ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Каліноўскі без… “крылаў”?
Свята мужнасці і гонару

На шырокі абсяг

На шырокі абсяг
Іншыя навіны

Застаючыся выданнем для творчай інтэлігенцыі Беларусі, штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» хоча быць цікавым усім.


Аднаму са старэйшых выданняў краіны штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» спаўняецца 80 гадоў. 26 лютага ў далёкім ужо 1932-м выйшаў у свет першы выпуск газеты для творчай інтэлігенцыі Беларусі. Напярэдадні юбілейнай даты карэспандэнт «Рэспублікі» завітала да галоўнага рэдактара «ЛіМа» Таццяны Сівец.

– Таццяна Мікалаеўна, у «ЛіМа» багатая гісторыя, вакол яго гуртаваліся многія слынныя беларускія пісьменнікі, тыя, каго сёння мы называем класікамі нацыянальнай літаратуры. Менавіта «ЛіМ» у розныя гады першым публікаваў шмат якія творы Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава, Мележа. Многія вядомыя пісьменнікі ў ім працавалі. Цяжар мінулых дзесяцігоддзяў не цісне на плечы маладога галоўнага рэдактара?

– Цісне хутчэй адказнасць перад гэтымі асобамі, усёй літаратурай, бо сённяшні «ЛіМ» усё ж моцна адрозніваецца ад таго, з чаго ён пачынаўся, хоць і імкнецца захоўваць традыцыі. Галоўнай задачай нашага выдання, як і ў 1930-я гады, застаецца яднанне вакол сябе творцаў, каб разам будаваць новую літаратуру і новае мастацтва. Як тады, калі пачынаўся «ЛіМ», так і сёння ў творчым асяродку існуюць розныя думкі і погляды, але пры гэтым застаюцца і нікуды не знікаюць паняцці таленту, творчасці, натхнення. Як і колішнім, сённяшнім літаратарам таксама хочацца, каб іх ведалі, чыталі, адгукаліся на іх творы. Таму важна захаваць у газеце повязь пакаленняў, каб маладыя бачылі на яе старонках тое, што цікавіць, хвалюе старэйшае пакаленне, чыталі іх творы, атрымліваючы ўрокі сапраўднага майстэрства. Разам з тым «ЛіМ» імкнецца заахвоціць старэйшае пакаленне глядзець на маладых не з вышыні сваіх гадоў, а можа, спусціцца іншы раз, узяць за руку і павесці за сабой.

– За ўсю гісторыю існавання «ЛіМа» жанчын на пасадзе кіраўніка не было. Ці ёсць адчуванне першаадкрывальніка?

– Накшталт Валянціны Церашковай у космасе? На самай справе паняцце жаночая ці мужчынская прафесія зараз знікае, страчвае актуальнасць. І мне здаецца, сёння не важна, мужчына ці жанчына на чале «ЛіМа», таму што газету насамрэч робіць вялікі калектыў, і я маю на ўвазе не толькі штатных супрацоўнікаў рэдакцыі, але і тых аўтараў, хто прыносіць ці дасылае нам свае творы. Сённяшні «ЛіМ» мы ствараем усе разам, хаця, канечне, нейкі накірунак мне, як галоўнаму рэдактару, хочацца надаць: зараз у нас амаль 3 тысячы пастаянных чытачоў, якім мы вельмі рады, але хацелася б, каб, застаючыся газетай для творчай інтэлігенцыі, «ЛіМ» набыў больш шырокае кола чытачоў, стаў цікавым не толькі літаратарам, мастакам ці музыкантам.

– Мяркуючы па ўсім, здзейсніць гэта можна будзе ўжо неўзабаве пасля 80-годдзя. Вядома ж, што «ЛіМ» чакаюць перамены і пачатак новага жыцця. Я маю на ўвазе аб’яднанне штотыднёвіка з газетай «Звязда».

– Пра аб’яднанне было заяўлена на нядаўняй калегіі Міністэрства інфармацыі, і лічу, што гэта вельмі разумны крок, у якім для «ЛіМа» толькі плюсы. Пры такім шчыльным супрацоўніцтве са «Звяздой» мы выйграем эканамічна, пашырым тэматыку сваіх матэрыялаў і сваю чытацкую аўдыторыю.

– Ці тоўсты сёння рэдакцыйны партфель і чаго, можа, у ім не хапае?

– Хочацца, каб гэты партфель заўсёды заставаўся таўшчэзным. Але самае актуальнае, злабадзённае стараемся ў ім доўга не трымаць. А чаго не хапае? У прыватнасці, дастатковага запасу крытыкі. Сёння яе не тое, каб мала, проста пішуць часцей па дамоўленасці, па просьбе, а хацелася б, каб па поклічы душы, калі прачытанае сапраўды зачапіла.

– Але ж па поклічы душы крытыка можа быць не толькі станоўчай, на што, як правіла, вельмі хваравіта рэагуюць аўтары…

– Ну, калі ў крытычным артыкуле на свой твор яго аўтару ўсё падабаецца, значыць, крытык у нечым недапрацаваў. Спадзяюся, што на нашых старонках будзе больш сапраўднай крытыкі, без пераходу на асобы, менавіта творчай палемікі, у якой нараджаецца ісціна і даецца сапраўдная ацэнка.

– Надрукавацца ў «ЛіМе» заўсёды лічылася пацвярджэннем пэўнага ўзроўню аўтара, яго прызнання ў пісьменніцкім асяроддзі. Сёння апублікавацца цяжка?

– «ЛіМ» – адзіная газета свайго фармату, і, канечне, жадаючых убачыць у ёй свае творы вельмі шмат. Бывае і так, што нейкі матэрыял ляжыць, яго абмінаюць, адкладваюць дзеля чагосьцi больш важнага, надзённага, і, можа, толькі праз паўгода надыходзіць час публікацыі. Але для многіх цяжка і таму, што яны не зусім адэкватна ацэньваюць свае літаратурныя здольнасці, ды ўсё ж вельмі хочуць пахваліцца перад сябрамі сваімі апублікаванымі творамі.

– Карацей кажучы, звычайныя графаманы. Як змагаецеся?

– Часам вельмі цяжка чалавеку тактоўна патлумачыць, чаму яго твор не можа трапіць на старонкі «ЛіМа». Калі прама гаворыш аўтару, што яму бракуе таленту, той, канечне, крыўдзіцца, абураецца, у адказ заўсёды гучыць, маўляў, усім маім сябрам і дамашнім, каму чытаў, падабаецца. Наогул, даказаць графаману, што ён графаман, – задача немагчымая. На жаль. Таму рэдакцыя пакідае за сабой права выбару прапанаваных твораў. І рабіць гэта мы імкнёмся, не зважаючы на пасаду аўтара ці нейкія яго дасягненні, бо не заўсёды ўсе творы нават таленавітага аўтара аднолькава роўныя і каштоўныя. Дарэчы, у гэтым выбары – слова не толькі галоўнага рэдактара. Над разглядам спрэчнага твора, бывае, працуе ўся рэдакцыя. А ў самых вострых выпадках збіраем і ўсю рэдакцыйную калегію, куды ўваходзяць вельмі вядомыя і аўтарытэтныя людзі.

– Якія крытэрыі адбору твораў прад’яўляюцца да аўтараў?

– Пажадана, каб перш чым звяртацца ў «ЛіМ», ён ужо меў нейкія напрацоўкі, недзе ўжо друкаваўся. Але пры гэтым нельга сказаць: напішыце па тых ці іншых крытэрыях, і ў вас атрымаецца таленавіты твор. Можна выканаць усе патрабаванні – фармальныя, літаратуразнаўчыя, але пры гэтым у творы не будзе душы, той эмоцыі, з якой і нараджаюцца сапраўдны верш ці апавяданне.

– Рэдактарскія клопаты вашай уласнай творчасці – паэзіі, публіцыстыцы, драматургіі, перакладчыцкай справе – не замінаюць?

– Са снежня я галоўны рэдактар «ЛіМа», да гэтага такую ж пасаду займала ў часопісе «Маладосць», і магу сказаць дакладна: канечне, перашкаджаюць.Таму што, калі хочацца больш зрабіць для газеты, сваё адсоўваецца ў бок. Я кажу і пра творчасць, і пра навуковую дзейнасць, якой хацелася б займацца больш. Але я думаю, гэта таго вартае. Калі мне аказаны такія вялікія гонар і давер – быць галоўным рэдактарам «ЛіМа», я пастараюся зрабіць усё магчымае, каб іх апраўдаць. А час для ўласнай творчасці чалавек, які хоча ёю займацца, заўсёды знойдзе.

Крыніца: газета “Рэспубліка”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам