ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
АБСЕ і сучасныя выклікі
Кніжны пікнік у яблыневым садзе

Мінская бібліятэка

Мінская бібліятэка
Іншыя навіны

Пра Мінск напісана незлічоная колькасць кніг, і абмеркаваць іх у межах аднаго агляду бадай што немагчыма.


Гэты спіс не можа прэтэндаваць на аб᾿ектыўнасць – згадаю толькі тыя кнігі, якія чытаў сам, якія дапамаглі лепш зразумець наш горад альбо зірнуць на яго з новых ракурсаў.

З гэтай самай прычыны не будзе тут твораў, прысвечаных сучаснаму Мінску. Тым не менш усе згаданыя кнігі можна знайсці ў кнігарнях альбо ў інтэрнэце. Але па парадку: пачнём з літаратуры нон-фікшн.

Захар Шыбека. Минскъ сто гадоў таму
Набыць гэтую кнігу я папрасіў у мамы падчас святкавання Дня горада ў 1996 годзе, калі мне было сем гадоў, – і выданне гэтае зрабілася маім першым падручнікам па гісторыі горада. Ад 1990 года кніга Захара і Соф’і Шыбекаў “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” вытрымала некалькі перавыданняў пад рознымі назвамі па-руску і па-беларуску.
Мяркую, запатрабаваная яна будзе заўсёды. Кніга складаецца з дзвюх частак, першая з іх называецца “З архіву менскага жыцця” і распавядае пра дарэвалюцыйны губернскі цэнтр, яго насельнікаў і іх паўсядзённасць. Другая частка прысвечана ўстановам і прадпрыемствам з указаннем іх дакладных адрасоў, якія не дадуць вам заблукаць у тагачасным Мінску. Кніга багата аздоблена старымі фотаздымкамі і рэканструкцыяй тагачаснай карты горада, што робіць пагружэнне ў атмасферу губернскага Мінска яшчэ глыбейшым.

Леанід Маракоў. Галоўная вуліца Мінска 1880–1940 гг.
Плён неверагоднай па аб’ёме і якасці працы даследчыка Леаніда Маракова (пляменніка вядомага паэта міжваеннага перыяду) апублікаваны ў 2012–2013 гг. у выглядзе двух дыхтоўных тамоў вялікага фармату, якія змяшчаюць інфармацыю пра больш як дзве сотні дамоў, што стаялі на галоўнай вуліцы Мінска, іх жыхароў за ўсе азначаныя гады, а таксама ўстановы, якія там размяшчаліся. Кнігі аздобленыя незлічонай колькасцю фотаздымкаў, планаў і архіўных дакументаў.
Пераказаць гэта немагчыма – лепш адзін раз пабачыць.

Томас Бон. Минский феномен. / Томас Бон. Мінскі феномен
Грунтоўнае даследаванне нямецкага навукоўца, рускамоўны пераклад якога з’явіўся ў 2013 годзе, прысвечанае пасляваеннаму развіццю Мінска і вывучэнню на яго прыкладзе спробы стварыць сацыялістычны горад будучыні. Кніга адкрываецца цытатай з Бертольда Брэхта: “Мінск – адзін з найнуднейшых гарадоў свету”.
Зрэшты, сам факт з’яўлення працы Томаса Бона, здаецца, абвяргае гэты тэзіс. Са старонак кнігі вы даведаецеся ўсё аб праектаванні Мінска, міграцыі і ўмовах жыцця новых гараджан, а таксама неафіцыйных сферах савецкай паўсядзённасці. Вялікую цікавасць уяўляе багатая статыстычная частка.

Віктар Корбут. Лепшы від на гэты горад
Цікавая спроба сабраць пад адной вокладкай таямніцы розных часоў і малавядомыя факты пра Мінск ад журналіста газеты “СБ – Беларусь сегодня” і экскурсавода Віктара Корбута (кніга выйшла ў 2013 г.).
Сакрэты горада раскрываюцца ў гутарках з гараджанамі: археолагамі, архітэктарамі, мастакамі, кулінарамі, літаратарамі і краязнаўцамі, а таксама сваякамі славутых мінчукоў. Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны праблемам высвятлення даты і месца заснавання горада, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, гісторыі міжваеннага будаўніцтва і пасляваеннага аднаўлення Мінска, трагічным старонкам нямецкай акупацыі і многім іншым цікавосткам.
Гэтая захапляльная кніга таксама добра ілюстравана і можа быць цудоўным чытвом як для тых, хто даўно цікавіцца гісторыяй Мінска, так і для гасцей горада.

Михаил Володин. Наш старый добрый Вавилон / Міхаіл Валодзін. Наш стары добры Вавілон
Зборнік гарадскіх гісторый (альбо, як піша аўтар – “историек”), у якіх эпохі і лёсы пераплятаюцца так, што нават дасведчанаму знаўцу мінскай мінуўшчыны цяжка правесці мяжу між рэальнасцю і фантазіяй. Сюжэты ўпарадкаваныя ў выглядзе экскурсійнага маршрута ад чыгуначнага вакзала да плошчы Перамогі. Выданне, якое з’явілася на свет летась, арыгінальна аформлена мастакамі Ігарам Рымашэўскім і Сяргеем Стэльмашонкам, тэкст кнігі пададзены адначасова па- руску і па-англійску, што робіць яе выдатным падарункам для замежных турыстаў.

“Мінск незнаёмы” і іншыя фотаальбомы
Першым падборку здымкаў горада за канкрэтны перыяд сабраў пад адной вокладкай Ілья Куркоў у альбоме “Мінск незнаёмы 1920–1940”, які выйшаў у 2002 годзе. У прадмове да выдання ўкладальнік узнаўляе атмасферу міжваеннага Мінска, звяртаючыся як да архіўных крыніц, так і да мастацкіх твораў беларускіх літаратараў.
Акрамя 250 фотаздымкаў, альбом утрымлівае копію тапаграфічнай карты горада і ваколіц, а таксама тэкст “Спадарожніка па Менску” 1930 года з адрасамі разнастайных тагачасных устаноў, маршрутаў гарадскога транспарту, раскладам руху цягнікоў, коштамі на міжгароднія тэлефонныя перамовы, спісам перайменаваных вуліц з іх ранейшымі назвамі, а таксама пералікам экскурсій, якія прапаноўваліся гасцям сталіцы БССР.
Паводле падобнага прынцыпу ўкладзены тры фотаальбомы Віталя Кірычэнкі, прысвечаныя пасляваеннаму развіццю Мінска ў 1944–1969 гадах (выйшлі ў 2004, 2006 і 2007 гг.).
Кожны з іх змяшчае інфарматыўную прадмову, якая акрэслівае карціну гарадскога жыцця ў азначаны перыяд, каля 300 фотаздымкаў і табліцу з пералікам вуліц, якія за гэты час змянілі назвы.

Kowalewska, Zofia. Obrazki mińskie / Зоф’я Кавалеўская. Мінскія абразкі
Пераходзім да разгляду мемуарнай прозы і пачнём з неацэннай крыніцы – “Мінскіх абразкоў”, у аснову якіх пакладзены апрацаваны фалькларысткай Зоф’яй Кавалеўскай дзённік выкладчыка мінскай гімназіі Фердынанда Шаблоўскага. Кніга выйшла ў 1912 годзе і ахоплівае перыяд часу ад вайны з Напалеонам і да задушэння паўстання 1863–1864 гг., апісваючы шляхецкі асяродак Мінска ў часы ягонага росквіту. Са старонак “Абразкоў...” паўстаюць партрэты славутых асоб: краязнаўца Міхала Гаўсмана, сям’і Ваньковічаў, паўстанцаў братоў Свентажэцкіх і Міхала Цюндзявіцкага ды іншых.

Міхал Паўлікоўскі. Дзяцінства і маладосць Тадэвуша Іртэнскага
Дзве аўтабіяграфічныя аповесці Міхала Крыспіна Паўлікоўскага, продкі якога фундавалі касцёл на мінскай Кальварыі, а сам ён быў сакратаром гарадской управы Мінска ў 1919–1920 гг. У гэтых кнігах добра паказана атмасфера горада перыяду Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, тыя раптоўныя змены, якія адбываліся ў ваенны час у гарадскім асяроддзі, уся разнастайнасць шматэтнічнага і полікультурнага насельніцтва Мінска.

Сяргей Пясецкі. Зладзейская трылогія
“Зладзейская трылогія” ўключае аўтабіяграфічныя аповесці вядомага польскамоўнага празаіка – “Яблычак”, “Гляджу я ў вакно” і “Ніхто не дасць нам збаўлення”, – якія апісваюць побыт гарадскіх крымінальных кругоў часоў Грамадзянскай вайны і пастаянных змен улады, што заспелі аўтара ў Мінску. Апісваючы жыццё на Залатой Горцы і Ніжнім рынку, Пясецкі акцэнтуе ўвагу на ўнутранай інтэлігентнасці і сумленнасці злодзеяў, якія ніколі не крадуць у бедных і галодных, у той час як багацеі рабуюць просты люд.
Разам з тым аўтар паказвае ў гратэскным выглядзе новых уладароў горада – бальшавіцкіх камісараў. На жаль, творы Пясецкага са “Зладзейскай трылогіі” дагэтуль не даступныя па-беларуску, але іх польскамоўныя арыгіналы можна адшукаць у Сеціве.

Майсей Кульбак. Зельманцы
Раман класіка беларускай ідышамоўнай літаратуры, які распавядае міжваенную гісторыю мінскага двара, населенага спадкаемцамі даўняга яўрэйскага роду. Старое пакаленне чапляецца за мінулае, а моладзь бярэцца шукаць шчасця на новы лад далёка за межамі двара.
У выніку ўсе героі пераасэнсоўваюць свае ранейшыя погляды, а стары двор Зельманцаў гіне – яго руйнуюць для будаўніцтва цэху кандытарскай фабрыкі “Камунарка”, дзе пазней месцілася бісквітная фабрыка (раён сквера на беразе Свіслачы каля гасцініцы “Беларусь”).
Сёлета быў перавыдадзены беларускамоўны пераклад рамана, зроблены Віталем Вольскім.

Сергей Юрьенен. Фашист пролетел / Сяргей Юр’енен. Фашыст праляцеў
Юнацтва выбітнага празаіка і журналіста расійскай эміграцыі прайшло ў Мінску, хаця народжаны ён далёка ад нашых краёў і назваць яго мінчуком можна толькі ўмоўна. Аповесць – своеасаблівы погляд збоку на Мінск як чужы, няродны, часам не да канца зразумелы горад, які з’яўляецца толькі дэкарацыяй для сюжэту жыцця. Мінск у гэтай кнізе паўстае пазнавальным, але, разам з тым, і нязвыкла іншым, амаль містычным.

Олег Белоусов. Мой город / Алег Белавусаў. Мой горад
Кніга ўспамінаў вядомага мінскага сцэнарыста і рэжысёра, якая выйшла ў 2005 годзе, за чатыры гады да ягонай смерці, пераносіць нас у пасляваеннае дзяцінства аўтара на вуліцах Чырвонаармейскай і Маскоўскай, у ваколіцы Суражскага рынку, Грушаўкі і Таўстухі, а затым – на мінскі “Брадвей” і ў аўдыторыі БДУ. Мемуары поўняцца назіраннямі са шматлікіх вандровак аўтара далёка ад роднага горада і філасофскімі адступленнямі.

Многія перыяды гісторыі і аспекты развіцця горада яшчэ не атрымалі поўнага асвятлення і чакаюць таленавітых аўтараў і даследчыкаў. Хто ведае, мо яны з’явяцца з ліку сённяшніх чытачоў?

Мінская бібліятэка чакае працягу.

Аўтар публікацыі: Антон Рудак.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам