ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
"Яна ўмела загойваць раны – людзей і роднай зямлі": біяграфія Цёткі
Выйшла дзіцячая кніжка беларускай пісьменніцы пра ката, які падарожнічае па Мінску

На паэтычных арэлях

На паэтычных арэлях
Іншыя навіны

Анатоль Зэкаў паспяхова зарэкамендаваў сябе ў многіх літаратурных жанрах, але ў апошнія гады ўсё больш схіляецца да дзіцячай літаратуры. Сведчаннем таму – кнігі “Як Гаўка ў космас збіраўся”, “Вожык вёз сараканожак”, “Безбілетны Зай”, “Азбуку мядзведзь вучыў”, “Лічба з літарай сябруюць”.

Не выключэннем стала і нядаўняе выданне – “Птушыныя арэлі”, якое пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”. Тут вершы, небыліцы, скорагаворкі, задачкі, загадкі і нават адна шарада. Гэта значыць, што юныя чытачы могуць не толькі прачытаць кнігу, вывучыць на памяць той ці іншы верш, але і напрактыкавацца ў выкананні аўтарскіх заданняў. Літаратурная крытыка, адгукаючыся на дзіцячыя кнігі Анатоля Зэкава, неаднойчы адзначала добрае веданне ім дзіцячай псіхалогіі, уменне ў звычайнай з’яве ўбачыць незвычайнае і напісаць пра гэта захапляльна, з лёгкім гумарам, ад чаго вершы паэта лёгка запамінаюцца нават самымі маленькімі чытачамі. Тым больш што многія з іх складаюцца з адной ці дзвюх строф, але і гэтыя чатыры – восем радкоў часам нясуць столькі інфармацыі. У якасці прыкладу прывяду верш “Дзік”:

Шышкі еў у лесе дзік
І скалоў сабе язык.
Не было б тае бяды,
Калі б еў ён жалуды.

І падобных твораў, што лёгка чытаюцца і лёгка запамінаюцца, у кнізе нямала. Толькі сярод аднастрофных вершаў – “Сімвал Беларусі”, “Два мурлыкі”, “Загараў Зай”, “Малпы-цыркачы”, “Музыканты”, “Дождж”, “Леў”, “Іпадром” і іншыя. Вось, дарэчы, як вобразна апісвае аўтар пешаходны пераход:

Праз дарогу зебра бегла,
Бегла прытамілася.
На дарогу зебра легла,
Каб па ёй хадзілі ўсе.

Пераважная большасць герояў кнігі – звяры і птушкі, якіх паэт надзяляе чалавечымі якасцямі, а праз іх вучыць дзяцей не цурацца працы, быць шчырымі і чулымі, справядлівымі і сумленнымі, таварыскімі і спагадлівымі, у любы момант гатовымі на добрыя ўчынкі дзеля тых, хто побач. Хіба не выклікае замілавання ўчынак дзяцей з верша “Лёд і ёд”:

Як патрэскаецца лёд
І балюча стане лёду,
Мы ў аптэчцы возьмем ёд –
Змажам лёду
Раны ёдам.

Апроч таго, лірычны герой Анатоля Зэкава яшчэ і дапытлівы, што вынікае з назваў некаторых твораў: “Як спіць вожык?”, “Ці таўкуць мак камары?”, “Як злічыць зоркі?”, “Калі трэба прачынацца”.

Паэт у “Птушыных арэлях”, як, зрэшты, і ў папярэдніх сваіх кнігах для дзяцей, імкнецца не толькі насычаць юных чытачоў інфармацыяй, а яшчэ і даць ім пэўныя парады, прытым нават у загадках:

Звісаюць з дахаў вясной,
Як дзіды з далёкага веку.
Ды толькі пад імі не стой,
Бо тояць яны небяспеку.

А часам аўтар знарок блытае чытачоў, такім чынам падштурхоўваючы іх самім разабрацца, як што трэба рабіць. Наглядны прыклад – невялікі верш «Чым што есці?»:

Хто з сяброў падкажа Мішку,
Як патрэбна есці ўсё ж.
Чэрпае пюрэ ён лыжкай,
А відэльцам лезе ў боршч.

Юныя чытачы разам з пісьменнікам змогуць пабываць “У дзедавым доме” і “У майстэрні”, паспытаць “Бярозавік” і пастаяць “Перад дарогай”, паспачуваць Мікіту (“Небыліца з гузаком”) і паспаборнічаць, хто болей згадае беларускіх гарадоў, назвы якіх заканчваюцца на “ы” (“Гарады з канчаткам «ы»”). А яшчэ – даведацца, як дзяўчынку Іну ператварыць у Паліну (“Ад Іны – да Паліны”) і што можа здарыцца, калі раптам прападзе мяккі знак (“Рысь і мяккі знак”).

Прачытаўшы кнігу Анатоля Зэкава “Птушыныя арэлі”, цяжка не пасябраваць з хлопчыкамі і дзяўчаткамі, звярамі і птушкамі, з якімі адбываюцца самыя неверагодныя прыгоды.

Аўтар публікацыі: Зінаіда Гарадкова.

Крыніца: Звязда

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам