ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Маладосць”: зачараваныя Максам
Споведзь сэрца

Музыка нязваная

Музыка нязваная
Іншыя навіны

Пра сапраўднасць і падробку ў літаратуры, а таксама пра новую кнігу любоўнай лірыкі разважае вядомы паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Міхась Башлакоў.


– Міхась Захаравіч, літаратурнаму асяроддзю вы вядомы найперш як паэт грамадзянскага гучання. І раптам – лірыка кахання, “Музыка нязваная”...
– Відаць, у кожнага паэта, незалежна ад таго, якая тэма прэваліруе ў яго творчасці, заўсёды знойдуцца радкі пра каханне. Наколькі ўжо рэвалюцыйна-набатна грымела ліра Уладзіміра Маякоўскага, але якія шчырыя, вытанчаныя словы прысвяціў паэт гэтаму светламу і ўзвышанаму пачуццю.
Зразумела, што не толькі чарнобыльская трагедыя ці лёс роднай мовы, вёскі, народа, Айчыны хвалююць і мяне. Калі-нікалі адгукаюцца ў душы, напаўняючы яе пяшчотным водарам вясны, радкі зусім іншай танальнасці.

– Музыка нязваная, музыка кахання. Якой яна чуецца вашай душы?
– Яна бывае розная: і шчасліва-дзівосная, і трывожна-сумная. На жаль, “усё праходзіць, усё мінаецца: смутак, радасць, любоў, гады…” Таму, напэўна, ёсць у зборніку вершы і з сумным адценнем. Сум, як восень, прыходзіць заўсёды да кожнага з нас. І тады ляцяць лісты адзіноты і няздзейсненых надзей над сцежкамі, па якіх блукала некалі світальна-ўзнёслае юнацтва і хмельна-чаромхавае каханне…
Я вельмі люблю восень, залатую, сонечную. Можа, таму, што менавіта гэтай парой лепей за ўсё асэнсоўваеш і падсумоўваеш усе свае здабыткі і няўдачы.

– У звычайных чалавечых пачуццях, якія адлюстраваны ў вашых творах, бачацца таемная прыгажосць і глыбіня, адчуваюцца сапраўднасць, паўната, а сёння гэта цяжка сустрэць, асабліва ў вершах маладых аўтараў. З чым гэта звязана: з агульнай зменай светапогляду людзей ці з прымітыўным успрыняццем некаторымі творцамі агульначалавечых каштоўнасцей?
– У народнага паэта Пімена Панчанкі ёсць верш “Асцерагайцеся падробкі”. Дык вось, падробка настолькі распаўсюдзілася, што становіцца страшна за будучыню літаратуры. Нізкапробнасць, амаральнасць, пошласць становяцца нормай. Маладасведчаны, з нізкім культурным узроўнем чытач патрабуе адпаведнага чытва. Адсюль з’яўляецца запатрабаванасць безгустоўных, бяздарных, але, на жаль, шырока разрэкламаваных аўтараў, якія да літаратуры не маюць дачынення ўвогуле. Хіба можна называць падробку, імітацыю, шэрасць літаратурай? Але, аказваецца, можна.

– Кажуць, вершы, як віно: ім таксама патрабуецца некаторая вытрымка, каб у выніку атрымаўся якасны прадукт. Але такія “вытрыманыя” творы на паліцах кніжнай крамы – гэта хутчэй рэдкая, чым заканамерная з’ява...
– Высокі ўзровень літаратуры патрабуе адпаведна пэўных ведаў, вялікай працы, пастаяннага напружання душы, незадаволенасці сабой і сваім творам. У кожнага пісьменніка павінны быць даволі строгі крытэрый ацэнкі і самаацэнкі, высокая патрабавальнасць да сябе. Яркім прыкладам сапраўднага пісьменніка, чэснага, сумленнага, бескампраміснага, з’яўляецца Леў Мікалаевіч Талстой, які ў першую чаргу бязлітасна і жорстка адносіўся да сябе і сваёй творчасці.

– На вашу думку, ці павінна існаваць пэўная сістэма фільтрацыі ў літаратуры, каб не дапускаць прасочвання да чытацкай аўдыторыі твораў з адсутнасцю ўсялякага мастацкага ўзроўню?
– Абавязкова павінна. Без пэўнага адбору, без высокага рэдактарскага густу літаратура становіцца не святам душы, а проста чытвом. Безумоўна, рэдактар павінен быць адукаваным, дасведчаным і, калі хочаце, таленавітым. Інакш мы будзем мець тое, што маем сёння.
У народзе кажуць: жыццё пражыць – не поле перайсці. У дачыненні да стварэння кнігі, відаць, можна сказаць тое ж самае. Кнігі пішуцца не за адзін дзень і не пад заказ. Не трэба нешта выціскаць з сябе, калі нават і выціснуць няма чаго. Проста калі ёсць магчымасць не пісаць увогуле, лепш скарыстаць яе і заняцца справай па сілах, лепш саступіць месца тым, хто жыве літаратурай і дзеля літаратуры, чые творы ніколі не назавуць падробкай ні крытыкі, ні дасведчаная аўдыторыя. І тады пытанне пра якасць літаратурнага прадукту будзе знята, а чытачы атрымаюць кнігі, якія будуць не атрутай, а лекамі для душы.

Аўтар публікацыі: Наталля Зянюк-Пятроўская.

Крыніца: газета “Рэспубліка”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам