ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Традыцыям – палымнець, навацыям – усталёўвацца
Маладое пакаленне свету: каштоўнасці, інтарэсы, магчымасці

Нараджэнне літаратурных “кветак”

Нараджэнне літаратурных “кветак”
Іншыя навіны

Як расцвітаюць літаратурныя “кветкі”, ці зацягне часопіс “Маладосць” у Сеціва, як прафесію стаматалагічнай медсястры змяніць на пасаду галоўнага рэдактара?..


Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Любоўю Каспяровіч расказвае галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Дзянісава.

Кажуць, што найлепшая праца – гэта высокааплатнае хобі. Занятак, які прыносіць задавальненне і адчуванне сваёй запатрабаванасці. Святлана Дзянісава – адна з тых шчасліўчыкаў, якім пашанцавала знайсці працу-хобі. Пасля доўгага пошуку самой сябе ўрэшце яна ўвасобіла ў жыццё дзіцячую мару стаць журналістам.

Ад спадарыні Святланы зыходзіць унутранае святло, ад яе патыхае аптымізмам, бадзёрасцю і... “Маладосцю”.

– Хто асноўны чытач часопіса “Маладосць”?
– Сёння асноўнымі чытачамі з’яўляюцца яго аўтары і тыя, хто хоча імі стаць. Хаця асабіста я (думаю, заўзятары гэтай справы мяне падтрымаюць) мару зрабіць так, каб чытачоў у “Маладосці” было нашмат больш, каб сярод іх былі не толькі аўтары, цяперашнія і патэнцыйныя, не толькі студэнты і выкладчыкі. Я шчыра зычу часопісу стаць масавай, папулярнай, нават моднай чытанкай. Атрымаецца гэта ці не, пакуль цяжка сказаць, бо для раскруткі працэсу павінна прайсці трошкі больш часу. Не думаю, што мае папярэднікі – галоўныя рэдактары “Маладосці” – кіраваліся іншымі ідэямі. Я нават не ведаю, ці раблю нешта лепшае. Складанасць заключаецца ў тым, што мастацкая літаратура, публіцыстыка і літаратурная крытыка – тая сфера, якая ахоплівае не большасць людзей, а меншасць. Інтэлектуальную. Таму трэба разумець, што ў нас не можа быць ні такіх накладаў, як у глянцавых часопісаў, ні такой колькасці прыхільнікаў і падпісчыкаў.

– Якая з формаў літаратуры: проза, паэзія, драматургія – пераважае ў часопісе?
– Калі гаварыць пра колькасць старонак у працэнтных суадносінах, – зразумела, у лідарах будзе проза. Калі ж мець на ўвазе не аб’ём друкаваных знакаў, то можна сказаць так: часопіс падзяляецца на дзве амаль роўныя часткі. Першую з іх складаюць проза і паэзія, другую – крытыка і публіцыстыка. У кожным нумары выступаюць па чатыры аўтары прозы і паэзіі, у тым ліку і дэбютанты – яны спрабуюць сябе ў рубрыцы “Упершыню ў «Маладосці»”.

– А ўвогуле, ці пішуць маладыя?
– Пішуць, ды яшчэ як пішуць! Не ведаю, як іншыя часопісы, але “Маладосць” не стаіць дзесьці на тратуары і не просіць: “Прынясіце аповесцей ды раманаў, нам няма чаго друкаваць”. Але гэта не азначае, што мы не шукаем аўтараў. Нам прыносяць творы рознаўзроўневыя – і дасканалыя, і тыя, над якімі яшчэ працаваць і працаваць. Лічу, што задача супрацоўнікаў літаратурнага часопіса – не толькі адбіраць лепшае з таго, што “само прыйдзе” (тут павінен быць магутны “фільтр”), але і запрашаць таксама. Мне падаецца, што сціпласць і талент у большасці выпадкаў цесна паміж сабой звязаны. І калі мы не будзем запрашаць да супрацоўніцтва, то тыя, хто дзесяцігоддзямі саромеюцца пераступіць парог рэдакцыі, так і застануцца невядомымі імёнамі. Мы не маем права страціць такіх людзей для беларускай літаратуры.

– Дзе ж рэдакцыя шукае аўтараў?
– Мы з задавальненнем адгукаемся на запрашэнні творчых суполак, бібліятэк, навучальных устаноў, розных іншых арганізацый і таварыстваў. І самі выступаем з прапановамі: удзельнічаем у розных акцыях і конкурсах у якасці інфармацыйных партнёраў і спонсараў.

– Наколькі цяжка ці, наадварот, лёгка трапіць на старонкі часопіса?
– Безумоўна, найперш гэта залежыць ад якасці твора, яго ўзроўню. Але калі б мне трапіўся вельмі дасканалы матэрыял, далібог, я пасунула б усё і паставіла яго ў бліжэйшы нумар. Зразумела, тут трэба ўлічваць такія, на першы погляд, другасныя крытэрыі, як памер твора або тэматыка нумара. Напрыклад, восьмы нумар у нас “берасцейскі”. Традыцыя. Таму ў гэтым выпадку дакладна нічога не зробіш. У вераснёўскі пастаўлю.

– “Маладосць” – гэта пляцоўка для маладых?
– Так. Але... гледзячы што разумець пад словам “маладыя”. Ведаеце, ёсць такія 16-гадовыя хлопцы і дзяўчаты, якія глядзяць на жыццё 60-гадовымі вачыма. І наадварот, 60-гадовыя мужчыны і жанчыны ўспрымаюць свет праз прызму пачуццяў непаўналетніх юнакоў.

– На сайце “Маладосці” прачытала вельмі слушнае выказванне: “Мары і памкненні творцаў, калі яны маладыя па-сапраўднаму, накіраваны на развіццё чалавека і грамадства, а не на праслаўленне асабістага імя пісьмовымі сродкамі”. У сучасным свеце сапраўдных талентаў, што не шукаюць сабе славы, згадзіцеся, няшмат.
– А навошта нам іх тысячы? Няхай іх будзе нямнога, але самых-самых. Як мне здаецца, літаратуру можна параўнаць з жанчынай, з яе гардэробам. Ёсць такія кабеты, якія маюць поўныя шафы адзення. Паліцы не вытрымліваюць усіх іх кашуль і спадніц. Кожны дзень маладзіца апранае нешта новае, да абеду – адно, вечарам – іншае. І выглядае быццам бы цудоўна, але... танна. А ёсць жанчыны, у распараджэнні якіх дзве-тры спадніцы, столькі ж блузак і пара сукенак. Пры гэтым штодзень яны выглядаюць як сапраўдныя лэдзі. Дык вось мне хочацца, каб беларуская літаратура была сапраўднай лэдзі.

– На вашым сайце можна знайсці інфармацыю пра гісторыю, рэдакцыю, падпіску, продаж часопіса. Ці плануеце развіваць, удасканальваць сайт?
– Безумоўна. Тое, што існуе цяпер, – толькі пачатак. Сайт паступова будзе напаўняцца. Напрыклад, ужо зараз ёсць рубрыка “Толькі на сайце”. Яна прадстаўлена пяццю падрубрыкамі, і тое, што ў кожнай з іх пакуль толькі адзін твор або допіс, – часовая з’ява. Пад гэтай “шыльдай” будзе змяшчацца інфармацыя, што трапіць у “Маладосць” толькі ў электронным выглядзе і ніколі не выйдзе ў папяровай версіі. Да гэтага часу архіў нумароў не падзелены па рубрыках. Над гэтым таксама працуем. Навінкай для сайта “Маладосці” стануць “Нашы блогі”. Мяркую, іх будзе 6–8. Шэсць аўтараў ужо далі згоду, цяпер чакаю канчатковага адказу ад “зорных” персон. Упэўнена, што моладзі, якая чытае часопіс у электронным варыянце, будзе куды зазірнуць.

– А імёны “зорных” людзей – пакуль сакрэт?
– Не сакрэт, але не хачу сурочыць. Імёны тых, хто ўжо даў згоду, назваць магу. Вельмі цікавым чакаецца блог скульптара Максіма Пятруля. Надзвычай дасціпны чалавек, з цікавым поглядам на жыццё. Стала пра творчасць будзе гаварыць Навум Гальпяровіч. Увогуле, блогі будуць тэматычна розныя: пра мастацкае слова, літаратурную крытыку, ды проста пра жыццё і шчасце. Незвычайнай, думаю, атрымаецца сумесная праца Ірыны Клімковіч і яе калег на этнаграфічную тэму. Побач размесцяцца крытычныя запісы Ціхана Чарнякевіча, паэтычныя адлюстраванні Маргарыты Латышкевіч...

– Улічваючы, што моладзь праводзіць шмат часу ў Сеціве, а выпуск друкаванай версіі – справа не зусім танная, як думаеце, з часам “Маладосць” пяройдзе ў Інтэрнэт канчаткова?
– На жаль, я не прарочыца, каб прадказаць, што на самой справе чакае папяровую прэсу. Можа, прыйдзецца далучыцца да агульнай тэндэнцыі, і нам яна будзе здавацца бліскучай. Але сёння поўны пераход часопіса ў Сеціва я не лічу выдатнай ідэяй. Безумоўна, кожнае выданне павінна мець інтэрнэт-версію, якая не калькуе папяровую, і змяшчаць нашмат больш цікавага. Няхай гэта будзе перакрыжаванка: сайт будзе рэкламаваць тое, што выйдзе на паперы, і наадварот. Калі я працавала рэдактарам “глянцу”, то любіла гаварыць так: з ноўтбукам ці камп’ютарам перад сном у ложак не ляжаш і з кубачкам кавы ў ванне не пасядзіш. А з папяровай версіяй гэта магчыма. Да таго ж тое, што мы любім, што нам блізка і дорага, хочацца ўзяць у рукі, адчуць яго пах. Існуе папулярнае пытанне: што вы ўзялі б з сабой на ненаселены востраў? Камп’ютар туды дакладна не возьмеш. А вось папяровая версія будзе ратаваць ад суму ды яшчэ зможа паслужыць палівам, калі спатрэбіцца.

– Дарэчы, летась на вокладцы нумароў змяшчаліся партрэты маладых аўтараў. У гэтым годзе – кветкі.
– Я лічу, што размяшчаць на першай старонцы твары маладых творцаў было цудоўнай піяр-ідэяй маёй папярэдніцы Таццяны Сівец. Але я ў якасці новага рэдактара спакусілася зрабіць нешта новае, сваё. Бо не столькі ў нас маладых твараў, якія адразу павінны трапляць на вокладку. Да таго ж я вельмі люблю сімволіку ў рэчах. Твары – гэта добра. Але яны змяшчаюцца і на глянцавых часопісах для адпачынку. Атрымліваецца, што адрозніць літаратурны часопіс ад забаўляльнага з першага погляду немагчыма. Нашы старэйшыя браты “Полымя” і “Нёман” друкуюць на вокладках або помнікі пісьменнікам, або месцы, звязаныя з іх жыццём і творчасцю, або творы жывапісу. Што можна было прыдумаць часопісу “Маладосць”, каб не паўтарацца? Узнікла ідэя з кветкамі. Чаму менавіта яны? У літаратурным часопісе твор нібыта спрабуе сябе. Гэта яшчэ кветкі. Адны з іх дадуць добрыя, таленавітыя “плады”, іншыя могуць аказацца пустацветам. Адно вырастае ў геніяльнае, як у выпадку з Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам, які таксама друкаваўся на старонках “Маладосці”, а іншае – пабачыла свет і забылася. Акрамя гэтага, з сёмага нумара мы вырашылі пісаць назвы кветак па-беларуску і па-лацінску. Не настолькі цудоўна ведаць лаціну, наколькі сорамна яе не ведаць, як казаў некалі Цыцэрон. Мы ідзём наперад, паважаючы родную мову, і звяртаемся ў мінулае да агульначалавечай мудрасці. Наша маладосць заключаецца ў тым, каб на кожным этапе развіцця браць новае з таго, што ўжо было. Застаецца яго толькі ўдасканальваць.

– А ці не шкодна гэта для гонару і самалюбства пачаткоўцаў?
– Не шкодна. Самалюбаванне маладых людзей не патрабуе сцвярджэння. Змяшчаць ці не змяшчаць партрэт маладога паэта на вокладцы часопіса – гэта пытанне педагогікі: адных ранняя слава можа “разбэсціць”, а другіх – “заціснуць”. У мяне ёсць асабісты прыклад. Калісьці даўно я прынесла вершы ў газету “Знамя юности”. Іх адразу ўзялі, у хуткім часе надрукавалі ў “Литературной гостиной”, і я, напэўна, павінна была радавацца і ганарыцца. Але калі ўбачыла свае вершы надрукаванымі, мяне адолела такое адчуванне, быццам я прыйшла на шматлюдную плошчу і перад усімі распранулася. Творчым людзям, напэўна, як нікому іншаму трэба быць сціплымі. Бо існуе ж у нашым грамадстве такі стэрэатып: той, што з вокладкі, можа пахваліцца толькі знешнім, але аніяк не ўнутраным.

– Таму не хацелі б, каб ваш партрэт з’явіўся на вокладцы?
– Ні ў якім разе! Больш за тое, летась маё прозвішча два разы прагучала на вокладцы “Маладосці”. І гэта было амаль тое ж адчуванне, што і з вершамі шмат гадоў таму.

– Давайце пагутарым пра вас. Кім сябе лічыце, з кім атаясамліваеце?
– У агульначалавечым сэнсе я перш за ўсё мама траіх дзяцей і жонка цудоўнага мужа. Па-другое, журналіст. І па-трэцяе, проста выконваю абавязкі галоўнага рэдактара. Увогуле, у мяне такое адчуванне, нібыта я ўжо пяць гадоў не працую. Быццам выбрала сабе хобі, за якое робяць адзнаку ў працоўнай кніжцы і плацяць грошы.

– Ваша біяграфія больш чым цікавая...
– Так, у 16 гадоў я прыехала з вёскі ў Мінск, паступіла ў медвучылішча, скончыла яго. Потым доўгі час працавала медыцынскай сястрой у рэспубліканскай паліклініцы на вуліцы Сухой, 28. Гэта выдатнае месца і цудоўная прафесія. Калі раптам так здарыцца, што я страчу “пабочныя эфекты” свайго хобі, то вопыт стаматалагічнай медсястры мяне абавязкова выручыць: са здзіўленнем сама для сябе адзначаю, што памятаю назвы ўсіх інструментаў. Потым быў біялагічны факультэт, а далей Акадэмія навук, Інстытут фізіялогіі. Пасля – расчараванне. Я зразумела, што ніколі не буду рабіць напісанне дысертацыі мэтай сваёй навуковай дзейнасці. І сёння лічу, што яна павінна быць вынікам працы. Паколькі на той момант аднадумцаў я не знайшла, то... навошта змагацца з паветранымі млынамі? Лепш рабіць карыснае больш паспяхова. І я вярнулася ў медыцыну, бо вакансіі настаўніка біялогіі і хіміі не знайшлося. Калісьці ў школе я марыла стаць журналістам, таму паралельна пачала пісаць для розных выданняў, адно з якіх праз пяць гадоў супрацоўніцтва запрасіла мяне на пасаду шэф-рэдактара. З таго моманту я пачала разумець, што хобі таксама прыносіць свае дывідэнды.

– Як вы трапілі ў рэдактары літаратурнага часопіса?
– Гэта была звычайная прапанова. Пасля Акадэміі навук я доўга шукала месца працы. Менавіта тады сказала сабе: “Я больш ніколі не буду шукаць сабе месца працы, няхай яно само мяне знаходзіць”. Так і адбылося. Спачатку запрасілі на пасаду намесніка рэдактара ў глянцавы часопіс. А шэсць месяцаў таму атрымала запрашэнне стаць галоўным рэдактарам “Маладосці”. Згадзілася, бо за чатыры гады я вырасла з “глянцу”. У нейкі момант пачала зайздросціць таму, чаго не магу рабіць. Адбылося гэта пасля прачытання кнігі Джона Морыша “Стварэнне часопіса: ад ідэі да ўвасаблення”. У ёй столькі цікавых рашэнняў! Дзіўна, што палову з іх я ведала па ўласным досведзе. Астатняе хацелася паспрабаваць, але не было адпаведнай пляцоўкі. “Глянец” – усё ж такі абмежаваная тэрыторыя.

– Сярод вашых папярэднікаў-рэдактараў такія славутыя майстры беларускага слова, як Пімен Панчанка, Генадзь Бураўкін, Генрых Далідовіч, Васіль Зуёнак. Зразумела, што яны ўнеслі значны ўклад як у беларускую літаратуру ў цэлым, так і ў “Маладосць” у прыватнасці. Што вы хацелі б пакінуць у спадчыну часопісу?
– У гэтым свеце я не хачу зацвердзіцца як пісьменніца. Я шчыра жадаю, каб усё задуманае атрымалася, і беларускамоўная мастацкая літаратура і публіцыстыка набылі новых прыхільнікаў-чытачоў. Хочацца рабіць усё магчымае, каб людзі разумелі, што трэба чытаць сваё, роднае, беларускае.

– У наступным годзе часопісу споўніцца 60 гадоў. Што азначае гэты ўзрост для “Маладосці”?
– Выдатная нагода ўспомніць усіх, хто працаваў над стварэннем часопіса на працягу многіх гадоў. Ды ў чарговы раз аб’явіць свету пра існаванне “Маладосці”. Ужо з сёмага нумара мы пачынаем друкаваць успаміны пра рэдактараў, вядомых пісьменнікаў, якія шмат гадоў таму дрыжачымі рукамі адчынялі дзверы рэдакцыі, як і цяперашняя таленавітая моладзь. Хачу, каб юбілей часопіса святкавалі не толькі ў вузкім коле людзей, што маюць дачыненне да мастацкага слова. Напрыклад, як з ідэяй “Маладосці” наконт 130-годдзя Янкі Купалы. Мы ж не проста пайшлі на ўскладанне кветак да помніка ці паехалі ў Вязынку на свята і выступілі там. Наш калектыў павіншаваў краіну, развесіўшы ў вагонах метро лістоўкі з партрэтам і вершам песняра, на якой было напісана: “Часопіс «Маладосць» віншуе Вас з Днём нараджэння Янкі Купалы!” Не пампезна – “са 130-годдзем”, а проста, утульна, па-дамашняму – “з днём нараджэння”. Няхай жа так цёпла і пяшчотна будзе і на юбілеі нашага часопіса. Ён гэта заслужыў.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам