ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
#BelBookChallenge: кніга, дзе герой – іншадумца
Прэзентацыя Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Беларусі

Малавядомая старонка жыцця Міхася Мушынскага

Малавядомая старонка жыцця Міхася Мушынскага
Іншыя навіны

З 24 студзеня па 17 сакавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “Адданасць прызванню”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Міхася Мушынскага (1931–2018).

Міхася Мушынскага называюць падзвіжнікам беларускай навукі. Ён сам некалі даў такую назву сваёй кнізе пра Максіма Гарэцкага «Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі», жыццё і творчасць якога вывучаў многія гады. Як і Міхася Зарэцкага, яму таксама прысвечана цудоўная манаграфія «Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці». Міхась Мушынскі прызнаны самым аўтарытэтным у Беларусі коласазнаўцам. Ім заснавана новая школа беларускага літаратуразнаўства. Яго ведаюць як выключнага тэкстолага. На працягу амаль чвэрці стагоддзя працаваў загадчыкам аддзела выданняў і тэксталогіі акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы.

Але ў жыцці Міхася Іосіфавіча засталася і яшчэ адна яркая старонка, якая звязана з Беларускім радыё. Мастацкае слова мае сілу, калі яно прысутнічае ў жывой прыродзе творчага працэсу, калі яно з'яўляецца яго арганічнай часткай. І дзеля гэтай удзячнай прысутнасці рупяцца найперш даследчыкі, якія і дапамагаюць нам наблізіцца да той ці іншай постаці мастака з мінулых гадоў, ацаніць яго ўнёсак у нацыянальную культуру, лепш зразумець гістарычную эпоху. І тут хацелася б асабліва падкрэсліць, наколькі шмат у гэтай працы залежыць ад асобы даследчыка. Упартасць, паслядоўнасць і цягавітасць даюць неверагодны плён. Такія людзі выклікаюць асаблівую павагу, яны ўмеюць займацца сваёй справай грунтоўна і не крыкліва.

У адным са сваіх артыкулаў пра Якуба Коласа Міхась Мушынскі напісаў: «Усё сваё свядомае жыццё ён бараніў годнасць пісьменніка, годнасць літаратуры як высокага мастацтва, як увасаблення творчай энергіі народа». Тое ж рабіў і сам Міхась Іосіфавіч увесь свой зямны век. Годна, немітусліва, з дня ў дзень.

Для мяне ён – класічная асоба вучонага. У яго ва ўсім найперш адчувалася грунтоўнасць. І ў тым, як рыхтаваўся да радыёэфіраў, з якой адказнасцю ставіўся да іх – таксама. Ён не шкадаваў для гэтага часу, ведаючы пра вялікую аўдыторыю слухачоў. Яго важкае слова даследчыка можна было пачуць у розных літаратурных радыёпраектах. Помню, у 90-я гады ён актыўна падтрымаў ідэю маёй праграмы «Нанава» – новае прачытанне беларускай класікі, у якой прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І Міхась Іосіфавіч прапанаваў тады свае вельмі цікавыя каментарыі па асобных творах Якуба Коласа, Міхася Зарэцкага, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага.

На працягу доўгіх гадоў мы працавалі з ім разам у эфіры такіх маіх праграм, як «Дыялог над разгорнутай кнігай», «Крылы», «Нам засталася спадчына», «Дыярыуш», «Гаспода» ды іншых. Ён быў удумлівым і глыбокім суразмоўцам, з якім каля мікрафона пачуваешся лёгка і нязмушана, таму што ёсць адкрытасць і даверлівасць. Яго імправізацыя заўсёды грунтавалася на глыбокіх ведах. Зазірнула ў архівы і магу назваць хаця б некалькі тэм нашых гутарак: «Спадчына Я. Коласа ў рэтраспекцыі часу», «Вяртанне аповесці “Дзве душы” М. Гарэцкага», «Тэксталогія твораў Я. Купалы і Я. Коласа», «Дзённік К. Чорнага. Публікацыя без купюр», «Паэма Я. Коласа “Новая зямля”. Праблемы рускага перакладу», «Раман “Сцежкідарожкі” М. Зарэцкага. Наватарства і перспектывы», «Паэма Я. Коласа “На шляхах волі” і яе роля ў гісторыі беларускай літаратуры». Дарэчы, гэта быў час, калі пад навуковым кіраўніцтвам М. Мушынскага выходзілі новыя Зборы твораў Янкі Купалы (у 10 тамах) і Якуба Коласа (у 20 тамах), адпаведна ладзіліся і радыёпрэзентацыі асобных тамоў. Ёсць і юбілейная гутарка, якая была падрыхтавана да яго 80-годдзя. Усцешна сёння, што многія з тых праграм засталіся ў нашых фондах. Прыходзіў ён да нас і са сваімі новымі кнігамі, часам прабачаўся: «Галіна, не магу падпісаць – сігнальны экзэмпляр!» Але я ж разумела, якая гэта радасць для аўтара! Магчыма, тут дарэчы будзе згадаць і жарт цяперашняга дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Івана Васільевіча Саверчанкі, які аднойчы сказаў, калі я запрашала яго на эфір, што Міхасю Іосіфавічу пашанцавала больш за іншых: у яго ёсць свой уласны карэспандэнт. Я адказала таксама з усмешкай: «Не ведаю, каму больш: яму ці Беларускаму радыё з такім аўтарам?!»

Пасля запісу, калі была хвіліна, Міхась Іосіфавіч яшчэ заставаўся каля ўжо адключанага мікрафона і тут жа даводзіў, выказваў новыя думкі, што нарадзіліся адразу пасля гутаркі, працягваў пачаты дыялог. А мог прапанаваць і тэму наступнай сустрэчы. Мне здавалася, яму цікава ўсё. Дробязей не было ні ў чым. Калі перадачы яшчэ запісваліся на магнітную стужку, яго захапляў сам вытворчы працэс. Выходзячы са студыі, мог спыніцца ў апаратнай і перапытаць у гукааператараў: а як вы манціруеце? Ці можна паглядзець? Яго любілі слухаць, апаратная адразу напаўнялася вельмі жывой усмешлівай атмасферай. Яму падабаліся гэтыя размовы ў гурце людзей іншых прафесій, якія сваёй працай таксама стваралі беларускі эфір.

Калі я пачынала працаваць на радыё, існавала такая думка сярод маіх калег, што выступленні навукоўцаў – як бы не зусім радыёфармат, сухавата, занадта правільна, не хапае жывой эмоцыі – сумна слухаць. Але мне адразу пашанцавала на сапраўдных аўтараў, якія сваім словам цалкам абверглі гэты стэрэатып: Міхась Мушынскі, Уладзімір Мархель, Пятро Васючэнка, Ірына Багдановіч. На вялікі жаль, першых траіх ужо няма з намі. Я сталела разам з імі, набіралася вопыту і майстэрства. І ў многім дзякуючы ім яшчэ больш палюбіла так званую літаратурную радыёжурналістыку. І адчувала, як многа яна можа даць не толькі выкладчыкам літаратуры (сярод іх заўсёды было шмат нашых прыхільнікаў), але і любому іншаму слухачу.

Што мяне здзіўляла і радавала як радыйнага чалавека: Міхась Іосіфавіч пры ўсёй занятасці слухаў Беларускае радыё, а не толькі быў нашым паважаным аўтарытэтным аўтарам, якога мы вельмі цанілі. Яму рупіла абавязкова падзяліцца якімсьці важным для яго ўражаннем – і тое ўжо неістотна: са знакам плюс ці знакам мінус. Пры сустрэчах ён згадваў, аналізаваў, захапляўся, крытыкаваў – ну як так можна? Званіў пасля асобных перадач. Помню, якое захапленне ў яго выклікала паэма «Новая зямля» Якуба Коласа ў выкананні непаўторнага артыста-купалаўца Аляксандра Уладамірскага з вядомай тэатральнай дынастыі. Гэты твор быў запісаны на Беларускім радыё ў 1994 годзе, захоўваецца ў нашых фондах, час ад часу гучыць у эфіры. І цалкам, і фрагментарна. Міхась Іосіфавіч згадваў, смакаваў кожнае слова, і радасць яго была бязмежнай: «Галіна, гэта проста шэдэўр радыёмастацтва! Каб так прачытаць!..»

lim_mushynski_2.jpg

Помню і з якім задавальненнем ён сказаў мне аднойчы: «Слухайце, як добра, што на радыё ёсць “Тутэйшыя” Купалы!» А рэч у тым, што Міхась Іосіфавіч быў вялікім прыхільнікам праграмы «Тэатр Беларускага радыё», дзе па вечарах гучаць фондавыя радыёспектаклі. У 2011 годзе мы запісалі радыёверсію спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Тутэйшыя» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна 1990 года, дзе цалкам заняты той тэатральны склад акцёраў з Віктарам Манаевым у ролі Мікіты Зносака. І калі Міхась Іосіфавіч пачуў спектакль з эфіру, ён не ўтрымаўся: пазваніў і падзяліўся сваім захапленнем! Канечне ж, у яго словах адчуваўся не проста слухацкі імпэт, але найперш клопат даследчыка, які разумее выключную ролю гэтага класічнага твора ў гісторыі беларускай літаратуры.

А яшчэ я вельмі ўдзячна Міхасю Іосіфавічу за яго ўвагу да маёй працы і высокую ацэнку маіх кніг з серыі «ЖЗЛБ» пра Уладзіміра Караткевіча, Янку Купалу, Кузьму Чорнага, што выходзілі ў «Мастацкай літаратуры».

Апошні раз мы бачыліся 8 чэрвеня 2016 года якраз на прэзентацыі кнігі «Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет». Імпрэза праходзіла ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Стаяла цудоўнае летняе надвор'е, сонечнае, цёплае, вочы радавала яркая чыстая зеляніна. Зала была перапоўнена. Міхась Іосіфавіч сядзеў у першым радзе побач з Пятром Васючэнкам, Марыяй Захарэвіч, Віктарам Манаевым і выступіў першым. Я разумела, што ён пачуваўся ўжо не надта, але як заўсёды быў падрыхтаваны, душэўна і шчыра гаварыў пра новую кнігу, атрымалася такая міні-рэцэнзія. Дарэчы, у гэтым выданні можна прачытаць і цудоўны артыкул самога Міхася Іосіфавіча «Мемуарная і эпісталярная спадчына Кузьмы Чорнага». Яго вельмі хвалявала перспектыва беларускага «чорназнаўства». Яму хацелася, каб Літаратурны музей пісьменніка ў Цімкавічах распачаў Чорнаўскія чытанні, каб гэта стала такой традыцыяй, як Гарэцкія чытанні, Каласавіны. Ён думаў пра новы Збор твораў Чорнага, слоўнік мовы гэтага выдатнага пісьменніка ды шмат чаго іншага.

Пра свае клопаты як тэкстолага ён таксама, бывала, расказваў мне пры сустрэчах. І часта наракаў на недахоп часу. Так шмат яму хацелася паспець зрабіць галоўнага, а штодзённае жыццё падкідвала іншыя праблемы, грамадскія і навуковыя, якія яму здаваліся па тых ці іншых прычынах менш вартымі. Цяпер мне так зразумелы гэты яго неспакой...

Роўна праз два гады пасля згаданай прэзентацыі, таксама 8 чэрвеня, мне пазваніла Таццяна з сумнай весткай пра тату. Помню, была другая палова пятніцы, і я збіралася запісваць праграму якраз у той студыі, дзе мы не раз гутарылі з Міхасём Іосіфавічам каля мікрафона. Вось так наша жыццё падзяляецца на часткі, калі раптам абрываецца звыклы ход тваіх спраў і задум і з блізкага кола назаўсёды сыходзіць чалавек, з якім было звязана вельмі шмат. Горка, роспачна, а назад нічога не вернеш. Хіба толькі ў думках.

У лістападзе 2010 года, да юбілею Беларускага радыё, мы ладзілі літаратурную імпрэзу ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Я рыхтавала сцэнарый і была вядучай разам з артыстам Алегам Вінярскім. Розгалас той падзеі быў вельмі шырокі. Сабралася шмат людзей, якіх у жыцці звязваў беларускі эфір і мастацкае слова: пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, рэжысёры, гукарэжысёры, артысты, ветэраны радыё. Міхась Іосіфавіч не змог прыйсці на тую ўрачыстасць, але перадаў нам ліст «Прывітальнае слова да журналістаў Беларускага радыё ў сувязі з яго 85-годдзем», які мы агучылі для ўсіх у музейнай зале, а пасля – і ў эфіры. Гэты ўчынак, дарэчы, таксама пра многае гаворыць. У яго не атрымалася прысутнічаць самому, але ён не мог дазволіць сабе як наш пастаянны аўтар не адгукнуцца на юбілейную дату радыё, лічачы яго часткай гісторыі беларускай культуры. Прыводжу ліст цалкам: «Дарагія сябры! У дзень вашага вялікага свята – 85-годдзя Беларускага радыё – маю гонар выказаць вам шчырую, сардэчную падзяку за вашу неспакойную, поўную турбот і хваляванняў, але такую патрэбную, высакародную працу – штодзённа, без стомы і нараканняў несці слухачам словы дабрыні і любові да чалавека, словы гонару за цярплівы, моцны целам і духам шматпакутны беларускі народ, за родны край, такі прыгожы ў чароўнай красе і непаўторнасці.

lim_mushynski_3.jpg

Хай жа і надалей ваша кранальнае, адухоўленае слова далятае да слыху кожнага асобнага слухача і ўсёй людской супольнасці, хай выхоўвае мудрасць, абуджае прагу жыцця, прагу справядлівасці. Хай ваша жыццядайнае слова ўмацоўвае сілы ўсіх шчырых, самаадданых будаўнікоў Беларускага нацыянальнага Дому. 11.11.2010. Ваш даўні і надзейны сябра – Міхась Мушынскі, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь».

Вялікая праўда ў тым, што, калі чалавек сыходзіць у высокія нябёсы, па іншаму гучаць яго словы і пажаданні. У згаданых радках светлай памяці Міхася Іосіфавіча Мушынскага можна расчытаць і крэда самога вучонага, якім ён кіраваўся на працягу свайго доўгага жыцця. Таму і застаўся такі багаты скарб зробленага ім у беларускім літаратуразнаўстве і высокі сэнс пражытых гадоў. А яшчэ – тая цёплая прыветлівая ўсмешка, з якой ён сустракаў кожнага свайго суразмоўцу, і неверагодная далікатнасць душы, якой Бог надзяляе людзей рэдкага таленту…

Аўтар публікацыі: Галіна Шаблінская.

Крыніца: "Літаратура і мастацтва"

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам