залу і глядзіш, ці шмат тут наведвальнікаў.

Яўген Рагін: Часцей за ўсё – пуста… А якая на сёння абарачальнасць кніжных фондаў на сяле?

Наталля Задзяркоўская: Па статыстыцы, 38 працэнтаў насельніцтва краіны – чытачы бібліятэк. Як быццам, па міжнародных мерках – досыць прыстойны паказчык. Але ж гаворка – пра тых, хто запісаўся, а не пра тых, хто наведвае ўстанову... Абарачальнасць (колькасць выдачы адной кнігі цягам года) – нездавальняючая. І вось гэты наш паказчык – у некалькі разоў меншы, чым замежны... Тут варта дадаць, што і ў буйных – раённых ці абласных – установах пэўныя чытачы не бяруць кнігу з паліцы, а карыстаюцца бібліятэчнымі электроннымі рэсурсамі. Так што колькасць чытачоў, кнігавыдач не вызначаюць на сёння якасць абслугоўвання.

Аляксандр Сёмкін, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі: Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” прадугледжана новая рэдакцыя стандарту па бібліятэчнай статыстыцы. У якім стане зараз распрацоўка гэтага стандарту? Ці будзем мы ўлічваць віртуальных наведвальнікаў, карыстальнікаў электронных баз?

Наталля Задзяркоўская: Мы якраз абмяркоўвалі гэтую праблему. Бібліятэкі будуць выконваць патрабаванні не нацыянальнага стандарту, а інтэграванага банка даных. Пасля прыняцця стандарту відазменіцца і банк. І толькі пасля гэтага ад вас запатрабуюць колькасць віртуальных чытачоў... Цяпер распрацоўваецца такі стандарт. Працэдура – даволі складаная. Над гэтай тэмай з 2009 года працуе Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Для ўласнай лакальнай статыстыкі я параіла б ужо сёння улічваць колькасць віртуальных чытачоў і зваротаў да электронных рэсурсаў.

Надзея Радзіяновіч, дырэктар Лунінецкай ЦБС: Ці будуць пераглядацца паказчыкі, што вызначаюць аднясенне бібліятэк да груп па аплаце працы? Сённяшнія паказчыкі, на наш погляд, проста састарэлі.

Наталля Задзяркоўская: Мы актыўна працавалі над гэтым летась, але падтрымкі ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не знайшлі. Разумею, справа гэтая – неадкладная. Будзем дамагацца свайго.

Надзея Радзіяновіч: Зразумела. Яшчэ хачу запытацца аб працэдуры па закупцы сацыяльна значнай літаратуры. Нашу бухгалтэрыю вельмі цікавіць названае пытанне. Ці магчымы тут тэндар?

Наталля Задзяркоўская: Міністэрства інфармацыі прыйшло да высновы: набываць гэтую літаратуру ад аднаго выдавецтва пры ўмове, што ў іншым такія кнігі набыць немагчыма.

Надзея Радзіяновіч: Значыць, калі мы пераканаліся, што толькі гэтае выдавецтва выпускае патрэбныя нам кнігі, мы можам на дагаварной аснове з ім супрацоўнічаць?

Наталля Задзяркоўская: Так. Але мы будзем і надалей супрацоўнічаць з Міністэрствам інфармацыі, каб спісы сацыяльна значнай літаратуры суправаджаліся тлумачальнымі дакументамі.

Надзея Радзіяновіч: А мы маем права і надалей супрацоўнічаць на дагаворнай аснове з ААТ “Белкніга”? Гэта не выдавецтва, а пасрэднік, непасрэдны пастаўшчык літаратуры. Дамовы мы звычайна заключалі на год.

Наталля Задзяркоўская: Прывілеяў для “Белкнігі” цяпер няма. Таварыства павінна на роўных з іншымі пастаўшчыкамі ўдзельнічаць у конкурсе, які вы абвесціце. Але я ўдакладню гэтае пытанне...

Яўген Рагін: Прадоўжым нашу гаворку. Мне падаецца, што вызначальны для бібліятэчнага заробку паказчык колькасці чытачоў і кнігавыдачы правакуе работнікаў культуры на, даруйце, трывіяльныя прыпіскі ў справаздачнасці. Чытальныя залы на сяле застаюцца пустымі. Мо нам сапраўды патрэбна нефармальная Нацыянальная праграма па папулярызацыі кнігі, па падтрымцы чытання?

Наталля Задзяркоўская: У рэспубліканскай праграме па правядзенні Года кнігі была прадугледжана распрацоўка сістэмы мер па падтрымцы і развіцці чытання ў краіне. Яна зацверджана міністэрствамі культуры, інфармацыі, адукацыі, Саюзам пісьменнікаў Беларусі, у аблвыканкамах. Дык вось, гэтая сістэма прадугледжвае распрацоўку міжведамаснай праграмы па падтрымцы і развіцці чытання. Па рэгламенце такая праграма з’явіцца ў 2014 годзе.

Яўген Рагін: Калі бібліятэчны маркетынг стане не толькі агрэсіўным, але і крэатыўным, дык і патрэба ў праграмах, напэўна, адпадзе. Патэнцыйнага чытача трэба “браць у палон” з дапамогай яркіх і актыўных дзеянняў. Але аддзелы культуры, дзе бібліятэкары па практычнай, так бы мовіць, выдумцы значна апярэдзілі клубнікаў, можна пералічыць па пальцах…

Наталля Задзяркоўская: Не магу не пагадзіцца. Бібліятэкары з замежжа, да прыкладу, цэняць чытача на вагу золата. Спецыяліст з Германіі на адным з семінараў цягам гадзіны распавядаў нам, як ягоныя калегі-бібліятэкары выйшлі на вуліцу з арыгінальнымі кніжнымі паліцамі і артыстычна прапагандавалі дзейнасць сваёй установы.

Яўген Рагін: Магілёўскі бібліятэчны каледж выпускае, наколькі ведаю, універсалаў: бібліятэкараў-клубнікаў. Але запыт на такіх спецыялістаў ледзь не ў тры разы перавышае прапанову. А бібліятэчныя кадры неўтаймоўна старэюць. І на адной з нашых выязных рэдакцый нам давялося пачуць на свой журналісцкі адрас папрок: што вы, маўляў, пішаце пра неабходнасць камп’ютарнай спрактыкаванасці сельскіх бібліятэкараў? Дай бог, каб яны з непасрэднымі абавязкамі спраўляліся!.. Па гэтай логіцы, сельскаму бібліятэкару можна дараваць і няўменне чытаць…

Наталля Задзяркоўская: Неаспрэчна тое, што правадніком сучаснай інфармацыйнай культуры павінен быць і бібліятэкар з вёскі. У нас кваліфікацыю можна павысіць у Інстытуце культуры Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы, абласных установах. Сістэма навучання, як быццам, наладжана: кожны павінен павышаць кваліфікацыю не радзей, чым раз на пяць гадоў. А на справе, калі гаворку весці пра развіццё сельскай бібліятэчнай справы, важкага выніку няма…

Яўген Рагін: Змяненні і дапаўненні ў Закон аб бібліятэчнай справе – больш чым неадкладная мера. Для развіцця пазабюджэтнай дзейнасці ў асобных раённых бібліятэках меркавалі стварыць своеасаблівыя букіністычныя крамы па рэалізацыі дублетнай літаратуры савецкага часу, што ідзе пад спісанне. Але для такога крэатыўнага “разняволення” ў нас пакуль няма заканадаўчай базы. Ідэя так і засталася ідэяй. А шкада... Наталля Іванаўна, ваша асабістае стаўленне да развіцця сеткі мабільных бібліятэк. Я цудоўна разумею Васіля Каткаўца, але ў кожнай вёсцы клуб з бібліятэкай не застануцца...

Наталля Задзяркоўская: Палажэнне аб дзейнасці аўтабібліятэкі ёсць. Не лічу, што яго варта нейкім чынам удасканальваць, бо водгукі па дзейнасці бібліёбусаў паступаюць з раёнаў толькі станоўчыя.

Ада Абрамава, дырэктар Гарадоцкай ЦБС: – Ці будуць бліжэйшым часам уведзены ў штат райбібліятэк інжынеры-праграмісты?

Наталля Задзяркоўская: Самае папулярнае сёння пытанне! На жаль, у бліжэйшай перспектыве такое ўдасканаленне штатнага раскладу па рэспубліцы не прадугледжана. Але раённае кіраўніцтва правамоцнае на ўвядзенне такіх адзінак. І падобных прыкладаў па рэспубліцы шмат.

Яўген Рагін: – Агульная электронная бібліятэка – усё яшчэ мара?

Наталля Задзяркоўская: Віртуальная чытальная зала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі дзейнічае. Але стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі – праект глабальны, задуманы ён даўно. Але летась усе зацікаўленыя ведамствы і міністэрствы дамовіліся аб аб’яднанні намаганняў па далейшай рэалізацыі праекта. План паступовых сістэмных мерапрыемстваў зацверджаны ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А з 2014 года пачнецца распрацоўка і асобнай Дзяржаўнай праграмы. У выніку яе рэалізацыі Нацыянальная электронная бібліятэка займее не толькі алічбаваныя бібліятэчныя фонды, а і ўсе даныя, назапашаныя ў інфармацыйна-дакументацыйнай сферы Беларусі... Спачатку ў структуру НЭБ будуць уцягнуты буйныя бібліятэчныя ўстановы, потым, пасля завяршэння агульнай камп’ютарызацыі, – раённыя бібліятэкі... У нас ужо ёсць пераможца конкурсу, які ўзяўся распрацоўваць праграмнае забеспячэнне для электроннай бібліятэкі.

Надзея Судкаленка, дырэктар Ельскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы: Мяне вельмі хвалюе далейшая інтэграцыя і аптымізацыя нашых бібліятэк. Паводле метадычных указанняў па аб’яднанні сельскіх школьных і публічных устаноў, школа мае права пакінуць у сябе выданні з серыі “Школьная бібліятэка” (творы навучальнай праграмы). Але ж тыя выданні, што з праграмы выпалі, сельскай бібліятэцы, па вялікім рахунку, не патрэбны. Назапашваецца дублетная малавыкарыстоўваемая літаратура. Дарослыя чытачы, як правіла, не цікавяцца творамі са школьнай праграмы. Вопыт леташняй інтэграцыі такі: асноўны фонд мастацкай літаратуры – выданні з названай серыі. Як выправіць сітуацыю?

Наталля Задзяркоўская: Спачатку колькі слоў пра немагчымасць перадачы названай серыі ў фонд публічнай бібліятэкі. Міністэрства адукацыі патрабуе, каб серыя заставалася ў школах…

Надзея Судкаленка: Цалкам падтрымліваю такое рашэнне! Хачу зазначыць пры гэтым, што нашаму раёну пашанцавала: бібліятэкі цудоўна фінансуюцца. Мясцовае кіраўніцтва ўсяляк падтрымлівае наша камплектаванне... За 2011 год мы закрылі чатыры сельскія бібліятэкі, фонды іх пераразмеркавалі сярод іншых устаноў. Словам, праблем з папаўненнем няма. І я – за тое, каб школы пакідалі сабе “Школьную бібліятэку”.

Наталля Задзяркоўская: Такой палітыкі і прытрымлівайцеся. Вы не абавязаны, замест школы, захоўваць састарэлыя кнігі.

Яўген Рагін: – Чым павінны займацца бібліятэчныя аддзелы маркетынгу? Ці толькі наладжваннем кантактаў з выдавецтвамі?

Наталля Задзяркоўская: Не толькі! Яны мусяць усебакова і дэталёва вывучаць чытацкія запыты, зыходзячы з сістэмных даследаванняў – выпрацоўваць стратэгію развіцця мясцовай бібліятэчнай справы, піярыць дасягненні ўстаноў раёна ў друку, і не толькі ў мясцовым. Словам, рабіць усё, каб бібліятэка была не сумнай, не пустой…

Адказы на пытанні з электроннай пошты
Андрэй, Мінск: Ці павялічылася цягам Года кнігі колькасць чытачоў у рэспубліцы?

Наталля Задзяркоўская: – Год кнігі прыцягнуў насельніцтва да ўдзелу ў шматлікіх бібліятэчных мерапрыемствах. Хоць і няма тут строгай справаздачнасці, але можна сцвярджаць, што чытацкія шэрагі не паболелі. Прычыны – дэмаграфія, тое, што моладзь аддае цяпер перавагу Інтэрнэту... Натуральна, Год кнігі паказаў, што ёсць нявыкарыстаны рэзерв. Бібліятэкарам варта задумацца, што змаганне за чытача павінна праходзіць не толькі ў бібліятэчных сценах, але і па-за імі. І не толькі на вуліцах і плошчах, але і ў прасторы Інтэрнэта. Гэта, лічу, асноўны рэзерв для адшуквання новых чытачоў.

Калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага: Хацелася б даведацца, калі будуць зацверджаны праекты і распрацаваны новыя нарматыўна-прававыя дакументы, што датычацца бібліятэчнай дзейнасці ў сучасных умовах?

Наталля Задзяркоўская: Сёлета пачне дзейнічаць Інструкцыя па ўліку і захаванасці бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь. А пра лёс іншых нашых праектаў я сёння ўжо распавядала.

Калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага: Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011–2015 гады прадугледжвае штогадовае павелічэнне колькасці наведванняў бібліятэк на адзін працэнт. Летась бібліятэчная сетка Гродзеншчыны ў працэсе аптымізацыі скарацілася на 58 адзінак (з іх 26 – інтэграваны на базе ўстаноў адукацыі). Кожная бібліятэка дасягае названага праграмай паказчыка, але скарачэнне ўстаноў прывядзе да яго зніжэння. Ці павінны, на ваш погляд, бібліятэкі, якія засталіся, выконваць дадатковую нагрузку?

Наталля Задзяркоўская: Я ўжо адказвала на гэтае пытанне кіраўніку Віцебскай абласной бібліятэкі. Змяненні нагрузкі адбудуцца, але праз пэўны час.

Калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага: У адпаведнасці з запытам Міністэрства культуры нашы супрацоўнікі падрыхтавалі прапановы па змяненні паказчыка абнаўлення бібліятэчнага фонду. Ці будуць унесены гэтыя змяненні ў Дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2011–2015 гады?

Наталля Задзяркоўская: Маецца на ўвазе прапанова пэўных абласцей знізіць пяціпрацэнтны паказчык абнаўляльнасці кніжнага фонду да трох працэнтаў... У нас паліцы быццам не пустыя, але якасць фондаў не вытрымлівае крытыкі і па абнаўляльнасці адстае ад міжнародных стандартаў у некалькі разоў. Словам, гэты паказчык не выконваўся ў 2011-м, мяркую, што і цягам мінулагодняга перыяду сітуацыя не змянілася... Але калі прымаць такія змяненні Дзяржпраграмы, фонды так і застануцца састарэлымі.

Калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага: Просім вас патлумачыць механізм закупкі выданняў для публічных бібліятэк за бюджэтныя сродкі ў адпаведнасці з прынятым сёлета Законам аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг).

Наталля Задзяркоўская: Паўтаруся, што неўзабаве ў Інстытуце культуры Беларусі для бібліятэкараў рэспублікі будзе праведзены навучальны семінар з удзелам дасведчаных спецыялістаў... Калі ў некалькіх словах патлумачыць сутнасць Закону, што пачаў працаваць з 1 студзеня бягучага года, дык варта зазначыць вось што: абласная бібліятэка прапаноўвае супрацоўніцтва некалькім выдавецтвам, потым на конкурснай аснове выбірае для сябе самае выгаднае ў эканамічным плане... Расійскія выдавецтвы даўно працуюць па аналагічным законе, нашы ж – толькі падступаюцца…

Аўтар публікацыі: Яўген Рагін.

Крыніца: газета "Культура", № 5, 02.02.2013

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам