ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сусветная гандлёвая арганізацыя: эканоміка, палітыка, права
Гліняны бог чытання

Нам ёсць чым ганарыцца

Нам ёсць чым ганарыцца
Іншыя навіны

Пра бібліятэчныя дасягненні разважае прафесіянал.

Бываю іншым разам за мяжой, знаёмлюся з бібліятэчнай справай іншых краін і ўсё часцей лаўлю сябе на думцы, што, нягледзячы на шэраг праблем, якія існуюць у нашай сферы, нам ёсць чым ганарыцца. Проста мы настолькі прывыклі абмяркоўваць нашы цяжкасці, што цяпер перастаем заўважаць тое добрае, што маем. У 2017 годзе “Культура” публікавала мае дарожныя нататкі аб візіце беларускіх спецыялістаў у Злучаныя Штаты Амерыкі ў рамках праграмы Дзярждэпартамента ЗША “Амерыканскія бібліятэкі”. Гэта вандроўка не толькі дазволіла мне адкрыць для сябе бібліятэкі гэтай далёкай краіны, але і стала штуршком, каб па-новаму паглядзець на нашы ўстановы. Спатрэбіліся два гады, каб усё пераасэнсаваць. А вынікам гэтага пераасэнсавання стаў лонгрыд “Беларусь Бібліятэчная”, які знаёміць з беларускімі бібліятэкамі, дэманструе тую выключную ролю, якую яны адыгрываюць сёння ў жыцці беларусаў. У гэтым артыкуле мне хочацца падзяліцца самымі цікавымі фактамі, якія я для сябе адкрыла, працуючы над гэтым інфармацыйным рэсурсам.

У госці да кнігі

Па даным бібліятэчнай карты свету Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый па стане на 01.11.2019, Беларусь знаходзіцца на дзясятым месцы па колькасці бібліятэк на адзін мільён жыхароў сярод 110 краін, якія прадставілі свае звесткі.

На сёння ў Беларусі функцыянуе каля 7,2 тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным аб’ёмам фонду звыш 180 мільёнаў экзэмпляраў. Практычна ў кожным ведамстве ёсць бібліятэкі. 165 устаноў спецыяльна створаны для абслугоўвання дзяцей. Яшчэ 2300 публічных бібліятэк маюць у сваёй структуры дзіцячыя аддзелы альбо залы. 64 працэнты жыхароў краіны да 15 гадоў з’яўляюцца чытачамі дзіцячых бібліятэк. Яны – адны з самых запатрабаваных. Дзяцей прыцягвае не толькі ўтульны інтэр’ер і цікавая літаратура, але і мерапрыемствы. Нашы калегі ўмеюць нават самую, здавалася б, сумную тэму прадставіць так, што дзецям становіцца весела і цікава.

Напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з 2016 года рэалізуецца культурна-асветніцкі праект “У госці да кніг”, мэта якога – развіццё цікавасці да кнігі і чытання. У залежнасці ад узросту чытачоў прадугледжаны цыклы заняткаў, падчас якіх дзеці даведваюцца аб тым, што такое бібліятэка, як развівалася кнігадрукаванне, і нават спрабуюць сваімі рукамі вырабіць кнігу. Удзельнікі праекта – ад 5 да 17 гадоў. Заняткі праходзяць у форме вясёлых творчых заданняў і гульняў, майстар-класаў і інтэрактыўных экскурсій. Падобныя праекты рэалізуюцца і ў іншых бібліятэках краіны.

Яшчэ адзін прыклад – мультыцэнтр “Совушка” Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. Гэта сучасны, інтэрактыўны, спецыяльна спраектаваны цэнтр адукацыі, абсталяваны самымі сучаснымі электроннымі сродкамі. Наведвальнікі ўдзельнічаюць у адукацыйных праграмах, вывучаюць працу механізмаў, робатаў, арганізм чалавека і іншае. Асобны блок праграм – вывучэнне замежных моў.

Больш за 800 прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў маюць бібліятэкі. Навуковых – 24, публічных – каля 2550.

Да паслуг насельніцтва – больш за 54 мільёны асобнікаў разнастайнай па тэматыцы і жанрах літаратуры, доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў, а таксама вялікае мноства сацыякультурных мерапрыемстваў.

Больш чым у 600 бібліятэках функцыянуюць публічныя цэнтры прававой інфармацыі, у якіх заўсёды можна пазнаёміцца з поўнымі тэкстамі нарматыўных прававых дакументаў, а таксама атрымаць кансультацыю юрыста.

Мабільнасці не стае

У сельскіх маланаселеных пунктах, дзе ўтрыманне стацыянарнай бібліятэкі становіцца эканамічна немэтазгодным, бібліятэчнае абслугоўванне ажыццяўляецца з дапамогай бібліёбусаў. Усяго ў краіне 107 бібліятэк на колах. Гэта ў большасці мікрааўтобус з наборам кніг, газет, часопісаў. Мясцовыя жыхары з вялікай нецярплівасцю чакаюць прыезду такой бібліятэкі. І не толькі для таго, каб узяць літаратуру, але і каб паразмаўляць з бібліятэкарам, распавесці яму аб сваіх радасцях і нягодах, а часам – атрымаць каштоўную жыццёвую параду.

Bibl-1.jpg

На жаль, парк бібліёбусаў пакуль не зусім адпавядае патрэбам часу як колькасна, так і якасна. Таму адна з актуальных задач, якую вырашаюць сёння спецыялісты беларускіх бібліятэк з дапамогай мясцовых органаў улады – павелічэнне колькасці перасоўных устаноў культуры і ўдасканаленне іх якасці.

Спатрэбіцца 37 гадоў

Узначальвае сістэму бібліятэк краіны Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) – буйнейшы інфармацыйны і культурны цэнтр. Сёння тут захоўваецца больш за 9,8 мільёнаў экзэмпляраў кніг, газет, часопісаў, карт, пласцінак, мікрафільмаў і іншых дакументаў больш чым на 50 мовах свету. Унікальнасцю ўстановы з’яўляецца тое, што сюды на захоўванне паступаюць абсалютна ўсе выданні, якія выпускаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Каб толькі бегла зазірнуць ва ўсе дакументы, якія захоўваюцца ў НББ, спатрэбіцца 37 гадоў пры бесперапынным праглядзе з хуткасцю 1 дакумент у 2 хвіліны.

Бібліятэка заўсёды імкнецца адпавядаць статусу вядучай інфармацыйнай установы. На сённяшні дзень НББ прадастаўляе сваім карыстальнікам доступ больш чым да 100 баз даных, сярод якіх найлепшыя сусветныя рэсурсы EBSCO, Camridge Journals, East View, Shpringer Journals Online, ProQuest, Oxford Reference, EMERALD, Интегрум і іншыя.

У іх можна пазнаёміцца з вынікамі навуковых даследаванняў, праектаў і праграм, артыкуламі выдатных навукоўцаў, у тым ліку лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Больш за 600 рэцэнзуемых навуковых часопісаў Кэмбрыджскага і Оксфардскага ўніверсітэтаў, больш за 3,9 мільёнаў поўных тэкстаў дысертацый і аўтарэфератаў дысертацый, абароненых у вядучых універсітэтах 88 краін.

НББ стварае электронную бібліятэку. На сёння яе аб’ём складае больш за 550 тысяч дакументаў. Гэта самы вялікі збор электронных дакументаў сярод бібліятэк краіны. Статус НББ як навукова-даследчага і навукова-метадычнага цэнтра па бібліятэчнай справе пастаянна пацвярджаецца ўзроўнем і маштабам даследаванняў.

Футурыстычна і грандыёзна…

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўнікальная не толькі сваімі інфармацыйнымі рэсурсамі, паслугамі і навуковымі працамі. Цікавасць уяўляе і яе будынак, які з першых дзён свайго існавання стаў аб’ектам павышанай турыстычнай увагі. Футурыстычны, грандыёзны, цудоўны, дзіўны... Якімі толькі эпітэтамі ні апісваюць “беларускі алмаз”. У якія толькі рэйтынгі ні ўваходзіць яго будынак. Напрыклад, амерыканскае выданне Flavorwire у 2012 годзе змясціла яго ў пералік “дзіўна выглядаючых”, а крыху пазней (у 2013-м) па версіі гэтага ж выдання наш будынак заняў 11 месца ў рэйтынгу з 25 найбольш прыгожых бібліятэк. У 2015 годзе расійскі дзелавы часопіс tmn адзначыў Нацыянальную бібліятэку Беларусі ў спісе 33 самых неверагодных будынкаў свету.

Bibl-2.jpg

НББ, разам з сусветна вядомымі будынкамі Антоніа Гаўдзі ў Іспаніі і самым высокім будынкам свету ў ААЭ, уключана ў кнігу Яўгеніі Фраловай “100 самых дзіўных дасягненняў сучаснай архітэктуры”.

А яшчэ – трэнажоры

Важнай і неад’емнай часткай функцыянавання бібліятэкі з’яўляецца сацыякультурная дзейнасць. Штогод тут ладзіцца каля 220 рознаўзроўневых мерапрыемстваў, пры гэтым практычна кожнае чацвёртае носіць міжнародны характар. Штогод праходзіць каля 30 мастацкіх і больш за 150 кніжных выстаў. Працуе дзіцячы пакой, які штогод наведвае каля 1,5 тысячы дзяцей.

НББ – адзіная ў краіне бібліятэка, у структуру якой уваходзіць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які ўключае сучасную трэнажорную залу з прафесійным сілавым абсталяваннем, кардыятрэнажорамі, саўнай і нават душам Шарко.

Квіткі на экскурсіі, аглядную пляцоўку, выставы і іншыя мерапрыемствы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна набыць, не выходзячы з дома, на партале бібліятэкі.

Адпавядаць статусу

У бібліятэчнай сетцы краіны важную ролю адыгрываюць яшчэ шэсць устаноў са статусам рэспубліканскіх: Прэзідэнцкая, Навукова-тэхнічная, Навуковая медыцынская, Цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, Беларуская сельскагаспадарчая імя Івана Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук, Фундаментальная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Асаблівую місію выконваюць і абласныя ўніверсальныя ўстановы, якія каардынуюць дзейнасць публічных бібліятэк: Брэсцкая імя Максіма Горкага; Віцебская, Гомельская і Магілёўская, якія носяць імя Уладзіміра Леніна; Гродзенская імя Яўхіма Карскага і Мінская імя Аляксандра Пушкіна. Кожная – унікальная, кожная стварае найцікавейшыя рэсурсы, праводзіць ёмістыя мерапрыемствы.

На жаль, старонкі газетнага артыкула не дазваляюць апісаць усю бібліятэчную дзейнасць. Таму я запрашаю наведаць on-line рэсурс “Беларусь Бібліятэчная” і працягнуць сваё знаёмства з беларускімі бібліятэкамі.

Аўтар публікацыі: Марына Пшыбытка, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Крыніца: Культура

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам