ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дэкада беларускай і рускай філалогіі ў Гомельскай абласной бібліятэцы
Унутраная свабода: як наладзіць адносіны з уласным жыццём?

Музычны вечар у філармоніі “Быў. Ёсць. Будзе”

Музычны вечар у філармоніі “Быў. Ёсць. Будзе”
Іншыя навіны

23 лістапада ў Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі быў арганізаваны музычны вечар “Быў. Ёсць. Будзе”, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння У. Караткевіча.


У рамках мерапрыемства Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі падрыхтавала выстаўку “Рыцар зямлі беларускай”.

У праграме вечара гучала мастацкая кампазіцыя ансамбля салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава “Апостал”, прысвечаная юбілею пісьменніка (мастацкі кіраўнік праекта – В. Скарабагатаў, аўтар сцэнарыя – І. Дубянецкая), ладзілася выстаўка карцін мастака Я. Куліка і скульптурных работ Г. Лойкі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, прафесар Віктар Скарабагатаў.

У расказе пра Караткевіча літаратуразнаўцы, дацэнта кафедры беларускай літаратуры БДУ Анатоля Вераб’я ўвагу слухачоў прыцягнула цікавая інфармацыя пра малавядомы эпізод з удзелам У. Караткевіча і Вольфа Месінга. Падчас аднаго са сваіх выступленняў знакаміты артыст і тэлепат выявіў сярод гледачоў Уладзіміра Сямёнавіча і паведаміў пра гэта зале, назваўшы вядомага беларускага пісьменніка геніем.

Доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс адзначыў у сваім выступлені, што музыка была адным з захапленняў Караткевіча, а таксама паведаміў гісторыю пра тое, як быў знойдзены музычны матэрыял, пакладзены ў аснову праекта “Апостал” – зборнік барочнай музыкі “Полацкі сшытак” (навуковая назва – “Астрамечаўскі рукапіс” або “Рукапіс Ягелонскай бібліятэкі”). Менавіта А. Мальдзіс у 1962 годзе ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве знайшоў гэты нотны рукапіс, уклеены ў вокладку беларускага ўніяцкага службоўніка, што трапіў у Польшчу пасля Другой сусветнай вайны.

Урачыста прайшла і музычная частка вечара. У зале філармоніі гучала старадаўняя беларуская музыка (“Полацкі сшытак”) і музыка XIX стагоддзя (С. Манюшкі) як фон для паэтычных твораў Уладзіміра Караткевіча.

Выстаўка дакументаў з фондаў ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі “Рыцар зямлі беларускай” выклікала прыкметную цікавасць гасцей і ўдзельнікаў вечара. Сярод экспанатаў, якія дэманстраваліся ў канцэртнай зале і фае філармоніі, былі прадстаўлены выданні твораў Караткевіча, кнігі пра пісьменніка, а таксама каштоўныя дакументы з яго асабістага архіва, які захоўваецца ў бібліятэцы: рукапісы твораў, арыгінальныя малюнкі і замалёўкі аўтара, фатаграфіі.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі навуковых і культурных устаноў рэспублікі, СМІ, госці і жыхары сталіцы.

Чытайце таксама:

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам